Выкупіць дом беларускага паэта і стварыць музей

У першай палове ХХ стагоддзя на Гродзеншчыне жыў таленавіты юнак Алесь Мілюць. Ён нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Скорычы Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён). Спачатку скончыў два класы пачатковай школы, а потым свае веды паглыбляў самаадукацыяй.

Алесь быў высокага росту, фізічна моцным юнаком, таму сельскай працы не цураўся, а працаваў на зямлі ад душы шчыра і плённа. Але разам з фізічнай працай напачатку 1930-х гадоў пачаў пісаць вершы. Дасылаў іх у часопісы «Пралескі», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка». Яго творы траплялі і ў агляд паштовай скрынкі «Шляху моладзі»: «Вы пісаць можаце і Вам трэба пісаць, але пісаць тады, калі ёсць натхненне, не змушаючы сябе ў гэтага, ды зварочваючы пільна ўвагу на форму…» («Шлях моладзі», 1935, № 6). І вясковы хлопец пісаў…


Першы верш «Беларусам я радзіўся…» быў надрукаваны ў часопісе «Пралескі» ў першым нумары за 1934 год. Гэты верш надрукавалі і ў часопісе «Шлях моладзі». Верш смелы і шчыры. Ён пачынаўся радкамі прызнання:


Беларусам я радзіўся,

Беларусам буду жыць,

Беларускую зямельку

Буду шчыра я любіць…


Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, юнака запрасілі на працу ў Стаўбцоўскую раённую газету. Гэта была вялікая радасць — працаваць у газеце і пісаць пра сваіх землякоў. Але радасць была нядоўгай, бо пачалася вайна. Спачатку юнак знаходзіўся ў партызанскай зоне, а потым, калі адступалі гітлераўцы, быў мабілізаваны на фронт. А 26 кастрычніка 1944 года ва Усходняй Прусіі Алесь трапіў пад снайперскую кулю і загінуў. Яго пахавалі ў брацкай магіле ў пасёлку Ватуціна Калінінградскай вобласці.

Пры жыцці Алесю Мілюцю не пашчасціла выдаць ніводнага зборніка вершаў. Яго творы друкаваліся ў калектыўных зборніках, а ў 2003 годзе пісьменнік Мікола Бусько сабраў і выдаў у Слонімскай друкарні яго першы зборнік «Паэзія баразны».

У траўні 2017 года ў «Новым Часе» быў апублікаваны мой матэрыял «Пра што можа нагадаць стары здымак?». Гэтым старым здымкам было фота, на якім сфатаграфаваны ўрад Беларускага студэнцкага саюза (БСС) Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў 1932 годзе. Такі Беларускі студэнцкі саюз існаваў у Віленскім універсітэце з 1920 года.

Беларускі студэнцкі саюз праводзіў культурна-асветніцкую дзейнасць, даваў пазыкі і стыпендыі сваім сябрам, якія былі з бедных сем’яў. Пры саюзе існаваў славуты хор Рыгора Шырмы, у якім спявалі пераважна студэнты, і які адзін час называўся Беларускі хор пры Беларускім студэнцкім саюзе. Існавалі там і курсы беларускай мовы, беларусазнаўства, кааперацыі, дзейнічала сталоўка «Беларуская сытніца» і гэтак далей.


На здымку, які быў апублікаваны ў «Новым Часе», злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч. Лёс гэтых людзей склаўся па-рознаму. Пра адных мы ведаем сёння шмат, пра іншых — зусім мала. Фотаздымак быў з прыватнага архіва перакладчыка Алеся Траяноўскага (1925–2005). Менавіта так здымак быў падпісаны. І ўказана, што Марыя Мілюць, якая сядзіць злева ад Эрвіна Кашмідэра, была родам з Наваградскага павета. Гэта родная старэйшая сястра паэта Алеся Мілюця (1908–1944), які загінуў у гады вайны.

Алесь Мілюць


Аказалася, што гэта не так. На здымку — далёка не родная сястра Алеся Мілюця, а Марыя Мілючанка. Тая Мілючанка (Мілюк), якая публікавала вялікія артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры. У прыватнасці, у часопісе «Шлях моладзі» быў змешчаны яе матэрыял «Грамадская і літаратурная дзейнасць Цёткі» (1936, № 13) і іншыя. Таму гэту таямніцу дапамагла разгадаць прапраўнучка Алеся Мілюця Юлія Аніскевіч.

Прозвішча Мілюць у вёсцы Скорычы было вельмі распаўсюджаным. А ў сям’і паэта Алеся Мілюця было шасцёра дзяцей, але адукацыю два класы меў толькі Алесь. З усіх жыхароў даваенных Скорычаў толькі адзін чалавек вучыўся ў Віленскім універсітэце. Гэта Пётр Хмель. Родная сястра Алеся Мілюця Марыя адукацыі не мела.

Пра лёс Мілюцяў удалося пагутарыць з Юліяй Аніскевіч. Яна адказала на некалькі пытанняў, у прыватнасці і пра родную сястру Алеся Мілюця Марыю.

Марыя Мілюць — родная сястра Алеся Мілюця. Фота друкуецца ўпершыню


— Шмат гадоў мы не мелі ніякай інфармацыі пра жыццё Марыі Мілюць, бо з-за цяжкага характару яна не вельмі любіла родных, акрамя Алеся і другога роднага брата Івана. У Марыі не было нашчадкаў, усё жыццё яна была адна і нават не пакінула пра сабе аніякай памяці. Верагодна, усе яе рэчы знаходзяцца ў нашчадкаў яе старэйшай сястры, але яны не выходзяць на кантакт. Таму давялося правесці самой даследаванне. Яшчэ са школьных гадоў я збірала інфармацыю пра гісторыю сваёй сям’і, і, канешне, большая частка майго даследавання была прысвечана асобе Алеся Мілюця. Усё гэта дзякуючы маёй бабулі — пляменніцы Алеся. Менавіта ад яе я пачула многа цікавага пра ўсю іх сям’ю, бабуля таксама перадала нам адзін з калектыўных зборнікаў вершаў «Крывёю сэрца», дзе было некалькі вершаў Алеся. Зараз матэрыялы для напісання радавога дрэва збірае мая матуля і, шчыра кажучы, прыходзіцца па маленькіх крупічках складаць гісторыю жыцця сваіх продкаў.

— Які лёс хаты ў Скорычах Карэліцкага раёна, дзе жылі Мілюці?

— Мы сёння сур’ёзна заняліся домам і хочам яго аднавіць. Пасля смерці малодшага брата Івана сельсавет забараніў маім бабулі з дзядулем штосьці рабіць з домам і паабяцаў арганізаваць там музей. На жаль, гэтага да сёння не адбылося. На доме знаходзіцца толькі шыльда з прозвішчам Алеся Мілюця і гады яго жыцця. Нядаўна мы наведалі Скорычы і ўбачылі дом у вельмі дрэнным стане. За ім ніхто з мясцовых чыноўнікаў не глядзіць. Таму найперш мы вырашылі набыць дом, самі адновім яго і адкрыем музей Алеся Мілюця.


— Зборнік вершаў «Паэзія баразны» рыхтаваў Мікола Бусько з Баранавіч. Я з ім пагутарыў пра дом Мілюцяў у Скорычах. Спадар Мікола сказаў, што ён нядаўна быў там, размаўляў са старшынёй сельсавета і ў Карэліцкім райвыканкаме, прасіў не даць знішчыць дом Мілюцяў. Нібыта яму гэта паабяцалі.

— Я вельмі спадзяюся, што спадар Бусько дапаможа нам у перамовах з сельсаветам. Мы актыўна супрацоўнічаем з сельсаветам, каб выкупіць дом і аднавіць яго. Мы ўжо амаль знайшлі экспертаў, каб яны ацанілі стан фундаменту і самой хаты ўвогуле. Дом зараз зачынены, два тыдні таму мы павесілі замок і спілавалі старыя дрэвы. Я буду выступаць у якасці фундатара ўсіх работ па ўпарадкаванні і закупках. Гэта сямейная спадчына, і дом павінен належаць сям’і. Наша бачанне вынікаў рэканструкцыі — жылы дом з функцыяй музея імя Алеся Мілюця…


Да сказана вышэй хочацца дадаць, што ў вершах заходнебеларускага паэта Алеся Мілюця заўсёды гучалі матывы любові да Бацькаўшчыны, да беларускага народа, «патомка слаўных крывічоў». Паэт да смерці верыў у адраджэнне свайго народа:


І новым шчаслівым свабодным жыццём

Прабудзяцца родныя гоні…

Эх, братка, свабодна і мы зажывём

Пад сцягам Крывіцкай Пагоні!


Гэтыя радкі Алесь Мілюць напісаў 7 сакавіка 1935 года ў Скорычах.

Алесь Мілюць. Фота друкуецца ўпершыню.


Юлія Аніскевіч даслала і некалькі здымкаў. Два з іх даволі рэдкія і сёння публікуюцца ўпершыню. Гэта здымак Алеся Мілюця і яго роднай сястры Марыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!