1984-ы пачнецца ў 2020-м?

У Кітаі стартавала апошняя фаза выпрабавання новай мадэлі грамадскага кантролю, якая грунтуецца на сістэме сацыяльнага крэдыту. Эксперты называюць гэтую сістэму пачаткам «віртуальнай дыктатуры».

У тэксце пастановы шмат прыгожых слоў, таму для разумення сэнсу рэформы будзе прасцей пагля­дзець у інтэрнэце першую серыю 3-га сезона серыяла «Чорнае люстэрка». Фота www.sci-fi-news.ru


Аб’ектам выпрабаванняў стаў аэрапорт у горадзе Жунчэн. Там пасажыры маюць ідэнтыфікацыйныя карткі лаяльнасці і рэпутацыі. Тыя, у каго на картцы дастаткова балаў лаяльнасці і рэпутацыі, праходзяць на пасадку паводле спрошчанай працэдуры — без дагляду і пашпартоў. Тых, у каго балаў не хапае, адпраўляюць на больш жорсткі кантроль.


Калі эксперымент у аэрапорце і на іншых пляцоўках пройдзе паспяхова, падобны рэжым будуць уводзіць на іншых аб’ектах. Глабальная задача — да 2020-га падрыхтаваць усю нацыянальную інфраструктуру для працы ў такім рэжыме.

Такую задачу паставіла партыя яшчэ ў 2014 годзе. У тэксце пастановы шмат прыгожых слоў, таму для разумення сэнсу рэформы будзе прасцей пагля­дзець у інтэрнэце першую серыю 3-га сезона серыяла «Чорнае люстэрка». Там дэманструюць грамадства, дзе сацыяльны стан людзей залежыць ад колькасці «лайкаў» у сацсетках. Калі рэйтынг усяго тры балы, чалавеку могуць закрыць доступ у публічныя месцы, а за рэйтынг у два балы і ніжэй могуць наогул ахрысціць злачынцам і ізаляваць у мясцовым цэнтры для правапарушальнікаў.

У кітайскай сістэме ў кожнага грамадзяніна таксама будзе рэйтынг даверу. Плануецца, што ён будзе складаць тысячу ўмоўных балаў. Сума балаў будзе вагацца ў залежнасці ад паводзінаў. Напрыклад, калі кіроўца не спыніцца на чырвонае святло або чалавек пратэрмінуе аплату камуналкі, можна пазбавіцца некалькіх пунктаў. Адзіны інфармацыйны цэнтр аналізуе кожнага па 160 тысячах розных параметраў.

З іншага боку, чым менш балаў на картцы, тым больш рызыкаў трапіць у катэгорыю D — уладальнікаў рэйтынгу ніжэй за 500 балаў. Гэтая частка насельніцтва не будзе мець права купляць квіткі на самалёты і хуткія цягнікі, замаўляць нумар у гатэлі і нават карыстацца роварамі або абслугоўвацца ў добрых рэстаранах. Зрэшты, сродкі на паходы па рэстаранах ва ўладальнікаў нізкага рэйтынгу наўрад ці з’явяцца. З такім рэйтынгам чалавек не мае права на сацыяльную падтрымку з боку дзяржавы. Працаўладкавацца яму атрымаецца хіба што дворнікам.

Колькасць балаў залежыць не толькі ад індывідуальных паводзінаў у чатырох ключавых галінах (адносіны з дзяржавай, камерцыйная дзейнасць, грамадская дзейнасць, адсутнасць судовых спраў). Калі «добрыя суседзі» паскардзяцца, колькасць балаў на рахунку лаяльнасці і рэпутацыі скароціцца. Матываваць на паклёп будзе бонус у выглядзе некалькіх пунктаў у скарбонку рэйтынгу.

Дарэчы, сістэма балаў сапраўды ўплывае на псіхіку. У мінулым месяцы амерыканскі канал Vice News апытаў жыхароў Жунчэна наконт іх стаўлення да новых правілаў. Больш за ўсё гледачоў уразіла споведзь нейкага кітайца, які трапіў у катэгорыю D. Цяпер яго сэнс жыцця — набраць колькасць балаў, якая дазволіць яму вярнуцца ў катэгорыю А, каб стаць «нармальным чалавекам».

Цікавая рэакцыя на кітайскія эксперыменты за мяжой. Безумоўна, у свеце хапае крытычных каментараў. На думку шматлікіх праваабаронцаў, Кітай, па-сутнасці, будуе новую мадэль татальнага кантролю над грамадствам. Але ёсць і тыя, хто вітае новы парадак. На іх думку, татальны кантроль дапаможа ў перспектыве ўсталяваць кантроль над дэмаграфіяй, міграцыяй і выратаваць чалавецтва і планету ад бессэнсоўнай эксплуатацыі і спажывання.

У некаторых краінах людзі ўжо напружыліся ад навін з Паднябеснай. У расійскай апазіцыйнай прэсе актыўна падымаецца пытанне: хто дасць гарантыю, што прыклад Пекіна, які «абкатае» сістэму, не пяройме Масква?

Аднак такія ж асцярогі гучаць і на старонках заходняй прэсы. Тэхнічна імпартаваць і адаптаваць кітайскую мадэль «Вялікага Брата», хутчэй, здольныя краіны Захаду. Там даўно навучыліся адсочваць паводзіны і настроі сваіх грамадзян з дапамогай аналізу дзеяння ў сацыяльных сетках. Замеры лаяльнасці супрацоўнікаў фірмаў таксама пачаліся задоўга да таго, як ЦК Кампартыі КНР апублікавала ў 2004-м план сістэмы сацыяльнага крэдыту. «Кітайская ідэя сацыяльнага крэдыту не нараджаецца з нічога. Яна кансалідуе практыкі, якія існуюць у цяперашні час», — піша з гэтай нагоды італьянская «l’Espresso».

Магчыма, запуск амбіцыйнага праекта кітайскіх камуністаў давядзецца, як мінімум, адтэрмінаваць. Тарыфныя войны з ЗША і слабая эканамічная кан’юнктура аслабілі тэмпы росту гаспадаркі КНР да ўзроўню дваццацігадовай даўніны. Відавочна, Кітаю прыйдзецца ўрэзаць дзяржаўныя выдаткі, і ў тым ліку на сістэму сацыяльнага кантролю. Перспектывы ўвядзення новай сістэмы будуць зразумелыя, хутчэй, бліжэй да восені.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: