4 лістапада 1956-га савецкія танкі ўвайшлі ў Будапешт

Перад гэтым на вуліцы венгерскай сталіцы выйшлі 200 тысяч чалавек.

Знішчаны савецкі танк Т34/85 у Будапешце, 1956 год. Фота www.budapestcity.org

4 лістапада 1956 года савецкія войскі ўвайшлі ў Будапешт для падаўлення антыкамуністычнай рэвалюцыі ў Венгрыі.

У кастрычніку 1956 году распачалася Венгерская рэвалюцыя, якая была вынікам росту антыкамуністычных настрояў з аднаго боку, і сур’ёзнага ўнутрыпалітычнага канфлікту Венгерскай партыі працоўных (адпаведніка камуністычнай партыі) паміж сталіністамі на чале з Мацьяшам Ракашы і рэфармістамі пад кіраўніцтвам Імрэ Надзя.

Імрэ Надзь — прыхільнік глыбокіх эканамічных рэформаў і дэсталінізацыі —атрымаў вялікую падтрымку з боку грамадзян Венгрыі, асабліва інтэлігенцыі, але быў адхілены ад усіх важных палітычных пасадаў і выключаны з партыі, што і сталася каталізатарам рэвалюцыі.

23 кастрычніка 1956 года пачалася дэманстрацыя ў Будапешце, у якой прыняло ўдзел 200 тысяч чалавек.

Камуністычнае кіраўніцтва Венгрыі не ведала, як рэагаваць на пратэсты, што прывяло да іх пашырэння і радыкалізацыі. Савецкі пасол у Венгрыі Юрый Андропаў пісаў у сваіх дакладных запісках, пра неабходнасць пільнага ўмяшальніцтва Масквы ў сітуацыю.

Вельмі хутка ў пратэстоўцаў з’явілася зброя, бо некаторыя венгерскія часткі падтрымалі рэвалюцыянераў, таксама былі захоплены паліцэйскія ўчасткі.

У выніку Імрэ Надзь быў прызначаны прэм’ер-міністрам, але нягледзячы на гэта і на той факт, што Надзь прызваў насельніцтва супакоіцца, а таксама прысутнасць савецкага кантынгенту, пратэст нарастаў.

Падчас мітынгу 25 кастрычніка, каля будынку Парламенту стрэлам з даху быў забіты савецкі афіцэр, што прывяло да інтэнсіўнага агню збоку савецкіх вайскоўцаў, у выніку чаго было забіта каля 60 чалавек. Фактычна падзеі 25 кастрычніка сталіся прычынай поўнамаштабнага канфлікту.

30 кастрычніка савецкім камандаваннем быў распрацаваны план па ўвядзенні войскаў «Віхор», і падтрымцы рэвалюцыйнага працоўна-сялянскага ўраду» на чале з Янашам Кадарам. Увод войскаў у Венгрыю падтрымалі камуністычныя ўрады ГДР, Польшчы, Чэхаславакіі. Вайсковая аперацыя распачалася раніцай 4 лістапада 1956 года, камандаваў ёю маршал Георгій Жукаў.

Удзел у падаўленні Венгерскага паўстання прыняло больш за 60 тысяч чалавек, задзейнічана было каля 3 тысяч танкаў і баявых машын. Баі ў самім Будапешце доўжыліся да 10 лістапада. Урад Надзя быў вымушаны схавацца ў амбасадзе Югаславіі, пазней ён быў схоплены і расстраляны. Дробныя сутыкненні адбываліся да 31 снежня. У выніку баёў загінула 2652 паўстанцаў, 348 мірных жыхароў, параненых было звыш 19 тысяч.

Страты савецкага войска склалі 669 забітымі, 51 прапаўшымі без вестак і 1251 былі параненыя, а таксама знішчаныя некалькі дзесяткаў адзінак вайсковай тэхнікі.

Павал Усаў, www.radyjo.net

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: