«Мне прысніўся забіты немец, ён казаў: «Аддавай мае боты!»»

Пасля вайны мінула 75 гадоў. Вырасла новае пакаленне, якое зусім не ведае сутнасці вайны. І ўяўляе яе як гульню ў футбол, у хакей ці парад у Мінску, што нядаўна адбыўся. І тыя, хто яго праводзіў, сапраўднай вайны таксама не ведаюць.

Партызанскі атрад імя Шчорса

Я таксама не ваяваў. Але маё дзяцінства было ў вайну, і мне давялося быць на лініі фронту пад нямецкай бамбёжкай. Такое пекла ніколі не забываецца. А потым сталася, што партызанка, у якой я (настаўнік) жыў на кватэры, угаварыла мяне запісаць успаміны партызан. Я не збіраўся іх друкаваць, але потым атрымалася надрукаваць за ўласныя грошы «Бліскавіцы над Заслаўем» у 2015 годзе. Вось толькі ўспаміны Івана Сянкевіча я нідзе не друкаваў, дый не збіраўся гэтага рабіць. Але, паглядзеўшы сёлетні парад, праведзены па-руску і па-савецку ў піку Пуціну, захацелася надрукаваць успаміны кіроўцы аўтамашыны і былога партызана Івана Сянкевіча.

Іван Сцяпанавіч Сянкевіч, шафёр І класа, працаваў у АТК Міністэрства культуры БССР. Былы партызан атрада імя Шчорса Чапаеўскай брыгады. Пасля вайны — супрацоўнік міліцыі. Калі Іван Сцяпанавіч пайшоў на пенсію, то месца бацькі ў гэтым аўтапарку заняў яго сын.


Сын палка

Пасля бою я збіраў трафеі. Непадалёк спыніўся штаб Беларускай ваеннай акругі — яны адступалі. Я папрасіў узяць мяне з сабой. І яны ўзялі мяне, а пасля адправілі ў тыл. Так я аказаўся аж за Масквой у спецыяльнай школе, у якой вучылі ваяваць у тыле ворага. Вучылі ездзіць на многіх відах транспарту. Там я стаў шафёрам, але за руль аўтамашыны сеў толькі ў 1944 годзе. Потым мяне ў складзе групы скінулі з самалёта на парашуце на Капыльшчыне. Наша санітарка завісла на дрэве і нагу зламала. Ёй вельмі не пашанцавала.

Служыў я ў атрадзе Шчорса Чапаеўскай брыгады. Удзельнічаў у некаторых баях, хоць я і быў самы малады сярод партызан.

У 1941 годзе мясцовыя жыхары забітых воінаў хавалі са зброяй. А куды ім яе падзець?! А вось калі з’явіліся партызанскія атрады, дык зброі не хапала. А дзе яе браць? Або ў немцаў забіраць, або адкопваць закапаную. Даводзілася раскопваць магілы, каб ад нябожчыкаў забраць зброю. Дзе-нідзе ўвесь твар быў згніўшы або заставаліся толькі косці. Вінтоўка была не каля кожнага трупа. Можаце ўявіць, колькі мы патрывожылі нябожчыкаў. Шукалі зброю. Каля некаторых знаходзілі яе шмат. Забіралі карабіны і рамяні з патранташам.


Напад на Доктаравічы

Да вайны ў Доктаравічах быў саўгас. Пасля акупацыі немцы яго не распусцілі, а зрабілі сваю гаспадарку, якой кіраваў немец, а яму дапамагалі два чэхі. Тут выраблялася масла і кансервавыя бляшанкі для Германіі. Была тут таксама і паліцэйская ахова.

Чэхі наладзілі сувязь з нашым партызанскім атрадам. Мы ведалі, калі будзе падрыхтаваны вялікі груз для адпраўкі ў Германію. Прадукты былі патрэбныя і партызанам. Партызаны ноччу рабілі напад на гэты невялікі гарнізон. Паліцэйскіх расстрэльвалі, а чэхаў і немца распраналі да бялізны, крыху білі, у бялізне адпраўлялі ў бункер і тлумачылі ім: «Вам пакінулі жыццё, бо вы — мабілізаваныя воіны, а паліцэйскія — гэта здраднікі». Такіх нападаў зрабілі некалькі, а пасля па дамоўленасці з чэхамі вырашылі забраць іх у свой атрад. Гэтым разам чэхаў не распраналі, і яны свайго немца павесілі на асіне.


Нямецкія боты

Раніцай у 1942 годзе немцы са слуцкага гарнізона паехалі ў Раёўку, што на Капыльшчыне, і спалілі палову вёскі. Цяпер там знаходзіцца магіла ахвяр фашызму.

Немцы ў Раёўцы напіліся і ехалі п’яныя ў Слуцк. А мы на дарозе ўжо трэці дзень немцаў чакалі. Засаду зрабілі на ўскрайку лесу, а далей — поле. З кулямёта застрачылі па матору аўтамашыны. Яна спынілася. Немцы пасаскоквалі з грузавіка і сталі адстрэльвацца. Пачаўся бой. У лес збегчы яны не могуць, бо тут жа мы. Тых, хто ўцякаў у поле, мы касілі свінцом з кулямёта і з аўтаматаў. А адзін немец залёг за кола аўтамабіля і доўга страляў, пакуль мы не зайшлі збоку і яму пад азадак гранату не кінулі. Адразу ўсё сціхла.

Зброю нямецкую мы забралі. А я ў аднаго немца забраў боты — абуўся. Але насіць мне тыя боты не давялося. Забіты немец прысніўся мне. Ён казаў мне: «Аддавай мае боты!» Давялося боты выкінуць. Насіць іх я не змог.

Трупы немцаў каля дарогі валяліся некалькі дзён, распухлі. Толькі потым іх закапалі.


Захоп Грэска

У мястэчку Грэск, што на Случчыне, быў нямецка-паліцэйскі гарнізон і склад са збожжам. Партызаны нашага атрада вырашылі гэты склад спаліць. Некалькі чалавек пераапрануліся ў паліцэйскую форму і пайшлі ў мястэчка. Далі мне бясшумны пісталет, і я прыйшоў на прахадную гаспадарчага двара. Паліцэйскі, які быў на варце ў прахадной, спаў (можа, быў нападпітку). Я зайшоў з другога боку склада і разліў прынесены бензін. Падпаліў яго і прыйшоў на праходную — вартавы паліцэйскі яшчэ спаў. «Пісталет не спатрэбіўся», — кажу сваёй ахове. Адходзім, але адзін з байцоў запярэчыў: «А як яго пакідаць?» Пайшоў і закалоў паліцэйскага, і потым штык ад вінтоўкі аб траву выцер.

Яшчэ мы вырашылі з начальнікам паліцыі расправіцца. Пагрукалі ў акно яго хаты. Прыкінуліся паліцэйскімі з немцам. Пусцілі нас у хату. Зайшлі да начальніка ў асобны пакой. Ён пытаецца, хто мы. Адказваем: «Партызаны». А ён не верыць: «Хопіць жартаваць. Прызнавайцеся, а то магу і да сценкі паставіць. Магу і расстраляць». З бясшумнага пісталета выстралілі і пайшлі.

Выйшлі з мястэчка, а немцы пачалі страляць. Гэтым яны палохалі нас. Напэўна, жонка начальніка паліцыі агледзела, што яе мужыка забілі, і сказала немцам. Мы намечанае ўсё зрабілі. Гэта стральба ад іх страху ў цемру нам ніякай шкоды не зрабіла.

Партызаны


Ганька — кат

Гэтае здарэнне цяжка апісаць, але яно мае выхаваўчае значэнне. Часта малаадукаваныя мужчыны, дый жанчыны таксама, атрымаўшы ў свае рукі зброю і хаця б невялікую ўладу, забываюцца пра хрысціянскія запаветы. Яны нібы пачына­юць служыць не людзям, а чорту. І ён такім «звышлюдзям» нібы даруе іх грахі. Але ўсё гэта можа быць да нейкага часу, а потым прыходзіць расплата. У нямецка-паліцэйскім гарнізоне Капаткевічы быў паліцэйскі Пётух, які гвалціў дзяўчат, і ўсё яму сходзіла з рук. Ніякай управы на яго нельга было знайсці. Пра яго злачынныя выхадкі даведаліся партызаны і зрабілі на яго аблаву. Трапіў ён у рукі партызан, і прывялі яго ў наш атрад. А ў асобым аддзеле нашага атрада служыла партызанка Ганька. Чамусьці ёй і даверылі разабрацца з тым Пётухам, гвалтаўніком тутэйшых дзяўчат. Ніхто не ведаў, якія здольнасці для таго мае тая Ганька. Хутка даведаліся пра гэта ўсе. Яна здзекавалася з яго і катавала яго самымі жахлівымі спосабамі. Узяўшы ў рукі яго чэлес, які папсаваў многіх дзяўчат, адсекла яго кінжалам. І толькі пасля многіх пакут яго расстралялі. Большага і страшнейшага пекла для гвалтаўніка Пётуха і прыдумаць было нельга.

Усе мужчыны-партызаны зненавідзелі Ганьку. «У Чапаева была Ганька-кулямётчыца, а ў нас Ганька-кат», — гаварылі яны. Праславілася яна і ў допытах і катаванні іншых паліцэйскіх, якіх толькі потым расстрэльвала. Страшная была гэта жанчына. З выгляду яна больш нагадвала мужчыну. Тонкая і хударлявая, як дошка. Ні ў яе цыцак, ні зада. Праўда, некаторыя мужчыны-партызаны цягалі і яе ў кусты. Няўжо хто можа ўзяць такую Ганьку сабе ў жонкі?! Кат — ён і ёсць кат. А яшчэ страшней, калі ў ролі ката бывае жанчына. Не можа быць сямейнага шчасця ў такой маці, якая была жахлівым катам.


Вазьмі мяне на парукі

Аднойчы на тэрыторыю, дзе знаходзіўся наш партызанскі атрад, зайшла група жанчын і дзяўчат з кошыкамі для збору ягад. Было гэта недзе ў канцы ліпеня 1943 года. Што здзівіла партызанаў: «Чаму і як яны сюды так глыбока ў лес зайшлі? Можа падасланая разведка?»

Усіх жанчын з ягадамі затрымалі, пасадзілі ў асобнае памяшканне і прыставілі да іх ахову. Пачалі высвятляць, адкуль яны, як сюды трапілі. Выявілася, што гэта жонкі і палюбоўніцы з бліжэйшага паліцэйскага гарнізона. Чаго жонкам паліцэйскіх ісці да партызан? Безумоўна, у разведку. Але як даказаць, што гэта сапраўды так? А можа яны трапілі сюды выпадкова? Ішлі па лесе, збіралі ягады і ўбачылі партызанскія зямлянкі і шатры. І такое магло быць. Праўда, доказ разведкі знайшоўся зусім нечакана.

Калі я ахоўваў гэтых арыштаваных жанчын, да мяне падышла маладая дзяўчына і запыталася:

— Як цябе клічуць?

— Янка.

— А мяне — Марыя. Ты мне спадабаўся. Я хачу стаць партызанкай. Вазьмі мяне на парукі. Я буду з табой сябраваць. Буду тваёй каханкай, калі згодзен. Трапіла я сюды пад прымусам. Я раскажу твайму камандзіру ўсю праўду. Хай мяне дапытае.

Мне дзяўчына таксама спадабалася. Здалося, што яна казала праўду. Пасля сваёй вахты я зайшоў да камандзіра і далажыў аб прапанове Марыі. Я захацеў узяць яе на парукі, калі яна трапіла ў гэтую кампанію выпадкова.

Выклікалі яе на допыт. Яна прызналася, што яе згвалціў паліцэйскі і прымусіў яе з ім жыць. А калі не згодзіцца, дык адправіць яе на работу ў Германію. Давялося цярпець яго, хоць ён і не падабаецца ёй. А жанчыны трапілі сюды да партызан з пэўнай мэтай: «Гэта ўсе жонкі і палюбоўніцы паліцэйскіх. І мой гвалтоўнік мяне сюды адправіў. Напэўна, спадзяваўся, што я ўжо прывыкла да яго. Я прашу ўзяць мяне ў партызаны».

— А я паручаюся за яе і вазьму пад сваю ахову, — заявіў тады я.

— Сянкевіч, ты малады і адважны партызан. Я давяраю табе Марыю, але папярэджваю і цябе, і яе. Адказваеш за яе сваёй галавой. Паспрабуе вярнуцца ў гарнізон, без ніякіх папярэджванняў — у расход. Мы ваюем, а на вайне пакаранне адно — расстрэл. Ні на крок ад сабе яе не адпускай. Будзеце разам хадзіць на заданне.

Вось так я і займеў сабе каханку.

Зразумела, што было потым. Пасля вячэры мы ўдваіх пайшлі збіраць ягады. Зайшлі ў хмызняк. Я нявопытны малады хлопец, а яна ўжо аб’езджаная дзеўка. Можа аднагодка, а можа і на пару гадоў старэйшая за мяне. Усё адбылося па ўзаемнай згодзе. А куды ёй было падзецца?! Ёй я быў патрэбны як ратавальнік ад яўнай смерці, а ўжо пасля — як мужчына. Вось яна і зрабіла з мяне, з дзецюка, сапраўднага мужчыну. Спадзяюся, што ёй са мною было весялей і лепш, чым з гвалтаўніком, бо яна сама мяне выбрала ў палюбоўнікі. Такім чынам, у мяне была сяброўка-партызанка і ваяваць мне стала весялей.

— Вы з ёй пасля вайны і пажаніліся? — пытаюся.

— На жаль, не. Не дажыла яна да вызвалення Беларусі. Загінула.


ППЖ Шура

Пасля вызвалення Беларусі я аказаўся ў Чырвонай Арміі. Служыў у зенітнай артылерыі, вазіў цягачом гарматы. У нашай частцы былі ў асноўным дзяўчаты. Да мяне стала заляцацца Шура. Мне тады было каля 17 гадоў, хлапец яшчэ. Я саромеўся з дзеўкамі цягацца, а можна было. Выбар быў вялікі. Але мяне пакахала Шура. Яна мне казала: «Кахаю цябе. Не магу без цябе». Так яна і стала маёй паходна-палявой жонкай, або, як казалі тады, ППЖ. Абяцалі адзін аднаму пабрацца шлюбам, як скончыцца вайна.

Вайна скончылася. Дзяўчат дэмабілізавалі першымі. Яна мне пісала лісты з Алтайскага краю. Нарэшце дэмабілізавалі і мяне. Вырашыў, што паеду да сваёй каханкі, а фактычна да жонкі, і там пажэнімся. Паехаў у той далёкі Алтайскі край.

Дзверы адчыніла яе маці. Я прашуся, каб пусцілі салдата пераначаваць хоць адну ноч. Маці згаджаецца, а я потым у яе пытаюся: «А дзе Шура?» Яна кажа: «Там спіць». Пайшоў я ў другі пакойчык, а там мая Шура з другім мужчынам ляжыць у ложку. Я назад, каб не перашкаджаць ім. Шура папёрла таго мужчыну — і да мяне. Маці на яе крычаць стала, што мяне не пачакала. Я кажу: «Дарую ёй». «У ногі салдату, сцерва!» — крычыць маці. І я застаўся там жыць, напэўна, засумаваў без жанчыны, дый прывык. А пасля іх суседзі сталі мне казаць: «С кем ты связался?! Не видишь, что она гулящая?»

Аднаго разу я заўважыў, што Шура з мужыком у гумно пайшла. Я сабраўся і паехаў у Беларусь. Ёй лістоў больш не пісаў.


Калі нехта прачытае гэтыя ўспаміны ў тых паселішчах, якія тут успамінаюцца, і заўважыць нейкія недакладнасці, ці мае нешта дапоўніць, аўтар просіць напісаць у рэдакцыю газеты.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: