Варшава адзначае 75-ю гадавіну місіі Карскага

6 чэрвеня Музей Варшаўскага паўстання правёў інагурацыю акцыі ўшанавання памяці 75-годдзя місіі Яна Карскага. Ён першы перадаў на Захад доказы нацысцкага генацыду габрэяў у акупаванай Польшчы.

Фрагмент вокладкі кнігі пра Яна карскага. Фота: CORPUS. 

Ян Карскі быў кур’ерам польскага падполля падчас вайны. Гэта быў пасланнік польскага падполля, якія цягам Другой сусветнай вайны некалькі разоў выязджаў з пасланнямі з акупаванай Польшчы на Захад, да польскага ўраду на выгнанні. У лістападзе 1942 года ён асабіста прывёз у Лондан і перадаў брытанскаму ўраду сведчанні пра сітуацыю ў Польшчы, захопленую нацыстамі. 

Упершыню заходнія ўрады атрымалі інфармацыю пра тое, што немцы масава знішчаюць габрэйскае насельніцтва. Ян Карскі быў сведкам гэтых падзей, бо ён асабіста прабраўся ў канцэнтрацыйны лагер у Ізбіцы ды два разы на тэрыторыю варшаўскага гета.

Легендарны кур’ер расказваў, што ў канцлагер яму ўдалося ўвайсці ў форме ўкраінскага жаўнера. Тое, што ён там убачыў было жудасна.

Ян Карскі прыгадваў: “Там быў такі бакавы чыгуначны перон. Там было поўна немцаў, эсэсаўцаў ды жандараў. Там былі масы габрэяў, мноства дзяцей, жанчыны, старыя. Плач, лямант, роспач і крык. Немцы ўсіх прыкладамі заганялі ў вагоны. Людзі перапалоханыя, пякельны вобраз, іх сілай запіхвалі ў вагоны. Я глядзеў на гэтую сцэну, скамянеўшы”.

Вывесці на Захад сведчанні гэтых злачынстваў было вельмі складана. Карскі ўзгадваў, што ў Лондан ён завёз доказы, атрымаўшы ключ са схаванай у ім мікрастужкай, на якой была справаздача пра сітуацыю сярод габрэяў.

Ян Карскі: “Усё было выдатна зроблена. У мяне быў мікрафільм, які потым праявілі ды павялічылі ў Лондане. Сама стужка была памерам у палову амерыканскай запалкі. Яна была схавана ў ключы, дзе зрабілі адтуліну, у якую заклалі стужку і запаялі. У Лондане наш аддзел ведаў, як дастаць стужку, не знішчыўшы яе. Пра гэта я ўжо не хваляваўся”.

У 1943 годзе ён асабіста прадставіў справаздачу пра генацыд габрэяў амерыканскаму прэзідэнту Франкліну Рузвельту. Аднак заходнія палітыкі не зрэагавалі на сведчанні польскага кур’ера.

Ян Карскі, які памёр у Вашынгтоне ў 2000-м годзе, узгадваў у архіўнай размове з Польскім радыё, што адказаў брытанскі міністр замежных спраў Энтані Ідэн на просьбы габрэяў з Польшчы, якія агучыў Эдвар Рачыньскі: “З ініцыятывы Рачыньскага, які тады быў яшчэ і міністрам замежных спраў, сабралася вайсковая Рада альянтаў на чале з Ідэнам, як заўсёды. Рачыньскі прадставіў усе патрабаванні габрэяў. На кожны пастулат Ідэн адказваў — не”.

Ян Карскі, сапраўднае імя Ян Казелеўскі, пасля вайны застаўся ў ЗША, працаваў выкладчыкам міжнародных стасункаў ва ўніверсітэце Джорджтаўн у Вашынгтоне. Ён атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды ЗША, Ізраіля (у тым ліку тытул Справядлівы сярод народаў свету) ды Польшчы.

У 2014 годзе ўлады Варшавы паставілі яму помнік у парку Справядлівых, як асобе, якая бараніла чалавечую годнасць ды ратавала ахвяры таталітарызму.

Юры Ліхтаровіч, www.radyjo.net



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: