100 дзён ва ўладзе: жарты сягаюць канца

Першыя 100 дзён Уладзіміра Зяленскага сталі вельмі паказальнымі, бо пасля яго інаўгурацыі ва Украіне ўсталявалася прынцыпова іншая палітычная эпоха.
Шосты прэзідэнт Украіны стаў і самым маладым украінскім прэзідэнтам — на момант інаўгурацыі яму быў усяго 41 год; і самым папулярным — 73% падтрымкі і блізка не меў ніхто з яго папярэднікаў. Прычым з самай вялікай падтрымкай у парламенце — першы раз за ўсю гісторыю незалежнай Украіны прэзідэнцкая партыя мае ў Вярхоўнай Радзе монабольшасць. Да таго ж Зяленскі аказаўся самым «нефармальным» кіраўніком дзяржавы, які да абрання на вышэйшую пасаду ў краіне ніколі не займаўся палітыкай прафесійна.

Голыя лічбы новай улады.

За сто дзён Зяленскі падпісаў 302 указа і выдаў 217 прадпісанняў. Таксама ён зарэгістраваў у парламенце 13 законапраектаў, праўда, некаторыя — цалкам дарма, таму што Рада VIII склікання не паспявала іх разгледзець. Цяпер гэтыя дакументы лічацца адкліканымі і іх прыйдзецца падаваць зноўку.

Прэзідэнт Зяленскі паспеў даць украінцам 78 абяцанняў, з якіх 8 ужо да канца выкананы, а вось 9 — канчаткова праваленыя. Калі ж браць тэзісы з яго праграмы і перадвыбарныя абяцанні, якія былі агучаны да інаўгурацыі, Зяленскі даў ажно 180 абяцанняў да сотага дня прэзідэнцтва. Парашэнка ў аналагічны перыяд свайго прэзідэнцтва быў удвая менш шматслоўным — 76 публічных абавязацельстваў, з якіх 7 выканаў і 5 праваліў. Пасля інаўгурацыі відэазваротаў у Зяленскага стала менш — толькі 7 за 100 дзён. Хоць штодзённыя звароты да жыхароў анексаваных і захопленых Расіяй тэрыторый былі адным з абяцанняў прэзідэнта.

А вось з паездкамі па рэгіёнах перад парламенцкімі выбарамі Зяленскі зачасціў — 20 візітаў па абласцях і толькі 5 замежных візітаў. Але з замежнымі дэлегацыямі і міжнароднымі арганізацыямі ў Зяленскага сустракаліся 77 разоў.

Абсурдзізацыя палітычнага працэсу сёння стала асноўным трэндам новай каманды.

Неканстытуцыйна-канстытуцыйны роспуск парламента

Самым першым рашэннем Зяленскага на пасадзе кіраўніка дзяржавы стаў роспуск Вярхоўнай Рады і прызначэнне датэрміновых выбараў, пра што прэзідэнт заявіў прама падчас інаўгурацыйнай прамовы. «Сёння вечарынак не будзе, будзем з вамі працаваць. А таму я вельмі вас прашу прыняць закон аб адмене дэпутацкай недатыкальнасці, закон аб крымінальнай адказнасці за незаконнае ўзбагачэнне, шматпакутны выбарчы кодэкс і зрабіце, калі ласка, адкрытыя спісы, а таксама я прашу вас звольніць з пасад: кіраўніка СБУ, генеральнага пракурора, міністра абароны і гэта далёка не ўсё, што вы можаце зрабіць, але для пачатку дастаткова. У вас на гэта будзе два месяцы. Зрабіце гэта і павесьце медалі сабе... нядрэнныя балы на датэрміновыя парламенцкія выбары. Я распускаю Вярхоўную Раду», — такая вось гумарыстычная падача сур'ёзнага палітычнага рашэння.

Вядома, з аднаго боку, такія дзеянні Зяленскага былі прагназуемыя і цалкам чаканымі. З іншага боку, ніякіх юрыдычных падстаў для такога рашэння ў новага прэзідэнта не было. Тым больш, што Канстытуцыйны суд фактычна гэта пацвердзіў. Зяленскі апеляваў да таго, што ў парламенце адсутнічае кааліцыя, вось толькі ніякага юрыдычнага механізму спынення дзейнасці кааліцыі ўкраінскае заканадаўства не прадугледжвае, што і канстатаваў Канстытуцыйны суд. Але паколькі сварыцца з прэзідэнтамі ў суддзяў Канстытуцыйнага суда неяк не прынята, для іх гэта стала падставай прызнаць роспуск парламента законным. Маўляў, раз па законе вызначыць ёсць кааліцыя ці няма нельга, дык няхай з гэтым разбіраецца дасведчаны ўкраінскі народ на выбарах.

Неабходна адзначыць, што, калі не лічыць абвяшчэння датэрміновых выбараў у Раду, усё астатняе пакуль па-ранейшаму. Галасаванне ў Раду прайшло па закрытым спісах, Выбарчы кодэкс дзейнічае яшчэ стары (ці будзе прыняты іншы новым складам Рады — яшчэ вялікае пытанне), дэпутаты ўсё яшчэ недатыкальныя, былыя генеральны пракурор і міністр абароны працягваюць працу.

Фота ТАСС. Пётр Сіўкоў

Фота ТАСС. Пётр Сіўкоў

Публічны астракізм летніх гастроляў. І да чаго тут Лукашэнка

За дзесяць дзён да датэрміновых парламенцкіх выбараў прэзідэнт Зяленскі здзейсніў, напэўна, самую запамінальную простым людзям паездку ў прылеглы да сталіцы Барыспаль. Сакратар Барыспальскага гарсавета Яраслаў Гадунко адзначыўся ў свой час тым, што быў асуджаны за разбой, хоць судзімасць юрыдычна ўжо даўно з яго знята. Зяленскі зладзіў чыноўніку «публічную порку» і з ганьбай выгнаў таго з залы пасяджэнняў. «Выйдзі адсюль! Ідзі, разбойнік! Дрэнна чуеш? Па-ангельску — Exit. Ідзіце», — сказаў Зяленскі, звяртаючыся да Гадунко. Выгнаўшы не без супраціву сакратара гарсавета, прэзідэнт прамовіў фразу, якая тут жа стала мемам: «Шча патэлефаную Баканаву наконт гэтага чорта». Народ пасмяяўся ад душы над «чортам», які, як пазней высветлілася, аказаўся палкім прыхільнікам Зяленскага, і парадаваўся за строгага і справядлівага кіраўніка дзяржавы, які не дае спуску «разбойнікам» ва ўладзе.

Фота iz.ru

Фота iz.ru

За астатак лета Зяленскі здзейсніў яшчэ некалькі падобных паездак па рэгіёнах, і кожны раз публічна перад тэлекамерамі адчытваў мясцовых чыноўнікаў. У Мікалаеве прама па прылёце ён патрабаваў звольніцца в.а. мясцовага губернатара, у Жытомірскай вобласці зладзіў разнос праваахоўнікам і леснікам за неэфектыўную барацьбу з нелегальнымі «бурштынакапальнікамі», на Закарпацці — мытнікам за кантрабанду. Праўда, ва ўсіх гэтых выпадках публічныя поркі насілі, хутчэй, паказальны характар. Да слова, з 34 чыноўнікаў, пранародна звольненых Зяленскім, рэальна звольніліся толькі трое.

Тым не менш, народ ухваліў падобную лінію паводзінаў новаабранага прэзідэнта. Таму што яна задаволіла ўстойлівы запыт на рэпрэсіі, які сфармаваўся за час існавання незалежнай украінскай дзяржавы. Апытанні ў фокус-групах напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў прадэманстравалі, што 40% украінцаў чакаюць ад будучай улады аднаўлення так званай «сацыяльнай справядлівасці». Па факту, меліся на ўвазе «пасадкі» ўсіх былых чыноўнікаў, альбо, сама меней, «востры публічны астракізм». Да слова, падобныя «рэпрэсіі» дапамаглі б адчуць сябе лепш у сярэднім 25% украінцаў. Верагодна таму самым папулярным палітыкам ва Украіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў быў Лукашэнка. А Зяленскі, які ў сваёй перадвыбарнай кампаніі абяцаў менавіта пасадкі і публічны астракізм, ушчыльную да яго набліжаўся па папулярнасці.

Богдан разладу

Асобным раздзелам 100 дзён з жыцця Зяленскага сталі яго ўзаемаадносіны з былым адвакатам Ігара Каламойскага — Андрэем Богданам. Богдан цалкам паспяхова перакваліфікаваўся з «шэрага кардынала» перадвыбарнай кампаніі ў кіраўніка Офіса прэзідэнта. Ён суправаджаў Зяленскага ва ўсіх паездках. Больш за тое, нават паказальны заплыў у Чорным моры ў Адэсе Богдан і кіраўнік дзяржавы здзяйснялі разам. Наогул, часам складвалася ўражанне, што без парадаў Богдана, якія той на афіцыйных сустрэчах шаптаў Зяленскаму на вуха, апошні мала дзеяздольны.


Богдан за час знаходжання на пасадзе адзначыўся дзіўнай гісторыяй са сваёй нібыта адстаўкай. У сеціве зʼявілася скан-копія ўласнаручнай заявы Богдана аб звальненні па ўласным жаданні з дзіўнай фармулёўкай: «Прашу звольніць мяне з пасады па ўласным жаданні з моманту жадання». Пры гэтым і сам Зяленскі пацвердзіў, што такая заява сапраўды ёсць. Тым не менш, калі рэальнай адстаўкі ўслед за гэтым не рушыла, то ў большасці ўкраінцаў склалася ўражанне, што ў Офіса прэзідэнта проста такі спецыфічны гумар.

На днях у сацыяльных сетках зʼявілася інфармацыя, што кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Богдан забаўляўся на вяселлі свайго сябра ў Сан-Трапэ, пакуль у краіне праходзілі афіцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню незалежнасці. На абнародаваным відэа бачна, як чыноўнік ачольвае выхад кавалькады дзяўчат з шампанскім пад гімн Украіны. Украінскі сцяг лунае над сталамі з паштэтам. І ўсё гэта адбываецца ў дзень, калі па Хрэшчаціку праходзілі маці з партрэтамі загінулых у расійска-ўкраінскай вайне. Узгарваецца скандал, прыхільнікі прэзідэнта абвінавачваюць крытыкаў у зайздрасці і працы на апазіцыйную палітычную сілу. Сам Богдан піша пост, у якім называе ўсіх, каму не спадабаліся скокі ў Сан-Трапэ, «парахобоцікамі».

Дзе зарыты хлопчык?

Адносіны прэзідэнта Зяленскага з журналістамі не заладзіліся яшчэ з часоў выбарчай кампаніі. Можна ўзгадаць знакамітае: «Я вам нічога не павінен». Хоць з супрацоўнікамі лаяльнага і роднага тэлеканала «1 + 1» у Зяленскага ўсё добра, а вось ад не надта лаяльных акул пяра Зяленскі лічыць за лепшае аджартоўвацца.

Праўда, соль гумару не заўсёды зразумелая. Самы яркі эпізод адбыўся адразу пасля парламенцкіх выбараў — 23 ліпеня. У Сядзібе прэзідэнта журналіст праекта «Схемы» Міхаіл Ткач спрабаваў задаць Зяленскаму некалькі пытанняў аб яго сустрэчах з Віктарам Пінчуком і Леанідам Кучмай, але Зяленскі перавёў размову ў плоскасць жартаў і назваў журналіста «хлопчыкам». Калі Ткач запярэчыў, што ён «не хлопчык, а журналіст», у прэзідэнта прачнулася прафесійная вынаходлівасць і ён парыраваў: «А шчо, журналіст не може бути хлопцам?». «Хлопцам — можа, хлопчыкам! — Ні», — адказаў Ткач.

Тым не менш, узаемаадносіны прэзідэнта і яго Офіса з журналістамі вымушаюць жадаць лепшага. Згаданы вышэй Андрэй Богдан патлумачыў гэта тым, што Зяленскі і яго каманда, маўляў, не маюць патрэбы ў пасярэдніках у выглядзе журналістаў для камунікавання з народам, а таму могуць сабе дазволіць любы стыль стасункаў са СМІ.

У выніку дайшло да таго, што некаторыя дэпутаты ад прэзідэнцкай партыі «Слуга народа», у прыватнасці, Макс Бужанскі і Аляксандр Дубінскі пачалі называць журналістаў «тупымі авечкамі». Падобны стыль камунікацыі стварае непрыемны прэцэдэнт, бо «нелаяльныя» адносіны неўзабаве могуць распаўсюдзіцца не толькі на журналістаў, але і на ўсіх іншых нязгодных: ад апазіцыйных палітыкаў і актывістаў да простых людзей.

Зрэшты, галоўная небяспека, якую нясе праўленне Зяленскага, — зусім не ўзурпацыя ўлады, як у Беларусі. Занадта шмат разнастайных інтарэсаў павінна быць збалансавана. Калі гэтыя інтарэсы цяпер і не лабіруюць дэпутаты з розных партый у рамках парламенцкай кааліцыі, то гэта ўсё роўна так ці інакш будуць рабіць «слугі народа», па сутнасці, занадта разнамасныя, каб прытрымлівацца адзінай ідэалогіі. Гэта таксама і не небяспека расчаравання ў самім Зяленскім або ў яго камандзе. Такое расчараванне надыходзіць ва Украіне ў людзей заўсёды, менавіта яно, у выніку, у гэтай краіне рухавік любых палітычных зменаў. Паказальны прыклад: на днях у фэйсбуку група «Імпічмент Парашэнку» была перайменаваная ў «Імпічмент Зяленскаму». Гэта небяспека падрыву народнага даверу да дзяржаўнага ладу і да легітымнасці ўлады як такой.

У адным можна быць упэўненымі ўжо зараз: жаданне забаўляцца і жартаваць ва ўкраінцаў амаль выпарылася.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: