3 гады таму ў Парыжы расстралялі рэдакцыю выдання «Шарлі Эбдо». Тады загінулі 12 чалавек

Рэдакцыя хавае сваё месца знаходжання ўвесь гэты час і вытрачвае палову прыбыткаў на бяспеку, піша Радыё Свабода.

7 студзеня 2015 тэрарысты-ісламісты Саід і Шэрыф Куашы расстралялі рэдакцыю французскага сатырычнага штотыднёвіка «Шарлі Эбдо». Сёння гэта выданне — ужо не сымбаль яднання Францыі, а лінія, па якой расколатае грамадства. Права на свабоду слова ўсё часцей ставіцца пад пытанне, а «Шарлі» даводзіцца выдаткоўваць больш за палову прыбытку на бяспеку.

Пры нападзе загінула 12 чалавек, у тым ліку 8 членаў рэдакцыі. За гэтым тэрактам адбыліся яшчэ два: забойства супрацоўніцы паліцыі 8 студзеня і расстрэл 4 закладнікаў у супермаркеце Hypercasher 9 студзеня іншым тэрарыстам — Амэдам Кулібалі.

Тэракты выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю салідарнасці з ахвярамі ў французскім грамадстве. 10 і 11 студзеня 2015 года на рэспубліканскія маршы ў абарону свабоды слова і каштоўнасцяў рэспублікі спантанна выйшлі больш за 4 мільёны французаў. Гэтыя маршы сталі самай маштабнай маніфестацыяй ва ўсёй гісторыі Францыі. Хэштэг #jesuischarlie («Я — Шарлі») выйшаў далёка за межы Францыі.

Марш салідарнасці ў Парыжы 11 студзеня 2015

Марш салідарнасці ў Парыжы 11 студзеня 2015


Аднак вельмі хутка — як у Францыі, так і за мяжой — зноў загучалі галасы, якія сцвярджаюць, што гвалт — гэта, вядома, дрэнна, але што «Шарлі» заходзіць занадта далёка, абражае пачуцці вернікаў і цэлых народаў, блюзнерыць, публікуе непрыстойнасці і таму заслугоўвае сваёй долі і нарываецца на новыя непрыемнасці.

На «Шарлі» зноў пакрыўджаныя многія мусульмане. А яшчэ гішпанцы — пасля карыкатур пра тэракт у Барселоне. Расейцы, абураныя малюнкамі пра крушэнні расійскіх лайнэраў. І многія іншыя, хто стаў аб’ектам едкай сатыры выдання. У адрас штотыднёвіка працягваюць паступаць шматлікія пагрозы. Апошнія тры гады ён існуе фактычна ў падпольных умовах, выдаткоўваючы каласальныя грошы на сваю бяспеку.

6 снежня, напярэдадні афіцыйных мемарыяльных мерапрыемстваў, у парыскім тэатры Фолі Бэржэр адбылася канферэнцыя «Усё яшчэ Шарлі: памятаць і змагацца». Удзел у ёй прынялі супрацоўнікі газеты, палітыкі, журналісты, актывісты грамадзянскай супольнасці. Яны казалі пра тое, што значыць «быць Шарлі» сёння — праз тры гады пасля тэрактаў.

З сымбалю яднання нацыі «Шарлі» з часам ператварыўся ў адну з ліній расколу французскага грамадства. Кажучы схематычна, «Шарлі» — гэта тыя, хто патрабуе строгага захавання прынцыпу свецкасці дзяржавы, хто лічыць блюзнерства часткай свабоды слова і хто просіць не блытаць крытыку рэлігій, якая цалкам дарэчная і заканамерная, і расізм, які непрымальны. Да «анты-Шарлі», у сваю чаргу, можна аднесці ўсіх тых, хто лічыць, што газета заходзіць занадта далёка ў сваіх карыкатурах, што свабода слова не павінна абражаць пачуцці вернікаў і што рэлігійныя абшчыны маюць права патрабаваць ад дзяржавы павагі іх адмысловых правоў.

У першую чаргу крытыка «Шарлі» і розныя патрабаванні зыходзяць ад прадстаўнікоў ісламу, бо менавіта яны найбольш адчувальныя ў Францыі да «абразлівых», на іх думку, малюнкаў і дзеянняў. Аднак трэба сказаць, што «Шарлі» ў сваіх публікацыях не літасцівы ані да воднай рэлігіі.

Мітынг праціўнікаў «Шарлі Эбдо» ў Іране

Мітынг праціўнікаў «Шарлі Эбдо» ў Іране


Паводле вынікаў апытання, прадстаўленых на канферэнцыі інстытутам IFOP, на сёння 61% апытаных французаў па-ранейшаму лічаць сябе «Шарлі». У студзені 2016 такіх было 71%.

Для тых, хто па-ранейшаму падтрымлівае сатырычны штотыднёвік, быць «Шарлі» азначае, у першую чаргу, патрабаваць гарантый поўнай свабоды слова. Вось што заявіў філосаф Рафаэль Энтховен:

«Важна разумець розніцу паміж падтрымліваць «Шарлі» і любіць гэтае выданне. Вельмі па-дурному казаць: «Я — не Шарлі», таму што вам не падабаюцца іх публікацыі. Бо каб падтрымліваць «Шарлі», зусім не абавязкова падпісацца на гэтую газету, шанаваць яе ці нават чытаць. Важна ня тое, што прадстаўлена ў «Шарлі», а тое — што «Шарлі» сабой уяўляе».

Для Іны Шаўчэнкі, актывісткі руху Femen, якая пражывае ў Францыі, «Шарлі» — гэта больш, чым газета. Гэта вобраз думкі: «Спытаеце мяне: хто ўвасабляе смеласьць, і я адкажу — «Шарлі». Што такое сапраўднае годнасьць — «Шарлі». Што такое свабода — быць «Шарлі». Мы, фэміністкі, тут, каб заявіць што мы заўсёды былі і заўсёды будзем «Шарлі». І на іх, і на нас часта нападаюць, кажучы, што мы кагосьці абражаем нашымі паводзінамі, нашымі жартамі, нашым гумарам. Але я паўтараю зноў і зноў: няма такога права — не адчуваць сябе пакрыўджаным, тады як права на свабоду слова — гэта адно з галоўных правоў асобы.

Нам часта заяўляюць, што ў свабоды слова павінны мець межы. Што неабмежаваная свабода слова шкодная і небясьпечная для грамадства. Я ведаю шмат краін, дзе людзі пакутуюць ад уціску свабоды слова. Але ці можаце вы назваць хоць адну краіну, чые грамадзяне пакутуюць ад лішку свабоды слова? Не, гэта немагчыма сабе ўявіць!».

Галоўны рэдактар «Шарлі» Жэрар Біяр нагадаў аб экстрэмальных умовах, у якіх існуе газэта апошнія тры гады. Яны апісаны ў апошнім нумары выданьня, якое выйшла пад загалоўкам «Тры гады ў кансэрвнай бляшанцы».

Адрас рэдакцыі трымаецца ў сакрэце, уваход у яе абаронены браніраванымі дзьвярыма. Усе асноўныя журналісты суправаджаюцца аховай, ахоўваецца і будынак рэдакцыі. Гэта каштуе выданьню велізарных грошай. Сябры рэдакцыі ня маюць нармальнага сацыяльнага жыцьця і жывуць у пастаянным страху за сябе і сваіх блізкіх.

Журналісты былі вельмі напалоханыя, калі «памагатыя Пуціна», піша газета, апублікавалі ў сетцы асабістыя дадзеныя, адрас і план дома аднаго з яе супрацоўнікаў. Дарэчы, менавіта з Расеі ў рэдакцыю прыходзіць найбольш лістоў з «больш ці менш нязграбнымі спробамі» выведаць асабістыя электронныя адрасы супрацоўнікаў і адрас рэдакцыі. Улічваючы ўсю крытыку, якую «Шарлі» зазнае ў Расіі, гэтыя лісты ў рэдакцыі ўспрымаюць не як праяву ветлівай цікаўнасьці, а як спробы ўзлому базы дадзеных або падрыхтоўкі нападу.


Усё гэта сведчыць аб тым, што для свабоды слова наступілі ня лепшыя часы, лічыць Біяр:

«Шарлі» — гэта сатырычны штотыднёвік, які выказвае свае меркаванні па шэрагу пытанняў. Сатыра не павiнна ўсім падабацца, і з любым меркаваннем можна паспрачацца. Аднак ніхто не мае права страляць у нас, пагражаць нам расправай ці сцьвярджаць, што мы атрымалі па заслугах, таму што недастаткова паважлівыя. Ці нармальна, што ў мірны час, у дэмакратычнай краіне газета павінна аддаваць больш за палову сваіх даходаў на бяспеку і жыць у ваенных умовах? Ці можна казаць пра тое, што свабода слова сапраўды існуе? Пытанне я хачу задаць усім тым журналістам і аглядальнікам, якія, ведаючы пра наша становішча, выбіраюць развагі пра дрэнны густ і межы сатыры».

На думку «Шарлі» і яго прыхільнікаў, у гэтай недапушчальнай сітуацыі ёсьць доля віны французскай дзяржавы і ўсіх тых палітыкаў і СМІ, якія пастаянна абвінавачваюць іх у «падліванні алею ў агонь». Пра гэта разважае Рафаэль Энтховен:

«Ва ўсіх гэтых «міратворцаў», якія пастаянна просяць не падліваць алею ў агонь, «асабліва ў такі момант», я хачу спытаць — а калі наступіць той момант, калі мы зможам пасмяяцца адно над адным? Тады, калі ў грамадстве запануюць поўны мір і супакой? Але гэты момант ніколі не наступіць! І гэтыя людзі выдатна пра гэта ведаюць. Гэта значыць, яны свядома спрабуюць прымусіць навечна адмовіцца ад усіх балючых тэм і ўвесьці пажцьцёвую цэнзуру. І самае галоўнае — яны забываюцца, што праблема — гэта агонь, а не алей!».

Аб пытанні суадносін свабоды слова і рэлігій казаў генеральны сакратар арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстоф Делюар, які выступаў на канфэрэнцыі:

«У Савеце па правах чалавека ААН дзесяць гадоў ішлі вельмі жорсткія дэбаты аб дыфамацыі рэлігій. Арганізацыя Ісламскай Канферэнцыі вельмі настойліва дамагалася ўвядзення ў заканадаўчыя тэксты аб правах чалавека артыкула супраць дыфамацыі рэлігій. Усе дэмакратычныя дзяржавы ўсяляк пазбягаюць вяртання да гэтай тэмы, паколькі ёсць рэальная рызыка, што яны не выстаяць пад націскам магутнага рэлігійнага лобі. Таму я заклікаю ўсе дзяржавы праявіць цвёрдасць у гэтым пытанні і не паддавацца ціску з боку прадстаўнікоў культаў, каб захаваць незалежнасць нашых дэмакратый ад рэлігійных ідэалогій».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!