«З нас ніхто не выжыве. Мы хочам уратаваць гонар народа»

Паўстанне ў Варшаўскім гета было адным з найбольш моцных узброеных выступаў грамадзян супраць нацыстаў. Даведзеныя да адчаю людзі замест таго, каб паслухмяна ісці на бойню, выбралі загінуць як салдаты са зброяй у руках.
 

78 гадоў таму, 19 красавіка 1943 года, пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета.

Яўрэйскі раён

Да пачатку Другой сусветнай вайны яўрэйскае насельніцтва Варшавы складала, паводле розных падлікаў, каля 400 тысяч чалавек, прычым большая частка, каля 300 тысяч, жылі ў так званым яўрэйскім квартале. У тым жа раёне Варшавы жылі і каля 80 тысяч палякаў. Прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі жылі ў іншых раёнах польскай сталіцы. Неўзабаве пасля акупацыі Польшчы па загадзе губернатара Ханса Франка палякі, якія пражывалі на тэрыторыі будучага гета, былі адселеныя, а іх месца занялі яўрэі з іншых раёнаў Варшавы.

У студзені 1940 года пачалося будаўніцтва муроў, якія аддзялялі гета ад горада. Мяжа яўрэйскага квартала праходзіла па вуліцах Велькай, Багно, Плац Гжыбоўскі, Зімна, Плац Банковы, Огруд Красіньскіх, Конвікторска, Стаўкі і г. д. Больш за 400 тысяч чалавек аказаліся адрэзанымі ад знешняга свету. Тэрыторыя гета была падзеленая на тры часткі: першая — рамесная, у другой знаходзілася вялікая фабрыка, што вырабляла шчоткі і пэндзлі, а ў трэцяй знаходзіліся прамысловыя прадпрыемствы і адміністрацыя.

У гета быў створаны «Юдэнрат» (Яўрэйскі савет), які складаўся з 24 сябраў, прызначаных нацысцкімі ўладамі з ліку багатых і вядомых варшаўскіх яўрэяў. Сядзіба гэтай арганізацыі знаходзілася на вуліцы Гжыбоўскай 26/28, там, дзе да вайны была Управа яўрэйскай гміны. У функцыі «Юдэнрата» ўваходзіла камплектаванне «працоўных батальёнаў» і арганізацыя адпраўкі яўрэяў у Трэблінку — бліжэйшы да Варшавы лагер масавага знішчэння. Была яшчэ адна рэч, якую сябры «Юдэнрата» рабілі ўжо выключна па ўласнай ініцыятыве: гета літаральна кішэла правакатарамі, ад якіх гестапа атрымлівала інфармацыю аб узнікненні падпольных арганізацый, закупцы зброі і месцах яе захоўвання, аб таемных месцах выхаду з гета ў горад.

                                     Варшаўскае гета

                                     Варшаўскае гета


Германская ваенная прамысловасць, што набірала ўсё большы размах, вельмі хутка адчула недахоп у кваліфікаванай рабочай сіле. У той жа час, згодна з рапартамі гестапа, «40 працэнтаў з паўмільёна яўрэяў, што знаходзіліся ў гета, — былі рамеснікамі высокай кваліфікацыі». Гаворка ішла пра краўцоў, цесляроў і г. д. Немцы выкарыстоўвалі гэтую бясплатную працоўную сілу.

Гета было перанаселенае. На адзін квадратны кіламетр прыходзілася каля 150 тысяч жыхароў. З пачатку існавання гета і да лета 1942 года ад голаду і хвароб там памерлі каля 100 тысяч чалавек. У кастрычніку 1941 года Ханс Франк выдаў загад расстрэльваць на месцы кожнага яўрэя, які трапіць у рукі нямецкіх улад па-за межамі гета. А таксама кожнага паляка, які будзе ратаваць ці хаваць яўрэя.

                    Аб’ява акупацыйных улад для жыхароў гета

                    Аб’ява акупацыйных улад для жыхароў гета


Неўзабаве рэйхсфюрэр Гімлер аддаў загад «ачысціць Варшаўскае гета». Першая дэпартацыя ў Трэблінку адбылася ў ліпені 1942 года. Каб падмануць яўрэяў, нацысты развешвалі на тэрыторыі гета ўлёткі, у якіх інфармавалі, што вываз людзей ажыццяўляецца дзеля таго, каб палепшыць іх жыллёвы стан. Спачатку вывозілі старых і дзяцей, а потым узяліся і за іншых. Да сакавіка 1943 года ў гета засталося каля 55 тысяч чалавек.

Падрыхтоўка да паўстання

Жыхары гета хутка зразумелі, што нацысты адпраўляюць яўрэйскае насельніцтва на смерць, таму сярод прадстаўнікоў розных падпольных арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі гета, стаў выспяваць план узброенага выступу супраць нацыстаў. Большасць сучасных еўрапейскіх гісторыкаў падкрэслівае, што, у адрозненне ад палякаў, якія ўзнялі ў 1944 годзе Варшаўскае паўстанне і якія пры акрэсленых абставінах мелі шансы на перамогу, яўрэйскае ўзброенае выступленне было асуджана на правал. Аднак сэнс паўстання ў гета заключаўся ў дэманстрацыі мужнасці людзей, якія кінулі выклік смерці.

Дарэчы, спробы ўзброенага выступу супраць нацыстаў рыхтаваліся і ў гета, размешчаных на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Напрыклад, лідары моладзевых сіянісцкіх падпольных арганізацый Віленскага гета ў 1942 годзе звярнуліся да яўрэяў з заклікам, у якім былі словы: «Гітлер плануе знішчыць усіх еўрапейскіх яўрэяў. Мы не быдла, якое вядуць на бойню. Трэба змагацца. Лепей загінуць у баі». Тое ж самае адбывалася і ў Беластоцкім гета. І калі ў Вільні ўзброенага выступу так і не адбылося, то ў Беластоку ў лютым 1943 года яўрэі ажыццявілі напад на аддзелы СС. Некаторым паўстанцам удалося прабіцца ў лясы і далучыцца да польскіх партызан. Узброеныя выступленні яўрэяў адбываліся таксама ў гета ў Брэсце, Браславе, Нясвіжы і Кобрыне.

                     Яўрэйская паліцыя ў гета

                     Яўрэйская паліцыя ў гета

Што ж тычыцца Варшаўскага гета, то галоўную ролю ў падрыхтоўцы паўстання там адыграў «Яўрэйскі вайсковы саюз» (ЯВС). Варта падкрэсліць, што рыхтаваліся да паўстання і пракамуністычныя падпольныя групы, але ў 1942 годзе большасць з іх былі ліквідаваныя гестапа. У сваю чаргу, ЯВС перад пачаткам паўстання ў красавіку 1943 года меў на тэрыторыі гета каля пяцісот падрыхтаваных і ўзброеных байцоў. Армія Краёва накіравала ў гета 4 ручныя кулямёты, 15 аўтаматаў, 50 пісталетаў, 300 гранат. Акрамя гэтага, жыхары гета куплялі зброю ў варшавян. На тэрыторыі гета дзейнічала і іншая падпольная структура — «Яўрэйская баявая арганізацыя» (ЯБА), у складзе якой было таксама каля 500 сяброў. ЯВС перадало ЯБА частку зброі і амуніцыі. Тэрыторыя гета была падзеленая на дзве баявыя акругі.

Бой за гонар народа

19 красавіка 1943 года нямецкія часткі пры падтрымцы бронетэхнікі, а таксама дапаможных украінскіх і латышскіх падраздзяленняў накіраваліся ў Варшаўскае гета. На гэты дзень была прызначана канчатковая ліквідацыя гета і вываз яго насельніцтва ў лагеры смерці. Але як толькі першыя часткі СС увайшлі на тэрыторыю яўрэйскага раёна, на іх пасыпаўся град куль. Вось як тыя падзеі апісваў брыгадэфюрэр СС Юрген Штроп: «З усіх вокнаў і падвалаў стралялі так моцна, што цяжка было падняць галаву, каб заўважыць, адкуль вядзецца стральба. Узарваўся бранявік. Гранаты і бутэлькі з запальнай сумессю затрымлівалі рух. У некаторых месцах мы былі вымушаны ўжываць зянітную гармату. […] Сярод паўстанцаў былі не толькі мужчыны, але і жанчыны».
                               Афіцеры СС у гета

                               Афіцеры СС у гета


Хутка на адным з дамоў на вуліцы Мураноўскай былі вывешаныя бела-блакітны і бела-чырвоны сцягі. Яўрэйскіх паўстанцаў падтрымалі байцы Арміі Краёвай пад камандаваннем маёра Хенрыка Іваньскага. Але што маглі зрабіць слаба ўзброеныя жыхары гета супраць рэгулярнага войска...

                         Калабарацыяністы забіваюць яўрэяў у Варшаўскім гета

                         Калабарацыяністы забіваюць яўрэяў у Варшаўскім гета


8 мая 1943 года немцы захапілі штаб-кватэру ЯБА. У ноч з 13 на 14 мая ў небе над Варшавай паказаліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, якія скінулі бомбы на казармы войск СС. Падчас бамбардзіроўкі частка паўстанцаў прарвалася з гета. 16 мая нацысты афіцыйна абвясцілі аб заканчэнні акцыі па знішчэнні Варшаўскага гета. Аднак малыя атрады паўстанцаў змагаліся ў развалінах да ліпеня. Усяго ў баявых дзеяннях загінулі каля тысячы абаронцаў гета. Яшчэ 5 тысяч згарэлі ў агні. Немцы, паводле розных падлікаў, страцілі некалькі дзясяткаў забітымі і параненымі.

                                 Паўстанец у руінах

                                 Паўстанец у руінах


Адзін з удзельнікаў паўстання Арыя Вільнэр пісаў: «Мы не збіраемся ратаваць сябе. З нас ніхто не выжыве. Мы хочам уратаваць гонар народа». Да гэтага цяжка нешта дадаць. Памяць пра тыя падзеі павінна жыць у стагоддзях.

                     Дом у Варшаве на тэрыторыі гета

                     Дом у Варшаве на тэрыторыі гета


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: