40 чалавек застрэленыя падчас нападу на мячэць у Новай Зеландыі

Удзень 15 сакавіка некалькі ўзброеных нападнікаў атакавалі дзве мячэці ў горадзе Крайстчэрч у Новай Зеландыі, піша «Радыё Свабода».


Як перадае The Guardian, забітыя не менш як 40 чалавек і параненыя не менш як 20.

Такія лічбы агучыла прэм’ер-міністарка Новай Зеландыі Джасінда ​Ардэрн. Яна адзначыла, што такое «можна назваць толькі тэрарыстычным нападам». ​

Прэм’ерка назвала напад «беспрэцэдэнтным» і «адным з самых змрочных дзён» у гісторыі краіны. Ардэрн дадала, што ахвярамі страляніны сталі ў тым ліку мігранты і ўцекачы — але «яны — гэта мы», падкрэсліла яна, і такім злачынствам «няма месца ў Новай Зеландыі».

Нападнікі ўварваліся ў мячэці, дзе былі дзясяткі чалавек. Перад мячэцямі паліцыянты знайшлі некалькі самаробных бомбаў, іх абясшкодзілі.

Паліцыя затрымала трох мужчын і жанчыну — меркаваных нападнікаў (мяркуецца, што іншых нападнікаў не было), у іх ліку аўстраліец.

Адзін з нападнікаў, 28-гадовы мужчына крайне правых поглядаў, вёў жывую відэатрансляцыю нападу, а перад атакай апублікаваў маніфест на 74 старонкі, у якім выказваў нянавісць да мігрантаў.

Выезды з гораду закрытыя, таксама закрытыя школы і грамадскія будынкі.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!