Выгнаныя з краю: лёс эміграцыі 1830-х

Пакінуць сваю краіну, каб выратаваць жыццё, — не новая з’ява ў нашай гісторыі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай вялікія хвалі палітычнай эміграцыі ўздымаліся пасля кожнай буйной акцыі супраціву імперыі. Удзельнік паўстання і эмігрант Ігнат Дамейка ў сваіх успамінах адкрывае асаблівасці жыцця выгнанцаў 1830-х гадоў.
Пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання лёс яго ўдзельнікаў склаўся па-рознаму: адных чакалі смяротнае пакаранне альбо доўгае зняволенне і катарга, другіх — вымушанае выгнанне за межы краіны.
Вялікае злучэнне паўстанцаў на чале з генераламі Гелгудам і Хлапоўскім, якое пацярпела паразу пад Вільняй улетку 1831 года, аказалася адрэзаным ад асноўных сіл супраціву. Правадыры вырашылі ісці ў Прусію, да мяжы якой аказаліся прыціснуты войскам Расійскай імперыі. У гэтых шэрагах аказаўся і Ігнат Дамейка, які на свае вочы пабачыў пачатак выгнання і жыццё палітычных эмігрантаў у Еўропе. Усё гэта ён праз гады апіша ў мемуарах.

«Ганебны пераход у прусы»

Чаму ганебны? Прусія і яе ўрад лічыліся варожымі да былой Рэчы Паспалітай: бо гэтая краіна мела дачыненне да падзелаў РП і ліквідацыі яе з палітычнай карты Еўропы некалькі дзесяцігоддзяў таму. Дарэчы, паўстанцы ратаваліся не толькі ў Прусіі: тыя злучэнні, якія змагаліся на поўдні, пераходзілі ў Аўстрыю, якая таксама была варожай да Рэчы Паспалітай.  

Самым драматычным момантам пераходу было само перасячэнне мяжы і раззбройванне паўстанцаў. «Жорсткі боль працяў мяне, калі ўбачыў, як атрад нашых жаўнераў заходзіць на крыжацкую зямлю», — пісаў Дамейка. Паўстанцаў, якія перайшлі мяжу, ужо чакалі прускія жаўнеры краёвай абароны, каб раззброіць. Уланы злазілі з коней, адшпільвалі палашы, кідалі іх у кучу, а на іх — свае белыя і чырвоныя харугвачкі. Прускія жаўнеры ўсіх паўстанцаў суправадзілі на шырокі луг, дзе тыя, пад наглядам, сталі вялікім табарам.
Паўстанец-эмігрант

Паўстанец-эмігрант

Правадыры паўстання спадзяваліся на маніфест прускага караля, які гарантаваў праход паўстанцаў і расійскіх войск па сваёй тэрыторыі. Толькі была адна акалічнасць: рускім было дазволена вяртацца з Прусіі са зброяй, паўстанцам жа — толькі раззброенымі. Асабістую зброю і коней прусы пакідалі толькі афіцэрам, у салдат зброю і коней забіралі, каб потым перадаць рэквізаванае расійскаму боку. Гэты пераход у прусы фактычна азначаў ліквідацыю паўстанцкага войска. Усё, што адбывалася з пераходам мяжы, Дамейка справядліва назваў капітуляцыяй без бою.

Два месяцы каранціну

Паўстанцы-эмігранты, што перайшлі мяжу з Прусіяй, сутыкнуліся з істотнай праблемай — эпідэміяй халеры, якая лютавала на памежжы і ў глыбіні краю. З нагоды абвастрэння гэтай хваробы прускі ўрад абвясціў уздоўж усёй сваёй мяжы каранцін. Паўстанцы трапілі ў ізаляцыю тэрмінам на 2 месяцы. Іх усіх адвялі ад мяжы ў мясціну, якая называлася Ашэкен (недалёка ад Клайпеды), дзе, спаслаўшыся на каранцін, трымалі пад пільнай вайсковай вартай.

Раззброеную армію прусакі змясцілі ў невялікім былым фальварку, дзе стаяў дамок (яго прыстасавалі пад шпіталь, бо ў табары паўстанцаў было яшчэ шмат параненых) і два гумны, дзе на саломе спалі ўпокат паўстанцы. У такіх умовах былых жаўнераў апанавалі нуда і жарсць да розных забавак.

Каля месца каранціну адразу ж з’явіўся гандляр з Клайпеды, які наладзіў бойкі гандаль віном і рознымі гатункамі пітва, хлебам і мясам. У атмасферы нудоты і нявызначанага чакання сярод жаўнераў пачыналіся кпіны, ад кпінаў пераходзілі да абраз, сярод афіцэраў даходзіла да паядынкаў на палашах. Неўзабаве, як піша Дамейка, з’явілася іншае зло: цэлымі днямі ігралі ў карты, грошы, якіх і так было няшмат, пераходзілі з рук у рукі і прападалі ў гандляра гарэлкай. З Клайпеды да паўстанцаў прыязджалі розныя купчыкі з бытавымі дробязямі, прыбывалі фурманкі з жанчынамі нядобрай славы. Так і цягнуліся, паводле слоў Дамейкі, тыя нязносныя дні каранціну.

Прускія інтрыгі

Сітуацыя з паўстанцамі змянілася ў верасні 1831 года, калі расійскія войскі штурмам узялі Варшаву. Раптоўна прускія жаўнеры сталі больш лагоднымі — дазвалялі каранцінным наведваць Клайпеду, карыстацца фурманкамі… Але тое залагоджванне не ўзнікла на роўным месцы, за ім хаваліся палітычныя інтрыгі Прусіі.
Літаральна праз некалькі дзён пасля падзення Варшавы ў лагеры паўстанцаў з’явіўся прускі ваенны камендант і паведаміў: тых паўстанцаў, хто дасць пісьмовую заруку, што не будзе браць удзел ва ўзброеным супраціве, вызваляць з-пад варты. Як паведамляе Дамейка, «ніхто не падпісаў такой паперы, нават чуць пра дамову не захацеў».

Пасля ўсеагульнай адмовы падпісаць заруку прускі ўрад пайшоў на іншую хітрасць. Амаль адразу ўсіх паўстанцаў морам пераправілі ў іншую мясцовасць — у невялікае мястэчка на Балтыйскім узбярэжжы. Там паўстанцаў запрасіў на прыём пасланец мясцовай улады. Калі палякі і ліцвіны прыйшлі туды, іх сустрэў прускі чыноўнік высокага рангу, які сядзеў за вялікім сталом. На тым стале стаялі два мяхі з грашыма, папера, пяро і атрамант. Дамейка згадвае, што «саноўны прусак ветліва звярнуўся да нас, нагадаў, як блізка да сэрца прымае кароль наш лёс ды тэрмінова ахвяруе нам матэрыяльную дапамогу». Канешне, грамадзе паўстанцаў такі крок спадабаўся, усе ахвотна пасунуліся да стала. Прускі чыноўнік пачаў ужо было плаціць дапамогу і няўзнак сказаў, што трэба, каб на паперы, напісанай па-нямецку, паўстанцы паставілі свае подпісы. Гэты крок нікога спачатку не засмучаў, меркавалі, што гаворка ідзе аб распісцы за атрыманыя грошы. Але знайшоўся паўстанец, які ведаў нямецкую мову і выкрыў хцівы план прусакоў. У той паперы было дэклараванне, што паўстанец, які яе падпісаў, пасля вяртання не ўздыме зброі супраць непрыяцеля. Саноўнік пераконваў ваяроў, што гэты подпіс не запляміць іх гонару, але ўрэшце разгневаўся і ўцёк з грашыма. Паўстанцы паднялі яго на смех.

Літаральна праз некалькі гадзін з’явіліся прускія жаўнеры — і паўстанцаў заключылі ў крэпасць Пілаў (сучасны горад Балтыйск), спасылаючыся на тое, што для іх нібыта не былі падрыхтаваныя месцы побыту. У замку паўстанцаў пратрымалі два тыдні, а затым — разбілі на невялікія групы па пяць-дзесяць чалавек і рассялілі па прускіх мястэчках. Там выгнанцы пражылі да канца снежня 1831 года. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што мясцовыя жыхары досыць ветліва ставіліся да паўстанцаў: гасцінна запрашалі на абеды і вечарыны, а краёвы ўрад плаціў кожнаму па 30 талераў дапамогі на месяц.

Выбар паўстанца: амністыя ці выгнанне

Першы дзень новага 1832 года прынёс перамены ў становішчы і побыце выгнаных у Прусію паўстанцаў. З Берліна прыйшоў загад, каб тых эмігрантаў-афіцэраў, якія не хочуць прасіць амністыі ды вяртацца на радзіму, як мага хутчэй высылалі ў Францыю. Тых жа, хто просіць амністыю, можна было пакінуць у Прусіі, а кароль абавязваецца заступіцца за іх перад расійскім імператарам. Паўстанцы мала давяралі абяцанням караля, да таго ж, ва ўрадавых распараджэннях гаворка вялася толькі пра афіцэраў, пра салдат там не было ні слова. У колах паўстанцаў баяліся, што простых жаўнераў Прусія проста выдасць на літасць Расіі (у выніку праз некалькі гадоў пасля зняволення і цяжкіх прац прускі ўрад выслаў жаўнераў на караблях у Амерыку і Алжыр).

Прускі ўрад асабіста кожнаму паўстанцу даслаў запыт з пытаннем і патрабаваў рашэння: падпісаць просьбу пра амністыю альбо выправіцца ў эміграцыю. Дамейка піша, што ў гэтай сітуацыі шмат хто аказаўся ў цяжкім становішчы. З аднаго боку стаялі сваякі, якія клікалі паўстанцаў на радзіму і давяралі абяцанай амністыі. З другога — паўстанцаў стрымлівалі калегі, вера ў слушнасць справы, надзея на вайну — некаторыя верылі, што еўрапейскія краіны вось-вось абвесцяць вайну Расіі. Таксама Дамейка задаваўся пытаннем: ці не з’яўляецца ганьбай для афіцэраў кінуць жаўнераў, з якімі яны прайшлі ўсю кампанію?

Нарэшце 1 студзеня 1832 года прускі ўрад пачаў дзейнічаць. Усіх, хто не хацеў падпісваць просьбу аб амністыі, пачалі фурманкамі па 20–30 чалавек выпраўляць падалей ад мяжы — у Франкфурт-на-Одэры, Страсбург… Тым, хто хацеў ехаць за свой кошт, прусы давалі пашпарты ў Францыю і аказвалі невялікую грашовую дапамогу. Сам жа Дамейка выправіўся ў Дрэздэн, дзе сустрэў даўняга свайго сябра Адама Міцкевіча і іншых ранейшых выгнанцаў з радзімы.

У Дрэздэне эмігранты добра абжыліся, Дамейка з прыяцелямі-выгнанцамі там без клопату, бавячы час у вандроўках і знаёмстве са спадчынай Саксоніі, пражылі зіму-вясну 1832 года. Але палітычныя гульні і інтрыгі Расійскай імперыі перашкодзілі побыту ў саксонскай сталіцы. Як адзначае Дамейка, расійскі консул моцна налягаў на саксонскі ўрад. Ён патрабаваў прымусіць паўстанцаў падпісаць просьбу аб амністыі альбо выгнаць іх з краіны. Кароль і міністры не маглі супрацьстаяць патрабаванням Расіі — і напрыканцы чэрвеня саксонская паліцыя пачала непакоіць усіх эмігрантаў, якія не хацелі прасіць амністыі, хоць тыя і не патрабавалі падтрымкі ўрада, бо мелі ўласныя сродкі для асабістага забеспячэння. І вось у першых лічбах ліпеня з Дрэздэна загадалі выехаць 11 эмігрантам, сярод якіх былі Дамейка і Міцкевіч. Так, праз Страсбург, пакручастым і прыгодніцкім шляхам у жніўні 1832 года яны трапілі ў Парыж.

Парыж — сталіца эмігранцкай Рэчы Паспалітай

У 1832 годзе Парыж, радзіма Вялікай Французскай рэвалюцыі, быў галоўным прытулкам для выгнанцаў з падзеленай Рэчы Паспалітай ужо не адно дзесяцігоддзе. Першая справа, якую зрабіў выхаванец Віленскага ўніверсітэта Дамейка, калі трапіў сюды, — агледзеў галоўныя гістарычныя і культурныя славутасці, а ўжо затым — далучыўся да эмігранцкіх колаў. Дзякуючы пратэкцыі старэйшых эмігрантаў ён атрымаў дазвол на побыт, а разам з ім — грашовую дапамогу ў 60–70 франкаў штомесяц.

Эмігранты з былых земляў Рэчы Паспалітай у Парыжы жылі і дзейнічалі яшчэ з часоў падзелаў, але на моцнай хвалі выгнання пасля лістападаўскага паўстання ў французскай сталіцы нават сфарміравалася некалькі арганізацый. Сярод іх — «Гатэль Ламберт» на чале з князем Адамам Чартарыйскім, «Польскае дэмакратычнае таварыства», «Маладая Польшча», якую ўзначальваў прафесар Віленскага ўніверсітэта Іаахім Лялевель, і «Грамады польскага народа» (кіраўнік Станіслаў Ворцель). Галоўная мэта ўсіх эмігранцкіх аб’яднанняў была адна — адраджэнне незалежнай Рэчы Паспалітай, а вось бачанне шляхоў яе дасягнення было ва ўсіх рознае.
На гэтай глебе цягам дзесяцігоддзя паміж супольнасцямі адбываліся вострыя канфлікты, узаемныя знявагі і жорсткая крытыка, выкрыцці і абвінавачванні ў здрадзе… Некаторыя, як адзначае Дамейка, прычынай канфліктаў і непаразуменняў ва ўнутраных эмігранцкіх колах бачылі «маскоўскія грошы, якія ўчынілі падзел і сеялі нянавісць».

Галоўным апекуном і пратэктарам ідэй эміграцыі быў знакаміты французскі палітык і рэвалюцыянер Жыльбер Лафает. Хоць грамадскаму дзеячу было ўжо за семдзясят, аднак ён актыўна прасоўваў ва ўрадзе інтарэсы эміграцыі і акцэнтаваў увагу грамадскасці на праблемах паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, Лафает часта збіраў на сваёй кватэры прадстаўнікоў эміграцыі, даваў прыёмы ў гонар герояў паўстання. Па сутнасці, эмігранты трымаліся і іх было чуваць у грамадскім полі, пакуль быў жывы Лафает. Пасля яго смерці ў 1834 годзе сітуацыя і становішча выгнанцаў кардынальна змянілася. Дамейка адзначае, што дзень смерці Лафаета «быў жалобны дзень для нашых бадзягаў, хавалі апошняга нашага прыяцеля, шчырага нашага абаронцу ў Францыі».

Ужо праз некалькі дзён пасля пахавання Лафаета Дамейка адзначаў, што ўсё горш і горш станавілася эмігрантам. Самі выгнанцы канчаткова расчараваліся ў дапамозе краін Заходняй Еўропы: вайну Расіі ніхто абвяшчаць не збіраўся, істотна скарацілася матэрыяльная дапамога выгнанцам, чыноўнікі ставіліся з большай прахалодай да праблем паўстанцаў… Замоўклі і газеты, тэма паўстання і паўстанцаў іх ужо не цікавіла. Большасць эмігрантаў самастойна працавалі, зараблялі на жыццё. Эмігранцкія ж арганізацыя яшчэ працягвалі ўзаемныя склокі і, як пісаў Дамейка, нібыта апіўшыся, уцягваліся ў розныя секты, клубы, змовы і сакрэтныя інтрыгі. Хоць мэты і мары былі ва ўсіх аднолькавыя: вярнуцца на радзіму.  
   

Эмігранцкі пастскрыптум

Сам Дамейка пасля заканчэння Горнай школы пакінуў Парыж і выехаў у Паўднёвую Амерыку. Так і большасць эмігрантаў заняліся мірнымі справамі, адзінкі працягвалі палітычную барацьбу за межамі сваёй краіны. Праз 50 гадоў Дамейка зноў прыехаў у Парыж і наведаў эмігранцкае кола, якое там яшчэ заставалася. Ён пайшоў на імшу ў касцёл, дзе збіраліся выгнанцы, і ўбачыў там «з пяцьдзясят лысых, ссівелых, сагнутых старых і ўдвая менш жанчын рознага ўзросту. Гэта былі рэшткі нашай эміграцыі, хоць з 1832 года яна яшчэ абнаўлялася ўдзельнікамі іншых паўстанняў».

***
Ігнат Дамейка (1802–1889) — сябар таемнага «Таварыства філаматаў», адзін з самых знакамітых выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта, удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў, навуковец-геолаг. Большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе заслужыў высокую пашану: яго імем названы малая планета і горны хрыбет, мінерал дамейкіт і малюск, гатункі кветак і кактуса, невялікі горад у Чылі і з дзясятак вуліц па ўсім свеце. Пра сваё доўгае жыццё Дамейка пакінуў мемуары.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: