Ваяр, а не палітык: Топ-5 фактаў пра Кіпрыяна Кандратовіча

28 красавіка спаўняецца 160 год з дня нараджэння міністра вайсковых справаў БНР генерала Кіпрыяна Кандратовіча. Ён аддаў 42 гады свайго жыцця войску і апынуўся самым прафесійным і дасведчаным беларускім ваеначальнікам на момант абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918-га. Але, і гэта не дапамагло…

«Леў у мундзіры» — мабыць, найбольш трапная характарыстыка генерала, дадзеная яму ў 1910-м, яшчэ да Рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, расейскім публіцыстам з газеты «Новое время». На такіх, як Кандратовіч Імперыя акурат і спадзявалася, прадчуваючы «Вялікую вайну»: інтэлігентныя, дасведчаныя, абсыпаныя незлічонымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, «нюхаўшыя порах» на безлічы канфліктаў, якія ніколі не спыняла весці Расія.

Разлік, аднак, апынуўся марным. Як для Імперыі, бо генералы яе не ўратавалі, так і для бальшавікоў, якія зманілі частку афіцэрскага корпусу, але далёка не ўсіх. Не ўратаваў Кандратовіч і БНР, бо быў чалавекам старой фармацыі, хай і адчуў сентымент да свайго краю, які трэба было бараніць у новых умовах.
Чаму так сталася? Давайце разбірацца. Прапануем топ-5 фактаў з незвычайнага жыцця вайскоўца найвышэйшага рангу, незаслужана забытага ў Беларусі.

1. Трубяцкі, але не Ляпіс

Паводле гісторыкаў, Кіпрыян быў незаконнанароджаным сынам графа Юрыя Трубяцкога. Ягоная маці Зінаіда паходзіла са шляхецкага роду Залескіх, якім належыў маёнтак на Воранаўшчыне. Дык скуль жа прозвішча? Зінаіда Залеская ўсё ж выйшла замуж за іншага шляхціча — Кандратовіча. Разам з тым, Трубяцкія заўжды чувалі над Кіпрыянам, апякаючы і спрыяючы ягонай службе.

Хлопец адвучыўся спачатку ў Лідскай павятовай дваранскай школе, а вайсковую службу пачаў у Вільні ў 1875-м. Хто ведае, ці склаліся б лёс і кар’ера Кандратовіча менавіта так, калі б не спрыянне заможнага графскага роду?

2. Герой імперскіх войнаў

На першую сваю вайну — Руска-турэцкую — Кандратовіч пайшоў добраахвотнікам у складзе грэнадзёрскага палку, а пасля нават напісаў кнігу ўспамінаў «Плеўна і грэнадзёры 1877 г.» Далей яго чакала Акадэмія генеральнага штабу і няспынная служба ажно да скону Імперыі. Пасля ўдзелу ў падаўленні «Паўстання баксёраў» у Кітаі ў 1900-м — ён ужо генерал-маёр. Далей ужо чарговая Руска-японская вайна…

Кіпрыян Кандратовіч, 1906 год

Кіпрыян Кандратовіч, 1906 год

Цікава, што па сённяшнім меркам — гэта ўсё адно што служыць у расійскай арміі, ваяваць у Чачні, Грузіі, Сірыі ды інш. «Жахлівая біяграфія» ў вачах любога свядомага беларуса ці ўкраінца. У дарэвалюцыйнай Расіі ж таленавітыя выхадцы з нашай шляхты наўпрост не мелі выбару, калі хацелі прысвяціць сваё жыццё войску і стаць прафесіяналамі. Імперыя ж гэтым свядома карысталася: падобная кар’ера была, напрыклад, у Густава Манэргейма.

Як вынік — у 1910-м Кандратовіч ужо генерал інфантэрыі альбо «поўны генерал». Гэта найвышэйшае званне для расейскага вайскоўца ў мірны час. Больш за тое, Кандратовіч узнагароджаны найвышэйшымі ўзнагародамі, мае сувязі на ўзроўні вышэйшых вайсковых чыноў.

3. Абылганы Салжаніцыным

Першую Сусветную Кандратовіч сустрэў камандуючым 23-га корпусу, які месціўся на заходніх межах Расіі і амаль адразу трапіў у баявы кантакт з немцамі. Як мы памятаем, пачатак той вайны быў скрушным для Расіі: Усходнепруская аперацыя скончылася катастрофай. І тут варта ўзгадаць Аляксандра Салжаніцына ды ягоную мастацкую рэфлексію «Жнівень Чатырнаццатага», дзе ўзгадваецца і наш герой.
Рускія жаўнеры падчас Усходнепрускай аперацыі, 1914 (тагачасны малюнак)

Рускія жаўнеры падчас Усходнепрускай аперацыі, 1914 (тагачасны малюнак)

Паводле Салжаніцына, Кандратовіч кінуў сваіх жаўнераў і свой корпус, а сам уцёк на аўто з ад’ютантам. Невядома, якія плёткі альбо асабістыя матывы натхнілі «легендарнага дысідэнта» на такі пасаж, але сёння дакладна вядома, што гэта хлусня. Пасля разгрому прайшло вайсковае следства, якое аднавіла падзеі тых дзён ледзве не пахвілінна: Кандратовіч увесь час быў на месцы, са сваімі людзьмі.
Кандратовіч падчас інспекцыі ля в. Горны Скрабаў, 1916 (захоўваецца ў прыватнай калекцыі)

Кандратовіч падчас інспекцыі ля в. Горны Скрабаў, 1916 (захоўваецца ў прыватнай калекцыі)

Тым не меньш, генерала адсунулі ад аператыўных дзеянняў, да 1917 году ён займаўся інспекцыямі на фронце. Дарэчы, вядомае фота Кандратовіча, дзе той выглядае з акопу, зробленае акурат падчас адной з такіх паездак. Калі ж у 1917 годзе Кіпрыяну вярнулі камандванне, войска было ўжо ў раскладзеным стане, блізкім да поўнага краху…

4. Стары салдат, але не палітык

На момант абвяшчэння БНР Кандратовічу ўжо 59 год. Невядома, ці раней ён быў хоць неяк звязаны з беларускім рухам: найхутчэй не. Лад жыцця вайскоўца не мог гэтага дазволіць, сфера кантактаў зусім іншая. Тым не менш, што і складае феномен ягонага лёсу, Кандратовіч пайшоў не за «Белым рухам» і не за палякамі, але — падтрымаў ідэю незалежнай Беларусі без бальшавікоў. Пазіцыя хутчэй патрыёта-дзяржаўніка, які бароніць мясцовасць і людзей, адкуль паходзіць.
Аўтограф ген. Кандратовіча, 1916 (захоўваецца ў прыватнай калекцыі)

Аўтограф ген. Кандратовіча, 1916 (захоўваецца ў прыватнай калекцыі)

Ва ўрадзе БНР ён, канешне ж, атрымаў пасаду міністра вайсковых справаў. Але, будучы чалавекам сістэмы і прыродным дысцыплінаваным вайскоўцам, увесь час чакаў загаду ад кагосьці «зверху»: то ад расейскага генерала Духоніна, то ад правадыроў БНР, якія не маглі дамовіцца міжсобку і знайсці грошаў для касцяка новай дзяржавы — войска.

У выніку, апынуўшыся ў Горадні, Кандратовіч разам з Кастусём Езавітавым ствараюць Беларускі полк пры Літоўскім войску, а пасля наогул ад’язджае ў Літву, дзе пры Урадзе Вальдэмараса з’яўляецца пэўны час намеснікам міністра вайсковых справаў. Варта адзначыць, што ў БНР Кандратовіча праз шляхецкае паходжанне і вайсковую кар’еру, «левае крыло» палітыкаў успрымала негатыўна ды сунула палкі ў колы, не маючы змогі прапанаваць хоць нейкай альтэрнатывы…

5. Помнік з надпісам па-расейску

Рэшту жыцця стары і неаднойчы паранены Кіпрыян Кандратовіч дажываў у сваім маёнтку Гародна пад Лідай. У палітыку больш не лез: магчыма быў моцна расчараваны сваімі паплечнікамі, магчыма — не дазваляў узрост. Сапраўды, свае апошнія гады генерал правёў у інвалідным крэсле… Памёр 31 кастрычніка 1932 году і быў пахаваны, як кажуць, у сваім старым мундзіры з Руска-японскай вайны.
Магіла генерала

Магіла генерала

Ягоная дачка Ада здолела ўцякчы перад бальшавікамі 17 верасня 1939-га ў Англію. Ужо ў 1990-х нашчадкі Кандратовіча перапахавалі ягоныя парэшткі ў Воранава. Сціплы помнік на магіле генерала ўпрыгожвае надпіс па-расейску разам з гадамі жыцця, праваслаўны крыжык і фота статнага мужчыны ў мундзіры.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!