Ва Украіне знайшлі не толькі надмагілле Яна Баршчэўскага, але і дакументы аб смерці

У Дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласці знайшлі метрычныя дакументы аб смерці беларуска-польскага пісьменніка Яна Баршчэўскага ў мястэчку Чуднаў, дзе ён жыў апошнія гады свайго жыцця. Да гэтага дакладныя даты жыцця пісьменніка былі невядомыя. Знойдзены дакумент дапаможа ўнесці яснасць, перадае «Радыё Свабода».
У гэтых дакументах адзначаецца, што «дваранін Іаан Баршчэўскі» памёр ад сухотаў 28 лютага 1851 года ва ўзросце 54 гадоў.

Ён быў парафіянінам Чуднаўскага рымска-каталіцкага касцёла і, паколькі не меў сваёй сям’і, быў пахаваны вікарыем гэтага храма Адамам Пурышкам на чуднаўскіх парафіяльных публічных могілках. Звесткі знаходзяцца ў метрычнай кнізе Чуднаўскага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла.

Гэтыя звесткі супярэчаць інфармацыі, змешчанай на знойдзеным сёлета ягоным надмагіллі — на ім па-польску пазначана, што Ян Баршчэўскі, які «любіў Бога, прыроду і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуцця, жыў годна 70 гадоў».

Дагэтуль невядома дакладная дата нараджэння Яна Баршчэўскага — у розных крыніцах называюцца як 1790-ы, так і 1794 год. Аднак, калі чуднаўскі вікарый не памыліўся з узростам, калі рабіў запіс аб смерці пісьменніка, то яшчэ адной імавернай датай нараджэння можа быць 1797 год.

Лёс надмагілля пакуль не вырашаны

Надмагільную пліту сёлета ў красавіку знайшлі ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі, а пазней перадалі на захоўванне ў мясцовы рымска-каталіцкі касцёл Адшукання Крыжа Гасподняга. Планавалася пасля рэстаўрацыі ўсталяваць яе на тэрыторыі касцёла.

Але цяпер надмагілле Яна Баршчэўскага перавезлі ў Жытомір. «Пліта знаходзіцца ў Жытомірскім абласным саюзе палякаў Украіны і з'яўляецца ўласнасцю гэтай арганізацыі», — паведаміла Свабодзе кіраўніца жытомірскай польскай дыяспары Вікторыя Ляскоўская-Шчур.

Паводле яе, рэстаўрацыю яшчэ не пачыналі, бо спачатку знаходцы трэба прысвоіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а потым знайсці грошы на яе аднаўленне. «Дакументы на прысваенне статусу таксама яшчэ не падрыхтавалі», — дадала яна.

Месца пахавання невядомае

Метрычны запіс, знойдзены ў Жытомірскім архіве, таксама пацвярджае, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на іншых могілках у Чуднаве, а не на тэрыторыі дзейнага рымска-каталіцкага касцёла, куды спачатку перадалі надмагілле.

Як паведаміў Свабодзе айцец Мірон Шалавінскі (ён у красавіку ачольваў рымска-каталіцкі прыход у Чуднаве, а цяпер пераведзены ў Крым), архіўныя дакументы пацвярджаюць, што пісьменнік быў пахаваны на могілках іншага касцёла, які зруйнаваны савецкай уладай у 1935-1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту.

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Венеры», якая, на жаль, не захавалася.

Студэнцкія канікулы часцей за ўсё праводзіў у падарожжах па наваколлях возера Нешчарда. Збіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам з іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 года пераехаў жыць у Чуднаў, ва Украіну. Апошнія гады жыцця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр ад сухотаў.

Алена Літвінава, svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: