Забытыя ахвяры партызанскай вайны

Як у савецкія часы, так і сёння, у Беларусі назіраецца адмоўнае стаўленне да тых, хто падчас нацысцкай акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з немцамі. І гэта зразумела. Мясцовыя памагатыя нацыстаў часам былі горшыя за акупантаў у сваёй нянавісці да мясцовага насельніцтва.

Савецкія партызаны

Праўда, і сярод гэтай катэгорыі былі простыя людзі, якія выпадкова трапілі на службу ў розныя акупацыйныя структуры, не ўдзельнічалі ў карных акцыях, аднак станавіліся ахвярамі жорсткай вайны, якую нацысцкі рэйх вёў супраць Савецкага Саюза.

Асобная, малавывучаная, і, на жаль, табуяваная старонка беларускай вайсковай гісторыі — гэта злачынствы савецкіх партызан падчас Другой сусветнай вайны.


Хлопцы з Ракава

Значная колькасць насельніцтва Беларусі, што засталася пад акупацыяй, вымушаная была зрабіць цяжкі выбар. Або падтрымаць нацыстаў, або стаць на бок савецкіх партызан. Быў яшчэ і трэці шлях: ціха жыць (хутчэй, існаваць) паміж молатам і кавадлам — і прыстасоўвацца. У падобнай сітуацыі былі і жыхары Ракава. Як вядома, да пачатку Другой сусветнай вайны гэта было дастаткова багатае мястэчка. Мяжа з БССР праходзіла амаль за Ракавам, і шматлікія яго жыхары карысталіся гэтым. Нехта займаўся кантрабандай, іншых выкарыстоўвалі польская і савецкая спецслужбы.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР бальшавіцкая ўлада правяла чатыры хвалі дэпартацый жыхароў новых заходніх абласцей Савецкай Беларусі. Тады ж сталінскія рэпрэсіі прайшліся і па даваенным польска-савецкім памежжы. Карацей, жыхарам Ракава не было нагоды сумаваць за савецкай уладай, калі тая памахала рукой у чэрвені 1941 года. Але і «новы парадак» быў жорсткім выпрабаваннем для жыхароў Ракаўшчыны. Летам 1942 года нацысты пачалі фарміраваць Беларускую Самаахову — узброеныя атрады, якія павінны былі выконваць паліцэйскія функцыі. У Мінску былі створаны курсы падрыхтоўкі афіцэраў. Пры гэтым камандзірамі павінны былі стаць былыя афіцэры польскага, савецкага, а, магчыма, і царскага войска. А вось шарагоўцаў у Самаахову набіралі з ліку звычайных беларускіх вясковых і гарадскіх хлопцаў.

Беларуская Самаахова

Мабілізацыя прайшла і ў былой сталіцы кантрабандыстаў, а таксама навакольных вёсках. Мясцовыя жыхары ўзгадвалі, што горад святочна выпраўляў сваіх навабранцаў у Мінск. Увечары 22 жніўня 1942 года была святочная вячэра, а раніцай наступнага дня атрад у 26 чалавек (зразумела, без зброі і ўніформы) накіраваўся ў бок чыгуначнай станцыі Аляхновічы, адкуль цягніком павінен быў даехаць да Мінска.

Варта адзначыць, што ў гэты час на тэрыторыі Беларусі ўжо актыўна дзейнічалі савецкія партызанскія атрады. Некаторыя з іх складаліся з акружэнцаў, іншыя ўяўлялі сабою спецыяльныя атрады НКУС, накіраваныя з «Вялікай зямлі». У іх задачу ўваходзіла не толькі барацьба супраць немцаў, але і паўсюднае знішчэнне нацысцкіх памагатых і калабарантаў.

У дырэктыве ЦК ВКП(б) пра разгортванне партызанскай вайны ў тыле ворага, накіраванай партыйным, савецкім і камсамольскім арганізацыям, у прыватнасці, падкрэслівалася: «…знішчаць ворагаў, не даваць ім спакою ні днём, ні ноччу. Забіваць іх паўсюль, дзе заспееце, забіваць чым папала: касой, ломам, віламі, нажом. Дзеля знішчэння ворагу не саромейцеся прыбягаць да любых сродкаў: душыце, сячыце, паліце, травіце фашысцкую гадзіну».

Паліцай, забіты партызанамі

Большасць партызанскіх камандзіраў, якія пасля Другой сусветнай пісалі мемуары ці давалі інтэрв’ю, прызнавалася, што пры знішчэнні паліцаяў і іншых беларускіх калабарантаў выконвалі маскоўскія дырэктывы літаральна. Галоўнай логікай «народных мсціўцаў» быў пастулат: «Вайна ідзе не на жыццё, а на смерць. У баі няма часу разбірацца, ці то памагаты, які страляў габрэяў у гета, ці звычайны беларускі хлопец, які ўчора вучыўся ў школе, а сёння вымушаны быў надзець чорны паліцэйскі мундзір. Вораг павінен быць знішчаны!»

Відавочна, гэтай дырэктывай кіраваліся і савецкія партызаны, якія заселі ў засадзе паміж вёскамі Бузуны і Валкоўшчына і чакалі ракаўскіх хлопцаў. Калі тыя з’явіліся, усіх атачылі і павялі ў лес. Там адбылася трагедыя.

Дзесьці тут забілі жыхароў Ракаўшчыны ў 1942 годзе

Дзесьці тут забілі маладых беларускіх хлопцаў у 1942 г.

Памяць ад мясцовай беларускай улады

Маладых жыхароў Ракава, якія атрымалі позвы на службу ў Беларускую Самаахову, забілі. Пры гэтым «народныя мсціўцы» бераглі патроны — людзей забівалі штыхамі.

Пра трагедыю ракаўчане даведаліся вельмі хутка. Жыхар Ракава Станіслаў Руткоўскі ўзгадваў, што ў дзень пахавання касцёл і царква былі застаўленыя трунамі, а пахавальная працэсія расцягнулася на некалькі соцень метраў. Магілы забітых у 1942 годзе ракаўскіх хлопцаў захаваліся да нашых дзён.

Магілы ахвяр забойства 1942 года ў Ракаве

На каталіцкіх могілках ёсць два пахаванні. У адным з іх пахавана восем чалавек. На надмагільным камяні напісана: «Тут спачываюць сыны Беларусі, якія загінулі ад рук злачынцаў 23 жніўня 1942 года. Вайткевіч С., Сасноўскі А., Нагорны В., Бабровіч І., Багдановіч Б., Духно М., Клайн Е., Філон П. Памяць ад мясцовай беларускай улады ў Ракаве 28 жніўня 1942 года». Побач пахаваны 18-гадовы Язэп Маеўскі, які таксама загінуў у савецкай засадзе.

Магіла праваслаўнай ахвяры ў Ракаве

На праваслаўных могілках Ракава пахаваны 20-гадовы Валянцін Іванавіч Нарушэвіч. Гэты хлопец добраахвотна пайшоў на службу ў Беларускую Самаахову, аднак да Мінску так і не даехаў. Большасць забітых былі падлеткамі. Яны, напэўна, не былі нацыстамі, на іх руках не было крыві мірнага насельніцтва. Магчыма, нехта з іх хацеў паквітацца з бальшавікамі за рэпрэсаванага сваяка, іншы наіўна верыў, што немцы дапамогуць стварыць беларусам незалежную Беларусь. Аднак іх жыццёвы шлях спынілі штыхі «народных мсціўцаў».

Што ж тычыцца акупацыйнай паліцыі ў Ракаве, то яе гісторыя патрабуе глыбокага аналізу. Пра тых, хто з жыхароў горада на Іслачы ў гады нацысцкай акупацыі Беларусі вырашыў надзець чорны мундзір, інфармацыі мала. У пасляваенны час пра гэта не ўзгадвалі. Вядома, што начальнікам беларускай паліцыі ў былой сталіцы кантрабандыстаў быў Мікалай Зянкевіч. Паводле савецкіх дадзеных, у лютым 1942 года гэты чалавек адказваў за знішчэнне ракаўскіх габрэяў, калі апошніх спалілі ў мясцовай сінагозе.

Начальнік беларускай паліцыі ў Ракаве

У сваю чаргу, паводле польскіх крыніц, большасць беларускіх паліцыянтаў з Ракава… дапамагала польскім і савецкім партызанам! Так, начальнік Зянкевіч быў на сувязі з «народнымі мсціўцамі», а пазней сышоў у лес і ў 1944 годзе ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні, дзе і загінуў падчас баёў за Гданьскі вакзал. Супрацоўніцы паліцыі ў Ракаве Ірына Шышлоўская і Яніна Кажаноўская гатавалі ежу для паліцыянтаў, а таксама для партызан. Іншыя паліцыянты таксама мелі сувязь з Арміяй Краёвай.

Беларускія паліцыянты ў Ракаве

Ахвяры з Вілейшчыны

Такіх трагедый, якая адбылася ў Ракаве, у Беларусі падчас акупацыі было вельмі шмат. Зімой таго ж 1942 года атрад «народных мсціўцаў», які складаўся ці то з акружэнцаў, ці то з супрацоўнікаў НКУС, увайшоў у вёску Чарвякі (зараз Сакалоўка), што пад Вілейкай, і забіў там сям’ю былога польскага лесніка Сцяпана Валовіка.

На момант забойства хлопцу было 22 гады. Падчас бамбёжкі ў чэрвені 1941 года яго хата згарэла, таму сям’я лесніка вымушаная была перайсці ў невялікую старожку. Разам з хлопцам загінула яго жонка Аляксандра (1921 г.н.), двое дзетак (хлопчык і дзяўчынка 1940 і 1942 г.н.), сёстры Кацярына (1924 г.н.) і Надзея (1923 г.н.), маці лесніка Марыля (1880 г.н.), а таксама некалькі іх сваякоў. Маці лесніка перад смерцю ўзяла на рукі ўнучку, якой было ўсяго некалькі месяцаў. І тут прагучалі стрэлы. Забойцы стралялі ў твары ахвярам. Параненая Надзея Валовік спрабавала збегчы, аднак яе дабілі штыхамі.

Савецкая ўлётка для паліцаяў

Адзіны, каму ўдалося ўратавацца, быў брат лесніка Васіль, які пад кулямі здолеў дабегчы да лесу і схавацца. Гэты чалавек потым распавёў, што яго сваякоў забілі нібыта за супрацу з немцамі. Але Сцяпана Валовік проста ахоўваў лес…

Падобная трагедыя ў 1942 годзе адбылася і ў вёсцы Навасёлкі (пад Вілейкай), дзе невядомыя забілі сям’ю Івана Мардаса. Як адзначае краязнаўца Алесь Раткевіч, прычынай забойства была сувязь швагра ахвяры з немцамі. Як і ў выпадку з сям’ёй Валовіка, «народныя мсціўцы» напалі на вяскоўцаў уначы і расстралялі ўсіх. Тады загінулі Іван Мардас (1900 г.н.), яго жонка Марыя (1902 г.н.), брат Антон (1912 г. н.), сыны Стась (1922 г.н.), Віктар (1927 г.н.) і Улад (1935 г.н.), дачкі Янка (1923 г.н), Марыся (1924 г.н.) і месячнае немаўля (1942 г.н.). Пасля расстрэлу «партызаны» сабралі мясцовых мужыкоў і загадалі закапаць «здраднікаў Айчыны». Пры гэтым адзін з дарослых мужчын, што прыйшоў хаваць нябожчыкаў, страціў прытомнасць ад убачанага. Паўсюль былі лужыны крыві.

Увогуле, паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, «госці з лесу» ўдосталь паздзекаваліся са шматлікіх мясцовых жыхароў. На немцаў нападаць яны баяліся, а вось звычайныя сяляне і іх маёмасць былі для іх лёгкай здабычай. Тых, хто спрабаваў ім супрацьстаяць, забівалі. Напрыклад, селянін Янук Юшкевіч назваў гэтых «партызан» злачынцамі, за што быў спачатку збіты, а потым забіты шомпалам у вуха. Кастусь Іванец вазіў немцам рыбу ў Ілью. За гэта яго забілі, як памагатага. Пасля Другой сусветнай вайны сваякі Сцяпана Валовіка спрабавалі высветліць, хто ж забіў сям’ю гэтага чалавека, але хутка іх папярэдзілі, што не трэба займацца гэтай справай. Ахвярамі «лясных мсціўцаў» у 1942 годзе сталі таксама сем’і Арцішэўскіх і Паўлюкевічаў з вёскі Батурына. Большасць з іх на момант гібелі былі падлеткамі, але гэта не спыніла забойцаў.


Таямнічае пахаванне

Калі гісторыя ахвяраў у Ракаве і на Вілейшчыне больш-менш вядомая, то гісторыя брацкай магілы ў вёсцы Вялікія Жухавічы пад Мірам па сёння хавае таямніцу. Там, ля мясцовай царквы, знаходзіцца брацкая магіла супрацоўнікаў мясцовай паліцыі.

Царква ў Вялікіх Жухавічах

Па стане гранітнага помніку бачна, што пасля вызвалення Беларусі ад нацыстаў савецкая ўлада спрабавала яго знішчыць. Аднак помнік перажыў гэтыя выпрабаванні і дайшоў да нашых дзён. На жаль, надпіс на ім захаваўся ў вельмі кепскім стане. «Светлай памяці васьмі барацьбітоў, якія загінулі Х.1943 г. за адбудову Бацькаўшчыны і Новай Эўропы. Хроз (?) Канстанцін Ул. (нар. 1919 г.), Лубко (?) Міхась Ул. (нар. 1917 г.), Сенін (?) Язэп Алякс. (1912 г.), Ечко (?) Павел Сымонавіч (нар. 1918 г.), Уцко Іван Сымонавіч (нар. 1921 г.), …Мікалай Ул. (нар 1924 г.), Рэўт Анатолій Вінц. (нар. 1924 г.), …Уладзімір Ю. (нар. 1920 г.). Памяць іх… Ад службы парадку і валасной управы ў Жухавічах», — напісана на помніку, пастаўленым у 1943 годзе.

Магіла ў Вялікіх Жухавічах

На жаль, пакуль не вядома, пры якіх абставінах загінулі гэтыя паліцыянты. Бачна, што самаму малодшаму з іх на момант гібелі было 19 гадоў, а старэйшаму — 31. Паўтаруся, помнік пашкоджаны, таму нават не ўяўляецца магчымым прачытаць прозвішчы пахаваных у гэтай магіле. Дакладна не вядома і тое, удзельнічалі гэтыя людзі ў карных акцыях, ці нават не паспелі, як хлопцы з Ракава, апрануць чорны паліцэйскі мундзір.

Магіла ў Вялікіх Жухавічах

Як бы тое не было, гісторыю Другой сусветнай вайны трэба разглядаць з беларускага пункту гледжання і аналізаваць кожную чалавечую гісторыю не з савецкіх, ідэалагізаваных пазіцый, а з агульначалавечых. Толькі тады мы зможам зрабіць паўнавартасны аналіз таго, што адбывалася на беларускай зямлі падчас перыяду нацысцкай акупацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!