У Вільні знайшлі парэшткі Каліноўскага?

Падчас раскопак у Вільні, на гары Гедыміна археолагі, праўдападобна, выявілі парэшткі двух найбольш яркіх лідараў паўстання 1863 года супраць Царскай Расіі — Кастуся Каліноўска і Зыгмунта Серакоўскага.

«Маецца дастаткова доказаў таго, што сярод выяўленых парэшткаў ёсць парэшткі і Кастуся Каліноўскага», — сказаў прафесар Кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас.

Паводле яго словаў, здагадцы не супярэчаць сабраныя археалагічныя і антрапалагічныя дадзеныя.

Янкаўскас адзначыў, што для канчатковага пацверджання здагадкі неабходна завяршыць даследаванне ўсіх парэшткаў, якія знойдзены на гары Гедыміна.

«Іншымі словамі, калі мы не выявім іншага больш цвёрдага кандыдата, з якім бы супала больш доказаў, то тады будзем сцвярджаць, што гэта парэшткі Кастуся Каліноўскага», — сказаў прафесар.

З нагоды ідэнтыфікацыі парэшткаў Серакоўскага ўжо няма вялікіх сумневаў, паколькі быў выяўлены заручальны пярсцёнак з надпісам “Zygm ó nt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.» («Зыгмунт Аполонія 11 жніўня / 30 ліпеня 1862 г.»).

Фота: lrkm.lrv.lt

Чытайце таксама:

На гары Гедыміна ў Вільні пахаваны лідар антырасійскага паўстання 1863 года



Дырэктар Інстытута палітычнай сферы, супрацоўнік Універсітэта ім. Вітаўта Вялікага Андрэй Казакевіч паведаміў, што выяўленне парэшткаў Каліноўскага важна не толькі для літоўцаў, але і для беларусаў.

«Для беларусаў ён вельмі шмат значыць. К. Каліноўскі з’яўляецца часткай нацыянальнага пантэона Беларусі. Гэта нацыянальны герой», — сказаў навуковец.

Ён адзначыў, што заслугі К. Каліноўскага ў Беларусі публічна былі прызнаныя яшчэ на пачатку XX стагоддзя, гэтага не забараняла і савецкая ўлада. «Ён быў прызнаны беларускім нацыянальным героем у пачатку XX стагоддзя, яго не забаранялі і савецкія ўлады, паколькі ён прытрымліваўся левых поглядаў. У шмат якіх беларускіх гарадах ёсць вуліцы, названыя імем К. Каліноўскага. Гэта досыць унікальная асоба, ваенны, палітычны дзеяч, памяць пра якога ўвекавечана на вуліцах, у падручніках», — адзначыў А. Казакевіч.

«Калі будзе вядома месца яго пахавання, то для беларусаў гэта будзе мець вялікае значэнне», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Антраполагі шукаюць сваякоў Кастуся Каліноўскага



Кастусь Каліноўскі (1838–1864) — юрыст, беларускі публіцыст, паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. У 1856–1860 гадах вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. У студэнцкія гады актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці рэвалюцыйных гурткоў, уступіў у таемны гурток афіцэраў, якім кіраваў Зігмунт Серакоўскі. З 1863 года ўвайшоў у новае кіраўніцтва паўстання. Кастусь Каліноўскі дамагаўся большай аўтаноміі Літвы і Беларусі. 9 лютага 1864 года ён быў арыштаваны, а 22 сакавіка павешаны ў Вільні.

Паводле delfi.lt, www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!