89-гадовы Мугабэ абвешчаны пераможцам выбараў прэзідэнта Зімбабвэ

У Зімбабвэ 89-гадовы Роберт Мугабэ, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 33 гады, зноў абвешчаны пераможцам выбараў кіраўніка дзяржавы. У суботу 3 жніўня выбаркам абвясціў афіцыйныя вынікі усеагульных выбараў 31 ліпеня: Мугабэ атрымаў 61% галасоў, яго супернік, прэм'ер-міністр Морган Цвангіраі – 34%.

 
 
 
Партыя Мугабэ таксама атрымала 2/3 месцаў у парламенце – канстытуцыйную большасць. ЕС заявіў пра сваю занепакоенасць «магчымымі парушэннямі» на выбарах і іх «недастаткова празрыстай працэдурай».
 
 
Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Зімбабвэ чакаюцца не раней за панядзелак, але ЦВК паспяшаўся абвясціць нязменнага лідэра Мугабэ пераможцам двума днямі раней. Раней у суботу стала вядома, што партыя прэзідэнта Афрыканскі нацыянальны саюз Зімбабвэ – Патрыятычны фронт (ZANU-PF) атрымала канстытуцыйную большасць у 2/3 месцаў у парламенце.
 
 
Супернік Мугабэ, лідэр апазіцыі Морган Цвангіраі ў суботу заявіў, што яго Рух за дэмакратычныя перамены (MDC) мае намер байкатаваць працу ўрада, які будзе сфарміраваны  пасля выбараў. Вынікі выбараў апазіцыянер назваў «незаконнымі» з-за падтасовак.
 
 
У 2008 годзе Цвангіраі, былы прафсаюзны лідэр, заняў першае месца ў першым туры выбараў прэзідэнта, абагнаўшы Мугабэ. Кампанія гвалту, развязаная прыхільнікамі Мугабэ, вымусіла лідэра апазіцыі зняць сваю кандыдатуру. У выніку кампрамісу паміж уладай і апазіцыяй Цвангіраі узначаліў урад нацыянальнага адзінства. Мугабэ, былы герой барацьбы за незалежнасць краіны, за 33 гады праўлення прывёў эканоміку Зімбабвэ да краху, а дзяржсістэму да татальнай карупцыі.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: