Зварот Галоўнага кабана да жыхароў Беларусі

Актывісты «Нашага Дома» выклалі ў інтэрнэт відэаролік, дзе ў сатырычнай форме вырашылі выказаць сваё меркаванне аб стаўленні падчас афрыканскай чумы свіней да жывёл, якіх «нават хаваюць па-свінску, а не па-людску».



Вольга Карач і Галоўны кабан


 У нас па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе гаспадаркі маюць роўныя правы. І не важна  гэта дзяржаўная калгасная ферма ці прыватная гаспадарка. Але па практыцы  нават свінні ў нас не роўныя  распавядае Вольга Карач парталу TUT.BY  Атрымліваецца, што жывёлы ў нас падзелены на дзяржаўных і недзяржаўных. У «дзяржаўных»  свае прывілеі, якія вельмі ясныя. А вось да жывёл з прыватных гаспадарак прыязджаюць у вёскі і забіваюць. Сваім відэа мы хочам звярнуць увагу як насельніцтва, так і чыноўнікаў, што сітуацыя ненармальная. Усё ж такі свінні ў вёсках  гэта не толькі жывёла, гэта сябра сям'і і валюта. А яшчэ моцны прыбытак. Таму і ўсе гэтыя працэдуры павінны выглядаць па-чалавечы, а не па-свінску.
 
 
 
 
 
ТЭКСТ ЗВАРОТУ:
 
 
«У сувязі з эпідэміяй чумы Галоўны Кабан Беларусі Хрун Карытаў запісаў відэазварот да грамадзянаў» такое апісанне прыдумалі актывісты кампаніі да новага роліку.
 
 
 
«Грамадзяне Беларусі! Перадусім хачу шчыра падзякаваць грамадзянскай кампаніі «Наш дом» за магчымасць выказаць з публічнай трыбуны боль і клопат за лёс усіх свіней краіны. Ввы добра ведаеце, што мы стагоддзямі верай і праўдай служылі народу. Дзесяцігоддзямі служылі стабільнай крыніцай валюты для Самі-ведаеце-каго.
 
І вось зараз нас паставілі ўсіх па-за законам... Самае крыўднае, што насуперак Канстытуцыі, якая гарантуе нам і народу права на атрыманне дакладнай інфармацыі, ніхто не хоча сказаць праўду.
 
 
З аднаго боку, мы ведаем, што асноўнай крыніцай афрыканскай чумы свіней з'яўляюцца нашы дзікія суродзічы, але ў большасці вёсак Беларусі іх ахоўвае інспекцыя з аўтаматамі наперавес, а нас пазбаўляюць права на існаванне! Мы ведаем, што асноўныя ачагі АЧС знаходзяцца ў суседняй Смаленскай вобласці, і там дэзактывуюць кожны аўтамабіль, але дазваляюць свабодна вірусам пранікаць у Беларусь. І  робяць гэта, бяздзейнічаюць, нашы беларускія ветэрынары і чыноўнікі.  
 
 
Хачу звярнуцца да прэзідэнта. Можа, вы, прэзідэнт, скажаце, у чым прычына такога стаўлення? Чым мы прагнявілі і Бога, і вас. Які, па нашаму свінскаму разуменню, вышэй за Бога?»
 
 
 
Паводле nash-dom.info