Запальваць і перадаваць агонь. Памяці Міхася Чарняўскага

Рабі пільна — і тут будзе Вільня, здаўна казалі продкі. Выбітны беларускі гісторык і археолаг Міхась Чарняўскі быў адным з тых, хто разумеў і кіраваўся гэтай показкай у жыцці.
Магіла Міхася Чарняўскага ў вёсцы Круці

Магіла Міхася Чарняўскага ў вёсцы Круці

У панядзелак, 20 студзеня, споўнілася сем гадоў, як Міхась Міхайлавіч пайшоў з жыцця. Але памяць аб ім, як і яго справа, працягваюць жыць. У дзень памяці археолага некалькі энтузіястаў — менеджар культурніцкіх праектаў і кіраўнік крамы беларускіх падарункаў Imbryk.by Алесь Мазанік, кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі, мастак, экскурсавод і спявак Ян Мяльніцкі ды маўклівы кіроўца Ігар — зладзілі вандроўку па месцах, так ці іначай звязаных з жыццём і дзейнасцю Міхася Міхайлавіча. Да кампаніі далучылася і журналістка «Новага Часу».

— З Міхасём Міхайлавічам мы пазнаёміліся, калі мне было гадоў 25. Ён быў для мяне настаўнікам па жыцці. Натхніў мяне быць не столькі сваім паслядоўнікам, колькі захоўваць і працягваць справу беларушчыны. Гэта чалавек, які ўмеў запальваць — як Кулік, Ермаловіч, Пазьняк. Усе яны былі цэлымі інстытутамі ў адным чалавеку, — кажа Алесь Мазанік, ініцыятар паездкі. — Для мяне гэтая вандроўка — магчымасць падзякаваць Міхасю Чарняўскаму, а заадно ўшанаваць памяць тых, каго з намі ўжо няма.

Алесь Мазанік

Алесь Мазанік

Першым нашым прыпынкам сталі могілкі ў вёсцы Плябань, дзе пахаваныя паўстанцы 1863-1864 гадоў. Яны загінулі ў баі з царскай арміяй у сакавіку 1863 года ля вёсак Свечкі і Плябань. Пасярод старадаўніх могілак узвышаецца вялікі камень з шыльдай, на якой пералічаныя імёны змагароў: Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі.  

Гэты помнік паўстаў тут непасрэдна дзякуючы намаганням і абачлівасці Міхася Чарняўскага ды Зянона Пазьняка.

«Раз сядзім ля касцёла ў Красным. Нейкі дзядзька ідзе, разгаварыліся. А, кажа, ёсць побач, у Плябані, магіла мяцежнікаў. Прыходзім — дзікія кусты. Паляўнічым ножам прасякаў дарожку. Трапляем у цэнтр, на пагорак — бачым камень, паліраваны куб такі, з прозвішчамі: Бакшанскі, Ямант і высечанымі словамі Пілсудскага. Пры паляках, у 1920-я гады паставілі.

Мы пасля сталі там рабіць суботнікі. Увялі ў вушы раённаму начальству, што можна помнік паставіць.
Перад прыездам камісіі я спехам выкапаў яму і той камень кульнуў у яе — цытатай Пілсудскага ўніз. Каб пабачылі — збаяліся б ставіць помнік. А так прыцягнулі вайсковым цягачом вялізны валун, табліцу памятную павесілі — яе выдраў пасля хтосьці і скраў…», — узгадваў сам Міхась Чарняўскі.

Алесь Мазанік упершыню трапіў на гэтае месца некалькі гадоў таму, калі некрапалістка Вольга Сямашка, якая ўратавала плябанскія (і не толькі) могілкі ад занядбання, зладзіла збор сродкаў на выданне кнігі Вячаслава Шведа «Рэквіем паўстанцам 1863 – 1864 гг. (Гродзенская губерня)». Падарожжа ў Плябань было падзякай ахвярадаўцам, а Алесь тады праводзіў віктарыну, прысвечаную тэме паўстання.

А Ян Мяльніцкі, які вучыўся ў ліцэі з сынамі Міхася Чарняўскага Максімам, апошні раз быў на плябанскіх могілках 27 гадоў таму, калі прымаў скаўцкую прысягу.

— Гэта быў 1993 год, тады была хваля адраджэнскага руху. Здавалася, што гэта будзе развівацца надалей, а тое, што адбылося пазней, падавалася немагчымым. І вось напачатку 1990-х было створана Аб’яднанне беларускіх скаўтаў. Праводзіліся летнікі, да нас прыязджалі замежныя скаўты і нашыя скаўты ездзілі за мяжу, у тым ліку Максім Чарняўскі. Бо мэта скаўцкага руху паўсюль аднолькавая — выхаванне ўсебакова развітага чалавека. І калі я ўзгадваю Плябань, разумею, што мы, па-сутнасці, працягваем гэтую справу.



Недалёка ад Плябані раскінулася вёска Краснае, дзе на тутэйшых каталіцкіх («польскіх», як патлумачыў нам мясцовы жыхар) могілках захавалася магіла паўстанца Ігната Абрамовіча, які пражыў ці тое 106, ці тое 108 гадоў. Вядома, мы не маглі абмінуць гэтае месца!

Ігнат Абрамовіч нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў 1836 ці ў 1839 годзе. Падчас паўстання маёмасць яго сям’і канфіскавалі, а будынак радавой сядзібы царскія войскі спалілі разам з целамі забітых сваякоў. За ўдзел у паўстанні Абрамовіч адбыў 12 год на катарзе ў Сібіры. Па вяртанні жыў ля польскай Чанстаховы, пазней перабраўся ў Краснае, дзе пражыў да самай смерці ў 1944 годзе.

Помнік на магіле паўстанца хоць і старэнькі, але дагледжаны: літары падведзеныя вохрай, ланцугі агароджы захавалі рэшткі бел-чырвона-белай фарбы. Як і ў Плябані, вандроўнікі павязалі на крыж бел-чырвона-белую стужку, запалілі знічку, памаліліся, і рушылі далей.

Далейшы шлях пралягаў праз Маладзечна, дзе мы спыніліся, каб адведаць два помнікі.

Першы — памятны камень выбітнаму маладзечанскаму гісторыку, апантанаму даследчыку спадчыны ВКЛ і ганароваму грамадзяніну Маладзечна Міколу Ермаловічу. Гэты знак быў усталяваны ў 2003 годзе намаганнямі актывістаў мінскага клубу «Спадчына» і яго кіраўніка Анатоля Белага, пры падтрымцы мясцовых уладаў.

А ў глыбіні мясцовага Парка Перамогі месціцца яшчэ адзін знакавы помнік — мемарыяльны знак «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі». Усталяваны ў 1993 годзе з нагоды 75-годдня БНР і асвечаны святарамі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, ён неаднаразова мяняў месцазнаходжанне, бо замінаў мясцовым уладам. Але цяпер, хоць і перанесены з цэнтральнай плошчы ў цень парка,помнік выглядае дагледжаным, месца расколу на камні клапатліва замаскіравалі выкутай галінкай, ля падножжа ўсталяваны вянок, а вакол знака ўзараны кветнік.

У Маладзече і ваколіцах можна знайсці шмат цікавостак, але наступным пунктам нашага маршрута значылася вёска Круці, што на Мядзельшчыне, — радзіма і месца спачыну Міхася Чарняўскага.

Гэта маленькая вёсачка, падобная на сотні гэткіх жа ціхіх, амаль пакінутых вёсак, раскінутых па ўсёй Беларусі. Мясцовыя могілкі, што падступаюць да самых хат, такія ж мініяцюрныя, але вельмі дагледжаныя. Ля парэпанай, але яшчэ трывалай драўлянай агароджы цвінтара стосам складзеныя свежапафарбаваныя пралёты будучага новага плоту. Калі ёсць, каму клапаціцца пра магілы, значыць, вёска яшчэ жыве.

Магілу Міхася Чарняўскага бачна адразу: размешчаная на ўскрайку кладаў, яна вылучаецца стромкім мармуровым крыжам. На надмагіллі — барэльефны партрэт археолага і словы, якія сталі дэвізам яго жыцця: «Беларусь перадусім». Мармуровая пліта, якая накрыла магільны курган, выканана ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга. Гэты помнік стварыў скульптар Алесь Шатэрнік, усталявалі яго напярэдадні другой гадавіны з дня смерці Міхася Чарняўскага.

— Міхась Міхайлавіч заўсёды быў такім жыўчыкам, што навіна пра яго смерць стала агаломшвальнай, — узгадвае Алесь Мазанік. — Разам з Глебам Лабадзенкам мы тады збіралі грошы на перавыданне кнігі пра антысавецкі супраціў, і вырашылі, што сродкі, якія застануцца, будуць перададзеныя сям’і на помнік. Вядома, ён каштаваў значна больш, таму былі і іншыя ініцыятывы па збору сродкаў.

Алесь Чахольскі не быў асабіста знаёмы з Міхасём Чарняўскім, але перакананы, што яго ўнёсак у незалежную Беларусь неацэнны.

— Ён вырасціў вучняў, якія стаяць на прабеларускіх пазіцыях. Гэта прыклад беларуса, якому не трэба малявацца, які проста робіць сваю працу, нябачную, няўдзячную, але для краіны гэта дае плён. Менавіта на такіх людзях трымаецца краіна і падрастае эліта, без якой краіна немагчымая.

Алесь Чахольскі

Алесь Чахольскі

І з гэтым нельга не пагадзіцца, думаю я, выпраўляючыся з Круцяў разам са сваімі спадарожнікамі ў апошні пункт нашага маршруту — вёску Уладыкі на Вілейшчыне, каб пакланіцца яшчэ аднаму месцу спачыну паўстанцаў Каліноўскага. Праблукаўшы па бездарожжы пад ужо сцямнелым небам, грукаемся ў адну з хат, дзе мясцовы жыхар тлумачыць нам, як знайсці магілу паўстанцаў: трэба збочыць у лес ля падзеленай на тры часткі сасны, прайсці 50 метраў, потым павярнуць, а там ужо будзе бачна.

Сапраўды, бачым: сярод лесу на агароджаным лапіку з шыльдай «Воінскае пахаванне», аточаны некалькімі магіламі загінулых ад фашыстаў мясцовых жыхароў, высіцца трывалы крыж, а пад ім — вялікая каменная пліта з узятымі ў вянок лічбамі «1863».

Такая праўда жыцця: для таго, каб знайсці неацэнны скарб, здабыць сапраўдную каштоўнасць, часам даводзіцца блукаць не ў трох, а ў трох сотнях соснаў. Бо шлях — да свабоды, свядомасці, праўды, сумлення — ніколі не бывае лёгкім. Але пачаць яго можа кожны, і гэта не патрабуе невялікіх высілкаў. Не абавязкова ехаць у Вільню, каб адведаць магілы паўстанцаў. Давайце ўшаноўваць памяць герояў — сівой даўніны і недалёкага мінулага — у беларускіх вёсках, дзе іх магілы нярэдка занядбаныя, няма іх дакладных каардынатаў, а часам і дарог, якія б да іх вялі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: