Выбары-90: pro et contra

Беларусь, нават з яе іміджам «Вандэі» — самай кансерватыўнай рэспублікі Савецкага Саюза — непазбежна і незваротна мянялася, дзякуючы гарбачоўскай «перабудове». Гэта прадэманстравалі выбары ў Вярхоўны Савет 12 склікання, якія адбыліся 4 сакавіка 1990 года.
Чальцы Прэзідыуму ВС БССР у Авальнай залі. А.Сасноў, В.Шаладонаў, М.Дземянцей, С.Шушкевіч, У.Леўчык, 90s.by

Чальцы Прэзідыуму ВС БССР у Авальнай залі. А.Сасноў, В.Шаладонаў, М.Дземянцей, С.Шушкевіч, У.Леўчык, 90s.by

Папулярнае беларускае выданне «Літаратура і мастацтва» 15 кастрычніка 1989 года апублікавала інтэрв’ю з самым маладым дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання, студэнтам Мінскага радыётэхнічнага інстытута Глебам Ерамеевым. Інтэрв’ю стала сапраўднай сенсацыяй: Ерамееў шчыра прызнаўся, што ў 1985 годзе фактычна быў прызначаны дэпутатам па ініцыятыве кіраўніцтва рэспублікі і рэктарата ВНУ, у якой вучыўся. Па словах маладога чалавека, перадвыбарчай барацьбы ў класічным разуменні не вялося — мелі месца толькі рытуальна-фармальныя сустрэчы з выбаршчыкамі, якім «усё да лямпачкі». Колькі слоў сказаў Ерамееў і пра стыль работы парламента 11 склікання: адсутнасць дыскусій, адзінадушная пазіцыя па ўсіх пытаннях. Эфектыўнасць дзейнасці камісіі па справах моладзі, чальцом якой ён з’яўляўся, Глеб Ерамееў ацаніў як нулявую.

Інтэрв’ю мела пэўны рэзананс на фоне таго, што 4 сакавіка 1990 года ў Беларускай ССР павінны былі адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет 12 склікання.

Закон, што дышаль…

Пасяджэнне чарговай дванаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання адкрылася 25 кастрычніка 1989 года. Галоўнай тэмай стала прыняцце новага закона аб выбарах народных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

Адно з пытанняў, вакол якога разгарнуліся вострыя дыскусіі, тычылася прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце дэпутатаў ад грамадскіх арганізацый. Падобная норма была прапісана ў законе аб выбарах народных дэпутатаў СССР ад 1 снежня 1988 года і з’яўлялася, па сутнасці, «заслонаю» тым, хто крытычна ставіўся да КПСС: гарбачоўскае кіраўніцтва, рупячыся на словах за дэмакратыю, зусім не збіралася аддаваць парламенцкую перавагу магчымым канкурэнтам. Прадстаўнікі КПСС, УЛКСМ, УЦСПС і іншыя не ўдзельнічалі ў класічнай перадвыбарнай барацьбе. Яны абіраліся на сходах сваіх арганізацый.

Перадвыбарчая лістоўка Аляксея Марачкіна, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Перадвыбарчая лістоўка Аляксея Марачкіна, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР актыўна выступіла за ідэю прадстаўніцтва грамадскіх арганізацый. Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей заявіў, што ў праекце закона аб выбарах колькасць дэпутатаў ад грамадскіх аб’яднанняў складае 120 чалавек — то-бок, адна траціна парламента, колькасць якога была зніжана ў праекце з 485 да 360 дэпутатаў.

Дземянцея падтрымалі высокапастаўленыя партыйныя функцыянеры. Першы сакратар Жлобінскага гаркама КПБ Аляксей Зайцаў заклікаў захаваць квоту, якая, быццам бы, дапаможа спыніць «экстрэмістаў» і не даць ім прайсці ў парламент.

Аднак не толькі партыйныя службоўцы выступалі за прадстаўніцтва ад грамадскіх арганізацый. Гэту ідэю падтрымалі некаторыя вядомыя культурныя і гаспадарчыя дзеячы.

Паэт Генадзь Бураўкін неабходнасць квоты матываваў тым, што на «дадзены момант узровень развіцця савецкага грамадства не дазваляе спадзявацца на наўпроставую канкурэнцыю». Аналагічнага пункту гледжання прытрымліваліся пісьменнік Іван Чыгрынаў і скульптар Заір Азгур.

Знакаміты аграрнік Васіль Старавойтаў заявіў, што прадстаўніцтва ад ГА не дазволіць патрапіць у парламент тым людзям, якія жадаюць скасаваць калгасы і «рыхтуюць маім унукам дваццацігадзінны працоўны дзень».

Але некаторыя дэпутаты (Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Кавалёнак. Глеб Ерамееў і іншыя) выказаліся катэгарычна супраць прадстаўніцтва ад грамадскіх арганізацый. Па іх меркаванні, гэта парушыць дэмакратычны прынцып выбараў, будзе спрыяць фармаванню нервовага становішча, калі адзін дэпутат абраны «трыма сотнямі», а іншы — «некалькімі тысячамі».

Закон аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР быў зацверджаны парламентарамі 27 кастрычніка 1989 года. Таксама былі ўнесеныя адпаведныя змены ў Канстытуцыю. Парламенцкае прадстаўніцтва ад грамадскіх арганізацый захавалася, але не ў такім аб’ёме, як меркаваў Дземянцей: ад іх у Вярхоўны Савет Беларусі маглі абірацца толькі 50 дэпутатаў, так што перамога наменклатуры была частковай. Праўда, з мэтай дэманстрацыі плюралізму і галоснасці ў якасці такіх аб’яднанняў былі абраны не кампартыя, камсамол альбо прафсаюзы, а Беларуская рэспубліканская арганізацыя ветэранаў вайны і працы (29 мандатаў), Беларускае таварыства інвалідаў, Беларускае таварыства сляпых і Беларускае таварыства глухіх (па сем мандатаў). Аднак ад назваў гэтых аб’яднанняў сутнасць не змянялася: яны цалкам кантраляваліся КПБ, таму можна казаць пра «закамуфляваную» партыйную квоту ў будучым парламенце.

Істотным бар’ерам на шляху дэмакратычных выбараў было тое, што кандыдаты ў дэпутацкія крэслы вылучаліся працоўнымі калектывамі. Такая форма вылучэння была больш падкантрольная кіруючым камуністам.

Захавалася і норма, паводле якой у бюлетэнь уносілася любая колькасць прозвішчаў. Гэта значыць, што ў акрузе мог быць вылучаны адзін, безальтэрнатыўны кандыдат. Некаторыя чыноўнікі імкнуліся скарыстацца такой магчымасцю.

Вялікая камісія

Спецыяльнай пастановай Вярхоўнага Савета БССР 4 снежня 1989 года была ўтворана Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР (ЦВК). Камісію ўзначаліў былы кіраўнік Камітэта народнага кантролю БССР Міхаіл Лагір, яе чальцамі сталі 19 чалавек, у тым ліку вядомыя навукоўцы-юрысты Сцяпан Драбязга і Валерый Ціхіня. Самі ж выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12 склікання былі прызначаны на 4 сакавіка 1990 года.

Чым раней, ты лепш

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый атрымалі дэпутацкія мандаты значна раней, чым іх будучыя калегі, якія абіраліся па акругах. 17 студзеня 1990 года адбыўся VII пашыраны пленум Беларускага рэспубліканскага Савета ветэранаў вайны і працы, на якім былі вылучаны 42 кандыдатуры. 20 лютага 1990 года дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР XII склікання сталі 29 чальцоў гэтай арганізацыі (Барыс Гетц, Міхаіл Качан і іншыя). Абранне дэпутатаў Вярхоўнага Савета ад іншых грамадскіх арганізацый (21 чалавек) адбылося ў лютым.
Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Уладзіміра Заблоцкага, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Уладзіміра Заблоцкага, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

На 310 мандатаў прэтэндавалі 1427 зарэгістраваных кандыдатаў, прычым у некаторых акругах колькасць кандыдатаў, як кажуць, зашкальвала. Па Старажоўскай выбарчай акрузе №47 Мінска былі зарэгістраваны 18 прэтэндэнтаў, у тым ліку мітрапаліт Філарэт, дырэктар ГУМа Пётр Казлоў, спецыяльны карэспандэнт маскоўскага часопіса «Дружба народов» Яўген Будзінас...

У другі тур выйшлі мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў) і прыхільнік БНФ Яўген Будзінас.

Яшчэ да першага тура на сустрэчы з кіраўніцтвам БНФ Філарэт казаў, што не будзе балатавацца па гэтай акрузе, але потым усё ж вылучыў сваю кандыдатуру, што выклікала негатыўную рэакцыю нават па-за межамі Беларусі. Расійскі журналіст Роберт Астроўскі назваў яго ўчынак «приемом из шулерского арсенала партийной бюрократии».

У перадвыбарчай праграме Будзінас (якога, дарэчы, падтрымаў Васіль Быкаў) заяўляў, што «полностью поддерживает программу БНФ». Паводле Будзінаса, БНФ «пока слабоват», але, «голосуя за кандидатов БНФ, мы голосуем против консерватизма и того кошмара, к которому нас привела бюрократия всех видов и рангов — от мелкой чиновничьей до высшей партийной». Філарэт жа ў кампаніі рабіў стаўку на праваслаўныя каштоўнасці.

У першым туры з 21 949 жыхароў акругі, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, 5 679 аддалі галасы Будзінасу, 10 706 — Філарэту. Тады сярод выбаршчыкаў акругі была распаўсюджана адозва наступнага зместу (яе падпісалі Зянон Пазьняк, Віктар Івашкевіч, Мікола Купава, Пётр Садоўскі, Валянцін Акулаў і іншыя): «Когда мы голосуем за владыку Филарета, отдавая предпочтение должности, даже если она церковная, не уподобляемся ли мы жителям отдаленных сельских районов, выбравшим в Верховный Совет Соколова, Дементея? Да и так ли уж далеки высокопоставленные священники от наших высокопоставленных идеологов? Сопоставив условия их жизни, сравнив здание епархии и здание Минского горкома партии, нетрудно убедиться, что разница невелика. Можем ли вспомнить хоть один случай, когда руководство Православной церкви в Белоруссии призвало к милосердию правительство по отношению к инакомыслящим, воззвало против вопиющего социального неравенства, против роскоши правительственных клиник?».

Відавочна, гэтая адозва не дапамагла. У другім туры, 17 сакавіка 1990 года, з 19 924 выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, за Будзінаса прагаласавалі ўсяго 6 614, а за Філарэта — 11 973.

Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Юрыя Хадыкі, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Юрыя Хадыкі, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Тым не менш, акрамя акругаў, дзе было зарэгістравана шмат прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, існавалі і такія, дзе вылучаліся безальтэрнатыўныя кандыдаты. На канец лютага 1990-га такіх дэпутатаў налічвалася восем чалавек, сярод іх, напрыклад, партыйны кіраўнік Магілёўскай вобласці Васіль Лявонаў.

Мандаты імкнуліся атрымаць і вядомыя ў рэспубліцы людзі. Яны свядома дыстанцыяваліся ад гучных палітычных лозунгаў, спадзяваліся на свае мінулыя дасягненні. Гэтыя прэтэндэнты заклікалі звярнуць «увагу на безальтэрнатыўных кандыдатаў ці кандыдатаў з адным (падстаўным) канкурэнтам, якія могуць ператварыць выбары ў крывадушную пародыю, і абразіць грамадзянскую годнасць тысяч выбаршчыкаў».
Дэпутатамі жадалі стаць пісьменнік Мікалай Чаргінец, мастак Аляксей Марачкін, прадпрымальнік Уладзімір Карагін, лётчык-касманаўт СССР Уладзімір Кавалёнак...

Актыўна пазіцыянаваў сябе Кавалёнак. Ён назваў сябе «валявым чалавекам, які ўмее адчыняць дзверы» і заклікаў кожнага кандыдата «прасвяціцца на грамадскім рэнтгене».

Своесаблівай альтэрнатывай сталі маладыя (30-38 гадоў), амаль нікому невядомыя прэтэндэнты, якія вырашылі выпрабаваць палітычны лёс. Іх погляды і праграмы былі досыць эклектычныя, нават супярэчлівыя. Аднак сваёй энергіяй, уменнем падаць сябе яны заваёўвалі сімпатыі выбаршчыкаў. Гэта следчы з Магілёва Дзмітрый Булахаў, дацэнт Інстытута народнай гаспадаркі Віктар Ганчар, вайсковец з Кобрына Віктар Кучынскі, настаўнік з Ашмянаў Анатоль Лябедзька, дырэктар шклоўскага саўгаса «Гарадзец» Аляксандр Лукашэнка і шмат іншых.

Заява Анатоля Лябедзькі аб рэгістрацыі кандыдатам у народныя дэпутаты, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Заява Анатоля Лябедзькі аб рэгістрацыі кандыдатам у народныя дэпутаты, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Увесь пафас выбарчай кампаніі Лукашэнкі быў накіраваны супраць чынавенства і «князькоў», якія «распіхаючы людзей, жадаюць узяць дэфіцыт першымі». Малады дырэктар, які вылучаўся па Шклоўскай выбарчай акрузе №310, выступіў як заўзяты патрыёт Магілёўскай вобласці, якая, у адрозненне ад «адбудаваных» Брэста, Мінска і Гродна, апынулася «на завуголлі». Лукашэнка наракаў, што Шклоўскі раён, у якім «перабудова як пачалася ў 1985 годзе, так тады і скончылася», займае адно з першых месцаў у рэспубліцы па захворванні на анкалогію і сухоты, і што шклаўчанін у год спажывае 20 кілаграм мяса, а сталічны жыхар — 114.

Супернікамі Лукашэнкі былі Яўсей Карнееў — першы намеснік старшыні Магілёўскага абласнога савета народных дэпутатаў, старшыня аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці; Вітольд Буевіч — галоўны ўрач Шклоўскай цэнтральнай раённай бальніцы; Уладзмір Громаў — дырэктар эксперыментальнай базы «Спартак». У другім туры Лукашэнка ўпэўнена перамог галоўнага ўрача.

Яўсей Карнееў, Уладзімір Громаў, Вітольд Буевіч і Аляксандр Лукашэнка падчас перадвыбарчай кампаніі, 1990 год. Крыніца: Ударны фронт. 

Яўсей Карнееў, Уладзімір Громаў, Вітольд Буевіч і Аляксандр Лукашэнка падчас перадвыбарчай кампаніі, 1990 год. Крыніца: Ударны фронт. 

Нарэшце, асноўнай сілай, якая, па сутнасці, уносіла галоўную інтрыгу ў перадвыбарчую гонку, быў Беларускі Народны Фронт. На пасяджэнні Сойма БНФ 9 снежня 1989 года была зацверджана перадвыбарчая праграма Фронта пад назвай «Галасую за Беларусь!». У ёй гаварылася, што «Фронт з’яўляецца адзінай альтэрнатывай усеўладдзю партбюракратыі», а новы Вярхоўны Савет павінен здзейсніць карэнную палітычную рэформу, мэта якой — дасягненне рэальнага суверэнітэту рэспублікі. У праграме крытыкаваліся цэнтрысты, якія спрабавалі «ўседзець на двух крэслах», абгрунтоўвалася неабходнасць уласнай валюты, прыярытэту грамадзянскай супольнасці над дзяржавай, рэалізацыі механізму альтэрнатыўнай вайсковай службы, прыняцця дэмакратычнай Канстытуцыі і закона пра архівы, знішчэння шостага артыкула Канстытуцыі СССР (паводле яго, «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з'яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза», то бок уся ўлада належала КПСС — НЧ), выратавання беларускай мовы і гэтак далей.

Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Мікалая Крыжаноўскага, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Мікалая Крыжаноўскага, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Вялікую ўвагу ў сваёй перадвыбарчай барацьбе БНФ надаваў чарнобыльскай праблеме. Чарнобыльская катастрофа, сцвярджалі прадстаўнікі Фронта, «паказала праўдзівае месца Беларусі ў Саюзе — месца паўкалоніі».

БНФ удалося вылучыць шмат паплечнікаў. Свае кандыдатуры зарэгістравалі кандыдат мастацтвазнаўства, супрацоўнік Інстытута гісторы АН БССР Зянон Пазьняк, начальнік комплексных даследаванняў помнікаў інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя» Алег Трусаў, уласны карэспандэнт па Беларускай ССР газеты «Маскоўскія навіны» Ігар Гермянчук, інжынер-электронік Клецкага механічнага завода Мінскай вобласці Леанід Дзейка, начальнік аддзела Навукова-даследчага інстытута завода электронна-вылічальных машын імя Арджанікідзе Уладзімір Заблоцкі, доктар фізіка-матэматычных навук, загадчык лабараторыі Інстытута фізікі АН БССР Юрый Хадыка.

Улётка да выбараў у Вярхоўны Савет 12 склікання ад БНФ. Сакавік 1990 г. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Улётка да выбараў у Вярхоўны Савет 12 склікання ад БНФ. Сакавік 1990 г. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Супраць БНФ кіраўніцтва рэспублікі кінула добра адладжаную прапагандысцкую машыну. Сродкі масавай інфармацыі настойліва ўдзёўбвалі насельніцтву думку пра БНФ як пра дэструктыўную і разбуральную сілу. Газеты стракацелі лістамі «працоўных» пра тое, што «калі не спыніць варожую дзейнасць БНФ, то небяспечная сітуацыя будзе нарастаць як снежны камяк, гэта можа прывесці да падпалаў, пагромаў і кровапраліццяў».


Перадвыбарчы плакат кандыдата ад БНФ Алега Трусава, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Па набліжэнні выбараў сітуацыя абвастралася. Асабліва небяспечным стала 25 лютага 1990 года. У гэты дзень па закліку БНФ, як сцвярджалі яго лідары, на сталічную Плошчу Леніна выйшлі 100 000 чалавек, шматтысячны натоўп таксама атачыў галоўны будынак тэлебачання. БНФ запатрабаваў роспуску Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, адстаўкі парткіраўніка Яфрэма Сакалова, а таксама рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты некаторых актывістаў БНФ.

Вынікі

У выбарах 4 сакавіка 1990 года прынялі ўдзел 6 356 210 выбаршчыкаў з 7 308 156 чалавек, уключаных у спісы для галасавання, ці 87%. Народнымі абраннікамі сталі 98 чалавек. Пры гэтым колькасць безальтэрнатыўных дэпутатаў узрасла да 20.

У другім туры — 17-18 сакавіка — удзел прынялі 77,2%. Мандаты атрымаў 131 чалавек.
Вынікі парламенцкіх выбараў у сакавіку 1990 года былі гнятлівымі. Па аднамандатных акругах было абрана ўсяго 229 дэпутатаў. Калі да апошніх прыплюсаваць 50 дэпутатаў ад грамадскіх арганізацый, то ўсё адно колькасць вакантных месцаў у Вярхоўным Савеце 12 склікання складала 81. Гэта было несувымерна ніжэй у параўнанні з Расійскай Федэрацыяй і Украінай, дзе на аналагічных выбарах прадстаўнічыя органы фармаваліся значна хутчэй, хоць іх колькасць пераўзыходзіла беларускі парламент на парадак.

Прычыны такой з’явы хаваліся ў недасканаласці беларускага выбарчага заканадаўства. Прынцып «50%+1 голас» быў абавязковы і для другога тура, між тым як у Расіі і ва Украіне кандыдат лічыўся абраным, калі за яго прагаласавала простая большасць.
Перадвыбарчая ўлётка ад БНФ, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Перадвыбарчая ўлётка ад БНФ, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Паўторныя выбары адбыліся 22 красавіка 1990 года і праводзіліся па 18 акругах, таксама 5 траўня — па 63 акругах, і будучы парламент папоўніўся яшчэ 38 дэпутатамі. У выніку паўторнага галасавання з 10 па 14 траўня былі абраны 11 дэпутатаў.

Усяго ў вясновую кампанію 1990 года да адкрыцця пасяджэння першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання (15 траўня) у парламент былі абраны 278 дэпутатаў. Разам з дэпутатамі ад грамадскіх арганізацый агульная колькасць парламентарыяў склала 328 чалавек (адзін з новаабраных дэпутатаў, генеральны дырэктар Светлагорскага аб’яднання «Хімвалакно» памёр да пачатку працы новага парламента).

Выбары не абышліся без інцыдэнтаў. 16 траўня 1990 года старшыня Мандатнай камісіі Васіль Лявонаў адзначыў, што ў Цэнтрвыбаркам паступіла 1472 лістоў і тэлеграм са скаргамі і прэтэнзіямі, 5000 чалавек звярнуліся «асабіста і па тэлефоне».

У студзені 1990 года брэсцкі бюлетэнь БНФ «Шлях» апублікаваў нататку пра незаконнае вылучэнне кандыдатам у народныя дэпутаты па Ганцавіцкай выбарчай акрузе № 116 першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова. Нягледзячы на скаргу прыхільнікаў БНФ у маскоўскі Камітэт канстытуцыйнага кантролю, кандыдатура беларускага партыйнага функцыянера была зацверджана мясцовай, а потым і Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

Пэўны рэзананс атрымала перадвыбарчая барацьба ў Сеніцкім выбарчым участку №27 Мінскага раёна паміж міністрам унутраных спраў БССР Віктарам Піскаровым і пісьменнікам Васілём Якавенкам. Пісьменнік, абвінаваціўшы «сілавіка» ў тым, што той прыцягваў для агітацыі міліцыянтаў і аказваў ціск на выбаршчыкаў, здолеў дамагчыся падтрымкі мясцовай пракуратуры, якая ўнесла адпаведны пратэст у акруговую камісію. Аднак усё ж Мандатная камісія прызнала паўнамоцтвы Піскарова.

Мелі месца і сітуацыі, калі грамадзяне, не згодныя з вынікамі галасавання на тым ці іншым выбарчым участку, скардзіліся (праўда, безвынікова) у Цэнтрвыбаркам. 27 жніўня 1990 года некалькі жыхароў Светлагорска сцвярджалі, што абранне ў іх горадзе дэпутатам міністра юстыцыі БССР Валерыя Ціхіні нелегітымнае, бо прайшло з грубымі парушэннямі: нібыта колькасць выбаршчыкаў у параўнанні з мінулымі гадамі была зніжана на 2,5 тыс. чалавек, бюлетэні выдаваліся без прад’яўлення пашпарта і гэтак далей.

Выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання прадэманстравалі асаблівасці палітычнай атмасферы рэспублікі. І самая галоўная з асаблівасцяў была ў тым, што ў Беларусі, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх рэспублік СССР, «перабудоўныя» працэсы і галоснасць укараняліся ў свядомасці выбаршчыкаў павольна. Беларусы значна цяжэй адмаўляліся ад савецкай спадчыны і паварочваліся да дэмакратыі. Пры ўяўнай вялікай папулярнасці ў БНФ атрымалася правесці ў парламент толькі каля двух дзясяткаў чалавек.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!