44% амерыканцаў ухвалілі імпічмент Трампу — апытанне

Амаль палова амерыканцаў ухвалілі рашэнне Палаты прадстаўнікоў ЗША, якая прагаласавала за імпічмент прэзідэнта.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп

44% амерыканцаў ухвалілі рашэнне Палаты прадстаўнікоў ЗША пра абвяшчэнне імпічменту прэзідэнту Дональду Трампу. Не падтрымалі рашэнне заканадаўцаў 41% удзельнікаў апытання, праведзенага агенцтвам Reuters і кампаніяй Ipsos.

Палата прадстаўнікоў абвінаваціла Трампа ў злоўжыванні ўладай і перашкодзе дзейнасці Кангрэсу. З першым абвінавачваннем пагадзіліся 53% рэспандэнтаў, з другім — 51%.

Каля 42% апытаных (большасць з іх — дэмакраты) лічаць, што Кангрэс павінен адхіліць прэзідэнта ад пасады. Яшчэ 17% заявілі, што Трампу трэба абвясціць вымову. 29% перакананыя, што ўсе абвінавачванні з прэзідэнта неабходна зняць.

Кажучы пра наступствы рашэння Палаты прадстаўнікоў, 26% рэспандэнтаў сказалі, што сталі больш падтрымліваць прэзідэнта ЗША. 20% апытаных менш падтрымліваюць Трампа. Яшчэ 48% заявілі, што абвяшчэнне імпічменту прэзідэнту не змяніла іх стаўлення да яго.

Нагадаем, 18 снежня Палата прадстаўнікоў зацвердзіла абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да Трампа ў рамках працэдуры імпічменту.

Прэзідэнта ЗША афіцыйна абвінавацілі па двух артыкулах у рамках імпічменту: у злоўжыванні ўладай і перашкодзе працы Кангрэсу.

Нагодай для разглядаў стала інфармацыя аб тым, што амерыканскі лідар аказваў ціск на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, патрабуючы пачаць расследаванне ў дачыненні да сына Джо Байдэна ў абмен на размарозку ваеннай дапамогі.

Паводле korrespondent.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: