Ветэрану беларускага супраціву Антону Фурсу ўручылі медаль у гонар 100-годдзя БНР

Сёння ў Паставах пісьменнік Уладзімір Арлоў уручыў медаль у гонар 100-годдзя БНР дзеячу беларускага нацыянальнага супраціву, сябру паваеннай беларускай моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў Антону Фурсу, перадае Свабода.
Антон Фурс нарадзіўся 30 красавіка1927. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну наведваў беларускую школу ў сваёй вёсцы, працягваў навучанне ў Глыбоцкай прагімназіі, калі яна адкрылася ў 1943 годзе.

З надыходам савецкіх войскаў, маючы 16 гадоў, паступіў у Глыбоцкую педагагічную гімназію, дзе разам з сябрамі стварыў нелегальнае таварыства Саюз беларускіх патрыётаў, якое ставіла перад сабой культурна-асветныя задачы.

Антон Фурс быў арыштаваны 8 лютага 1947 года і асуджаны да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі.

Адбываў тэрмін у лагеры паблізу г. Турынску (Свярдлоўская вобласць у Расіі), а потым быў пераведзены ў лагеры ў Карагандзе ў Казахстане. У Карагандзе браў удзел у паўстанні лагераў КАРЛАГу ў 1955 годзе.

У 1955 годзе быў датэрмінова вызвалены з лагераў, адбыўшы там 9 гадоў. Пэўны час жыў у Беларусі, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 году разам з жонкай жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пенсію пераехаў у Беларусь.

У лістападзе 1992 года, як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «з-за адсутнасці складу злачынства».

Сёння пенсіянер, жыве ў Паставах.



svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!