Забытая рэвалюцыя. Як гамельчукі і гродзенцы дапамагалі цара зрынуць

Улетку 1905 года, 115 гадоў таму, мяцежныя матросы захапілі карабель імператарскага флоту «Пацёмкін-Таўрычаскі».

Фота www. ytimg.com

Больш цар не патрэбны!

У свой час паўстанне на браняносцы «Пацёмкін» было культавай падзеяй. Адзін фільм Сяргея Эйзенштэйна, зняты ў 1925 годзе, чаго варты: кінастужка пра мяцежны браняносец шэсць разоў прызнавалася адным з найлепшых фільмаў усіх часоў і народаў.

Але цяпер гэты юбілей прайшоў незаўважана. А дарма. На самай справе, падзеі пачатку мінулага стагоддзя павінны быць расчышчаныя ад міфаў — як старых, так і новых. Сярод найноўшай міфалогіі — «Расія, якую мы страцілі». Кансерватыўная прапаганда Расіі імкнецца адлюстраваць Расійскую імперыю як нейкі патрыярхальны рай, дзе юнкеры і іншая «эліта» бавілі час на балях, у той час як шчаслівыя лёкаі хрусцелі французскай булкай. Рэальнасць «турмы народаў» была вельмі далёкая ад лубачных малюнкаў…

1905 год пачаўся з крывавых падзей на Палацавай плошчы Пецярбурга. Царскія войскі стралялі ў мірную дэманстрацыю з абразамі, дазволеную пецярбургскім гарадскім кіраўніком Іванам Фулонам. Тысячы забітых і параненых пакрылі вуліцы сталіцы Расійскай імперыі. У адказ па ўсёй краіне пачалася рэвалюцыя.

Паэтка і беларуская нацыянальная дзяячка Алаіза Пашкевіч (Цётка) адгукнулася на гэтыя падзеі вершамі «Хрэст на свабоду»:

Чую яшчэ голас з неба,

Што цара павесіць трэба!

З той пары Масква, Варшава,

Рыга, Вільня, Бак, Лібава,

Беларусь, Літва, Расея

Гоняць вон цара-зладзея!

Народ чуе голас з неба,

Што больш цара не патрэба!


Па ўсёй краіне прайшлі забастоўкі і дэманстрацыі. Але ўсе яны былі разагнаныя войскамі і паліцыяй. У Гомелі была свая «Крывавая нядзеля»: у студзені 1905 года паліцыя і салдаты разагналі мітынг у Кагальным рове. Пры гэтым гарадавы застрэліў маладую работніцу, а 16-гадовага падлетка, які спрабаваў уцячы, салдат штыком прыбіў да плота.

Армія і флот усё яшчэ заставаліся апорай абсалютнай улады цара Мікалая ІІ. І вось 14 чэрвеня 1905 года адбылася раней нябачаная падзея — паўстала каманда аднаго з найбуйнейшых караблёў царскага флоту «Князь Пацёмкін-Таўрычаскі».

Флот лічыўся элітным відам Узброеных Сіл. Марскімі афіцэрамі часцяком станавіліся прадстаўнікі радавітай арыстакратыі. Напрыклад, «остзейскія» немцы, то-бок выхадцы з нямецкага дваранства Балтыі. Зразумела, што настроеныя яны былі далёка не дэмакратычна. Служба матросаў была вельмі цяжкай, стаўленне марскіх афіцэраў да ніжніх чыноў — адно з самых жорсткіх. Мардабой і іншыя катаванні былі звычайнай з’явай. Са з’яўленнем жа ў Расіі паравога флоту сюды сталі набіраць у большай колькасці рабочых. Аднак тыя былі знаёмыя ўжо не толькі з граматай і тэхнікай, але і з рэвалюцыйнымі ідэямі, і практыкай забастовачнай барацьбы.

І вось паўсталі матросы аднаго з самых новых і сучасных караблёў імперскага флоту.

Potjomkin_shkolazhizni.ru


Пасажыр пад паліцай

Якім бокам Беларусь была да падзей, што адбываліся на Чорным моры? Бурлівае, нібы марская стыхія, развіццё капіталізму і чыгунак значна скараціла адлегласці ўнутры Расійскай імперыі. Гомельскі павет і многія іншыя рэгіёны былі малаўраджайнымі, з перыядычнасцю раз на некалькі гадоў тут здараліся галадаванні. І вялікая колькасць беларускіх гастарбайтараў штогод адпраўляліся на заробкі ў хлебную Украіну. Дзяўчаты працавалі ў панскіх маёнтках, а арцелі гомельскіх будаўнічых рабочых дабіраліся да Адэсы і Екацярынаслава.

Адным з першых настаўнікаў марксізму для Льва Троцкага, будучага «правадыра сусветнай рэвалюцыі», быў рабочы-друкар Палякоў. У канцы XIX стагоддзя Палякоў арганізаваў першыя працоўныя гурткі ў Гомелі. Істотнымі перашкодамі для гэтага былі не толькі паліцэйскі вышук, але і патрыярхальныя норавы як іудзейскай, так і хрысціянскіх канфесій, што квітнелі ў Гомелі. Калі — нябачаная справа! — маладыя дзяўчаты сталі хадзіць займацца на кватэру да радыкала-рабочага, гэта літаральна ўзрушыла тагачаснае грамадства. Урэшце марксіст Палякоў пераехаў у Адэсу, у гімназіі якой і вучыўся малады Троцкі-Бранштэйн. Да гэтага сын адзінага ва ўсёй Расійскай імперыі габрэя-памешчыка больш схіляўся да нарадавольніцкіх ідэяў. Палякова як аднаго са сваіх настаўнікаў-марксістаў Троцкі згадвае ў кнізе «Маё жыццё».

Але больш, чым для сацыял-дэмакратаў, сапраўднай «Меккай», Адэса стала для анархістаў. Як вядома, першая анархісцкая групоўка ў Расійскай імперыі з’явілася ў Беластоку Гродзенскай губерні ў канцы 1902 — пачатку 1903 года. Аднак паралельна з гэтым у Адэсе існавала напаўанархісцкая групоўка «Саюз непрымірымых». Улетку 1904 года для ўстанаўлення сувязі да адэсітаў выехаў анархіст Блехер («Берэк»,«Гарадавойчык»). У сваё падарожжа ён выправіўся практычна без грошай, бо з фінансамі ў беластоцкай групоўкі анархістаў-камуністаў было цяжка. У адрозненне ад сацыял-дэмакратаў або эсэраў, прыхільнікаў безуладдзя ніхто не фінансаваў, а эпоха экспрапрыяцый была наперадзе. Квіток 3-га класа Беласток–Адэса каштаваў тады 8 рублёў 60 капеек, альбо ледзь не сярэдні месячны заробак рабочага. Аднак Берэк быў знаходлівым хлопцам — ён забраўся пад вагонную паліцу, і такім чынам ехаў да канчатковага пункта. У Адэсе ён блукаў некалькі дзён без начлегу і ежы, пакуль выпадкова не сустрэў знаёмага беластачаніна, які быў у групоўцы «непрымірымых».

На зваротную дарогу шчодрыя адэсіты ўручылі Берэку трохі грошай. А самае галоўнае — анархісцкую літаратуру, на якую на Гродзеншчыне тады быў вялікі попыт.

З гэтага моманту Беласток і Гродна — на поўначы, Адэса і Екацярынаслаў — на поўдні, становяцца найбуйнейшымі цэнтрамі анархісцкага руху ў імперыі. У Беласток з Адэсы прыбываюць Уладзімір Лапідус («Стрыга») і Іуда Гросман-Рошчын, якія заснавалі новыя радыкальныя плыні ў анархізме — «безматыўнікаў» і «чорнасцягаўцаў», якія даволі хутка пацяснілі больш сентыментальнае вучэнне Крапоткіна. З Беластоку і Гродна ў Адэсу і Екацярынслаў пачынаюць цэлымі партыямі выязджаць баевікі і экспрапрыятары.


«Няхай жыве народапраўства!»

Падзеі ў самой Адэсе набывалі ўсё больш гарачы характар. Вясной 1905 года тут пачалася ўсеагульная стачка. Страйкамам кіравалі сацыял-дэмакраты з РСДРП і «Бунда». У адзін з мясцовых сацыял-дэмакратычных камітэтаў уваходзіў гамяльчук Нохім Уфрыхцыг. Гомельскі анархіст Барыс Пазік у складзе збройнага атрада змагаўся з пагромшчыкамі.

У чэрвені стачкі працягнуліся. Рабочыя завода Гена спрабавалі дзейнічаць у межах легальнасці, і запыталі ў кіраўніка горада дазволу правесці сход для абмеркавання сваіх праблем. Улады адмовіліся санкцыянаваць «масавае мерапрыемства», а тых, хто рызыкнуў сабрацца, сталі арыштоўваць. Па рабочых, якія пратэставалі, быў адкрыты агонь, два чалавекі былі забітыя. Тут і падышоў да Адэсы паўстанец-браняносец «Пацёмкін».

Гісторыя матроскага паўстання дастаткова добра вядомая. Рэвалюцыйнае браджэнне тут ішло даўно, хаця выразна аформленых партыйных сімпатый сярод каманды не было. Пасля бальшавікі спрабавалі запісаць паўстанне на свой рахунак, меншавікі — на свой. Але Афанасій Мацюшэнка, які стаў на чале паўстання, быў беспартыйным і прытрымліваўся хутчэй анарха-эсэраўскіх поглядаў. Такім жа стыхійным бунтарствам вызначалася і большасць актыўных удзельнікаў выступлення.

Афанасій Мацюшэнка ў цэнтры

Падставай для паўстання паслужыла спроба накарміць матросаў пратухлым мясам. Яго закупіў у Адэсе суднавы рэвізор мічман Макараў, прычым зрабіў гэта ў краме свайго знаёмага купца Капылава. Ужо пры закупцы па мясе поўзалі чарвякі — самадзяржаўная Расія была наскрозь прасякнутая карупцыяй, і сістэма «схемаў» і «адкатаў» там працавала таксама.

Пасля таго, як каманда адмовілася есці боршч з гнілога мяса, камандзір карабля Голікаў прыгразіў бунтаўнікам, што павесіць іх «на наке». І большасць каманды ўжо перайшла да вежы 12-цалёвай пушкі, дзе па загадзе камандавання выстройваліся тыя, хто пагадзіўся есці пратухлую ежу. Але тады старшы афіцэр Гіляроўскі, баючыся, што няма каго будзе пакараць за бунт, загадаў накрыць матросаў брызентам. На флоце так звычайна рабілі з прызначанымі да расстрэлу. Жаданне заступіцца за таварышаў, якіх каралі несправядліва, і выклікала паўстанне.

Камандзір браняносца Голікаў паспрабаваў падарваць карабель разам з матросамі, але гэта не ўдалося. Голікаў, старшы афіцэр Гіляроўскі, які смяротна параніў аднаго з лідараў паўстання Вакуленчука, яшчэ чатыры найбольш адыёзныя афіцэры і карабельны лекар былі забітыя. Астатнім афіцэрам жыццё было захаванае.

Над браняносцам былі паднятыя лозунг Вялікай Французскай рэвалюцыі «Свабода, роўнасць, братэрства» і «Няхай жыве народапраўства!».

Пасля прыходу ў Адэсу цела забітага Вакуленчука было звезена на бераг і выстаўленае як абвінавачванне рэжыму.

Пажар у порце Адэсы

Мікалай II прызнаваў, што яму проста не верылася ў рэальнасць таго, што адбываецца ў Адэсе. Імгненна была абвешчаная інфармацыйная блакада — у цэнзурны камітэт была накіраваная забарона ўзгадваць у прэсе аб паўстанні. Прыватныя лісты і тэлеграмы, якія распавядалі пра гэта, не прапускаліся. Але, нягледзячы на адсутнасць інтэрнэту і тэлеграм-каналаў, навіна пра падзеі хутка распаўсюдзілася па імперыі і за мяжой.

У самой Адэсе падзеі развіваліся супярэчліва. Рэвалюцыйна настроеныя рабочыя будавалі барыкады і ўступалі ў сутычкі з паліцыяй і войскамі. Адначасова цёмныя элементы ўчынілі ў порце пагром і пажар, падчас якога агнём, пагромшчыкамі і салдатамі было забіта і паранена да паўтары тысячы чалавек.

Праз некаторы час да паўстаўшых далучыўся браняносец «Георгій Пераможца» і навучальнае судна «Прут». Царскі двор і чыноўнікаў прычарнаморскіх губерняў ахапіла паніка. Матроскае паўстанне пахіснула асновы Расійскай імперыі да самага грунту. Паўтары тысячы нядобранадзейных матросаў Чарнаморскага флоту былі арыштаваныя. На некаторыя караблі былі ўведзеныя ўзброеныя вайсковыя падраздзяленні ў якасці своеасаблівага канвою.

З вялікай цяжкасцю ўдалося падавіць паўстанне. Браняносец «Пацёмкін» сышоў да Канстанца і здаўся румынскім уладам. Але па прэстыжы самадзяржаўя, якое ганарылася сваёй арміяй і флотам, быў нанесены такі ўдар, ад якога яно ўжо ніколі не змагло акрыяць.

Паўстаўшыя матросы ў румынскім порце

Хвалі першай рэвалюцыі змяняліся адлівамі жорсткай рэакцыі. Дзясяткі матросаў былі пакараныя смерцю, сотні — адпраўленыя на катаргу. Смяротныя прысуды пацёмкінцам і ўдзельнікам паўстання, якое неўзабаве ўзнікла на крэйсеры «Ачакаў» пад кіраўніцтвам лейтэнанта Паўла Шмідта, зацвярджаў камандуючы Чарнаморскім флотам адмірал Павел Чухнін.

Партыя эсэраў вынесла адміралу прысуд, а выканаць яго павінна была Кацярына Ізмайловіч, таксама дачка генерал-лейтэнанта, камандзіра раскватараванага ў Беларусі армейскага корпуса. У Севастопаль яна выехала з Мінска. 27 студзеня 1906 года Кацярына Ізмайловіч з’явілася на прыём да Чухніна пад выглядам наведвальніцы і страляла ў яго з браўнінга. Адмірал схаваўся пад стол і ацалеў, праўда, быў некалькі разоў паранены. Ізмайловіч забілі на месцы. Паводле адной з версій — расстралялі прама ў двары па загадзе адмірала. Па іншай — дзяўчыну забілі насмерць прыкладамі, ператварыўшы яе ў мех з косткамі. 28 чэрвеня 1906 года ў выніку паўторнага замаху адмірал Чухнін быў забіты эсэраўскім баевіком.


«Пацёмкін» пад жоўта-блакітным сцягам

Сёння даюцца новыя інтэрпрэтацыі паўстання на «Пацёмкіне». Кажацца, што прызначаны паўстанцамі камандзірам карабля мічман Аляксандр Каваленка быў чальцом Рэвалюцыйнай украінскай партыі (РУП). Вакулянчук звярнуўся з мяцежным заклікам да матросаў на ўкраінскай мове, а Мацюшэнка яшчэ да службы наведваў украінскія гурткі ў Харкаве. А само паўстанне было пралогам украінскай рэвалюцыі 1917–1918 года.

Нацыянальна-вызваленчы складнік, безумоўна, быў моцным і ў тым паўстанні, як і ва ўсім рэвалюцыйным руху супраць самадзяржаўя. Але Афанасій Мацюшэнка ў эміграцыі адмовіўся ўступаць у якія-небудзь партыі — ад бальшавікоў да РУП. Ён далучыўся да анархістаў, вярнуўся ў Расію для працягу барацьбы і быў пакараны. А вось Аляксандр Каваленка сапраўды зблізіўся з украінскай эміграцыяй. Паводле некаторых крыніц, пасля рэвалюцыі ён быў адным з арганізатараў марскога міністэрства Украінскай Народнай Рэспублікі. А першым украінскі сцяг 29 красавіка 1918 года падняў былы мяцежны браняносец «Георгій Пераможца», які стаў флагманам украінскага флоту. Гэты дзень пасля стаў днём ВМФ Украіны. Былы «Пацёмкін» («Св. Панцеляймон») таксама ўвайшоў у склад ваенна-марскога флоту УНР пад назвай «Змагар за свабоду». «Пацёмкін» уваходзіў у 2-ю брыгаду лінейных караблёў. 75 працэнтаў асабовага складу Чарнаморскага флоту на той момант былі этнічнымі ўкраінцамі. Зрэшты, погляды левых эсэраў, бальшавікоў і анархістаў пераважалі сярод маракоў.

Таксама адзначаецца, што большасць чальцоў каманды «Пацёмкіна» падчас паўстання былі выхадцамі з украінскіх губерняў. Паводле некаторых даных, служылі на рэвалюцыйным браняносцы і беларусы, у прыватнасці — ураджэнцы беларускага Падняпроўя.

«Панцеляймон»

У Адэсу па этапе

Цікава, што былы ўдзельнік рэвалюцыі 1905 года ў Адэсе Нохім Уфрыхтыг у 1919 годзе ўваходзіў у склад дырэкторыі Украінскай Народнай Рэспублікі, але толькі... у Гомелі. У 1920-я гады ён як дэмакратычны сацыяліст знаходзіўся ў апазіцыі да партыі бальшавікоў. Як рабочы-друкар, Уфрыхтыг быў уганараваны званнем «Герой працы». Але ні гэта, ні інваліднасць II ступені, атрыманая ім ад пастаяннай працы ў друкарні, не выратавалі яго ад рэпрэсій. У 1920 годзе Уфрыхтыг быў арыштаваны і правёў у турме каля года. Перад следчымі ЧК стары рэвалюцыянер трымаўся цвёрда. У яго архіўна-следчай справе сказана: «На допытах са знаёмых бундаўцаў называе толькі сасланых, пра астатніх кажа: «Назваць іншых знаёмых мне бундаўцаў не дазваляе маё пралетарскае сумленне»».

У 1922 годзе была здзейснена чарговая спроба яго арышта­ваць. Але Уфрыхтыг быў прыкаваны да ложка, і таму пакінуты пад падпіску аб нявыездзе. Але затым ветэран працы і рэвалюцыі самавольна пакінуў Гомель і атрымаў ад лячэбнай камісіі ў Маскве пуцёўку ў санаторый у Пяцігорску. Гомельскае ГПУ даведалася пра яго знаходжанне, перахапіўшы яго лісты знаёмым. У пачатку 1923 года Церская ЧК арыштавала Уфрыхтыга. Расследаванне ўстанавіла: «У санаторыі не спыняў антысавецкую дзейнасць».

Рухаючыся па этапе, Уфрыхтыг трапіў у Бутырках у турэмны шпіталь. Лекары прызналі ў яго «хранічнае атручванне арганізма свінцом». Але чарада ссылак — адна за адной на працягу ўсіх 20 гадоў. У 1926 годзе ён папрасіў дазволу вярнуцца ў Гомель да сястры, пасля чаго сляды старога сацыял-дэмакрата губляюцца ў нетрах карнай машыны.

Рабочы Барыс Пазік, што ў 1905 годзе змагаўся на барыкадах Адэсы, таксама быў уганараваны ў Гомелі званнем «Герой працы», а як былы анархіст трапіў у распрацоўку Гомельскага ГПУ. Яшчэ адзін удзельнік адэскага паўстання, меншавік Целяшэўскі ў 1923 годзе таксама быў арыштаваны, і першапачаткова прысуджаны да двух гадоў высылкі ў Чалябінскую губерню. Але неўзабаве суровы ўральскі край быў заменены яму высылкай з Гомеля — у Адэсу. Як сказана ў дакуменце, «каб не даць падставу сказаць, што ГПУ фізічна забівае чальцоў РСДРП».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: