Якім быў беларускі спорт у 1990-я?

У сённяшнім перадвыбарным дыскурсе на асобным рахунку — афіцыйная рыторыка пра ліхія і страшныя 1990-я гады. Маўляў, вы — тыя, хто за перамены, — хочаце туды вярнуцца? Жадаеце зноў спазнаць той грамадскі хаос, тую эканамічную няпэўнасць, тое палітычнае бязладдзе?

Кацярына Карстэн — адна з зорак беларускага спорту, якая заззяла ў 1990-я. Фота noc.by

Так, усяго хапала ў тыя ліхаманкавыя часы. Беларусь толькі паўставала на руінах Саюза, які з грукатам ляснуўся. Краіна рабіла першыя крокі — упоцемку і навобмацак — і, натуральна, налятала на дзвярныя вушакі. Калісьці навукоўцы напішуць пра гэта ёмісты акадэмічны трактат, у якім усё аб’ектыўна і старанна падсумуюць. Але ж мы тут мусім гаварыць пра спорт, і менавіта гэтая тэма ў разрэзе параўнальна нядаўняга мінулага адкрываецца вельмі цікавым бокам.

Якім быў беларускі спорт у 1990-я? Калі коратка, то стракатым, захапляльным і не саромным. Давайце разбірацца, успамінаць і настальгаваць.


Алімпіяды

Упершыню беларускія спартоўцы адправіліся на Алімпійскія гульні асобнай камандай у 1994 годзе. Гэта быў зімні форум, спаборніцтвы праходзілі ў нарвежскім Лілехамеры. Нягледзячы на цяжкасці першых гадоў незалежнасці, насуперак эканамічным праблемам і 30-доларавым заробкам, маладая краіна здолела дэлегаваць на Гульні 33 атлеты — гэта больш, чым паехала, напрыклад, у Сочы–2014. Выступаючы яшчэ пад бел-чырвона-белым сцягам, беларусы ў Нарвегіі паказалі сябе годна: два сярэбраныя медалі, здабытыя біятланісткай Святланай Парамыгінай і канькабежцам Ігарам Жалязоўскім.

Праз чатыры гады ў японскім Нагана беларусы выйгралі дзве бронзы. Адзначыліся фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі і біятланіст Аляксей Айдараў. Такі быў наш зімовы спорт у тую ліхую эпоху, і варта адзначыць, што гэтыя вынікі добра глядзяцца нават сёння, з вышыні пражытых гадоў. Уласна кажучы, доўгі час іх і пераўзысці не надта атрымлівалася. Гэта ўдалося толькі тады, калі ўзышла зорка славутай біятланісткі Дар’і Домрачавай.

Што да летніх Алімпійскіх гульняў, то там нашы хлопцы і дзяўчаты дэбютавалі яшчэ пазней — у 1996-м, калі ехаць давялося ў амерыканскую Атланту. І зноў жа саромецца не прыйшлося. 15 медалёў рознай вартасці, бліскучая перамога маладой вясляркі Кацярыны Хадатовіч (пазней — Карстэн), чатыры бронзы гімнаста Віталя Шчэрбы, узнагароды ў лёгкай атлетыцы, барацьбе, стральбе, сямібор’і.

Да той жа эпохі належыць і наступная летняя Алімпіяда — Сідней–2000. Дык вось там беларускія спартоўцы ўвогуле паставілі рэкорд — 17 медалёў. З іх тры — залатыя (віншаванні прымалі штурхальніца ядра Яніна Карольчык, дыскаболка Эліна Зверава ды тая ж самая Кацярына Карстэн). А ў дадатак парадавалі іншыя лёгкаатлеты, штангісты, майстры адзінаборстваў, стральбы, мастацкай гімнастыкі.

Для параўнання: на апошніх Гульнях — у 2016-м у Рыа-дэ-Жанэйра — беларусы заваявалі ўсяго толькі 9 медалёў. Гэта найгоршы паказчык у гісторыі, пры тым што дзве з гэтых узнагарод здабылі завезеныя з Дагестану барцы Джавід Гамзатаў і Ібрагім Саідаў.

Для другога параўнання: 19 медалёў першапачаткова ўзялі нашы спартоўцы на Алімпіядзе–2008. Здавалася, вось ён — новы рэкорд. Аднак, калі здаецца, трэба хрысціцца: па выніках масавай пераправеркі допінг-проб па нас, што называецца, прыйшлі. За ўжыванне забароненых рэчываў узнагарод пазбавіліся шэсць айчынных атлетаў — лёгкаатлеты Андрэй і Наталля Міхневічы, Надзея Астапчук і Аксана Мянькова, а таксама штангісты Андрэй Рыбакоў і Настасся Новікава.

Яшчэ тры медалі беларусы былі вымушаныя вярнуць за «подзвігі» ў алімпійскім Лондане ў 2012-м. Праз што да нашага спорту надоўга прыляпілася ганебнае таўро — як да сістэмы, дзе не грэбуюць допінгам дзеля перамог любой цаной.

Беларуская каманда на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды-1994 у Лілехамеры. Фота ТАСС


Футбол

У тым жа 2012-м на Алімпіядзе згулялі і беларускія футбалісты. Безумоўна, гэта быў гістарычны прарыў наша віду спорту нумар адзін, хай нават у Брытаніі хлопцам поспех і не спадарожнічаў. Важна адзначыць і перадгісторыю: шчаслівы білет на Гульні каманда Георгія Кандрацьева выцягнула за год да таго, калі выйграла бронзу на маладзёжным першынстве Еўропы.

Увогуле, той перыяд навейшай эпохі быў адзначаны беларускімі футбольнымі трыумфамі на ўзроўні U-21. У маладзёжных EURO нашы хлопцы ўдзельнічалі і раней — спачатку ў 2004 годзе, а затым у 2009-м.

Здавалася б, гэта ўсё не на карысць 1990-х, дзе такога мы не ведалі. Тым больш на стыку «нулявых» і «дзясятых» расквітнеў і другі футбольны праект — БАТЭ. Барысаўчане стварылі сапраўдную фантастыку, калі, па-першае, прабіліся ў групавы раунд Лігі чэмпіёнаў у 2008-м, а, па-другое, затым паставілі гэту справу на паток. Чаго каштуе адна толькі перамога над мюнхенскай «Баварыяй», успамін пра якую застанецца з беларускімі заўзятарамі на вякі вечныя…

Аднак у 1990-я гады ў нашым футболе быў таксама годны каленкор. Прынамсі, небеспадстаўна лічыцца, што якасных гульцоў міжнароднага ўзроўню тады, напачатку незалежнасці, у краіне было болей. Яны выступалі ў моцных еўрапейскіх клубах, спасцігалі там знакавыя рубяжы, атрымлівалі гістарычныя перамогі.

Валянцін Бялькевіч і Аляксандр Хацкевіч вялі наперад непараўнальнае кіеўскае «Дынама» Валерыя Лабаноўскага. Тая каманда была адной з мацнейшых у Еўропе, сведчаннем таму — паўфінал Лігі чэмпіёнаў у 1999-м. Сяргей Гурэнка з маскоўскім «Лакаматывам» выйграў у Расіі ўсё, што можна, пасля чаго адправіўся па кантракце ў італьянскую «Рому». Васіль Баранаў і Міраслаў Рамашчанка былі жалезнымі гульцамі асновы ў легендарным «Спартаку» Алега Раманцава. Быў час, калі ў стартавым складзе маскоўскага «Дынама» выходзілі адразу пяцёра беларусаў, дый наогул дзе толькі беларусы ні гулялі — ад Масквы, Кіева, Піцера да Італіі, Іспаніі, Турцыі, Англіі…

Урэшце самым аб’ектыўным паказчыкам развіцця футбола ў любой краіне з’яўляюцца вынікі нацыянальнай зборнай. І вось тут нам сёння фарсіць няма чым. Ну, хіба выхадам у плэй-оф чэмпіянату Еўропы, які стаў магчымым толькі дзякуючы льготнаму шляху «для бедных» — праз новаўтвораную Лігу нацый.

Мінулая эпоха ў гэтым сэнсе больш значная. Так, непасрэдна 90-я беларуская зборная збольшага бесталкова прафукала: патэнцыял быў грандыёзны, але рэалізаваць яго з розных прычын не ўдалося. І ўсё ж тое пакаленне гульцоў здолела гучна грымнуць дзвярыма. Пад кіраваннем эпічнага Эдуарда Малафеева беларусы ледзь не выйшлі на чэмпіянат свету–2002, заняўшы ў адборачнай групе рэкордна высокае трэцяе месца. І хаця да заяўленай эпохі храналагічна гэта не адносіцца, тыя поспехі здзяйсняла ўсё ж такі старая генерацыя 90-х гадоў.

І цяпер гэтае трэцяе месца нам толькі сніцца. Нягледзячы на адбудаваныя стадыёны, дзяржаўную падтрымку футбола і пільную ўвагу да яго на самых высокіх паверхах улады.

Лядовы палац у Бьаранавічах

Хакей

Набудавалі ў нас безліч лядовых палацаў цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Але штучны лёд — гэта, мякка кажучы, не гарантыя добрых лічбаў на табло. Што летапіс хакейнай Беларусі пераканаўча і паказвае.

Сёння ў Беларусі каля сарака лядовых спарткомплексаў і крытых пляцовак. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х арэнаў было ўсяго чатыры. Дзве ў Мінску, плюс Гродна і Наваполацк. І трэба ж: якраз у канцы мінулага стагоддзя ды на пачатку бягучага беларускія хакеісты грымелі ў свеце на ўсю моц. І гэта пры тым, што выбірацца ў эліту нашай зборнай давялося з самых нізоў — як новай самастойнай краіне на сусветнай карце.

На гэта спатрэбіўся пэўны час, таму толькі ў 1998-м наша каманда зрабіла першыя крокі на Алімпіядзе. У японскім Нагана хлопцы не збянтэжыліся. На стартавым групавым этапе яны ўпэўнена разбамбілі французаў (4:0) і немцаў (8:2) і выйшлі ў васьмёрку мацнейшых. Гэта была столь, прабіць якую камандзе-дэбютантцы не пашчасціла. Але гэта быў і поспех, які на радзіме ацанілі. І праз які, дарэчы, тыя ж самыя хакеісты пакрочылі насустрач самаму неймавернаму свайму трыумфу — чацвёртаму месцу ў Солт-Лэйк-Сіці–2002, калі беларусы феерычна высадзілі ў чвэрцьфінале магутных шведаў.

У той камандзе што ні імя было — асоба і біяграфія. Яны гулялі ў НХЛ, у Расіі, у Еўропе. Яны выйшлі яшчэ з шынялю савецкага хакею, але ў большасці сваёй былі свае выхаванцы, беларусы, пераважна з мінскай школы «Юнацтва».

Прайшло дваццаць гадоў, і куды збочыў за гэты час наш хакей? У НХЛ беларусаў даўно няма. У Расіі яшчэ застаюцца, але ў параўнальна невялікай колькасці і не на вядучых ролях. Базавы клуб зборнай мінскае «Дынама» пляцецца ў хвасце ў КХЛ, і на яго не лаецца толькі лянівы. Сама ж зборная пра Алімпіяду ўжо дзесяць гадоў як толькі марыць, а да ўсяго яшчэ нядаўна вывалілася ў другі дывізіён сусветнага хакею. Туды, адкуль яе падымалі пакаленні 90-х.

І беларусаў, што адметна, у шэрагах значна паменела. Пра канвеерную «пашпартызацыю» іншаземцаў ужо даўно ходзяць легенды. Спачатку ў зборную бралі расіян, з якімі мы хоць ментальна блізкія, затым даспадобы пачалі прыходзіцца і канадцы з амерыканцамі.

І што там нас чакае пры такіх справах у будучым траўні-чэрвені? На хатнім чэмпіянаце свету, які давераны Беларусі ўжо другі раз. Добра, калі будзе нейкі пазітыўны вынік, хаця істотна меркаванне наконт цяперашняга стану нацыянальнага хакея гэта не зменіць.

Дык калі ж беларускі спорт быў лепшы? Сёння — пры трапяткой увазе і шчодрай фінансавай падтрымцы дзяржавы? Ці чвэрць стагоддзя таму, калі спаборнічалі часцей за ідэю, пераадольвалі розныя цяжкасці і моцна верылі ў светлую будучыню?






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: