Стыпендыянтка спаліла пасведчанне спецфонду Лукашэнкі (фота, відэа)

Такім чынам літаратарка Крысціна Бандурына выказала пратэст супраць гвалту і рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі.
«Да сённяшняга дня я была стыпендыянткай прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. З-за нядаўніх падзей у краіне мае калегі па фондзе вырашылі адмовіцца ад цяпер ужо ганебнага звання стыпендыянтаў прэзідэнцкага фонду і выкінулі свае пасведчанні. Я лічу, што не маю права зараз трымаць гэта ў сябе, таму што ладная частка маёй работы, за якую я атрымала гэтую стыпендыю, была прысвечаная менавіта палітычным рэпрэсіям, і тое, што адбываецца зараз у краіне, — гэта менавіта яны», — пракаментавала свой учынак Крысціна Бандурына.


Прэмію яна атрымала два гады таму за работу ў галіне літаратуразнаўства. Грашовая ўзнагарода склала 170 рублёў. Гэтыя грошы Крысціна Бандурына паабяцала ахвяраваць на карысць тых, хто пацярпеў ад цяперашніх рэпрэсій у Беларусі.