2020: год, калі ўсё зменіцца

Цяжка ўзгадаць, калі яшчэ лейтматывам большасці навагодніх прагнозаў на наступны год былі чаканні глабальных і рэгіянальных катаклізмаў.

Безумоўна, галоўная падзея наступнага года — выбары прэзідэнта ЗША, дакладную развязку якіх наўрад ці спрагназуе самы лепшы аракул ад паліталогіі. Градус узаемнай нянавісці дэмакратаў і рэспубліканцаў ужо цяпер настолькі высокі, што ў галаву не ўкладаецца, як прайграўшы кандыдат зможа захаваць палітэс, прызнаўшы сябе лузерам. Беручы пад увагу нарастаючую агрэсію, каментатары нават дазваляюць сабе фантазіі пра гібрыдную грамадзянскую вайну ў Злучаных Штатах, якая распачнецца адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання.

Уверцюрай да старту прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША стануць хуткія сенацкія слуханні наконт імпічменту Трампа. Хаця рэспубліканцы дамінуюць у Сенаце, слуханні абяцаюць ператварыцца ў сапраўднае шоу. Банкаваць будзе Трамп, які збіраецца выліць на дэмакратаў тоны кампрамату пра карупцыйныя авантуры іх лідара Джо Байдэна ва Украіне.

Шоу ў Сенаце будзе мець уплыў і на наш рэгіён. Прэса піша пра пагрозы для рэпутацыі Украіны, якую трампаўскія медыя будуць маляваць як краіну з жудаснай карупцыяй. Знешнепалітычная таксічнасць кіеўскай эліты можа спрыяць трансфармацыі рэжыму Зяленскага аж да магчымага стварэння «ўраду моцнай рукі» (роля Піначэта адводзіцца дырэктару МУС Арсену Авакаву).

Што тычыцца іншага суседа, Расіі, то большасць каментатараў чакаюць працягу зніжэння рэйтынгаў улады. Гэта шмат у чым звязана з пенсійнай рэформай, павышэннем коштаў на жыццёва неабходныя тавары, і да таго ж зніжэннем узроўню рэальных даходаў насельніцтва. Аднак крытычным для Пуціна ўсё ж будзе не наступны год, а, хутчэй, 2021-ы, калі праз парламенцкія выбары чакаецца масавая палітызацыя грамадства. Ёсць думка, што напярэдадні 2021-га ў Крамлі будуць спрабаваць пабудаваць аналаг крымскага кансэнсусу, калі расіяне забудуцца на паўсядзённыя праблемы за кошт нейкага тэрытарыяльнага пашырэння.

Патэнцыйнай крыніцай нестабільнасці называюць Вялікабрытанію, якая ў студзені канчаткова эвакуюецца са складу Еўрасаюза. Цяперашні прэм’ер Борыс Джонсан абяцае суайчыннікам грандыёзныя прарывы пасля фіналу Brexit, аднак пакуль усё выглядае на пачатак другога акту драмы. Нават такія салідныя выданні, як El Pais і Le Monde, пішуць пра хуткае аб’яднанне Ірландыі і з’яўленне на мапе незалежнай Шатландыі. Дакладнага адказу на пытанне, як будзе адбывацца развод Лондану з Белфастам і Эдынбугам, і ці будзе ён мець мірны характар, пакуль няма.

У кантэксце Brexit і паступовага сыходу з палітыкі ў Германіі Ангелы Меркель чакаюць рост уплыву Макрона. Заклікі Парыжу да дыялогу з Пуціным, напэўна, створаць лініі канфліктнасці са сталіцамі Усходняй Еўропы. Апошнія будуць легітымаваць нацыянал-кансерватыўную рэгіянальную альтэрнатыву Бруселю. Чакаецца паступовая адмова ад ліберальнай палітычнай павесткі і ў краінах старой Еўропы, дзе баяцца новай хвалі навалы мігрантаў з Азіі і Афрыкі. Аднак, хутчэй, у наступным годзе ЕС застанецца больш-менш кансалідаваным па асноўных пытаннях.

Наіўна думаць, што Беларусь застанецца на перыферыі ўсяго гэтага бедламу. Пачынаючы са студзеня NATO будзе праводзіць ва Усходняй Еўропе беспрэцэдэнтныя манеўры Defender Europe 2020 з удзелам 37 тысячаў вайскоўцаў з 18 краінаў свету. Пры гэтым 20 тысячаў вайскоўцаў сухапутных войскаў будуць перакідваць у Еўропу з ЗША. Чакаецца незвычайная акцыя, калі ў 10 аэрапортах старога кантынента выгрузяцца амерыканскія ваенныя, і на працягу 96 гадзін разгорнуць звыш 480 танкаў і баявых машын. Гатоўнасць самалётаў да ўжывання ядзернай зброі прадугледжваецца скараціць з 10 сутак да 24 гадзін.

Эксперты разыходзяцца ў ацэнках такога мерапрыемства. Адны кажуць, што гэта дэкларацыя рашучасці падтрымаць мясцовых саюзнікаў. Другія — што Трамп хоча прадэманстраваць Еўропе магутнасць Альянсу і прымусіць мясцовыя ўрады не шукаць альтэрнатывы ў выглядзе Еўрапейскай арміі, пра якую любіць казаць той жа Макрон.

У Маскве тыя манеўры некаторыя трактуюць як пралог да поўнамаштабнай вайны. З’явіліся спекуляцыі, што Расія можа адказаць на Defender Europe 2020 нават бамбардзіроўкай усіх еўрапейскіх сталіц. Усё гэта гарантуе нам у хуткім часе медыя-істэрыку, якая дакладна адаб’ецца на тонусе грамадзян.

Нарэшце, дэкарацыяй усіх апісаных працэсаў будзе нарастаючы сусветны эканамічны крызіс, які, як мяркуюць спецыялісты, напоўніцу праявіцца ў другой палове 2020-га. Прычым, прагнозы наконт яго маштабаў проста шакуюць. Эксперты называюць будучую рэцэсію «суперкрызісам» і кажуць, што не абыдзецца без масавых беспарадкаў, нават з перабоямі паставак харчавання. Прычым, калі той крызіс закончыцца, ніхто не ведае. Самыя вялікія песімісты лічаць, што сітуацыя на планеце нармалізуецца толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. Апошняе дазваляе павіншаваць усіх не толькі з новым годам, але і з пачаткам новага свету.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: