А заўтра была вайна?

Па ходзе набліжэння прэзідэнцкай кампаніі амерыканскі соцыум павольна ахоплівае фатальная ўстаноўка пра тое, што выбары абавязкова закончацца новай грамадзянскай вайной.

«Амерыканская рэспубліка перажыла больш за два бурлівыя стагоддзі, грамадзянскую вайну, эканамічную дэпрэсію, дзве сусветныя вайны і мноства іншых праблем. Але ці зможа рэспубліка перажыць Дональда Трампа? Наступныя 12 месяцаў вызначаць лёс амерыканскага эксперыменту», — такую катэгарычную выснову зрабіў уплывовы часопіс The Atlantic у апошнім лістападаўскім выпуску. У прынцыпе, падобныя песімістычныя прагнозы пра непазбежнасць канфлікту ліберальнай і кансерватыўнай фракцыі амерыканцаў гучалі і раней. Аднак тыя публікацыі не траплялі ў топы чытацкага інтарэсу, не выклікалі агульнанацыянальных дэбатаў.

Свой пункт гледжання The Atlantic і іншыя медыя аргументуюць наяўнасцю шэрагу небяспечных дэстабілізуючых фактараў. Перш за ўсё, тое, што кампанія стартуе паралельна з парламенцкімі слуханнямі пра імпічмент прэзідэнта. Такіх прэцэдэнтаў гісторыя дзяржавы не ведала. Таксама з сярэдзіны мінулага стагоддзя не назіралася і такой ступені палітычнай палярызацыі і радыкалізацыі грамадства.

Праўда, свой унёсак у спіраль напружанасці робяць і палітыкі. Па меры таго, як расследаванне ў парламенце працягваецца, Трамп дапускае ўсё больш раз’юшаныя, асабістыя і грубыя атакі на адрас апанентаў, падсілкоўваючы лютасць свайго электарату. У нядаўняй прамове ён назваў дэмакратычных лідараў «вар’ятамі», а імпічмент — «падманам», і гэтак далей. Прэзідэнт нават адкрыта палохае дэмакратаў з’яўленнем «злоснай большасці».

Другі небяспечны фактар — магчымасць выбуху недаверу да судовай сістэмы, за кошт якой раней удавалася ўтрымліваць баланс партыйных інтарэсаў. Зараз на разглядзе суддзяў Вярхоўнага суда знаходзіцца шэраг рэзанансных спраў. Сярод іх — справы пра дыскрымінацыю чальцоў ЛГБТ-супольнасці па месцы працы або пра права дзяцей-імігрантаў на прытулак ды іншыя, вельмі палітызаваныя. Паколькі рэспубліканцы маюць большасць у судзе, вердыкт Феміды можа разглядацца як палітычная замова. Як вынік, аўтарытэт суду можа быць падарваны і, калі на выбарах узнікнуць калізіі, рашэнні Вярхоўнага суда з самага пачатку будуць пастаўленыя пад сумнеў.

Нарэшце, ужо зараз называюцца падставы, якія дазваляюць лузерам на выбарах аспрэчыць канчатковыя вынікі. Пачаць можна са шматлікіх спекуляцый наконт уплыву на выбары сацыяльных сетак, якія не працуюць па прынцыпах забеспячэння сумленнай палітычнай канкурэнцыі. Больш за тое, за піяр-кампаніямі па дыскрэдытацыі таго ці іншага кандыдата ў сеціве могуць стаяць нават замежныя цэнтры.

Усё апісанае дазваляе песімістам бачыць развязку выбараў прэзідэнта наступным чынам. У выпадку, калі Дональд Трамп прайграе, і нават публічна пагодзіцца з вынікамі выбараў, яго экзальтаваная тарсіда ўсё роўна ў гэта не паверыць, будзе ка­заць пра змову і фальсіфікацыі, намагацца аспрэчыць вынікі ў фармаце публічных акцый. З часам іх падтрымае і вельмі эмацыйна няўстойлівы Трамп.

Варыянт з перамогай Трампа таксама не дае страхоўкі на мірны фінал. У такім выпадку на вуліцы ўжо пойдуць дэмакраты, якім нічога не застаецца. Відавочна, што Трамп пасля перамогі пачне помсціць. Выйсцем для прыхільнікаў дэмакратаў, на думку прэсы, можа быць эвакуацыя ў так званыя «прагрэсіўныя штаты» накшталт Каліфорніі. Яны аўтаматычна ўступяць у нейкі канфлікт з федэральным цэнтрам, які будуць лічыць нелегітымным.

Найбольш брутальны сцэнар прадугледжвае рымейк падзей 1850-х гадоў у Злучаных Штатах. Тады прыхільнікі і праціўнікі рабаўладання распачалі вайну. Пры гэтым мясцовыя ўлады і адміністрацыі штатаў паступова станавіліся на адзін або на другі бок, паколькі цэнтр аказаўся не здольным падтрымліваць грамадзянскі кансэнсус.

Будзем спадзявацца, што падобных жахаў мы не пабачым, аднак, з улікам трэндаў, нешта сапраўды павінна адбыцца. «Не перамога Трампа паклала пачатак палярызацыі амерыканцаў. Яна павольна развівалася на працягу дзесяцігоддзяў. Але эпоха Трампа наэлектрызавала бар’ер партыйнага падзелу. Яго (Трампа) прыхільнікі любяць тое, што яго праціўнікі ненавідзяць. Вынік — спіраль гневу», — піша адзін з амерыканскіх палітолагаў.

Шмат што ў гэтым плане высветліцца бліжэйшым часам. Спікер Палаты прадстаўнікоў кажа, што да лютага 2020-га, калі пачнецца праймерыз, імпічмент ужо павінен закончыцца. Няма сумневаў, што фінальныя слуханні і галасаванне за адстаўку прэзідэнта мабілізуюць як яго аматараў, так і апанентаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: