Выбары без выбару. Сталінская бутафорыя ў Заходняй Беларусі

Восемдзясят гадоў таму, 24 сакавіка 1940 года, у Заходняй Беларусі адбылася буйная электаральная кампанія. Выбары праходзілі па старанна распрацаваным сцэнары з выкарыстаннем немалых матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Дасягненню патрэбнага выніку спрыяла добра адладжаная прапагандысцкая машына і сілавыя органы. Нічога не нагадвае?

Агітацыйны матэрыял падчас выбараў у Заходняй Беларусі

Высокія мэты

Заходняя Беларусь мусіла дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў як у Вярхоўны Савет БССР, так і ў агульнасаюзны парламент. Кампанія пачалася 21 студзеня 1940 года, калі выйшлі адпаведныя ўказы Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР і Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР.

У Вярхоўны Савет БССР Заходняя Беларусь планавала дэлегаваць 202 дэпутата: гэты вышэйшы заканадаўчы і прадстаўнічы орган фармаваўся з разліку 1:20 000. Пры гэтым найбольшая колькасць кандыдатаў (58) рэгістравалася ад Беластоцкай вобласці, а найменшая (21) — ад Пінскай. Баранавіцкая, Вілейская і Брэсцкая вобласці вылучалі 51, 40 і 32 адпаведна.

Што да Вярхоўнага Савета СССР, то з улікам двухузроўневай канструкцыі дадзенага органа, неабходна было абраць дэпутатаў у Савет Саюза і Савет Нацыянальнасцяў.

У першую палату планавалася накіраваць 16 кандыдатаў. З іх 5 прыпадала на Беластоцкую вобласць, 4 — на Баранавіцкую, 3 — на Вілейскую, 2 — на Брэсцкую і Пінскую вобласці.

У Савет Нацыянальнасцяў павінны былі быць абраныя 6 дэпутатаў. Прычым ад Беластоцкай як самай большай па тэрыторыі і насельніцтве дэлегаваліся 2 дэпутаты, ад астатніх абластей — па 1.
Арганізацыйная канструкцыя па выбарах у Вярхоўны Савет СССР і БССР выглядала наступным чынам. Ніжэйшым звяном з’яўляліся 4 100 участковых выбарчых камісій. Далей ішлі акруговыя выбарчыя камісіі: 22 — па выбарах у Вярхоўны Савет СССР і 202 — у Вярхоўны Савет БССР. Канструкцыю замыкалі Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах у Вярхоўны Савет БССР і асобная Рэспубліканская камісія па выбарах у Савет Нацыянальнасцяў.

Агітацыйны матэрыял падчас выбараў у Заходняй Беларусі

Агітацыйны матэрыял падчас выбараў у Заходняй Беларусі

Выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет СССР рэгулявала спецыяльнае Палажэнне ад 9 лiпеня 1937 года, а ў Вярхоўны Савет БССР — практычна ідэнтычнае, спісанае з агульнасаюзнага, Палажэнне ад 27 лютага 1938 года. Нягледзячы на шэраг нормаў (напрыклад, вылучэнне кандыдатаў ажыццяўлялася выключна кампартыяй, прафсаюзамі, іншымі зарэгістраванымі арганізацыямі, а таксама працоўнымі калектывамі калгасаў, саўгасаў і вайсковымі часткамі), якія нівелявалі саму ідэю выбараў, палажэнні па некаторых момантах вонкава выглядалі даволі дэмакратычна. Яны ліквідавалі раней меўшыя месца класавыя, сацыяльныя, рэлігійныя і іншыя перашкоды для свабоднага волевыяўлення грамадзянаў, прадугледжвалі другі тур, уводзілі крымінальную адказнасць — пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў — за фальсіфікацыю («заведомо неправильный подсчет голосов») вынікаў выбараў.

Без прапаганды — нікуды!

Намаганнямі прапагандыстаў і агітатараў быў распрацаваны прыкладны план па вывучэнні гэтых палажэнняў. На працягу сямі ўрокаў грамадзяне павінны былі вывучыць грамадскі лад СССР і БССР, Вярхоўны Савет СССР і БССР, парадак вылучэння кандыдатаў, утварэнне выбарчых акругаў, прынцып фарміравання выбарчых камісій, парадак галасавання, падвядзенне вынікаў выбараў. Пры вывучэнні палажэнняў у абавязковым парадку неабходна было закрануць і такія пытанні: уз’яднанне вялікага беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве — бліскучая перамога ленінска-сталінскай палітыкі; былая панская Польшча была турмой народаў; дзясяткі тысячаў беспрацоўных атрымалі працу; СССР — краіна самай буйной ў свеце сацыялістычнай сельскай гаспадаркі і г.д.

У мэтах ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва і аргументацыі правамернасці знешнепалітычнага курсу СССР ва ўрокі ўключаліся тэмы, датычныя заключэння пакта Молатава-Рыбентропа, савецка-германскага дагавора аб сяброўстве і мяжы, савецка-японскіх ваенных канфліктаў у возеры Хасан і рацэ Халхін-Гол, савецка-фінляндскай вайны.

Складаная сітуацыя

Савецкая ўлада выдатна разумела рызыкі, звязаныя з будучай кампаніяй і памятала вопыт выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі 22 кастрычніка 1939 года, калі сутыкнулася са шматлікімі фактамі праяваў сапраўднага антысаветызму, выпадкаў зрыву выбараў.


З іншага боку, пад час гэтых выбараў улады ў пэўнай ступені ўніклі ў сітуацыю ў рэгіёне, вывучылі настрой насельніцтва. Акрамя таго, меўся станоўчы вопыт у правядзенні выбараў у Вярхоўны Савет СССР у 1937-м і ў БССР у 1938 гадах.

Становішча ў Заходняй Беларусі напярэдадні выбараў ускладнялася шэрагам абставінаў. Адна з праблемаў палягала ў жудасным стане эканомікі рэгіёна, абцяржаранай беспрацоўем і бежанцамі, катастрафічна нізкім узроўнем жыцця большасці насельніцтва, для якога праблемай нумар адзін стаў востры недахоп тавараў першай неабходнасці. Так, на спецыяльнай нарадзе ЦК КП(б)Б па пытаннях Заходняй Беларусі 8 студзеня 1940 года канстатавалася, што «в городе нет зубной щетки, иголки, шнурков, мази для обуви, одеколона». Па гэтай прычыне сапраўдным бедствам рэгіёну стала спекуляцыя.

2 лютага 1940 года наркам гандлю Беларускай ССР Уладзімір Ванееў, які знаходзіўся ў Беластоку, у лісце на імя першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі прасіў разгледзець пытанне пра ўжыванне вышэйшай меры пакарання ў дачыненні да «особо злосных спекулянтов».

Кіраўніцтва БССР выкарыстала беспрэцэдэнтныя захады для насычэння рынку заходніх абласцей рэспублікі прамысловымі і харчовымі таварамі. Спецыяльная нарада ЦК КП(б)Б па арганізацыйных і гаспадарча-палітычных пытаннях Заходняй Беларусі 9 сакавіка 1940 года зацвердзіла рашэнне аб аператыўнай адгрузцы ў рэгіён 18 тысяч тон солі, 2 тысячы тон цукру, 830 тон кандытарскіх вырабаў. Сярод тавараў таксама значыліся баваўняныя тканіны, мыла, запалкі, ніткі і нават папяросы «из Керчи и Феодосии».

Савецкае дзікунства

Важкая праблема тычылася наяўнасці «польскага элемента» ў рэгіёне. Пры гэтым асаблівую ўвагу савецкая адміністрацыя звяртала на «асаднікаў», ваенных, леснікоў, вартаўнікоў, г.зн. на тых, хто быў патэнцыйным уладальнікам зброі і мог павярнуць яе супраць новай улады. Для выхаду з сітуацыі бальшавікі ўжылі надзвычайныя меры, якія з поспехам у маштабах CCCР будуць выкарыстоўвацца пазней, — высяленню.
Тэхнічны бок будучай дэпартацыі 7 студзеня 1940 года абмаляваў наркам унутраных спраў БССР Лаўрэнцій Цанава на адмысловай нарадзе аб працы ў Заходняй Беларусі. Па словах кіраўніка НКУС, высяленне планавалася ў адзін дзень з прыцягненнем вялікай колькасці насельніцтва, лаяльнага да савецкай улады. Пяць заходніх абласцей разбіваліся на 37 аператыўных участкаў, што, па словах Цанавы, дазваляла «провести операцию одним коротким ударом».

21 лютага 1940 года Панамарэнка ў дакладной запісцы на імя Сталіна, а таксама сакратароў ЦК УКП(б) Андрэева і Малянкова паведамляў, што 10 лютага ў Заходняй Беларусі пры ўдзеле 15 тысяч мясцовых жыхароў былі ажыццёўлены мерапрыемствы, у ходзе якіх выселілі 9 775 «польскіх» сем’яў агульнай колькасцю 50 732 чалавекі.

Кіраўніцтва БССР таксама вырашыла згуляць на працоўным энтузіязме жыхароў рэгіёну і адначасова змякчыць праблему беспрацоўя. На афіцыйным узроўні было абвешчана аб фарсіраванай рэканструкцыі Днепра-Бугскай воднай сістэмы, у якой, па звестках Арганізацыйна-інструктарскага аддзела ЦК КП(б)Б ад 27 лютага 1940 года, былі задзейнічаны 3 тысячы чалавек.

Сталінская бутафорыя

Сведчаннем таго, што выбары ва ўмовах сталінскага рэжыму з’яўляліся толькі фікцыяй і дэкарацыяй стала сакрэтная пастанова ЦК КП(б)Б ад 5 лютага 1940 года № П-125 «О выборах в Западной Белоруссии» з рэзалюцыямі Панамарэнкі, Цанавы і старшыні СНК БССР Кузьмы Кісялёва. Пад грыфам «опубликование запрещается» гэты дакумент быў разасланы абкамам, гаркамам і райкамам КП(б)Б усіх заходніх абласцей.

З яго вынікае, што планавалася свайго роду сілавая спецаперацыя, дзе не павінна было быць ніякіх збояў: «Партийные организации должны учесть, что выборы в Верховный Совет СССР и БССР будут значительно сложнее, чем выборы в Народное собрание: буржуазно-националистические агенты приложат все силы, чтобы помешать выборам, “протащить” своих людей в депутаты».

Пастанова ўтрымлівала гранічна кароткія падрыхтоўчыя тэрміны. Спісы выбарчых участкаў павінны былі быць складзеныя не пазней за 8 лютага. Да гэтага ж тэрміну патрабавалася сфармаваць акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі ў складзе старшыні, намесніка, сакратара і 4-8 членаў, з якіх 25-30% — жанчыны. Не пазней 20 лютага 1940 года ЦК КП(б)Б павінен быў атрымаць звесткі пра агульную колькасць выбаршчыкаў па абласцях.

Пастанова груба парушала нормы выбарчага заканадаўства, зацверджанага ў рамках самой савецкай сістэмы. Напрыклад, насуперак арт. 71 вышэйадзначаных палажэнняў, яна адмяняла канверты, у якія ўкладваліся бюлетэні для галасавання. Пункт «б» арт. 80 палажэнняў прызнаваў несапраўднымі бюлетэні, «поданные без конверта или в конверте неустановленного образца». Замест канвертаў для адрознення бюлетэняў ўводзіліся розныя колеры: белы — Савет Саюза, светла-блакітны — Савет Нацыянальнасцяў і светла-зялёны — Вярхоўны Савет БССР. Безумоўна, адмова ад канвертаў ставіла мэту прадухіліць псаванне бюлетэняў і адсочванне надпісаў антысавецкага характару.

Вялікія грошы

Выбары запатрабавалі немалых выдаткаў. Калі на ўчастковыя выбарчыя камісіі па каштарысе Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 8 лютага 1940 года было выдзелена 1 947 500 руб., то на акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет СССР — 220 000 руб., у Вярхоўны Савет БССР — 343 000 руб.
10 лютага 1940 года з Дзяржаўнага выдавецтва пры СНК БССР на імя сакратара ЦК КП(б)Б Маліна прыйшла «предварительная калькуляция на агитационно-массовую литературу для избирательной кампании в западных областях БССР» — 163 930 руб. У гэтай суме ільвіную долю складалі выдаткі на партрэты кандыдатаў (43 050 руб.) і на агітацыйныя каляровыя плакаты (51 600 руб.). Астатнія сродкі ішлі на выданне палажэнняў аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР і БССР на рускай і беларускай мовах, а таксама Канстытуцыі СССР (на рускай і беларускай мовах) і Канстытуцыі БССР (на рускай і беларускай мовах). Калі наклады палажэнняў у залежнасці ад вобласці вагаліся ў межах ад 17 000 да 30 000 асобнікаў, То Канстытуцый — ад 1 000 да 4 000.

Агітацыйны матэрыял падчас выбараў у Заходняй Беларусі

Агітацыйны матэрыял падчас выбараў у Заходняй Беларусі

Планаваўся выпуск і іншых выданняў, прызначаных спецыяльна для моладзі Заходняй Беларусі. 26 лістапада 1939 года ЦК КП(б)Б была зацверджана адпаведная даведка, у якой значыліся брашуры «О комсомле» (Сталін), «Что советская власть дала трудящимся» (Калінін), творы савецкага пісьменніка Касіля, апавяданні пра Паўліка Марозава. Па прычыне матэрыяльных цяжкасцяў выхад гэтых выданняў затрымліваўся. 11 снежня 1939 года сакратар ЦК УЛКСМ Мішакова звярнулася з лістом да першага намесніка начальніка Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК УКП(б) Паспелава з просьбай пасадзейнічаць гэтаму шляхам выдзялення 25 тон звычайнай і 5 тон вокладкавай паперы.

Велізарную колькасць паперы планавалася выкарыстаць пры вырабе бюлетэняў і іншай дакументацыі. Згодна з каштарысам, зацверджаным ЦК ВКП(б) 8 лютага 1940 года, Масква павінна была выдзеліць Беларускай ССР 509 стоп паперы: 116 — на кожны від бюлетэня і 161 — на спісы выбаршчыкаў, пратаколы галасавання і г.д.

Кадры вырашаюць усё!

Карціну прыцягнення людскіх рэсурсаў раскрывае дакладная запіска Маліна на імя Паспелава ад 26 траўня 1940 года. З яе вынікае, што ў перадвыбарчай кампаніі ўзялі ўдзел 46 013 агітатараў: Беластоцкая вобласць — 17 000; Брэсцкая — 7 500; Баранавіцкая — 6 391; Пінская — 8 000; Вілейская — 7 122. У асноўным дзейнасць агітатараў ажыццяўлялася ў традыцыйным фармаце — перадвыбарчыя мітынгі і гурткі. Так, згодна з дакладной запіскай Маліна, у лютым 1940 года ў Вілейскай вобласці было праведзена 1970 мітынгаў з удзелам 218 958 чалавек, з якіх выступілі 3 233 выбаршчыка. У Брэсцкай вобласці прайшло 1 128 мітынгаў з удзелам 205 652 чалавек.

29 лютага 1940 года загадчык Арганізацыйна-інструктарскім аддзелам ЦК КП(б)Б Эйдзінаў у дакладной запісцы ў ЦК ВКП(б) адзначаў, што «по не полным данным» у пяці заходніх абласцях Беларускай ССР працуюць 9 403 гурткі, якімі ахоплена 346 175 чалавек.

У некаторых выпадках агітатары ўжывалі крэатыўныя формы прапаганды, праяўлялі вынаходлівасць. Напрыклад, у Баранавіцкай вобласці, як вынікае з той жа дакладной запіскі Маліна, у лютым 1940 года спецыяльная агітбрыгада ажыццявіла лыжны прабег працягласцю 482 км., пабывала пры гэтым у 9 райцэнтрах і 48 мястэчках, зрабіла 50 дакладаў і правяла 28 гутарак.

Галасуюць жыхары Заходняй Беларусі

Галасуюць жыхары Заходняй Беларусі

Кандыдаты

На старонках сродкаў масавай інфармацыі ўсяляк папулярызаваліся кандыдаты «непарушнага» блока камуністаў і беспартыйных. Фармат такой папулярызацыі ўяўляў сабой нарысы, пабудаваныя па адным шаблоне: спачатку ішла гаворка пра цяжкае жыццё кандыдата ў дарэвалюцыйны час. Затым сцвярджалася, што толькі савецкая ўлада дала яму шанец выбіцца ў людзі, стаць шчаслівым чалавекам. Фаварытам у гэтым плане стаў кандыдат у дэпутаты Савета Нацыянальнасцяў, вядомы дзеяч камсамола Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі. Газеты актыўна піярылі эпізод з жыцця Прытыцкага, звязаны з замахам у студзені 1936 года на правакатара Якава Стральчука ў віленскім судзе.

Іншым вядомым людзям таксама было наканавана стаць народнымі выбраннікамі. Панамарэнка, Кісялёў і беларускі літаратар Піліп Пестрак вылучаліся ў Савет Саюза. Кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР сталі Цанава, а таксама народныя паэты БССР Янка Купала і Якуб Колас.

Тэрарыстычная істэрыя

Становішча ў рэгіёне напярэдадні выбараў старанна кантралявалася НКУС. Любая пазаштатная сітуацыя (нават нязначнае здарэнне) падымалася на прынцыповую вышыню, станавілася аб’ектам пільнай увагі спецслужбаў і, натуральна, пра гэта дакладвалася вышэйшаму кіраўніцтву рэспублікі. 3 сакавіка 1940 года Цанава ставіў у вядомасць Панамарэнку пра тое, што органы «старательно расследуют» інцыдэнт, звязаны «с задымлением дымоходной трубы» 29 лютага 1940 года ў вёсцы Пружаны Брэсцкай вобласці ў памяшканні школы — выбарчага ўчастка № 10.

Самі органы ўнутраных спраў культывавалі ў рэгіёне атмасферу падазронасці, недаверу, раскрывалі міфічных ворагаў. 14 сакавіка 1940 года Цанава рапартаваў Панамарэнку аб выкрыцці на тэрыторыі Гадуцішскага раёна Вілейскай вобласці контррэвалюцыйнага нацыяналістычнага падполля, куды нібыта ўваходзілі члены былых літоўскіх арганізацый «Святы Казімір» і «Культура». Іх мэта, сцвярджаў наркам, палягала ў тым, каб сарваць выбары ў заходніх абласцях БССР.

«Аксамітны» супраціў

Многія выбаршчыкі рэгіёну шчыра прагаласавалі за камуністычных і беспартыйных вылучэнцаў. У новай уладзе яны бачылі альтэрнатыву старых польскіх парадкаў, якія пазбавілі іх многіх правоў і магчымасцяў, у тым ліку і свабоды волевыяўлення. Таму савецкія выбары, нягледзячы на іх фармальны характар, выклікалі ў жыхароў Заходняй Беларусі пачуццё дачынення да вялікіх падзеяў, будавання новага жыцця, пра што сведчаць надпісы на выбарчых бюлетэнях, якія праслаўляюць Сталіна, камунізм.

У той жа час выбары сведчылі пра незадаволенасць савецкай уладай пэўнай часткі насельніцтва і нават пра яе непрыманне. Самымі распаўсюджанымі спосабамі негатыўнага стаўлення да выбараў сталі прымаўкі, прыпеўкі, а таксама псаванне бюлетэняў і надпісы, карыкатуры, малюнкі на іх антысавецкага характару.
Вельмі папулярнай, асабліва сярод моладзі, стала прыпеўка, якая нарадзілася ў вёсцы Салаўі Пастаўскага раёна Вілейскай вобласці: «В колхоз дорога проста, а с колхоза — косяком, в колхоз — в ботах, а из колхоза — босяком».

Галасуюць жыхары Заходняй Беларусі

Галасуюць жыхары Заходняй Беларусі

Матэрыялы па выбарах у Вярхоўны Савет СССР і ў Вярхоўны Савет БССР ад заходніх абласцей рэспублікі (студзень-снежань 1940 года) сведчаць аб тым, што антысавецкія настроі мелі і ярка выразнае палітычнае адценне, замяшанае на рэлігійнасці, з аднаго боку, і кульце Польшчы — з другога. З’яўленню адпаведных надпісаў на бюлетэнях тыпу «Жыве Польшча!», «З намі Бог!» у вялікай ступені спрыяла правядзенне выбараў у дзень каталіцкага Вялікадня, што яшчэ больш напружвала жыхароў рэгіёна.

У якасці своеасаблівага эталона такіх настрояў можна прывесці надпіс на бюлетэню ў Сакалоўскім раёне Беластоцкай вобласці: «Уничтожили нашу дорогую мать-Польшу, душите ее своими грязными лапами, но мы, дети ее, бодрствуем и уже готовим ножи, чтобы разрезать оковы, ее стесняющие. Польша не умерла, а уснула, чтобы вспыхнуть огромной силой и пламенем зажечь и уничтожить ваш проклятый коммунизм. Христос, воскреси Польшу, как пробудил и воскресил умершего Лазаря!».

Прадказальныя вынікі

Афіцыйныя вынікі выбараў дае справаздача спецыяліста Арганізацыйна-інструктарскага аддзела ЦК КП (б) Гершмана. З агульнай колькасці выбаршчыкаў (2 930 628 чалавек) удзел у выбарах прынялі 2 909 450 чалавек, альбо 99,27%. За кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных прагаласавалі 2 850 406 чалавек, альбо 97,97%. Пры гэтым 11 раёнаў дамагліся стоадсоткавай яўкі выбаршчыкаў: Лідскі, Клецкі (Баранавіцкая вобласць), Відзаўскі, Дзісненскі (Вілейская вобласць), Антопальскі, Дзівінскі, Камянецкі, Косаўскі, Пружанскі, Шарашэўскі (Брэсцкая вобласць), Цеханскі (Пінская вобласць). Найбольш нізкая яўка (83,67%) назіралася ў Гадуцішскаўскім раёне Вілейскай вобласці.

Галасуюць жыхары Заходняй Беларусі

Галасуюць жыхары Заходняй Беларусі

Як бачым, выбары ў вышэйшыя органы дзяржаўнай улады ў Заходняй Беларусі ў 1940 годзе праходзілі па старанна распрацаваным сцэнары з выкарыстаннем немалых матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Дасягненню патрэбнага выніку спрыяла добра адладжаная прапагандысцкая машына і сілавыя органы. Аднак нельга казаць аб татальнай падтрымцы камуністаў з боку жыхароў Заходняй Беларусі, дзе былі моцныя прапольскія і антысавецкія настроі. Гэты фактар савецкія ўлады вымушаныя былі ўлічваць у далейшай саветызацыі рэгіёну.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: