17 праваабарончых арганізацый Украіны заклікаюць ЕС заняць актыўную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, якіх аб’ядноўвае адукацыйны Дом правоў чалавека ў Чарнігаве (Украіна) працягвае выступаць за дэмакратыю і выказваць супраціў у дачыненні да затрыманняў і гвалту ў Беларусі.


У заяве 17 праваабарончых арганізацый выказваецца занепакоенасць ціскам беларускіх уладаў на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі.

«Затрыманне 17 верасня 2020 года праваабаронцы, каардынатаркі валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра “Вясна” Марфы Рабковай, а таксама ўсе факты пераследаў праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскіх актывістаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі — затрыманні, крымінальныя і адміністрацыйныя пераследы ў Мінску, Брэсце, Светлагорску, Магілёве і іншых гарадах, ператрусы і пагрозы крымінальным пераследам з’яўляюцца сведчаннем паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі ціску на грамадзянскую супольнасць з мэтай устанаўлення татальнага кантролю, недапушчэння маніторынгу парушэнняў правоў чалавека і дакументавання злачынстваў уладаў, якія здзяйсняюцца ў апошнія тыдні паўсюдна і з асаблівай жорсткасцю» — гаворыцца ў заяве.

Як адзначаюць праваабаронцы Украіны, гэтыя дзеянні груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, бокам якіх з'яўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці, Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыю аб праве і абавязках асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючыя прынцыпы АБСЕ па абароне праваабаронцаў.

«Нагадваем, што правы чалавека з’яўляюцца краевугольным камянём еўрапейскай і сусветнай сістэмы калектыўнай бяспекі, а абарона праваабаронцаў з'яўляецца абавязкам як нацыянальных урадаў, так і міжнароднай супольнасці. Гісторыя вучыць нас, што спробы сусветнай супольнасці ігнараваць сістэмныя і масавыя парушэнні правоў чалавека ў любой з краін у выніку прыводзяць да крывавых грамадскіх катаклізмаў. Пасля катастрофы Другой сусветнай вайны быў абвешчаны прынцып, у адпаведнасці з якім пытанні захавання правоў чалавека з’яўляюцца законным інтарэсам усіх краін-удзельніц ААН. У выпадку дапушчэння сістэмных і масавых парушэнняў правоў чалавека ўрадам любой з краін сусветная супольнасць абавязана умяшацца і спыніць злачынства. Прыйшоў час даказаць прыхільнасць гэтаму прынцыпу і спыніць сістэмныя і масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», — кажуць украінскія праваабаронцы.

«Мы звяртаемся да ўрадаў сваіх краін і кіруючых органаў Еўрапейскага Саюза з патрабаваннем выказаць прынцыповую палітычную пазіцыю і актыўна дзейнічаць у рамках даступных міжнародных механізмаў у дачыненні да канкрэтных асобаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія маюць дачыненне да масавых рэпрэсій у адосінах да актывістаў мірных пратэстаў. Асобнай рэакцыі заслугоўваюць спробы ўладаў раздушыць беларускую праваабарончую супольнасць. Мы заклікаем да ўзмацнення эканамічных санкцый у дачыненні да ўсіх функцыянераў рэжыму і актыўных выканаўцаў рэпрэсій да выканання патрабаванняў спынення рэпрэсій, правядзення эфектыўных расследаванняў усіх выпадкаў прымянення незаконнага гвалту сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і правядзення паўторных прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасці са стандартамі і пад наглядам АБСЕ», — гаворыцца ў заяве.

Паводле spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: