Змове дыктатараў — 80 гадоў: Пакт Молатава — Рыбентропа. Пачатак

У Маскве, у Доме Расійскага гістарычнага таварыства, 14 жніўня гэтага года быў прадстаўлены новы выпуск «Весніка Архіва прэзідэнта Расійскай Федэрацыі». Ён атрымаў назву «СССР — Германія: 1932–1941».


Зборнік падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з фондам «Гісторыя Айчыны» і Германскім гістарычным інстытутам у Маскве. У яго ўключаны рассакрэчаныя ў 2006–2015 гадах дакументы з архіва Іосіфа Сталіна і Палітбюро ЦК УсеКП, якія быццам бы даказваюць, што ініцыятарам заключэння пакта Молатава — Рыбентропа была нацысцкая Германія, і што СССР быў вымушаны яго падпісаць для забеспячэння сваёй бяспекі.

Дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін, які прысутнічаў на прэзентацыі, адзначыў, што ў гэтых дакументах, якія тычацца савецка-германскіх перадваенных адносін, Трэці Рэйх прапанаваў Савецкаму Саюзу размежаваць сферы ўплыву. «Не жадаючы весці вайну на два франты, Германія пайшла на беспрэцэдэнтныя саступкі, каб гарантаваць савецкі нейтралітэт у польскай кампаніі», — дадаў Нарышкін, не ўдакладніўшы, на якія менавіта саступкі пайшоў Гітлер.

Новая, пуцінская версія гісторыі ўключае гонар за «мудрага Сталіна», непавагу да заходніх дэмакратый і зацвярджэнне «права моцнага» ў адносінах да краін-суседзяў. Усё гэта не столькі пра мінулае, колькі пра сучаснасць і будучыню.

А як было на самай справе?

Задоўга да Пакту

Палітыка СССР у 1935–1936 гадах мела ў сабе афіцыйны антыфашысцкі, і ў першую чаргу, антыгерманскі складнік. Яна ўключала падтрымку дэмакратычнага і антыфашысцкага руху, саюз з Францыяй і Чэхаславакіяй, дапамогу рэспубліканскай Іспаніі. Афіцыйнымі транслятарамі гэтай палітыкі выступалі наркамы Літвінаў і Варашылаў, лідары Камінтэрна — Дзімітраў і Мануільскі. Аднак быў і неафіцыйны складнік — прапрацоўка магчымага пагаднення з Германіяй. Гэта былі місіі Кандэлакі (у 1936–1937 гадах) і Тухачэўскага (у 1936 годзе). Ініцыятывы Тухачэўскага і Кандэлакі па ўсталяванні кантактаў паміж кіраўніцтвам СССР і Германіі ажыццяўляліся з ініцыятывы Сталіна.

Былы чалец ЦК КПСС, герой Савецкага Саюза, былы ваенны разведчык пісьменнік Уладзімір Карпаў пісаў, што бачыў дакументы, якія сведчаць: Сталін даў згоду Берыі на ўсталяванне супрацоўніцтва НКУС і Гестапа, і дакументы, якія пра змест гэта супрацоўніцтва распавядаюць. Расійскі гісторык, доктар гістарычных навук Міхаіл Семірага сцвярджае, што яшчэ раней паміж паслом Германіі і міністрам замежных спраў СССР была заключаная дамоўленасць пра спыненне нападак на дзеянні кіраўніцтва абодвух бакоў на радыё і ў прэсе.

Пра пачатак супрацоўніцтва з Германіяй пісаў Троцкі 5 сакавіка 1938 года ў артыкуле «Таемны саюз з Германіяй», апублікаваным у «Нью-Ёрк Таймс».

«Ваеннае ведамства, на чале якога я стаяў, пачало ў 1921 годзе рэарганізацыю і пераўзбраенне Чырвонай Арміі, якая з ваеннага становішча пераходзіла на мірнае. Вельмі зацікаўленыя ў павышэнні ўзроўню ваеннай тэхнікі, мы маглі ў той перыяд чакаць садзейнічання толькі з боку Германіі. З іншага боку, Рэйхсвер, пазбаўлены Версальскай дамовай магчымасцяў развіцця, асабліва ў галіне цяжкай артылерыі, авіяцыі і хіміі, натуральна, імкнуўся выкарыстоўваць савецкую ваенную прамысловасць як доследнае поле для ваеннай тэхнікі. Шэраг нямецкіх канцэсій у Савецкай Расіі адкрыўся яшчэ ў той перыяд, калі я быў цалкам паглынуты Грамадзянскай вайной. Найважнейшай з іх па сваіх магчымасцях ці, дакладней, па надзеях на яе, з’яўлялася канцэсія авіяцыйнай кампаніі «Юнкерс». Вакол гэтых канцэсій круцілася пэўная колькасць афіцэраў. У сваю чаргу, асобныя прадстаўнікі Чырвонай Арміі наведвалі Германію, дзе знаёміліся з арганізацыяй Рэйхсверу і з той часткай нямецкіх вайсковых «сакрэтаў», якія ім паказвалі», — пісаў Троцкі.

«Уся гэтая праца вялася, зразумела, пад покрывам таямніцы, бо над галавой Германіі вісеў дамоклаў меч Версальскіх абавязацельстваў. Афіцыйна берлінскі ўрад не прымаў у гэтай справе ніякага ўдзелу, і нават як бы не ведаў пра яго: фармальная адказнасць ляжала на Рэйхсверы з аднаго боку, і Чырвонай Арміі — з другога. Усе перамовы і практычныя крокі здзяйсняліся ў строгай таямніцы. Але гэта была таямніца галоўным чынам ад французскага ўрада — як найбольш непасрэднага суперніка», — дадаваў ён.

«Таямніца, зразумела, доўга не пратрымалася. Агентура Антанты, перш за ўсё Францыі, без цяжкасцяў устанавіла, што пад Масквой маюцца авіяцыйны завод «Юнкерс» і некаторыя іншыя прадпрыемствы. У Парыжы надавалі нашаму супрацоўніцтву з Германіяй, несумненна, перабольшанае значэнне. Сур’ёзнага развіцця яно не атрымала, бо ні ў немцаў, ні ў нас не было капіталаў. Да таго ж узаемны недавер быў занадта вялікі. Аднак напаўсяброўскія сувязі з Рэйхсверам захаваліся і пазней, пасля 1923 года, калі Красцінскі стаў амбасадарам у Берліне», — распавёў Троцкі.

Вельмі цікавыя матэрыялы па гэтым пытанні ўтрымліваюцца ў замежных архівах: у прыватнасці, у калекцыі Мікалаеўскага ў Гувераўскім інстытуце ў ЗША. Гісторык Юры Фяльшцінскі надрукаваў частку гэтых матэрыялаў — лісты былых дзеячаў савецкай дзяржавы, якія эмігравалі з СССР. Вось што пісаў меншавік і эканаміст Валянцінаў-Вольскі ў лісце Абрамовічу, аднаму з лідараў меншавіцкай партыі: «Калі я прыехаў летам 1927 года ў Ліпецк, знайшоў яго поўным немцаў, што вельмі мяне здзівіла, а ў небе над горадам было столькі лятучых аэрапланаў, колькі я ў гэты час не бачыў і ў Маскве. У Ліпецку былі арсеналы і аэраангары немцаў, што ахоўваліся ДПУ. Усе абывацелі ведалі пра гэта, але ніхто не адважваўся пра тое казаць, — такіх ДПУ арыштоўваў. На могілках у Ліпецку быў цэлы кут з помнікамі ў гонар загінулых немцаў-авіятараў».

Рознагалоссі па пытанні савецка-германскіх адносін былі адной з прычын канфлікту паміж Сталіным і Бухарыным. «На пазіцыю Бухарына вялікі ўплыў аказалі пытанні знешняй палітыкі, — пісаў Мікалаеўскі. — Менавіта на іх ён парваў са Сталіным: Бухарын у 1926 годзе прыйшоў да высновы, што Германія перастала быць краінай, якая знаходзіцца ў паўкаланіяльным становішчы. Памятаеце артыкулы Бухарына 1926–1927 гадоў у «Праўдзе», калі ён даводзіў, што пасля Лакарна Германія перастала быць эксплуатаванай краінай? Бо гэта — супраць Сталіна. Сталін трымаўся за саюз з Рэйхсверам… Менавіта з гэтага моманту пачынаецца чыста сталінская гульня сакрэтных агентураў — двойчы падпольная». Фішэр пісаў Мікалаеўскаму: «Перамовы з Францыяй і Англіяй былі адкрытымі. Перамовы з Германіяй — таемнымі. Калі б Сталін хацеў прыйсці да пагаднення з Англіяй і Францыяй, ён паступіў бы процілеглым чынам: вёў бы адкрытыя перамовы з Гітлерам, каб гэтым аказаць ціск на Захад для выбівання яшчэ большых саступак. Але Захаду не было чаго аддаць. Яны не маглі аддаць прыбалтыйскія дзяржавы, і пагадненне з Захадам для СССР азначала вайну, у той час як пагадненне з Гітлерам азначала адсутнасць вайны на працягу нейкага часу і імперыялістычную экспансію — якраз тое, што хацеў Сталін».

Ёсць яшчэ дзве акалічнасці, пра якія, як правіла, рэдка згадваюць у сувязі з падпісаннем Пакта. Гэта адносіны СССР і Японіі і рэпрэсіі ў СССР. Гісторыкі сцвярджаюць, што знешнепалітычныя мэты Японіі палягалі ў захопе савецкага Далёкага Усходу. На працягу 1936–1938 гадоў на савецкай далёкаўсходняй мяжы адбылося 35 буйных ваенных сутыкненняў з японскімі войскамі, самым сур’ёзным з якіх было сутыкненне ў канцы ліпеня 1938 года ў раёне возера Хасан. Толькі ў выніку жорсткіх баёў, якія доўжыліся да 9 жніўня, савецкая тэрыторыя была ачышчаная ад японцаў. У траўні 1939 года Японія пачала вайну супраць Манголіі (і ўскосна — супраць СССР). Ваенныя дзеянні на рацэ Халхін-Гол працягваліся чатыры месяцы і скончыліся ўжо пасля падпісання пакта ў жніўні 1939 года — дзякуючы, у тым ліку, і пасярэдніцтву Гітлера.

Паводле дакументальна пацверджаных дадзеных, у 1937–1938 гадах па палітычных матывах былі асуджаныя 1344923 чалавекі, з іх 681692 — да вышэйшай меры пакарання. На 1 сакавіка 1940 года, па дадзеных цэнтралізаванага ўліку ў ГУЛАГу, змяшчалася 1668200 чалавек, з іх у калоніях — 352000 чалавек. Столькі каштавала савецкім людзям падрыхтоўка да Пакту — ачыстка СССР ад магчымай «5-й калоны».


Таемная гульня

Украінскі пісьменнік, даследчык гісторыі Станіслаў Цалік зрабіў амаль пагадзінную рэканструкцыю падзей 1939 года. Ён вызначыў, што ў траўні 1939-га ў Маскве пачаліся трохбаковыя перамовы з Англіяй і Францыяй аб саюзе супраць Гітлера. Справы прасоўваліся хутка — у жніўні ваенныя місіі трох краін абмяркоўвалі заключэнне ваеннай канвенцыі ў выпадку нямецкай агрэсіі.

Нечакана 21 жніўня ў 17 га­дзін 25 хвілін савецкі бок спыніў перамовы. Брытанцы і французы ўсё зразумелі толькі праз некалькі гадзін — у 23 гадзіны 15 хвілін радыё Берліна, перапыніўшы вячэрнюю праграму, паведаміла: «Імперскі ўрад і савецкі ўрад пагадзіліся заклю­чыць пакт аб ненападзе. Імперскі міністр замежных спраў прыбудзе ў Маскву ў сераду, 23 жніўня, для завяршэння перамоваў».

У пачатку ліпеня 1939 года Гітлер загадаў камандаванню Вермахта рыхтавацца да баявых дзеянняў — было вырашана атакаваць Польшчу. Нямецкія дыпламаты запрасілі некалькіх работнікаў савецкага пасольства ў Берліне ў рэстаран. На канфідэнцыйнай вячэры, якая прайшла 26 ліпеня, ім далі зразумець, што ў выпадку нейтралітэту Масква можа разлічваць на пэўныя тэрыторыі Усходняй Еўропы. Менавіта гэты аргумент схіліў Сталіна на бок Германіі (Францыя і Вялікабрытанія не пагаджаліся з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі СССР).

19 жніўня Сталін даслаў у Берлін праект будучага пагаднення з удакладненнем: «Дамова набывае моц толькі ў выпадку адначасовага падпісання спецыяльнага пратакола па знешнепалітычных пытаннях, што ўяўляюць цікавасць для Высокіх Дагаворных Бакоў».


На наступны дзень амбасадар Германіі ў Маскве гарантаваў Сталіну падпісанне сакрэтнага пратаколу — у савецкую зону ўплыву адыдуць Усходняя Польшча, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Бесарабія. Пасол падкрэсліў гатоўнасць Германіі «ісці насустрач пажаданням Савецкага ўрада».

21 жніўня а 15:00 Сталін атрымаў асабістае прывітанне Гітлера. Праз дзве гадзіны ён адказаў, што згодны прыняць Рыбентропа 23 жніўня. Праз 25 хвілін перамовы з Францыяй і Брытаніяй спыніліся.

22 жніўня савецкія газеты апублікавалі паведамленне ТАСС пра намер СССР і Германіі «разрадзіць напружанасць у палітычных адносінах паміж імі, ліквідаваць пагрозу вайны і заключыць пакт аб ненападзе. У сувязі з гэтым днямі павінен быў адбыцца прыезд нямецкага міністра замежных спраў сп. фон Рыбентропа ў Маскву для адпаведных перамоваў».

На наступны дзень Рыбентроп прыляцеў у Маскву. У 15:30 ён сустрэўся са Сталіным і Молатавым — перамовы працягваліся тры гадзіны. «Пры абмеркаванні высветлілася, — тэлеграфаваў ён у Берлін у 20 гадзін 05 хвілін, — што апошняй перашкодай для канчатковага рашэння будзе патрабаванне рускіх прызнаць, што парты Лібаву і Віндава ўваходзяць у іх сферу інтарэсаў».


Гітлер загадаў пагадзіцца і, не чакаючы падпісання, прызначыў тэрмін нападу на Польшчу: 26 жніўня, палова пятай раніцы. Перамовы ў Крамлі аднавіліся ў 22 гадзіны і завяршыліся падпісаннем савецка-нямецкага пагаднення і таемнага пратаколу. Абодва дакументы датаваныя 23 жніўня.

На наступны дзень паведамленне пра дамову паміж СССР і Германіяй надрукавалі галоўныя савецкія газеты «Правда» і «Известия» — але без згадкі пра сакрэтны пратакол са «сферамі ўплыву». У гэты ж дзень у 13 гадзін 25 хвілін Рыбентроп вылецеў у Берлін.

25 жніўня Вялікабрытанія заключыла ваенны саюз з Польшчай. Гітлер, відаць, такога не чакаў, — і перанёс наступ на Польшчу на 1 верасня.

1 верасня Германія напала на Польшчу. Праз два дні Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі Германіі вайну — але баявыя дзеянні не пачалі. СССР на працягу двух тыдняў прытрымліваўся нейтралітэту.


Пасля Пакту

Вярхоўны Савет СССР ратыфікаваў савецка-германскі дагавор 31 жніўня 1939 года, пры гэтым дэпутаты не былі пастаўлены ў вядомасць пра існаванне дадатковага сакрэтнага пратаколу. 1 верасня, на наступны дзень пасля ратыфікацыі, германскія войскі ўварваліся ў заходнія раёны Польшчы. 17 верасня Чырвоная Армія ўвайшла ва ўсходнія раёны Рэчы Паспалітай.

28 верасня 1939 года тэрытарыяльны падзел Польшчы завяршыўся падпісаннем германа-савецкага дагавора аб сяброўстве і мяжы (пад тэкстам дакумента таксама стаяць подпісы наркама Молатава і міністра фон Рыбентропа). Дагавор аб сяброўстве меў адзін канфідэнцыйны і два сакрэтных дадатковых пратаколы, у якіх карэктаваліся сферы інтарэсаў СССР і Германіі — у прыватнасці, тэрыторыя Літвы, акрамя Сувалкскага раёна, пераходзіла ў сферу ўплыву Савецкага Саюза.

30 лістапада 1939 года пачалася савецка-фінская вайна, па выніках якой да СССР адышла паўночная частка Карэльскага перашыйку, уключаючы гарады Выбарг і Сортавала. У чэрвені 1940 года савецкія войскі ўвайшлі ў Эстонію, Латвію, Літву і шэраг рэгіёнаў Румыніі — Бесарабію, Паўночную Букавіну і вобласць Герца.

Яшчэ ў 1938 годзе, выступаючы перад прапагандыстамі Масквы і Ленінграда, Сталін тлумачыў: бальшавікі не пацыфісты, і ў некаторых выпадках самі могуць стаць нападаючым бокам. У праекце Палявога статута РККА 1939 года, у яго варыянтах 1940 і 1941 гадоў асноўны прыярытэт аддаваўся наступальным баявым дзеянням. Тэрмін «наступальная вайна» быў зафіксаваны ў ідэалагічных дакументах траўня-чэрвеня 1941 года, што рыхтаваліся прапагандысцкімі структурамі.

Гісторыкі лічаць, што прынцыповае рашэнне пра разрыў са Сталіным Гітлер прыняў у час візіту Молатава ў Берлін у канцы 1940 года. Молатаў запатрабаваў тады ад немцаў згоды на савецкую акупацыю Румыніі, Балгарыі і Фінляндыі. Гітлер рашуча адмовіўся і падпісаў дырэктыву пра напад на СССР.

Расійскі гісторык Барыс Сакалоў лічыць, што СССР сам рыхтаваўся да вайны з Германіяй летам 1940 года — калі апошняя паслабее ад ваенных дзеянняў з Францыяй і Вялікабрытаніяй. «На мой погляд, Сталін рыхтаваў напад на Германію дзесьці ўлетку 1940 года. Гэта значыць, ён разлічваў, што германскія войскі, пачаўшы генеральнае наступленне на Францыю, угразнуць на лініі Мажыно, і праз некалькі тыдняў ён зможа ўдарыць ім у спіну на савецка-германскай дэмаркацыйнай лініі. А там у той момант было толькі адзінаццаць германскіх дывізій супраць амаль ста савецкіх».

«Акрамя таго, я думаю, што ў рамках падрыхтоўкі вайны з Германіяй былі расстраляныя польскія афіцэры і прадстаўнікі інтэлігенцыі ў Катыні і ў іншых месцах — усяго каля 25 тысяч чалавек. Гэта адбылося ў красавіку — пачатку траўня 1940 года, а рашэнне пра гэта на ўзроўні Палітбюро было, як вядома, прынятае 5 сакавіка. Гэта значыць, калі б пачалася вайна Савецкага Саюза і Германіі, то польскі ўрад, які на той момант знаходзіўся ў Францыі, стаў бы саюзнікам СССР, і гэтаму ўраду прыйшлося б аддаваць польскіх афіцэраў. Тады паўстала б непадкантрольная Сталіну польская армія, чаго ён дапусціць не мог. Тады ён вырашыў спешна расстраляць польскіх афіцэраў», — мяркуе Сакалоў.

«Пра гэта сведчыць пастанова Палітбюро ад 4 чэрвеня 1941 года аб фармаванні да 1 ліпеня 238-й дывізіі Чырвонай Арміі з палякаў і асобаў, якія ведаюць польскую мову. Польская дывізія, акрамя як для вайны з Германіяй, ні для чаго іншага патрэбная не была. А значыць, дзесьці ў ліпені збіраліся напасці на Германію… Сталін лічыў, што Гітлер нападзе на СССР толькі ў 1942 годзе, а да гэтага паспрабуе высадзіцца ў Англіі і скончыць з ёю. А Гітлер дапускаў, што Сталін можа напасці і ў 1941-м, таму ён спяшаўся з аперацыяй «Барбароса», і прызначыў яе спачатку на 15 мая, а потым — на 22 чэрвеня 1941 года», — пісаў Сакалоў.


Замест таго, каб кіравацца палітыкай абароны на набытых тэрыторыях — у краінах Балтыі, Паўночнай Букавіне і Бесарабіі, а таксама ва Украіне і Беларусі, — Сталін, як сцвярджае «наступальны» кірунак у гістарыяграфіі (прыхільнікі версіі першага нападу з боку СССР), разгарнуў там галоўным чынам войскі, гатовыя да нападу. Яны складаліся ў асноўным з паветрана-дэсантных войскаў і механізаваных дывізій. Гэтыя часткі былі навучаныя і ўзброеныя для таго, каб выконваць імклівыя ўдары і глыбокае пранікненне ў тыл праціўніка. Такая тактыка была выкарыстана падчас ваенных вучэнняў пад кіраўніцтвам Жукава, якія праводзіліся ў Савецкім Саюзе ў 1940–1941 гадах. Жукаў ужыў яе ў баях супраць японцаў на Халкін-Голе (Манголія) у жніўні-верасні 1939 года, дзе ён кіраваў савецкімі войскамі.

15 траўня 1941 года быў падрыхтаваны важны дакумент — «Меркаванні па плане стратэгічнага разгортвання сіл Савецкага Саюза на выпадак вайны з Германіяй і яе саюзнікамі». Ён быў пабудаваны ў форме мемарандума, пад назвай «Старшыні Савета Народных Камісараў СССР таварышу Сталіну». Дакумент быў напісаны намеснікам начальніка Генштаба генералам Васілеўскім пад кіраўніцтвам Жукава.

«Улічваючы, што Германія цяпер трымае сваё войска адмабілізаваным, з разгорнутымі тыламі, яна мае магчымасць апярэдзіць нас у разгортванні і нанесці раптоўны ўдар. Каб прадухіліць гэта, лічу неабходным ні ў якім разе не даваць ініцыятывы дзеянням германскаму камандаванню, апярэдзіць суперніка ў разгортванні і атакаваць германскую армію ў той момант, калі яна будзе знаходзіцца ў стадыі разгортвання і не паспее арганізаваць фронт і ўзаемадзеянне родаў войскаў», — указвалася ў дакуменце.

СССР пабудаваў на перадавых пазіцыях ля самай мяжы ваенныя аэрадромы, якія маглі быць выкарыстаны для правядзення тактычных і стратэгічных паветраных нападаў, што дазволіла б захапіць немцаў знянацку. Менавіта яны былі знішчаны нямецкімі войскамі ў першую чаргу пасля нападу, які пачаўся ў нядзелю ў 3 гадзіны ночы 22 чэрвеня 1941 года. Знамянальна, што ўсё савецкае найноўшае ўзбраенне і лепшыя навучаныя салдаты — фактычна дзве траціны ўсяго складу Чырвонай Арміі таго часу — былі разгорнутыя ў заходніх прыфрантавых раёнах: у БССР у пяці заходніх прыгранічных акругах дыслакаваліся 56,1% частак сухапутных войскаў з 3 060 160 салдат.

Узброеныя сілы Савецкага Саюза ва ўмовах распачатай вайны ў Еўропе працягвалі павялічвацца і да лета 1941 года сталі найбуйнейшай арміяй свету.


* * *

Для БССР падзеі, звязаныя з Пактам, мелі асаблівае значэнне. Мелі яны наступствы і для свету. У 50-ю гадавіну падпісання пакта Молатава —Рыбентропа — 23 жніўня 1989 года, — жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі, узяўшыся за рукі, утварылі жывы ланцуг, які працягнуўся ад Вільні да Таліна — каля 600 кіламетраў; у акцыі ўдзельнічалі амаль 2 мільёны чалавек. Тая акцыя стала пачаткам развалу СССР.

Еўрапейскі парламент 2 красавіка 2009 года прыняў Дэкларацыю пра дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму (адзначаецца 23 жніўня, у дзень падпісання Пакта). У падтрымку рашэння Еўрапарламента 3 ліпеня таго ж года Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла Рэзалюцыю «Аб уз’яднанні падзеленай Еўропы: заахвочванне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у рэгіёне АБСЕ ў XXI стагоддзі». У дакуменце было зазначана, што мэта ўвядзення штогадовага агульнаеўрапейскага Дня памяці ахвяраў сталінізму і нацызму — перашкодзіць узвялічванню нацысцкага і сталінскага мінулага і прадухіліць з’яўленне неанацысцкіх рэжымаў.

Рэзалюцыя асуджала любыя формы таталітарнага праўлення незалежна ад іх ідэалагічнай асновы і заклікала краіны-ўдзель­ніцы працягваць і заахвочваць вывучэнне таталітарнай спадчыны, а таксама павялічваць узровень дасведчанасці грамадскасці аб таталітарнай гісторыі. Рэзалюцыя выказала занепакоенасць з нагоды ўсхвалення таталітарных рэжымаў, уключаючы правядзенне публічных дэманстрацый у адзначэнне нацысцкага або сталінісцкага мінулага, заклікала (у тэксце «папрасіла») краіны-ўдзельніцы цалкам пазбавіцца ад структур і мадэляў паводзінаў, якія імкнуцца падфарбаваць мінулае гэтых краін. Беларусі — краіне-чальцу АБСЕ — варта гэта памятаць.

Для тых, хто зацікавіцца праблемай і захоча больш глыбока ўнікнуць у гісторыю на ўзроўні дакументаў, раю азнаёміцца з матэрыяламі зборніка «Оглашению подлежит. СССР–Германия, 1939–1941. Документы и материалы. Фельштинский Юрий Георгиевич» history.wikireading.ru. А на ўзроўні цікавага аповеду — кнігі Віктара Суворава «Ледокол» і «День М».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!