Звычайная сталіншчына ці Анатомія нянавісці ў адным даносе. АртэФАКТ

Нядаўна мы ўжо давалі прыклад звычайнага сталінскага даносу: нехта напісаў ананімку ў ВНУ, дзе вучыўся габрэй, сын буйнога камерсанта ў дарэвалюцыйныя часы… Сённяшняя гісторыя яшчэ цікавейшая: гэта данос на маці рэпрэсаванага, якога няма ў жывых, з патрабаваннем пазбавіць старую пенсіі…
Фота kavkazr.com

Фота kavkazr.com

Гэты пажаўцелы аркуш трапіў разам з купай дакументаў, якія былі даўным-даўно спісаныя і выкінутыя з дзяржустановы, а тое-сёе ўсё ж такі трапіла ва ўчэпістыя рукі калекцыянераў. Ліст напісаны па-руску, не вельмі пісьменна, з блытанай пунктуацыяй і памылкамі нават у прозвішчы ахвяры — Цэзарыі Жаўнеровіч, маці рэпрэсаванага Іосіфа Жаўнеровіча.



Замест прозвішча аўтара ліста неразборлівы подпіс, цяжка нават вызначыць, мужчына пісаў ці жанчына. Мабыць, гэта і не сутнасна важна. Куды важнейшы сам змест, нібы слепак зайздрасці, жорсткасці і нянавісці, якімі была пранізаная ўся сталінская эпоха. Дзеля дакладнасці прывядзем тэкст цалкам, не выпраўляючы нягеглыя абароты:

Загадчыку Бярэзінскага Райсабесу

Тав. М.К.Баравік

Мне стала вядома, што сям’я рэпрэсаванага ў 1929 годзе Жаўнеровіч Іосіф Віктаравіч па 58 арт. КК за агітацыю і прапаганду супраць Сав. Улады да гэтага ў свой час знаходзіўся ў арміі Калчака. Такім чынам Жаўнеровіч Цэзарыя, атрымлівала 224 руб і працягвае атрымліваць 112 руб на дачку Галіну незаконна, бо Савецкая ўлада не абавязаная апекавацца контррэвалюцыйнай рэпрэсаванай сям’ёй ва ўсёй справе адсутнічае ўказанне, што ён калчакавец і рэпрэсаваны. У 1929 годзе Жаўнеровіч з сям’ёй жыў у Капланцах працаваў лічбаводом у калгасе адсюль ён і быў рэпрэсаваны пяць год працаваў як зняволены на будаўніцтве Волга-Маскоўскага каналу. Пасля адбыцця пакарання на радзіму ехаць не меў права і праз гэта паступіў на працу ў горад Буй, дзе сп’яну трапіў пад машыну і загінуў. Як бачыце, пенсію яна атрымлівае на працягу шэрагу гадоў незаконна і злачынна. Прашу безадкладна спыніць выплату пенсіі.

28 сакавіка
1954 г.


У спісах «Мемарыялу» сапраўды знаходзім скупыя звесткі пра Іосіфа Віктаравіча Жаўнеровіча (рус. — Желнерович): нарадзіўся ў 1897 г., в.Жукавец Бярэзінскага р-ну Мінскай вобл.; беларус; адукацыя пачатковая; лічбавод, К-з «Пераможца». Пражываў: Мінская вобл., Бярэзінскі р-н, в. Высокая гара. Арыштаваны 5 красавіка 1933 г., абвінавачаны: 72, 26-80 КК БССР — антысавецкая агітацыя. Прысуджаны «тройкай» 29 красавіка 1933 г., Вырак: 5 год лагероў. Рэабілітаваны 31 траўня 1989 г. Пракуратурай БССР.

Пра дату і абставіны гібелі Жаўнеровіча, нажаль, «Мемарыял» звестак не дае. Зрэшты версія «трапіў сп’яну пад машыну» падаецца фантастычнай. Горад Буй у Кастрамской вобласці нават сёння налічвае 24 000 чалавек, дык колькі ж там магло быць машын у 1930-х?.. Найхутчэй, гэта звычайная плётка, каб яшчэ раз прынізіць і так растаптанага сістэмай чалавека.

Такімі ж фантастычнымі падаюцца і звесткі пра «армію Калчака»: як мінімум варта сабе ўявіць, які шлях меўся адолець рэпрэсаваны, каб пасля паразы Калчака вярнуцца з Далёкага Усходу на радзіму прыкладна ў 1920-21-х гадах. Па ўзросце, безумоўна, ён мог недзе служыць, маючы на момант Кастрычніцкага перавароту 20 год, але ўсё ж такі наўрадці ў Калчака, чыё імя наўпрост стала папулярным аб’ектам нянавісці ў тагачасным СССР.

Што стала нагодай для напісання даносу на Цэзарыю Жаўнеровіч, якой у 1954-м мела быць нешта каля 77 год? Крыўда, помста, выкручанае ўяўленне пра справядлівасць і барацьбу з «ворагамі народу», выгадаваную сталінскай сістэмай? Наўрадці мы пра гэта некалі даведаемся. Сімвалічная таксама дата напісання даносу: 28 сакавіка 1954-га — роўна праз год пасля смерці «бацькі народаў» і «генія ўсіх часоў»…






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Татьяна
  • 2018-06-16 22:48:04
Мерзко...
  • Не могу понять и принять
  • 2018-06-17 17:05:23
как можно была жить в таком государстве??????? и как можно счас носить майки СССР? ((((