У Віцебску адновяць «шагалаўскую» сінагогу. Знайшліся спонсары

Будынак Вялікай Любавіцкай сінагогі, у якую, найверагодней, хадзіла сям’я Марка Шагала, доўгія гады прастаяў у паўразбураным стане. У Віцебску даўно няма хасідскай грамады, і рэшткі помніка даўніны не мелі гаспадара: дайшло да таго, што абласныя ўлады прапанавалі ахвотным набыць гэты аб’ект за адну базавую велічыню.
Яго выставілі на продаж, хоць Музей Марка Шагала рабіў спробы вярнуць будынак у культурніцкую прастору горада: тут праводзіліся прыборкі тэрыторыі, ладзіліся канцэрты і прэзентаваліся арт-аб’екты.

Інфармацыя пра тое, што будынак сінагогі прадаецца, паспрыяла з’яўленню спонсараў, кажа Ірына Воранава, дырэктарка Музея Марка Шагала:

– Усе сталі гаварыць: «А што? А як яго будуць прадаваць?» Рэзананс пайшоў больш шырока. І цікаўнасць да гэтага аб’екта выказала хасідская грамада з Расіі. Ужо ёсць спонсары, ёсць перадпраектная дакументацыя. І на гэты аб’ект як на спадчыну заявіла свае правы наша віцебская яўрэйская грамада.



Спонсары прапануюць сродкі на аднаўленне будынка як культавага аб’екта. А пакуль праходзяць бюракратычныя працэдуры, каб перадаць паўразбураны будынак Вялікай Любавіцкай сінагогі віцебскай яўрэйскай грамадзе, Музей Марка Шагала зноўку запрашае валанцёраў на прыборку тэрыторыі.

Пра найбліжэйшыя задачы ў падрыхтоўцы будынка да рэстаўрацыі распавяла грамадская актывістка Яўгенія Юнашава:

— Мы хочам сабраць цэглу, якая засталася тут, гістарычная. І яе захаваць. Так часам робіцца: гістарычная цэгла ўжываецца на рэканструкцыях. І таксама канчаткова вычысціць гэтую тэрыторыю, каб яе можна было аглядаць, пакуль не пачнуцца працы на будынку.


Прыборка вакол Вялікай Любавіцкай сінагогі распачалася ў суботу, 28 траўня, і працягнецца да панядзелка, 31 траўня. Да яе далучыліся і прадстаўнікі яўрэйскай грамады, і віцебскія грамадскія актывісты.


Аўтэнтычны выгляд сінагогі. Таймераграфія Віктара Барысенкава

«Беларускае Радыё Рацыя»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: