Ад бабра да Езуса: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў 

Экалагічная марыхуана супраць прамысловасці, хрысціяне Бразіліі супраць дыктатуры і чаму памёр Азнавур  — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

17 кастрычніка ў Канадзе ўступае ў сілу закон аб легалізацыі марыхуаны. Рэформа дала падставу карыкатурысту выдання The Economist пасмяяцца з суседняй Амерыкі, дзе ў адрозненні ад Канады, сімвал якой бабёр, дымяць не цыгарэты, а прамысловыя гіганты. І негатыўна ўплываюць на клімат.


7 кастрычніка ў Бразіліі прайшлі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, на якіх папуліст Жаір Болсонару набраў 46,03% галасоў выбаршчыкаў. Той самы Жаір, які не раз публічна заяўляў пра свае сімпатыі да ваеннай дыктатуры і Піначэта. Вынікі выбараў абурылі і мясцовых евангелістаў. Блізкі да іх мастак Карлас Амата праілюстраваў стаўленне хрысціянаў да Болсонару, арыгінальна падкарэктаваўшы выяву вядомай статуі Езуса ў Рыа-дэ-Жанейра.


Чым бліжэй 6 лістапада — дзень выбараў у амерыканскі парламент, тым больш вострае ў Штатах палітычнае супрацьстаянне паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Дэмакраты абвінавачваюць апанентаў у сэксізме. Аднак і ў партыі Трампа ёсць свае козыры. Яны эксплуатаюць словы Хілары Клінтан пра тое, што дэмакраты не могуць сябе паводзіць цывілізавана з палітычнай партыяй, якая хоча разбурыць усё, за што «вы змагаецеся, што вас хвалюе». Блізкая да рэспубліканцаў прэса кінулася выяўляць міс Клінтан у выглядзе гопніка. Ілюстрацыя з рэсурсу Creators.


Жыхары Баварыі адправіліся да выбарчых урнаў, каб абраць зямельны парламент. Гэтым выбарам наканавана ўвайсці ў гісторыю, паколькі ўпершыню другой партыяй у Баварыі могуць стаць Зялёныя. Поспех эколагаў можа паўплываць і на агульнанацыянальныя трэнды. На карыкатуры газеты Tageszeitung некаторыя баварцы карэктуюць традыцыйны бела-блакітны арнамент Баварыі ў адпаведнасці з новымі палітычнымі павевамі.


Да навінаў культуры. Французская сатырычная газета Charlie Hebdo, вядомая сваімі правакацыямі, не прайшла міма смерці вядомага шансанье Шарля Азнавура. На думку выдання, спявак пакінуў жыццё добраахвотна, каб не патрапіць пад прапанаваны ўрадам закон, які патрабуе ад французаў удакладняць крыніцы сваіх даходаў.

***

Паглядзіце папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-10-14 15:07:11
Бабёр файны.

Каментаваць