Вайна з Вуніяй

Мы памятаем пра Берасцейскую царкоўную вунію 1596 года. Паводле яе нашы праваслаўныя продкі захавалі ўсе даўнейшыя малітвы, звычаі і абрады, але пагадзіліся з вяршэнствам рымскага папы. Гэта спрыяла міру і згодзе ў Рэчы Паспалітай, дзе жылі людзі розных веравызнанняў. Новую веру назвалі вуніяцкай, а вернікаў — вуніятамі.

Сафійскі сабор у Полацку. Фота mapbelarus.by

Пры канцы ХVIII стагоддзя тры з кожных чатырох жыхароў беларускіх земляў маліліся ў вуніяцкіх храмах. Беларуская мова гучала там у прамовах-казаннях і ў царкоўных спевах. Па-беларуску ішло выкладанне ў школах пры вуніяцкіх цэрквах і манастырах. На нашай мове выходзілі вуніяцкія кнігі. Гэта значыць, што Вуніяцкая царква стала ў Беларусі сапраўды народнай рэлігіяй.

Пропаведзь Пятра Скаргі. Карціна Яна Матэйкі


Царква ратуе народ

Вуніяты ведалі, што яны не палякі і не расейцы, бо маюць уласную веру. Якраз таму Вунію ненавідзелі свецкія і царкоўныя вярхі Расеі. Пётр І і ягоныя прыдворныя некалі забілі ў Полацку пецярых вуніяцкіх святароў і манахаў. Крывавае злачынства адбылося ў галоўнай вуніяцкай бажніцы — Сафійскім саборы. Сам храм пятроўскія салдаты (хоць яны былі хаўруснікамі Рэчы Паспалітай у вайне з Швецыяй) напярэдадні адыходу з горада падарвалі.

Пакуль ліцьвіны-беларусы мелі сваю дзяржаву і пазней, калі землі Вялікага Княства Літоўскага захапіла Расея, Вуніяцкая царква працягвала служыць свайму народу. Пачынальнікі беларускага нацыянальнага адраджэння прафесары Віленскага ўніверсітэта Міхал Баброўскі ды Ігнат Даніловіч паходзілі з сем’яў вуніяцкіх святароў. Такім самым паходжаннем ганарыліся адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі, мастак Іван Хруцкі, гісторык Міхал Каяловіч, заснавальнік таемнага «Дэмакратычнага таварыства» Францішак Савіч.

Імператрыца Кацярына ІІ абвясціла, што хоча выкараніць Вунію, і беларускіх вернікаў-вуніятаў пачалі пераводзіць у праваслаўе. У адказ на гвалт і здзекі шмат хто з прыхільнікаў народнай веры перайшоў у каталіцтва. Але як толькі Кацярына памерла, амаль усе былыя вуніяты вярнуліся да роднай царквы.


«Веры сваёй ламаць не будзем!»

Наступ на Вунію зноў узмацніўся пасля вызвольнага паўстання 1831 года. Вуніяцкія святары і манахі-базыляне багаслаўлялі змагароў, былі выведнікамі, а часам самі ішлі ў лясы. Каланізатары павесілі замкі́ на сорак базылянскіх манастыроў. Цар Мікалай І назваў іх «неприятельскими крепостями».

Асабліва зацята і старанна змагаўся з нашай верай вуніяцкі біскуп Іосіф Сямашка, які перакінуўся на службу каланізатарам. Ён прымусова ўводзіў у духоўных семінарыях і царкоўных справаздачах расейскую мову. Святароў змушалі адпраўляць набажэнствы па царкоўных кнігах, прысланых з Масквы і Пецярбурга. На вачах у вернікаў ламалі і выкідалі з храмаў арганы, палілі на вогнішчах «шкодныя» вуніяцкія кнігі.

Па ўсёй Беларусі ў вёскі і мястэчкі пад аховай салдатаў прыязджалі царскія камісіі з папамі. Угаворамі і пагрозамі яны схілялі вуніятаў адмовіцца ад ранейшай веры і перайсці ў праваслаўе. Беларусы-вернікі працівіліся паўсюль — ад Бельска на захадзе да Мсціслава на ўсходзе.

У мястэчку Дзісна азвярэлая паліцыя за адмову стаць праваслаўнымі ўзялася «перахрышчваць» жыхароў павыдзіранымі з платоў жардзінамі. Самых упартых — сведчаць дакументы — пазбівалі так, што ў іх аказаліся ўспоратыя жываты і павыпадалі вантробы.

Полацкага праваслаўнага епіскапа і віцебскага генерал-губернатара, што наведаліся ў маёнтак Азярышча Гарадоцкага павета, каб перавярнуць жыхароў у праваслаўе, сяляне пастанавілі ўтапіць. Няпрошаныя госці, якія былі ўпэўненыя, што іхнія высокія пасады прымусяць вуніятаў падпарадкавацца, ледзь­ве ўратаваліся ўцёкамі.

Па Беларусі пайшла пагалоска пра тое, як бараніла сваю веру вёска Самулкі ў Чавускім павеце на Магілёўшчыне. Прыбылая туды камісія запатрабавала ключы ад вуніяцкай царквы. Святар і вернікі адказалі, што паганіць храм не дазволяць. Тады імперскія служкі апячаталі царкву. Сялянаў спрабавалі падпаіць гарэлкай, потым паабяцалі, што за згоду прызнаць праваслаўе вызваляць іх ад усіх павіннасцяў. Вернікі заставаліся нязломнымі і пачуўшы пагрозу выслаць усю вёску ў Сібір. Некалькіх вяскоўцаў паліцыя закавала ў калодкі, астатніх збівалі, загадваючы прысягаць на крыжы маскоўскаму праваслаўю. Усё было марна. «Веры сваёй ламаць не будзем!», — сціскаючы кулакі, гучна сказаў за ўсіх вясковец Лявон Маркаў. «Не будзем! Не будзем!» — падхапілі жыхары вёскі, і камісія паехала назад ні з чым.

Словамі простага абаронца Вуніі селяніна Маркава назвала кнігу пра тыя падзеі іх сучасны гісторык Святлана Марозава. Дзякуючы ёй вы зможаце даведацца, як вуніяты супраціўляліся каланізатарам. Магчыма, у кнізе «Веры сваёй ламаць не будзем» вы знойдзеце звесткі пра вашыя мясціны і сваіх прадзедаў, што мужна баранілі народную веру.


Людвік Беліковіч і графы Тышкевічы

Разам з простымі вернікамі ды святарамі Вунію адстойвала беларуская шляхта. Голас у абарону Вуніі смела падалі лагойскія графы Канстанцін і ЯўстахТышкевічы, што пазней сталі знанымі беларускімі гісторыкамі. Шмат ездзіў па Беларусі, заклікаючы шляхту не аддаваць на здзек народную веру, полацкі павятовы маршалак Людвік Беліковіч. У 1834 годзе ён склаў да цара зварот з патрабаваннем спыніць пераслед вуніятаў. На сходзе ў Віцебску гэты ліст падпісалі 172 шляхцічы. Імперскія ўлады прыгразілі, што ўсе яны пойдуць пад суд і пазбавяцца маёнткаў.

Яўстах Тышкевіч. 1873 г.


Неўзабаве імператару Мікалаю І прыйшоў новы зварот у абарону народнай веры ад 111 беларускіх вуніяцкіх святароў. Іх узначалілі інспектар Полацкай духоўнай семінарыі Адам Тамкавід і святар Іван Ігнатовіч. За імі ўсталявалі паліцэйскі нагляд, а затым выслалі ўглыб Расеі. Цар загадаў гэтаксама караць кожнага нязгоднага святара. Біскуп-здраднік Іосіф Сямашка выслаў з родных мясцін 29 аднадумцаў Тамкавіда і Ігнатовіча. Між лідараў пратэсту, асуджаных на высылку ў манастыр, быў і вуніяцкі святар Тамаш Хруцкі, бацька будучага слыннага мастака Івана Хруцкага.

Улады спадзяваліся, што запалохалі вуніяцкіх святароў, і пачалі збіраць подпісы за далучэнне да праваслаўя, якое называлі «воссоединением с истинной верой». У Беларускай царкоўнай акрузе з 680 святароў за «воссоединение» падпісаліся ўсяго 186, аднак гэта не перашкодзіла Сямашку і ягоным памагатым крывадушна паведаміць у Пецярбург, што пераважная бальшыня вуніятаў імкнецца як мага хутчэй уз’яднацца з праваслаўнай царквой.


Царкоўны «сабор» 1839-га

У 1839 годзе імперскія ўлады правялі ў Полацку так званы аб’яднаўчы царкоўны сабор. На яго ўдалося сабраць усяго трох біскупаў і дваццаць аднаго святара, што прынялі пастанову пра вяртанне вуніятаў у праваслаўе. Гэтую пастанову некалькі месяцаў хавалі ад народа. Царскія служкі з страхам узгадвалі нядаўняе вызвольнае паўстанне і баяліся, што край зноў уздымецца супроць іхняе ўлады.

Перад так званым «саборам» у Беларусь увялі дадатковыя войскі. У Пецярбурзе вырашылі, што гэтага недастаткова. З Фінляндыі перакінулі сюды казацкі полк. Казакі вызначаліся адданасцю цару і лютасцю ў расправах з іншадумцамі. Казакоў па сотні размясцілі ва ўсіх гарадах і мястэчках Віцебскай, Менскай і Магілёўскай губерняў, дзе чакалі вуніяцкіх бунтаў. Адно тады ўлады наважыліся абнародаваць прынятую ў Полацку пастанову. Менскія вуніяты даведаліся пра яе ажно праз паўгода…

Правёўшы незаконны царкоўны сабор, каланізатары заўзята ўзяліся перарабляць былыя вуніяцкія храмы на праваслаўныя. У Беларусі яны знішчылі болей за тысячу старадаўніх арганаў. Праваслаўе не дазваляла ў цэрквах скульптурных выяваў Ісуса Хрыста і святых. Тысячы створаных нашымі мастакамі скульптур былі спаленыя. Велізарныя вогнішчы праваслаўныя папы пад аховаю паліцыі і салдат складалі з «неугодных Богу» вуніяцкіх абразоў і кніг.


Прычасце бізунамі

Вайна царызму з Вуніяй працягвалася з яшчэ страшнейшымі здзекамі. Непакорлівых сялянаў і мяшчан секлі бізунамі, саджалі ў астрогі, аддавалі ў салдаты або высылалі ў далёкія губерні імперыі. Цяжкая доля чакала і нязгодных святароў. Іх разлучалі з сем’ямі, пераводзілі ў дзякі (ніжэйшы чын у праваслаўнай царкве, які не мае ступені святасці), адпраўлялі ў манастырскія турмы ці ў расейскія гарады і вёскі. З ранейшых прыходаў знялі 1300 духоўных асобаў. 105 з іх за адданасць сваёй веры апынуліся за кратамі.

Пра тое, як царкоўныя і свецкія ўлады «ўз’ядноўвалі» беларускіх вуніятаў, з абурэннем пісаў расейскі пісьменнік і мысляр Аляксандр Герцэн. А вось папа рымскі Грыгорый XVI супроць знішчэння Вуніі ды пераследу вернікаў-беларусаў не пратэставаў. Папа баяўся еўрапейскіх рэвалюцый, а імператар Мікалай І быў яму тут верным хаўруснікам. Царскую імперыю нездарма называлі «жандарам Еўропы». Яе войскі заўсёды былі гатовыя рушыць на барацьбітоў за свабоду.

Выдаваная Герцэнам у Лондане газета «Колокол» надрукавала артыкул, дзе змагар з Вуніяй біскуп Іосіф Сямашка быў названы «Юдам, што высек сабе помнік на спінах безабаронных ахвяраў». «Колокол» паведамляў, як у адным з беларускіх мястэчкаў паліцыянт Навіцкі сек вернікаў-вуніятаў бізунамі датуль, пакуль тыя не пагаджаліся прыняць прычасце ад праваслаўнага папа. Чатырнаццацігадовы хлопчык не адрокся ад веры бацькоў і вытрываўшы дзвесце ўдараў бізуном. Падлетка секлі далей, і ён пагадзіўся на прычасце — ужо амаль канаючы ад болю.

Калі вы недзе пачуеце ці прачытаеце, нібыта беларусы з радасцю вярталіся ў праваслаўе, успомніце слёзы і енкі таго хлопчыка-вуніята.

«Мы не маскалі, каб так спяваць»

Былыя вуніяты адмаўляліся ад увядзення ў царкву расейскай мовы. Беларускія фалькларысты зрабілі запісы пра тое, што і ў другой палове ХІХ стагоддзя вернікі на загад папа заводзіць «Господи помилуй!» адказвалі: «Мы не маскалі, каб так спяваць».

Пасля Полацкага царкоўнага «сабора» каланізатары падзялілі жыхароў былога Вялікага Княства на праваслаўных і каталікоў. Царкоўныя і свецкія ўлады пачалі даводзіць, быццам каталікі — гэта палякі, а праваслаўныя — абавязкова «русские». Беларусам месца тут не заставалася.

Падрыхтаваўшы глебу забаронай народнай веры, царызм нанёс новы ўдар. У 1840 годзе Мікалай І выдаў указ, які забараняў у дакументах ужываць найменні «Літва», «літоўскі» і «Беларусь», «беларускі». Замест іх землі былога Вялікага Княства Літоўскага трэба было ва ўсіх афіцыйных дакументах называць «Северо-Западным краем». Жыхары гэтага краю мусілі забыць сваю мову і гісторыю.

Аднак насуперак намаганням чужынцаў продкі не хацелі рабіцца расейцамі. Сотні тысяч вуніятаў патаемна захоўвалі вернасць народнай рэлігіі. Беларусы-ліцьвіны не забывалі, што калісьці мелі незалежную дзяржаву, дзе панавала павага да людзей рознага веравызнання і паходжання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: