Якой была беларуская вёска?

Беларускія вёскі першай паловы ХІХ стагоддзя, як і гарады,былі непадобныя да сучасных. Апынуўшыся ў роднай вёсцы або ў вёсцы сваіх дзядоў і бабуляў дзвесце гадоў таму, вы пазналі б у лепшым выпадку старадаўнія царкву ці касцёл, а яшчэ, можа, наваколле: рэчку ці возера, зялёную сцяну лесу на даляглядзе або курганы пасярод поля.

Музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах

Добры дзень у хату!

Хаты ў Літве-Беларусі сяляне здавён будавалі з яловых ці хваёвых бярвёнаў. Ніжняе бярвенне ў зрубе — падруба — было дубовае. Падрубы часта клалі на вялікія камяні або на дубовыя калоды. Вакол хаты цягнулася земляная прызба, што бараніла жытло ад холаду і вільгаці. Ганкам нярэдка служылі шырокая пляскатая калода або такой самай формы камень.

Маленькія курныя хаты адышлі ў мінулае. Цяпер дым ад цаглянай, глінабітнай або каменнай печы выходзіў у комін. У хатах з’явіліся сенцы і адзін ці два жылыя пакоі. Падлога была амаль паўсюль земляная ці глінабітная і называлася токам або долам. Ад печы ўсцяж глухой сцяны на вышыні ў палову чалавечага роста цягнуўся пол — спальны памост. На ім ляжалі напханыя сенам ці саломаю матрацы-сеннікі, падушкі і посцілкі.

Замест даўнейшых вырабленых скураў ці пухіроў жывёл у невялікіх вокнах з’явіліся шыбы з не надта якаснага шкла з вясёлкавымі разводамі. Добра, калі ў вокны зазірала сонца. А вось у цёмную пару хату крыху асвятляў толькі цьмяны агеньчык ад запаленай лучыны.

Ніжэй вокнаў амаль на ўсю даўжыню сцен цягнуліся лавы. З таго кута, дзе лавы сыходзіліся, глядзелі на людзей з-пад столі Ісус Хрыстос з Маці Божай ды іншыя святыя. Абразы з іх выявамі з любасцю аздаблялі ручнікамі-набожнікамі.

Гэтае надзвычай важнае ў хаце месца называлася покуццю. На засланым саматканым абрусам стале, які стаяў на покуці, звычайна пакідалі накрыты ручніком бохан хлеба. Менавіта на покуці сядаў за стол гаспадар, калі сям’я абедала або вячэрала. На покуць саджалі і ганаровага госця.


За сялянскім сталом

Беларусы здаўна займаліся насамперш земляробствам, што давала збожжа. Таму асноўным прадуктам харчавання ў вяскоўцаў быў хлеб з жытняй мукі. У яе часта дамешвалі ячменную, пшанічную, грэцкую ці аўсяную. Апрача хлеба з мукі варылі кашы, рабілі клёцкі, пяклі бліны, а на святы — пірагі.

Сялянскія гароды давалі капусту, буракі, моркву, рэпу. Капусту варылі, тушылі і квасілі. З буракоў рабілі смачныя халаднікі. Гаспадыні ведалі, што можна прыгатаваць сям’і з бобу і гароху. У ХІХ стагоддзі на стале пачалі з’яўляцца разнастайныя стравы з невядомай раней бульбы.

Мяснымі стравамі з свініны, ялавічыны, дзічыны сяляне частаваліся пераважна на святы, асабліва на зімовыя, бо перад Калядамі гаспадары калолі вепручкоў. З мяса і вантробаў выраблялі каўбасы, каўбухі (кіндзюкі), сальцісоны. На святочны стол выносілі вяленыя паляндвіцы і вэнджаныя кумпякі. Ды святы хутка міналіся, і заашчаджаныя каўбасы з салам прыхоўвалі да цяжкой летняй працы: сенакосу, жніва, малацьбы.

Як ні дзіўна, малочных страваў у вёсках спажывалі няшмат. Каровы не давалі вялікіх надояў, а ў статках было нямала валоў. Святочным прысмакам лічыўся высушаны тварожны сыр, куды дадавалі кмен. Такі сыр калолі нажом і давалі дзецям смактаць замест цукерак.

Цягам года сяляне трымалі некалькі доўгіх пастоў, калі забаронена ўжываць ежу жывёльнага паходжання. У гэтыя дні незаменнай рабілася злоўленая у рацэ ці возеры рыба, якую смажылі, салілі і вэндзілі. З яе гатавалі посныя клёцкі, варылі юшку. На свята сялянская сям’я магла паласавацца і прывезеным з кірмаша селядцом. Пад час пастоў прыдаваліся нарыхтаваныя загадзя салёныя або сушаныя грыбы.

Сялянскія стравы былі нескладаныя, але сытныя. На стол падавалі з печы свежапрыгатаваную ежу. Ставіць астылую або разагрэтую паводле адвечнага звычаю забаранялася.

Вяскоўцы ў тыя часы ведалі смак і піва, і хмельнага мёду, аднак пілі пераважна квасы, бярозавы і кляновы сокі, узвары з ягадаў і садавіны.

Увесну ў незаможных сялянскіх хатах харчовыя запасы хутка сканчаліся. Даводзілася часам есці крапіву, шчаўе, лебяду, бацвінне і нават маладыя парасткі хвоек. Голад, асабліва ў неўраджайныя гады, быў у беларускай вёсцы частым госцем. Разам з ім прыходзілі і хваробы, а то і пошасці-эпідэміі.

Музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах


Саха і фабрычны варштат

У адсталай Расеі вясковы люд цярпеў цяжэйшы, чым у Вялікім Княстве Літоўскім, прыгнёт. Царыца Кацярына ІІ і цар Павел І шчодра раздавалі беларускіх сялян сваім дваранам. За трыццаць гадоў прыгоннымі расейскіх памешчыкаў зрабілася паўмільёна беларусаў. Наогул жа доля прыгонных сялян у беларускіх губернях хутка стала вышэйшай, чым у глыбіні імперыі.

Раней вяскоўцы плацілі гаспадарам за карыстанне зямельным надзелам грашовы аброк — чынш. Пад чужынскім расейскім ярмом на змену чыншу прыйшла паншчына — цяжкая і амаль штодзённая праца на панскіх палях. Апрача яе сяляне выконвалі цэлы шэраг нялёгкіх павіннасцей: згоны (калі ўсіх зганялі на тэрміновыя работы), будаўніцтва і рамонт дарог і мастоў, падводную павіннасць (калі на ўласных падводах трэба было перавозіць панскія грузы). Многім вяскоўцам амаль не заставалася часу абрабляць свае надзелы, і яны хутка абеззямельваліся.

Памешчыкі рознымі шляхамі імкнуліся захапіць самыя ўрадлівыя землі. Дармавую прыгонную рабочую сілу землеўладальнікі выкарыстоўвалі на заснаваных імі прамысловых прадпрыемствах. Працоўны дзень каля фабрычнага варштата быў доўгі і цяжкі, а плацілі за яго столькі, што ледзьве хапала на харчаванне. Беларускіх сялян гаспадары часта адпраўлялі на заробкі ў далёкія чужынскія губерні.

Вяскоўцы не хацелі мірыцца з паднявольным становішчам. У першай палове ХІХ стагоддзя ў Беларусі адбылося болей за сто сялянскіх бунтаў і хваляванняў.


«Дзеці прыроды з чулай душой»

Нягледзячы на цяжкую працу, на частыя неўраджаі і нястачу, беларускія сяляне вылучаліся дабрынёй, гасціннасцю і чалавечай годнасцю.

З любоўю і спагадай пісаў пра вясковы люд Уладзіслаў Сыракомля: «Наш селянін — дзіця прыроды. Ён не прывык крывіць сваёй чулай душой. Ёсць вялікая глыбіня пачуццяў у ягоных загарэлых касцістых грудзях, прыкрытых грубай і падранай світкай. Паглядзіце, як паважны гаспадар сям’і ў вольную ад турбот хвіліну бярэ на калені малое і ўрачыста садзіцца з ім на прызбе. Паглядзіце, як шмат у сялян песняў пра тугу маці па сыне, які апынуўся на чужыне ці быў забіты на вайне — ён там і сокал, ён і сонца, і ўся яе ўцеха. А паглядзіце, якая доўгая і ціхая жальба, якая святая памяць пануе ў хаце па нябожчыку!»

Поўныя павагі нататкі пра адметную частку нашага народа — палешукоў — належаць гісторыку ХІХ стагоддзя Адаму Кіркору: «Палешукі асуджаныя на вечнае змаганне з прыродай, аднак умеюць перамагчы ўсе цяжкасці і перашкоды. Жыхары тых мясцін пабожныя, паважныя, маюць у поглядах на жыццё паэтычны настрой. У норавах і звычаях яны верныя запаветам прадзедаў, што ро­біць іх мацнейшымі».

Самі ж падарожнікі з Расеі адзначалі, што беларускія сяляне больш ахайныя і працавітыя за іхніх, што яны захавалі шмат «несапсаваных славянскіх рысаў». Вандруючы па Літве-Беларусі, мастак Іван Захараў адзначыў у дзённіку, што беларускія вяскоўцы «кемлівыя і дасціпныя, вызначаюцца спрытам, вясёлым характарам і любяць спраўляць святы, для якіх анічога не шкадуюць». Пабываўшы на адным з такіх святаў, Захараў захоплена пісаў, што кабеты і дзяўчаты ў прыгожых народных строях танцавалі цэлы дзень, а беларускія танцы параўнаў з італьянскай тарантэлай.


Казкі, песні, паданні

Каланіяльная ўлада выгнала багатую і мілагучную беларускую мову з храмаў, забараніла яе ў школах і навучальнях, у кнігадруку. У гарадах бальшыня жыхароў размаўляла па-польску, па-расейску ці па-габрэйску. Беларускую мову, гэты неацэнны скарб, без якога народ не мае будучыні, зберагала найперш сялянства.

З пакалення ў пакаленне ў сялянскіх хатах перадаваліся даўнія і нараджаліся новыя казкі. Яны напоўненыя народнай мудрасцю, жыццярадасным гумарам і паэзіяй, вераю ў цуды, але перадусім — у сілу і розум чалавека. Волаты-асілкі часта перамагаюць там розных пачвараў. Хто не ведае казкі «Удовін сын», «Каваль-волат», «Ох і залатая табакерка», «Пану навука», «З рога ўсяго многа»?.. Разнастайнасцю сюжэтаў беларускія казкі значна пераўзыходзяць украінскія, расейскія і казкі многіх еўрапейскіх народаў.

Сяляне былі захавальнікамі яшчэ аднаго багацця — беларускіх песняў. Кожная пара года, кожнае свята мела свае песні. З імі сустракалі Каляды, гукалі вясну, шукалі на Купалле цудадзейную папараць-кветку. Народныя песні гучалі на радзінах, заручынах і вяселлях, на талоках, калі людзі збіраліся разам на пільную і цяжкую працу.

У сялянскіх хатах Прыдзвіння і Прыдняпроўя, Паазер’я і Палесся бацькі, бабулі і дзядулі апавядалі дзецям легенды і паданні, правяралі малых на кемнасць загадкамі. Ад хваробаў і неўраджаяў, «ад пустога коласа і рэдкага воласа, ад голаса зычнага і харча нязвычнага» засцерагаліся замовамі. Беларуская мова гучала ў дзіцячых гульнях і дарослых забавах. Яна была з сялянамі ад нараджэння да скону.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: