Выехаць нельга застацца

Аднойчы ад аднаго знаёмага я пачуў гісторыю пра дзеда, які жыве дзесьці на Заходняй Украіне і ў якога ёсць аж пяць пашпартоў розных дзяржаў. За сваё жыццё ён паспеў пабываць падданым Аўстра-Венгрыі, Другой Рэчы Паспалітай, Закарпацкай Украіны, СССР і, нарэшце, незалежнай Украіны. Жыў сабе чалавек, а зямля, на якой стаяў яго дом, адыходзіла то да адной, то да другой дзяржавы.

 



Пасведчанне І. Сапоцькі, афіцэра польскай арміі


Падобную гісторыю мелі і шматлікія жыхары заходняй часткі нашай краіны, якія, нарадзіўшыся ў «панскай» Польшчы, у 1939 годзе сталі грамадзянамі Савецкага Саюза. Многія з гэтых людзей пасля заканчэння Другой сусветнай вайны пакінулі свае дамы і выехалі ў «сацыялістычную» Польшчу. Аднак здараліся выпадкі, калі частка сваякоў рэпатрыіравалася ў суседнюю дзяржаву, а другая заставалася «за жалезнай заслонай».

Аб праблеме рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з тэрыторый, далучаных да СССР у верасні 1939 года, савецкае кіраўніцтва пачало задумвацца адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Ужо ў лістападзе 1945 года ў Варшаве была падпісана дамова паміж польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення і ўрадам БССР аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і перасяленні польскіх грамадзян з БССР.

Масква рабіла стаўку на «польскіх патрыётаў» з «камітэту» і дзеля гэтага штучна павышала статус гэтага органа. Да таго ж савецкае кіраўніцтва разумела, што, палякі, якія заставаліся на тэрыторыі заходніх абласцей БССР і УССР, з’яўляліся патэнцыяльнай апорай антысавецкіх атрадаў Арміі Краёвай, байцы якой не маглі пагадзіцца з перасоўваннем усходняй польскай мяжы і працягвалі змагацца за «ІІ Рэч Паспалітую». У выніку першай хвалі рэпатрыяцыі ў 1944–1946 гадах з БССР выехала больш за 200 тысяч былых польскіх грамадзян.

Другая хваля рэпатрыяцыі прайшла ў 1955–1959 гадах і была звязана з «хрушчоўскай адлігай». У маі 1955 года памочнік Хрушчова У. Лебедзеў з МЗС Польшчы атрымаў ліст, у якім, у прыватнасці, адзначалася, што «ў сувязі з ваеннымі і пасляваеннымі цяжкасцямі, значная колькасць асоб, якія адпавядалі крытэрыям, абумоўленым Дагаворам ад 1945 года, не змаглі скарыстацца з магчымасцяў выезду на радзіму, што прывяло да ўзнікнення праблемы падзелу сямей».

15 лістапада 1956 года У. Гамулка і Ю. Цыранкевіч асабіста едуць у Маскву і спрабуюць дамовіцца з савецкімі ўладамі аб дазволе грамадзянам польскага паходжання выехаць на радзіму. Палякаў можна было зразумець. Яны страцілі «крэсы» на ўсходзе, але атрымалі «крэсы» на захадзе. Нямецкае насельніцтва адтуль збегла, і яго трэба было замяняць палякамі з-за Бугу. Савецкі бок пайшоў на сустрэчу польскім таварышам, і ў 1956 годзе з СССР выехала каля 40 тысяч палякаў. А 25 сакавіка 1957 года паміж урадамі Польскай Народнай Рэспублікі і СССР была падпісана новая дамова аб рэпатрыяцыі з тэрыторыі Савецкага Саюза насельніцтва польскай і яўрэйскай нацыянальнасці, якія да 17 верасня 1939 года мелі польскае грамадзянства.

У каментарыі да дадзенага дакумента, у прыватнасці, адзначалася, што «асобы, якія жадаюць рэпатрыіравацца, павінны да 1 кастрычніка 1958 года звярнуцца ў раённыя ці гарадскія аддзелы міліцыі і напісаць адпаведную заяву». Польскую нацыянальнасць можна было пацвердзіць з дапамогай савецкіх пашпартоў, даваенных польскіх дакументаў, метрыкальных запісаў, пасведчанняў, атрыманых у гарадскіх ці сельскіх саветах. Тое ж самае датычылася і пацвярджэння польскага грамадзянства да 17 верасня 1939 года. У выпадку малалетніх пацвярджэннем былі дакументы бацькоў. У Дагаворы таксама падкрэслівалася, што галоўнай умовай рэпатрыяцыі з’яўляецца жаданне асоб да ўз’яднання сямей.

Польскі бок, каб спрасціць справу рэпатрыяцыі, некалькі разоў спрабаваў дамовіцца з Масквой аб адкрыцці ў Мінску Генеральнага консульства ПНР (такое дзейнічала ў Кіеве), аднак савецкі бок на гэты крок не пайшоў. Менавіта таму жыхарам БССР трэба было накіроўваць свае дакументы ў Бюро паўнамоцнага прадстаўніка польскага ўраду па справах рэпатрыяцыі палякаў у Амбасадзе ПНР, якая знаходзілася на вул. А. Талстога, 30 (зараз вул. Спірыдонаўка) у Маскве.

Адной з такіх грамадзянак БССР, што спрабавалі ў 1958 годзе выехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу, была Юзэфа Іванаўна Сапоцька з вёскі Сурынты, Маладзечанскага раёна. Яе брат Іван (Ян) Сапоцька з ліпеня 1943 года служыў у Народным Войску Польскім у 1-й Варшаўскай танкавай брыгадзе імя Герояў Вестэрплятэ ў званні паручніка.

Іван Сапоцька, 1944 г.

Пасля заканчэння баявых дзеянняў Іван вырашае застацца ў Польшчы, і ў снежні 1945 годзе накіроўвае на імя галоўнага ўпаўнаважанага польскага ўраду па справах эвакуацыі польскага насельніцтва ў Баранавічах прашэнне аб дазволе выезду ў Польшчу яго сёстрам Ірыне і Юзэфе. Праз некаторы час дзяўчыны атрымліваюць дазвол на «эвакуацыю» з БССР.

Аб тым, якая няпростая міжнародная сітуацыя была тады, сведчыць Пастанаўленне гарадскога суда ў г. Еленя Гура ад 30 кастрычніка 1946 годзе, якім Івану Сапоцька было дазволена не прадстаўляць у дзяржустанову выпіску з метрыкі, таму што «мястэчка Краснае ў Маладзечанскім павеце, Віленскага ваяводства, дзе Сапоцька быў хрышчоны, зараз знаходзіцца на тэрыторыі Савецкай Расіі (так у дакуменце — І.М.), і паездка туды не магчыма ў сувязі з неакрэсленымі міжнароднымі адносінамі паміж краінамі».

Хутка ў Польшчу прыязджае Ірэна Сапоцька, а… Юзэфа застаецца ў БССР. Чаму так адбылося, зараз сказаць цяжка. Мабыць, хтосьці перашкодзіў старэйшай сястры далучыцца да сям’і. А можа, яна банальна не паспела сабраць патрэбныя дакументы.

Хутка Ірына атрымлівае грамадзянства ўжо сацыялістычнай Польшчы і выходзіць замуж. А Юзэфе Іванаўне давялося чакаць амаль 10 гадоў на чарговую хвалю рэпатрыяцыі. У красавіку 1958 года жанчына накіроўвае «пакет» дакументаў у Амбасаду ПНР. Здзіўляе, што ўжо праз некалькі тыдняў з польскай дыпустановы прыходзіць адказ, які напэўна расчараваў Юзэфу Сапоцька. У лісце, у прыватнасці, адзначалася, што ў адпаведнасці з умовай ад 25 сакавіка 1957 года Юзэфа Сапоцька не мае права на рэпатрыяцыю, бо… з’яўляецца беларускай па нацыянальнасці. Хутчэй за ўсё, у савецкіх дакументах нацыянальнасць жанчыны была запісана як беларуская. Таму супрацоўнікі бюро па рэпатрыяцыі адмовілі Юзэфе Іванаўне ў праве на выезд на жыхарства ў Польшчу. Не дапамаглі нават дакументы з пацвярджэннем таго, што частка сям’і ўжо жыве ў Польшчы. Вось так, па жывому, была падзелена адна з заходнебеларускіх сямей. А такіх сямей былі сотні.

Адказ упаўнаважанага прадстаўніка па рэпатрыяцыі ў Баранавічах на выезд Ірыны і Юзэфы ў Польшчу

Сваістае тлумачэнне такіх паводзін польскага боку мы знаходзім у стэнаграме размовы тагачаснага міністра ўнутраных спраў Польшчы В. Віха з яго савецкім калегам М. Дударавым. Паляк падкрэсліваў, што ў 1958 годзе паток перасяленцаў пачалі змяншаць, таму што польскія ўлады не спраўляліся з наплывам суайчыннікаў з-за ўсходняй мяжы і не маглі іх забяспечыць усім неабходным. У гарадах месца для рэпатрыянтаў не было, бо не хапала жылля і рабочых месцаў. Адзінае месца — гэта вёска, але і там было шмат праблем. Напрыклад, не хапала свабоднай зямлі.

Савецкі бок таксама спрабаваў кантраляваць працэс рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з БССР. У Маскве разумелі, што масавы зыход можа прывесці да апусташэння заходнебеларускіх вёсак, і хто тады будзе падымаць народную гаспадарку?! Да таго ж савецкія ўлады спрабавалі перашкодзіць асобам яўрэйскай нацыянальнасці выкарыстаць ад’езд у Польшчу як шанс пазней эміграваць у Ізраіль.

Усяго, падчас другой хвалі рэпатрыяцыі з БССР у ПНР перасялілася каля 100 630 чалавек. Перасяленцы ў асноўным размяшчаліся на заходніх тэрыторыях Польшчы і былі працаўладкаваныя ў сельскай гаспадарцы. Падчас рэпатрыяцыі 1955–1959 гадоў у ПНР прыехала шмат будучых знакамітасцяў, у тым ліку і ўраджэнец Лідчыны Чэслаў Выджыцкі, больш вядомы як Чэслаў Немен.

А што ж з Юзэфай Сапоцька? У сярэдзіне 1960-х яна звярнулася ў АВІР Маладзечна з просьбай аформіць для яе сястры Ірыны запрашэння для візіту ў БССР. Ці ўбачыліся беларуска Юзэфа і полька Ірына, сёння ўжо ніхто не ведае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: