Важная дата. 103 гады таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка

9 сакавіка 1918 года ў Мінску была прынята Другая Устаўная грамата, што абвяшчала БНР. А праз два тыдні, 25 сакавіка, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

103 гады таму, 9 сакавіка 1918 года, у акупаваным кайзераўскімі войскамі Менску была абвешчана Другая Устаўная грамата, нагадвае «Наша Ніва».

За тыдзень да гэтага паміж немцамі і бальшавікамі быў заключаны Брэсцкі мір. За немцамі заставалася паўночна-заходняя частка Беларусі, а бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь. Апроч таго, немцы паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 г. абвясцілі пра сваю незалежнасць. Народны Сакратарыят і Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда нямецкія ўлады, што сядзелі ў Менску, таксама не прызнавалі.

У такіх умовах беларускія палітыкі вырашылі абвясціць Другую Устаўную грамату. Першая грамата была апублікавана 21 лютага.

Тэкст Другой граматы складаўся з васьмі пунктаў. У межах рассялення беларускага народа сімвалічна абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. Часова заканадаўчую ўладу ў БНР брала на сябе Рада І Усебеларускага З'езда.

Абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі: свабода слова‚ друку‚ сходаў. Была скасаваная прыватная ўласнасць на зямлю, устаноўлена працягласць рабочага дня 8 гадзін, абвяшчаліся роўнасць усіх моў і права ўсіх народаў на аўтаномію.

18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменаваная ў Раду БНР, 23 сакавіка ў яе склад была ўключана Віленская Беларуская Рада, а раніцай 25 сакавіка была прынята Трэцяя Устаўная грамата, якая сімвалічна абвяшчала незалежнасць БНР.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: