Жалезам (і каменем) па шкле. Забыты яўрэйскі пагром у Гродне

Познім вечарам 7 чэрвеня 1935 года ў зарослы зелянінай ды абседжаны чорнымі ды рудымі катамі-бадзягамі дворык старога Гродна забег запыханы хлапчук. Яго сэрца калацілася, вочы спалохана зыркалі то ўправа, то ўлева, а ў руках была вялізная банка з марозівам. Свой салодкі скарб кемлівы хлапчук хуценька схаваў пад грушай, што расла ў двары, а сам пайшоў дадому…

Яўрэі ў міжваеннай Польшчы


Маці зрабіла хлопцу страшэнны разнос: і вярнуўся позна, і ў горадзе, маўляў, неспакойна, а на нагах у сыночка… новыя боцікі. Адкуль? Сям’я ж бедная: акрамя яго яшчэ чацвёра дзетак. «Я не ведаю, — апраўдваўся заплаканы хлопец. — Усе беглі па вуліцы, і я бег. А там, у краме, была выбітая шыба… Тады адзін пан у вайсковым мундзіры кажа мне: “Што ж ты, хлопча, ходзіш басанож? Абувайся!” Пан той акуратна прасунуў руку на вітрыну, каб не парэзацца шклом, і дастаў мне боцікі…»

Тая крама з абуткам на Дамініканскай (сёння Савецкай) вуліцы належала яўрэям, а вечар 7 чэрвеня 1935 года тагачасныя жыхары горада запомнілі як апошні ды адзіны ў міжваенным горадзе яўрэйскі пагром.

Панарама цэнтру Гродна, 1930-я гады

«Няма ўжо вашага “дзядка”, ніхто вас не абароніць!»

У 1935 годзе і пасля па Польшчы пракацілася цэлая хваля яўрэйскіх пагромаў. Адной з прычынаў, як лічаць гісторыкі, стала смерць маршалка Пілсудскага, які цвёрдай рукой стрымліваў як «левых», так і «правых». Скрайне правыя палітычныя сілы нарэшце адчулі магчымасць вырвацца з катэгорыі маргінэсу ды рэалізаваць свае, у тым ліку антысеміцкія, задумы. Паводле згадак, некаторыя пагромшчыкі так і казалі сваім ахвярам: «Няма ўжо вашага “дзядка” [Пілсудскага], ніхто вас не абароніць!»

Гісторыкі таксама заўважаюць, што важнай прычынай была мадэрнізацыя і «нацыяналізацыя» гарадской прасторы. Яўрэйская і польская моладзь усведамлялі сябе ўжо не толькі носьбітамі розных рэлігійных традыцыяў, але і цалкам рознымі нацыянальнымі супольнасцямі. Рост сіянісцкіх настрояў сярод яўрэяў супаў з ростам польскага нацыяналізму. Такім чынам, прорва паміж дзвюма супольнасцямі паглыбілася.

Прычынай кожнага канкрэтнага пагрому быў прэцэдэнт. У Брэсце такім прэцэдэнтам стала забойства паліцыянта. У тагачаснай Польшчы былі забароненыя яўрэйскія рэзні, дзе жывёлу забівалі паводле «негуманнага» іудзейскага звычаю (жывёла гінула не імгненна, кроў павінна была сплываць паступова). Падчас выкрыцця такой таемнай рэзні і адбылося забойства: яўрэй ударыў паліцыянта-паляка нажом у спіну. Той памёр, а гісторыя набыла розгалас ды справакавала беспарадкі.


«Тады амаль кожны яўрэй насіў ножык…»

Аналагічны прэцэдэнт меў месца і ў Гродне. 22-гадовы Уладзіслаў Кушч, навучэнец Марской школы ў Гдыні, прыехаў на вакацыі ў родны горад і пайшоў на танцы ў залю на вуліцы Брыгіцкай (сёння Маркса). Там завязаўся канфлікт праз дзяўчыну, у выніку чаго ў браме суседняга будынку Кушча парэзалі нажом. Сімвалічна, што параненага хлопца павезлі ў яўрэйскі шпіталь (сёння — Чыгуначны шпіталь), які апынуўся найбліжэйшым. Там Кушч і памёр.

Тут варта зрабіць рэмарку. Наколькі звычайным быў падобны выпадак? Панажоўшчына на танцах у цэнтры горада — норма? Паводле тагачасных газетаў — так. Інфармацыя пра бойкі з выкарыстаннем нажоў, у якіх удзельнічала па 5–6 чалавек, трапляла ў прэсу рэгулярна, ледзьве не штодня. Напрыклад, у дзень забойства Уладзіслава Кушча на Леванабярэжнай вуліцы адбыўся падобны канфлікт. Адно, што пацярпелым апынуўся яўрэй, якому пашчасціла выжыць.

«Тады амаль кожны яўрэй насіў з сабою ножык, які хаваў недзе збоку», — узгадвае гродзенец Казімір Сальвясюк [Тут і далей большасць успамінаў падаецца паводле кнігі Кулевіча «Горад адзін, успаміны розныя»]. Былі і больш выкшталцоныя механізмы. Напрыклад, гірка, якая мацавалася на зачэпе на спружыну і ў патрэбны момант выстрэльвала з рукава, каб прабіць грудзі ці скалечыць твар апаненту. Па горадзе ў тыя гады бадзялася шмат беспрацоўнай моладзі, таму па вечарах шпацыраваць трэба было вельмі асцярожна.

Пахавальная працэсія як запрашэнне на пагром

Пахаванне Уладзіслава Кушча было прызначана на 7 чэрвеня а 5-й увечары. Працэсія рушыла ад ягонага дому на Брыгіцкай у бок Фарных могілак. Развітацца прыйшлі сотні гродзенцаў, прыехалі калегі-маракі, а таксама прадстаўнікі радыкальных правых арганізацый. Немалую, як на 60-тысячны горад, працэсію, да якой перманентна далучаліся новыя і новыя ўдзельнікі, суправаджалі ўсяго… 13 паліцыянтаў.

На могілках усё абышлося без эксцэсаў, хаця інфармацыя і тут трапляецца супярэчлівая. Паводле адных звестак, пахаванне пераўтварылася ледзьве не ў мітынг, паводле іншых — прамовы былі забароненыя, усё абмежавалася традыцыйнымі малітвамі. Фармат мерапрыемства пачаў змяняцца, калі натоўп стаў вяртацца з могілак у горад. Каля тысячы чалавек прайшліся па Ерусалімскай, Брыгіцкай, Дамініканскай ды іншых вуліцах, а пасля рассыпаліся па ўсім цэнтры, б’ючы шыбы крамаў, вокны, збіваючы ды калечачы яўрэяў, якія трапляліся на шляху.

Зрэшты, не заўсёды толькі яўрэяў: чарнявы мужчына сярэдніх гадоў пацярпеў таму, што быў падобны на яўрэя і назіраў за працэсам са свайго гаўбца. «Я не яўрэй!» — голасна лямантаваў чалавек. «Ну дык няхай пан пад яўрэя не падрябляецца!» — прагучаў у адказ аргумент пагромшчыкаў. Мужчыну выкінулі з гаўбца на брукаваную вуліцу.


«Хлопцы з палкамі білі вітрыны, а мы, дзеці, хадзілі за імі…»

Пагром трываў да позняй ночы, а яго тэрыторыя ахапіла і Занёманскі фарштат. Паліцыя не ўмешвалася. Цікава, што пагромшчыкі так і не ўвайшлі на тэрыторыю, максімальна шчыльна заселеную яўрэйскім насельніцтвам — раёны вуліцы Замкавай ды сённяшняй Вялікай Траецкай (у 1941-м акурат там і паўстала гета). Сцвярджаюць, што там на хуткую руку пачалі арганізоўвацца атрады яўрэйскай самаабароны, што і спыніла раз’юшаных пагромшчыкаў.

«Пасля гэтага выпадку [забойства Кушча] палякі зладзілі ў горадзе пераварот, — узгадвае Анатоль Пясняк. — Білі ўсё, што было яўрэйскае, нават забівалі людзей. Мы жылі ў цэнтры, таму ўсё было добра відаць з вакна. Але на вуліцу з нашых ніхто не выходзіў, было страшна. Паліцыя не спрабавала спыніць пагромы. Яны працягваліся двое сутак. Пасля ўсё сціхла і горад зноў жыў звычайным жыццём».

Цікава, што Казімір Сальвясюк узгадвае, што ў пагромах удзельнічалі не толькі цывільныя: «Праз некалькі дзён пасля забойства ў горадзе з’явіліся вайскоўцы, разам з палякамі яны пачалі граміць яўрэйскія крамы. Яўрэі ўсе пахаваліся. Не сказаць, што іх было менш: насельніцтва ў нас было 50 на 50. Яўрэі разумелі, што нават паліцыя на баку палякаў. Шчыра кажучы, і я прыняў удзел: давялося скрасці селядца ў краме…»

Разбітыя яўрэйскія крамы ў Гродне пасля пагрому 1935 года


92-гадовы Стэфан Хоцей, якому на той момант было ўсяго 8 гадоў, таксама прыняў удзел у пагроме: «Тры дні маладыя хлопцы 18–20 гадоў хадзілі з палкамі і білі яўрэйскія вітрыны, а мы — дзеці — хадзілі за імі. Казалі нам усё з крамаў выкідаць на вуліцу. Памятаю, на плошчы Баторыя быў добры магазін з роварамі, радыё, музычнымі інструментамі, то мы ўсё выкідалі. Крычалі тады: “Бі жыда!”, а на кожным куце пісалі “Не купляй у жыда”».

Зноў жа, спадар Хоцей узгадвае, што гарадскія ўлады ды ахоўнікі парадку цалкам праігнаравалі падзею, даўшы пагромшчыкам карт-бланш: «У цэнтры стаяла паліцыя і салдаты, але ніхто не спрабаваў спыніць пагром. Была поўная свабода. Хто хацеў, той мог выносіць усё, што заўгодна, з яўрэйскіх крамаў. Адзінае, што я ўзяў, дык гэта цукеркі ў шкляной банцы. Дадому не панёс, схаваў. Баяўся, што маці пазнае, а так мяне ніхто не пускаў на гэтыя пагромы, я збягаў. На трэці дзень пагромы ў Гродне спыніліся, людзі супакоіліся».

Насамрэч, затрыманні ўдзельнікаў канфлікту ўсё ж былі: яшчэ ўвечары 7 чэрвеня паліцыя арыштавала 59 чалавек, 7 з якіх былі яўрэямі. Ці былі гэтыя сямёра байцамі самаабароны, ці бараніліся індывідуальна, а можа, наўпрост трапілі «пад гарачую руку» — невядома. Агулам страты гораду былі ацэненыя ў 20 тысяч злотых. Яўрэйскія крамы яшчэ пэўны час стаялі зачыненыя, а часам нават забарыкадаваныя. Двое яўрэяў (Беразоўскі і Бехер) падчас пагрому загінулі, дзясяткі былі збітыя ды атрымалі калецтвы.

Разбітыя яўрэйскія крамы ў Гродне пасля пагрому 1935 года (1)


У турму ніхто не трапіў

Увосень прыйшоў час і на судовыя разбіральніцтвы. Забойца Уладзіслава Кушча, яўрэй па прозвішчы Штэйнер, 20 верасня 1935 года атрымаў 12 гадоў турмы. Паводле сведчанняў, Штэйнер і раней быў удзель­нікам розных канфліктных сітуацый, і ўжо пагражаў некаму на танцах нажом яшчэ за пару тыдняў да забойства маладога марака. Прасачыць далейшы лёс Штэйнера ў гісторыкаў не атрымалася: яго след згубіўся. Іншы ўдзельнік той бойкі на Брыгіцкай — Кантароўскі — атрымаў 2 гады турмы.

Пазней, ужо ў лістападзе таго ж года, перад судом паўсталі 17 удзельнікаў пагрому ўзростам ад 17 да 46 гадоў. Цікава, што сярод іх апынулася і жанчына: 28-гадовая Вольга Жукава. Ніхто з іх сваёй віны не прызнаў, не назваўся арганізатарам. Абвінавачаныя стаялі на тым, што толькі падтрымалі агульную хвалю абурэння, якая панавала на вуліцах гораду. Пры гэтым, некаторыя з падсудных былі схопленыя непасрэдна на месцы злачынства. Напрыклад, 28-гадовага Мікалая Баліцкага ўзялі, калі той біў шкло ў сінагозе, маючы ў кішэні нож.

Максімальным выракам стаў адзін год зняволення для 25-гадовага Альфонса Панасюка, аднаго з лідараў «эндэцкай» (нацыянал-дэмакратычнай) моладзі і завадатара шэсця з могілак у горад. Трое атрымалі па дзевяць месяцаў, яшчэ трое — па шэсць. Рэшту прызналі невінаватымі. Але ў турму, як ні дзіўна, так ніхто і не трапіў. Панасюк выйшаў на волю, выплаціўшы штраф у памеры 100 злотых. Астатнім вынеслі вырак з адтэрміноўкай на 5 гадоў.


«Вашы легіёны — нашы мільёны!»

Ці быў той пагром адзінкавай з’явай, абумоўленай часовай палітычнай кан’юнктурай? Ці існавалі ў горадзе антысеміцкія настроі ў прынцыпе? З 60 тысяч чалавек, якія жылі ў перадваенным Гродне, 24 тысячы лічылі сябе палякамі, 22 тысячы — яўрэямі. Заставалася 15 тысяч, з якіх ад 6 да 8 тысяч складалі беларусы. Рэшта — татары, рускія, украінцы, данскія казакі ды іншыя. Варта адзначыць, што як найбагацейшымі, так і найбяднейшымі жыхарамі гораду былі яўрэі. Пры гэтым у вочы жыхарам найперш кідалася іх заможнасць: рэстараны, крамы, цырульні.

Раіса Шымбарэвіч узгадвае, што яўрэі казалі палякам падчас спрэчак: «Вашы вуліцы — нашы камяніцы, вашы легіёны — нашы мільёны!» Наогул жа, паводле ўспамінаў старажылаў, якія ў 1930-х былі дзецьмі ці падлеткамі, іх бацькі найчасцей закупаліся акурат у яўрэйскіх крамах, дзе маглі «даць на вэксаль»: «Што тычыцца гандлю, то ён цалкам быў за яўрэямі, — узгадвае Ніна Амельянчык. — Добра памятаю краму сям’і Гольдберг на плошчы Баторыя. Уладальнік вялікай крамы, якую мы называлі мануфактурай, быў рабінам. Яго жонка і дачка гандлявалі абуткам».

«У любой краме можна было купіць патрэбную рэч, а калі не было грошай, то давалі ў заклад, — успамінае Анатоль Пясняк. — Наша сям’я так ніколі не брала. Самае цікавае, што палякі масава не гандлявалі ў Гродне, гэтай справай займаліся выключна яўрэі. Палякам цяжка было з імі весці бізнес, бо тыя пастаянна збівалі цану, а людзям лепш купляць тое, што танней. Паляк, такім чынам, станавіўся банкрутам і закрываўся…»

Цяжка сказаць, ці можна лічыць дзіцячыя гульні пэўнай праекцыяй дарослых фінансавых адносінаў, глядзіце самі: «Мы гулялі ў футбол і часта ладзілі “вайну на яўрэяў” на вуліцы Архірэйскай, — працягвае спадар Анатоль. — Можна сказаць, банда на банду ішлі. Кідаліся камянямі і ўсім, што патрапіцца. Быў у нас нават карбід у той час. Разводзілі яго ў бутэльках, кідалі, ён выбухаў».

А вось яшчэ каларытныя ўспаміны ад Генрыха Юхневіча: «Яны гаварылі на мяне “хам-мужык”. Іх было шмат, але мы іх за гэта чыхвосцілі. Раней, калі ў суботу ў яўрэяў быў шабат, то яны недзе збіраліся, а тым часам палякі на іх нападалі. Яўрэяў адлупілі — і яны ўжо супакояцца (…). Напрыклад, жулік возьме камень і выб’е шыбу ў краме. Паліцыя яго забірае. Шкоду зрабіў — плаці. Грошай няма — на тры месяцы за краты. Ён ідзе ў турму, сядзіць тры месяцы і выходзіць. Тады турмы не так баяліся».

Пасля пагрому — «халодная вайна»

Падзеі 1935 года толькі ўзмацнілі непрыязь ды ўзаемныя падазрэнні паміж жыхарамі Гродна розных нацыянальнасцяў, якія раней існавалі на прыхаваным узроўні. Журналіст віленскай газеты «Słowo» Юзаф Мацкевіч, які пабываў у Гродне на пачатку 1936 года, апісвае «халодную вайну» яўрэяў з хрысціянамі, якая выглядала як узаемны байкот. Прынцып просты: хадзіць толькі ў свае крамы, кавярні, цырульні, а на працу браць адно прадстаўнікоў свайго веравызнання.

Улётка з заклікам не купляць у яўрэяў 30-х гадоў

Аднак можна сустрэць і іранічныя ўспаміны старажылаў: маўляў, каля яўрэйскіх крамаў стаяць маладзёны з зялёнымі гальштукамі, агітуюць: «Не купляй у жыда!», а людзі ідуць сабе і купляюць, бо там танней. Наогул жа масіў асабістых успамінаў вельмі стракаты: можна пачуць як гісторыі канфліктаў, так і гісторыі сяброўства паміж іудзеямі ды хрысціянамі. Той жа Анатоль Пясняк, які распавядаў, як хадзіў на «вайну на яўрэяў» з карбідам, адначасова ўзгадвае, як сябраваў з некаторымі яўрэямі ды дапамагаў ім у шабат, калі тыя не маглі рабіць простых побытавых рэчаў: да прыкладу, распальваць печы. Праўда, рабіў тое хлопец за грошы…

Ці можна назваць гісторыю 1935 года класічным пагромам? І так, і не. Гэта не пагром у стылі ўкраінскіх гарадоў і мястэчак да 1917 года, калі беспарадкі доўжыліся працяглы час, суправаджаліся падпаламі і масавымі згвалтаваннямі. Разам з тым, гэта таксама рэдкі выпадак, калі ў сутыкненнях было задзейнічана шмат людзей, а пэўныя колы (польскія «правыя», «эндэкі») спрабавалі надаць падзеі палітычную афарбоўку. Роля паліцыі ды судовыя прысуды ў дадзеным выпадку нагадваюць рэаліі Расіі часоў Мікалая ІІ, калі «чарнасоценныя» антысеміцкія настроі талераваліся ўладай.


«У дупе твая Польшча!»

Ці можна ў дадзеным выпадку казаць пра міжнацыянальную нянавісць? Магчыма, лепш падыходзіць тэрмін «адчужэнне»? Калі прыняць апошнюю азнаку, то менавіта ў стане ўзаемнага адчужэння асноўныя групы насельніцтва Гродна перагарнулі наступную старонку гісторыі горада: верасень 1939 года. Яўрэі, хаця і былі моцна падзеленыя сацыяльна (самыя багатыя і самыя бедныя гродзенцы), сустрэлі Чырвоную Армію… спакойна. Як мінімум, не супраціўляліся, як максімум — дапамагалі. Шмат для каго гэта быў «маўклівы рэванш» за папярэднія крыўды і прыніжэнні.

Ежы Кежкоўскі ўзгадвае, што яўрэі, якія прытрымліваліся камуністычных поглядаў, нападалі на польскія часткі, што адыходзілі з Гродна ў верасні 1939-га. Калі ж прыйшлі Саветы, пачаліся арышты і канфіскацыі, мясцовыя на новую ўладу «ўзлаваліся». «…А кожны яўрэй, які раней меў краму, пры Саветах адразу стаў начальнікам, — працягвае Ежы Мар’янавіч. — Хутка яны адмаўляліся ад крамаў. Казалі, што яны старыя марксісты, і дзесьці дакументы знаходзілі. Яўрэям больш верылі, чым падпольшчыкам-беларусам і палякам».

Падобнымі ўспамінамі дзеліцца і Генрых Юхневіч, распавядаючы, як яўрэі паставілі ля сінагогі кулямёт, каб страляць па адыходзячых паляках. Стралялі, маўляў, таксама з вокнаў, а палякі — у адказ: «У нас з дому гэта ўсё добра было відаць. Ужо пасля прыходу бальшавікоў адных малых яўрэйчыкаў мы білі за тое, што яны спявалі камуністычныя песні. Памятаю, на Замкавай мне казалі яўрэі: “Няма тваёй Польшчы, у дупе твая Польшча!” Біліся за гэта».

Узгадвае пра ролю яўрэяў у 1939 годзе і Стэфан Хоцей, адзін з удзельнікаў абароны горада: «…А тое, што ў Гродна прыйдуць Саветы, то мы нават і паняцця не мелі. (…) Тады ніхто нічога не ведаў. Толькі камуністы і яўрэі рыхтаваліся да прыходу Саветаў. Апраналі чырвоныя павязкі, стваралі сваю міліцыю і паказвалі, як праехаць. Казалі, што на іншай частцы берага Нёмана, каля тытунёвай фабрыкі, яны нават паставілі прывітальную браму Саветам».

Савецкія танкі на подступах да Гродна, ілюстрацыя з савецкай тагачаснай прэсы


Згодна з гарадской легендай, той самы Штэйнер, які забіў Уладзіслава Кушча ў 1935-м і быў асуджаны на 12 гадоў турмы, у 1939-м асабіста ехаў на савецкім танку і паказваў чырвонаармейцам дарогу. Зразумела, што легенда не мае ніякіх пацвярджэнняў і, найхутчэй, з’яўляецца цалкам фальклорным сюжэтам. Разам з тым, як гэта часта бывае з міфамі, гэта вельмі цікавае сведчанне пошуку ўзаемных сувязяў паміж цалкам рознымі падзеямі, якое дапамагае лепш аднавіць логіку аднаго з канфліктуючых бакоў.

І яшчэ адна цікавостка. Абаронцаў Гродна 1939 года, якія дажылі да суда, а не былі раскатаныя танкамі ці расстраляныя па ўскрайках гораду, новая ўлада звінаваціла не ва ўзброеным супраціве, іх не ўзялі ў палон як вайскоўцаў. Паводле савецкай прэсы, у горадзе, паміж адыходам польскіх рэгулярных частак і прыбыццём Саветаў, адбываліся… пагромы. Так, менавіта пагромы, «справакаваныя бела-палякамі ды люмпенамі». Адно, што выракі «пагромшчыкам» былі зусім не такія мяккія, як сапраўдным пагромшчыкам у 1935 годзе. Сумная іронія лёсу.


Памятаць 1935-ы, каб зразумець 1939-ы і 1941-ы

У Гродне на вуліцы Замкавай сёння можна заўважыць мемарыяльную шыльду ды сімвалічны «ўваход у гета». Каля яе амаль штодня спыняюцца турыстычныя групы. Халакосту ў Гродне прысвечаныя папулярныя і навуковыя публікацыі, кнігі, ёсць нават анімаваныя экскурсіі. Памяць пра пагром 1935-га і міжваенны антысемітызм як з’яву — наўпрост адсутнічае. Пра гэта няма нічога ані ў дзяржаўным Гісторыка-археалагічным музеі, ані ў Музеі гісторыі рэлігіі, ані ў музейчыку, што месціцца ў дзеючай харальнай сінагозе. Нават у працы гісторыка Іллі Мараша «Старонкі гісторыі Гродзенскай яўрэйскай грамады» пагрому прысвечаны ўсяго адзін абзац. Эканамічнаму байкоту з боку палякаў у 1930-я — адзін сказ… Дзяржаўныя выданні, як і выданні польскай меншасці, пра гэтыя падзеі таксама маўчаць. У гарадской прасторы памяць пра пагром аніякім чынам не пазначана.

Антысеміцкая маніфестацыя з патрабаваннем гета для яўрэяў у міжваенным Львове


У прэсе ды папулярных выданнях вельмі часта малюецца ідылічны вобраз міжваеннага Гродна. Ідэальны горад, дзе пахне кавай, з рэстаранаў гучыць музыка, а ў крамах поўна апельсінаў ды ананасаў. Пасля прыйшлі «злыя» Саветы, пачаліся арышты, высылкі ды рэквізіцыі. А пасля прыйшлі яшчэ больш «злыя» немцы, зачысцілі тых, хто застаўся, а яўрэяў наогул вынішчылі пад корань. Падаецца, што гэта вельмі спрошчаная мадэль, якая пакідае занадта шмат пытанняў. Хто і чаму сустракаў Саветы ў 1939-м? Чаму частка гродзенцаў лаяльна паставіліся да нямецкай палітыкі ў дачыненні да яўрэяў, а пры нагодзе скарысталася магчымасцю атрымаць з гэтага эканамічны профіт?

Ці здольныя мы без разумення міжэтнічных канфліктаў 1930-х зразумець падзеі 1939 года ды наступныя 1941–1944-га? Калі зыходзіць з таго, што перадгісторыю ўсё ж варта ўлічваць, то трэба ўсяго толькі не заплюшчваць вочы на непрыемныя для некага гістарычныя падзеі, паспрабаваць разабрацца ў іх, навучыцца размаўляць паміж сабою (супольная канферэнцыя беларускіх, польскіх і яўрэйскіх гісторыкаў магла б стаць добрым пачаткам), усё памятаць, і — усё прабачыць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: