40 гадоў таму Польшчу паралізавала «зіма стагоддзя»

На поўначы Польшчы слупок тэрмометраў апусціўся да мінус 30 градусаў, а вёскі былі гэтак засыпаныя снегам, што не было бачна дамоў.

Жыхары Варшавы расчышчаюць вуліцы гораду

Жыхары Варшавы расчышчаюць вуліцы гораду

40 гадоў таму Польшчу паралізавала моцная і марозная зіма. Пазней гэты перыяд быў названы «зімой стагоддзя». Пра тое, як з суворымі прыроднымі ўмовамі ў той час змагаліся палякі, прыгадвае “Польскае радыё” ў сваёй гістарычнай рубрыцы «Машына часу» і звяртаецца да сваіх архіўных запісаў.

40 гадоў таму, 31 снежня 1978 года, пачалася гэта званая «зіма стагоддзя». Вуліцы гарадоў пусцелі, а мароз і снег спыніў большасць транспартных сродкаў. У тысячах дамоў халодныя батарэі, адсутнічае гарачая вада.

Мяцеліцы, завеі і ападкі снегу – зіма пачала наступленне з Поўначы, з боку Гданьска, Сувалак і Шчэціна, перамяшчаючыся ўглыб краіны.

Ападкі снегу былі настолькі інтэнсіўнымі, што паўсталі гурбы снегу вышынёю ў некалькі метраў – снег і мароз паралізавалі краіну на некалькі тыдняў

Многім не ўдалося даехаць на сустрэчу Новага году, пры гэтым гаворка ідзе не пра паездку з аднаго населенага пункту ў другі, але ў адным горадзе.

2 студзеня 1979 года газета “Trybuna Ludu” (Народная Трыбуна) – галоўны орган Польскай аб’яднанай рабочай партыі, – заклікала грамадзян, якія збіраліся ў паездку на сваім альбо грамадскім транспарце, застацца дома і без неабходнасці нікуды не ехаць. Паведамлялася, што 18 тысяч кіламетраў дарог засыпаныя снегам, а гурбы сягаюць у вышыню 3,5 метры.




На поўначы краіны слупок тэрмометра апусціўся да мінус 30 градусаў, у цэнтры было крыху цяплей. Некаторыя вёскі былі гэтак засыпаныя снегам, што не было бачна дамоў.

Моцны снегапад і нізкія тэмпературы суправаджаліся завеямі і мяцеліцамі, якія дадаткова ўскладнялі і так няпростую сітуацыю.

У краіне пачало не хапаць вугалю, які быў асноўнай сыравінай для электрастанцый ды цеплаэлектрацэнтралей. З-за снегападу і марозу цягнікі з сілезскім вугалем не маглі яго давесці ў іншыя куткі краіны. Больш за тое, суворыя ўмовы прывялі да таго, што абрываліся чыгуначныя электрапровады.

У многіх гарадах спыніўся гарадскі транспарт, а аўтобусы, якія засталіся на трасе, курсіравалі ў тунелях, выкапаных у снезе.



Змагацца з зімой дапамагалі войску ды іншым службам грамадзяне. Для прыкладу, 2 і 3 лютага 1979 году на дапамогу толькі ў адным цэнтральным Мазавецкім ваяводстве выйшла 800 тысяч чалавек.

Складаная сітуацыя працягвалася два месяцы. 1 сакавіка Trybuna Ludu паведаміла, што жыццё ў краіне пачынае вяртацца да нормы, а зіма адступае.

Паводле Валеры Саўко, www.radyjo.net



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: