Жаночымі імёнамі стракацяць следчыя і турэмныя справы

8-га сакавіка для зняволеных жанчын было доўгачаканым святам. Надзея на амністыю сагравала душу. Пасяджэнне 6 сакавіка 1924 года камісіі па амністыі разглядала справы слуцкіх жанчын. Кутылоўскай-Сокал, Свірскай, Кульчыцкай і Кудзіноўскай у амністыі было адмоўлена.
Рух нацыянальнага Адраджэння першай чвэрці ХХ стагоддзя, нацыятворчыя працэсы на руінах Расійскай імперыі ўзнялі хвалю сацыяльнай актыўнасці жанчын. Што вельмі нагадвае такі ж уздым жаночай дзейнасці ў 1990-я, калі як гарох з развязанага меху пасыпаліся жаночыя грамадскія ініцыятывы і арганізацыі.

Выразны жаночы твар палітыкі мы назіралі і назіраем у нашыя дні. І гэта не марш пустых рондаляў, а ўдзел у палітычным вызвольным руху.

Працэс фарміравання нацыянальнай эліты, рухавікоў прагрэса ў сваёй краіне прадугледжвае з’яўленне адукаваных, палітычна свядомых, пасіянарных «дачок нацыі». Яскравых прыкладаў удзелу жанчын у экстрэмальных формах барацьбы за лепшую будучыню, нават са зброяй у руках у гісторыі Беларусі хапае.
Удзельнікі канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх леварадыкальных арганізацый у Гданьску

Удзельнікі канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх леварадыкальных арганізацый у Гданьску

Слуцкія жанчыны

У другой палове 1990-х нехта (не памятаю, на жаль, хто) падказаў мне, што на вуліцы Кнорына ў Мінску жыве дачка аднаго з арганізатараў Слуцкага паўстання Георгія (Юркі) Лістапада Ніна Лістапад. На той момант я перажыла сапраўдны шок. Як яна і яе маці захаваліся ў жыцці пасля трагічнага жыццёвага фіналу Лістапада, мужа і бацькі, удзельніка Слуцкага збройнага чыну? Пасля жорсткага пераследу, трох арыштаў Георгій Лістапад у 1938 годзе быў расстраляны ў 5-м аддзяленні БАМлагу.

Жаночы след у Слуцкіх падзеях застаўся амаль незаўважаным. Такая традыцыя гендарнай няроўнасці, калі жанчыны застаюцца ў ценю вялікай палітычнай гісторыі. Зразумела, што слуцкія жанчыны не былі абыякавымі да тых драматычных падзей. Але пра іх учынкі, матывацыю паводзін, самаахвярнасць мы амаль нічога не ведаем. Няма сюжэтаў, якія былі б прысвечаны маці афіцэраў і шараговых Слуцкай Брыгады. А хто служыў у шпіталі, які быў разгорнуты ў Семежава? Дарэчы, адна з вуліц (ці пэўная тэрыторыя мясцовасці) да гэтага часу мае назву Шпіталь.

Шырока вядомы здымак сцяга Першага Слуцкага палка БНР, які жанчыны вышылі і перадалі паўстанцам з кранальным узнёслым надпісам: «Тым, што першыя паўсталі ды пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына». На жаль, імя жанчын крыніцы не раскрываюць. Сярод дзеячоў Беларускага фронту прамільгнула імя Любы Зяньковіч, партыйнай актывісткі, кур’ера Рады Случчыны. Яна выконвала складаныя рызыкоўныя заданні па дастаўцы інфармацыі, грошай з Мінску для паўстанцаў. Вядома, што Любоў эмігравала ў Прагу, там скончыла ўніверсітэт, выйшла замуж за прафесара. І дадаць больш няма чаго.

Слуцкія жанчыны падаюць яскравыя прыклады патрыятычнай паставы і канкрэтнай дзейнасці. Трэба падкрэсліць, што яны розныя па статусу, адукацыі, узросту, гараджанкі і вясковыя кабеты, пакліканыя на фронт хто партыяй, а хто пачуццямі.

Сяргей Бусел, адзін з актыўных дзеячаў партыі Беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў і рупліўцаў беларускай справы, які пакінуў успаміны пра драматычныя дні напярэдадні паўстання, што ўзварушылі і горад, і вёску, узгадаў «памятны для яго дзень». У хату прыбегла «кабета-суседка ды й кажа мне: “Чаго ты тут сядзіш? Я чула, што ў Слуцку збіраецца Беларусь”». Яна літаральна ўзняла юнака з лавы, дала ў плечы, і хлопец рушыў у Слуцк на фурманцы, якую ахвяравала яму вясковая грамада. Такія гісторыі з прысутнасцю жанчын у тых падзеях не часта, на жаль, сустракаюцца ў дакументальных сведчаннях. Фрагмент невялічкі, але вельмі глыбокі па змесце, перадае настроі вясковых жанчын.

Маці згаданай Ніны Лістапад Марыя Стагановіч і яе сястра Людміла Стагановіч — выбітныя актывісткі партыі Беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, яе найбольш паспяховай Слуцкай філіі, партыі, якая адыграла ролю арганізатара Слуцкага паўстання ўвосень 1920 года. Амаль кожная вёска на Случчыне, дзе адкрылася ў той час беларуская школа, мела па-першае, гурток беларусазнаўства, па-другое — эсэраўскую суполку.

Сёстры Стагановіч Марыя і Людміла, злева жонка Юркі Лістапада

Сёстры Стагановіч Марыя і Людміла, злева жонка Юркі Лістапада

З 1917 года крок за крокам услед за слуцкай «Папараць-кветкай» набывала вядомасць «Зарніца» — культурна-асветніцкі гурток у вёсцы Старыца (зараз Капыльскі раён). Напярэдадні новага, 1918 года, газета «Вольная Беларусь» надрукавала Статут арганізацыі і спіс 12 сяброў, сярод іх — настаўніцы Марыя і Людміла Стагановічы. Яшчэ ў лістападзе 1917-га гурток выступіў з праграмай, якая прадугледжвала змаганне за Беларусь, беларускую мову ў школах, пабудову беларускага войска. Галоўнай турботаю «Зарніцы» было набыццё беларускіх кніжак. Жанчыны звярталіся нават у агітацыйна-выдавецкі аддзел Беларускага Нацыянальнага камітэту ў Петраградзе з просьбаю выслаць «накладною платаю» кніжкі па беларускіх палітычных пытаннях, матэрыялы Першага Беларускага кангрэсу, штотыднёвік «Чырвоны шлях» і «Беларускую крыніцу».

Беларуская школа, яе маладыя настаўніцы рыхтавалі глебу для нацыянальнага ўздыму.

Справа «Крот»

Праглядаючы фонд Мінскай турмы, я натрапіла на так званую «справу 14» 1921 года. Дакументы — а гэта танюткія сшыткі, на жаль, з мінімумам інфармацыі пра арыштантаў — мелі прыпіску, што «справа 14» адносіцца да чэкісцкай аперацыі «Крот» па ліквідацыі контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Слуцку. На ўсіх дакументах суправаджальны надпіс: «накіраваць следчаму Шульману». Аперацыю па знішчэнні пратэснага руху ў Слуцку і павеце ўзначальваў чэкіст Аркадзь Шульман, які адзначыўся ў дакументах партыйнай кантрольнай камісіі як хабарнік і забойца.

У верасні 1921 года, як сведчаць архівы рэвалюцыйнага ваеннага трыбунала, у гэтую установу звярнулася Цэнтральная кантрольная камісія пры ЦК ВКП(б) з просьбай даслаць справу па абвінавачанню упаўнаважаных ЧК Шульмана і Кетлінга ў збіцці арыштаваных у Слуцку. Гэта якраз пад час ажыццяўлення аперацыі «Крот» чэкісты далі волю рукам. Водгукі пра геройствы і свавольства дзяржынцаў дакаціліся да Масквы, але гэта не паўплывала на іх кар’еру. Следчы Шульман не трапіў у зорны шэраг чэкістаў-энкавэдзістаў. Пра яго вядома няшмат. У творах Салжаніцына і Гуля ўзгадваецца «крывавы камендант», «камендант смерці» Тыфліскай ДПУ, какаініст і сексуальны вычварэнец з такім прозвішчам. Шульман, што шчыраваў у Слуцку, паходзіў з Херсону.
У турэмных крыніцах па справе «14» фігуруюць знаёмыя нам імёны Людмілы Стагановіч і Марыі Стагановіч (Лістапад).

Слуцкая турма мела дурную славу. Пасля таго, як адна з арыштаваных жанчын (гэта была Марыя Стагановіч) пад час допыту ў Слуцкім ДОПРы (Дом грамадска-прымусовых работ) паспрабавала скончыць жыццё самагубствам і нарабіла ляманту на ўсю турму і нават на ўвесь горад, таму што следчы спрабаваў яе згвалціць. Павятовы пракурор мусіў завесці справу на следчага, дзе адзначыў, што арыштаваных Асобым пастом памежнага аддзялення дзяўчат следчы Давід Бярозкін распранаў дагала быццам бы да вобшуку… Дзяўчына спрабавала выкінуцца з вакна. Дзеянні былі прызнаны «дыскрэдытуючымі чэкіста». Следчага Бярозкіна і яго сябру Вішнеўскага, які не прадухіліў дзеянні чэкіста, а наадварот, дапамагаў трымаць жанчын, судзілі. Нават паўгода гвалтаўнікі правялі ў асобных (як чэкісты і гвалтаўнікі) камерах Мінскай турмы, але вельмі хутка апынуліся на волі.

Марыя, якая адразу дала адпор гнюснаму Бярозкіну, была тэрмінова пераведзена ў Мінскую турму. Так пачынаўся шлях пакутаў, які прывёў яе пасля гібелі мужа ў Ашхабад. Там, у Туркменіі яна затрымалася надоўга. Там і ўратавала жыццё разам з дачкой Нінай. Цікава, што гэту гісторыю ўпершыню я пачула з вуснаў Ніны Георгіеўны, але гісторыя гвалту быццам бы адбылася з сястрой Людмілай. А з архіўных крыніц, якія асвятлялі нахабнае самавольства двух маладзёнаў у Слуцкай турме ў адносінах да маладых жанчын, я даведалася, што менавіта яе маці перажыла жудаснае выпрабаванне. Траўма была такой сілы, што жанчына распавяла сваім блізкім аб перажытым, але гераіняй гісторыі стала яе сястра.

Контррэвалюцыйнае гняздо ў Слуцку

Шпіёны, дыверсанты, тэрарысты, кантрабандысты літаральна наваднілі тэрыторыі ўздоўж новай дзяржаўнай мяжы. Шпіянаж быў працягам супраціву, сродкам узмацнення апазіцыі. Антысавецкія групы (Камітэты) існавалі амаль у кожным горадзе на беларускай савецкай тэрыторыі. Слуцк не быў выключэннем. Горад і пасля паўстання не заціхаў, актыўнасць віравала ў падполлі. Былыя паўстанцы далучаліся да антысавецкіх праектаў, якія прапаноўвалі замежныя цэнтры. Слуцк патрапіў у шырока разгалінаваную сетку буйной антысавецкай арганізацыі «Народнага саюза абароны радзімы і свабоды» (НСАРС) на чале з вядомым Барысам Савінковым. Былы эсэр-тэрарыст змог аб’яднаць прадстаўнікоў самых розных палітычных плыняў і заключыць пагадненне з беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі — Беларускім Палітычным Камітэтам і баевікамі «Зялёнага Дуба» для падрыхтоўкі агульнага антысавецкага паўстання. Праект прадугледжваў стварэнне сеткі так званых Інфармацыйных бюро ўздоўж мяжы. Для ініцыятараў узброенай акцыі, якая была запланавана на канец жніўня 1921 года, выкарыстанне агентаў было важным інструментам для падрыхтоўкі і мабілізацыі новых людзей. Але ж падполле, і слуцкае не выключэнне, было прасякнутае чэкісцкай агентурай, таму «зачыстка» горада адбылася даволі хутка.

Чэкісты ў час аперацыі «Крот» у мяцежным Слуцку і павеце выявілі шмат жанчын —«контррэвалюцыянерак і шпіёнак». На іх долю выпалі цяжкія выпрабаванні. Намаганнямі Шульмана было затрымана нашмат болей, чым 14 асоб. Арышты адбыліся якраз у ліпені-жніўні 1921-га. Па «справе 14» праходзілі слуцкія актывісткі, прыхільніцы партыі эсэраў Марыя Несцярэнка, Вольга Дыла, Надзея Белагаловік, узгаданыя сёстры Стагановіч і іншыя. Дзясяткі жанчын, якія атрымалі вялікія па тых часах тэрміны — 5-6 гадоў, фігуруюць у «шпіёнскіх» спісах. Сустракаюцца і знаёмыя прозвішчы: Ефрасіння Рэўт, сястра начальніка контрвыведкі Слуцкай Брыгады, была затрымана за контррэвалюцыю. Алена Кутылоўская-Сокал абвінавачвалася ў контррэвалюцыі і шпіянажы, таксама як і Алена Свірская, Варвара Кульчыцкая...

У вартавым памяшканні Асобага аддзела памежнага аддзяленняў №4 (Слуцкае) ў жніўні чэкісты сабралі 28 чалавек. Усе яны былі з групы «падтрымкі» атамана, кіраўніка партызанскага аддзела на Случчыне Ігната Шпакоўскага. Большасць арыштаваных, якіх спачатку планавалі перадаць у Смаленскую катаржную турму, а потым этапавалі ў Мінск, складалі жанчыны: сёстры, жонкі, каханкі, проста аднавяскоўцы галоўных фігурантаў. 16-гадовая сястра «палявога камандзіра» Шпакоўскага Канстанцыя трапіла адразу ў падвалы ЧК. Толькі ў лютым 1923 года яна апынулася ў Мінскай турме.

8-е сакавіка для зняволеных жанчын было доўгачаканым святам. Надзея на амністыю сагравала душу. Пасяджэнне 6 сакавіка 1924 года камісіі па амністыі разглядала справы слуцкіх жанчын. Кутылоўскай-Сокал, якая на той момант сядзела ўжо 22 месяцы з 6 гадоў прысуду, Свірскай, асуджанай на 8 гадоў, іх сяброўкам і саўдзельніцам па справе Шпакоўскага Кульчыцкай і Кудзіноўскай у амністыі было адмоўлена. Прысуд за «палітыку» пазбаўляў жанчын магчымасці выйсці на волю. У той час як утрымальніцы крымінальных «малін» і прытонаў секс-паслуг болей чым два месяцы ў вязніцы не затрымліваліся.

Жаночымі імёнамі стракацяць следчыя і турэмныя справы. Артыкулы, па якіх яны атрымлівалі сур’ёзныя тэрміны, — 66-ты, 61-ы, 98-ы — контррэвалюцыя, дапамога міжнароднай буржуазіі, імкненне да звяржэння савецкай улады, шпіянаж. Як правіла, дзяўчаты былі пісьменныя, ведалі справаводства, бухгалтэрыю. «Педагагічкі», краўчыхі былі вельмі запатрабаваныя ў турэмных школах, майстэрнях. Пісьменная Марыя Кіўла, якая была арыштаваная разам з бацькам, супрацоўнікам Слуцкага выканкама, заняла пасаду загадчыцы буфета ў канцлагеры, работніцамі лагернага «общепита» сталі яе сяброўкі Кудзіноўская і Жукоўская.

Яшчэ адна форма пакарання жанчын — высылка за межы Беларусі — усё шырэй практыкавалася з 1921 года. Адрасы высылкі былі розныя: Волагда, Іркуцк, Арэнбург, Нованікалаеўск (Навасібірск), Салаўкі.

Жаночая гісторыя Беларускага Адраджэння менш вядомая, але не менш бліскучая і натхняльная, драматычная і надзвычайная. І калі на вуліцы Мінска сёння выходзяць жанчыны і патрабуюць «іншай» палітыкі, гэта таксама чарговае звяно нацыятворчага ланцугу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: