Ад лятаючых машын да новага Сярэднявечча: чаго чакаць ад будучыні

Мы паступова звыкаемся з думкай, што ўжо жывём у трэцяй дэкадзе ХХІ стагоддзя. Гэта робіць усё больш дарэчным пытанне пра тое, што чакае чалавецтва ў фінале гэтага дзесяцігоддзя.


Ад самага пачатку трэба адзначыць важны момант. Як паказаў мінулы год, сучасная футуралогія — вельмі ненадзейная навука. Ніхто да пачатку 2020-га не мог прадказаць з’яўленне віруса, які ўжо забіў кожнага тысячнага жыхара ЗША (вядучай у свеце краіны, дарэчы), парваў сусветную эканоміку, прымусіў самыя ліберальныя ўрады ўводзіць ледзь не надзвычайнае становішча і закрываць краіны ад суседзяў. У кантэксце жадання шмат каго ізалявацца, эксперты нават пачалі казаць пра крах ідэі глабалізацыі і пра вяртанне да мадэлі нацыянальнай дзяржавы.

Зрэшты, нягледзячы на эпідэмію, пакуль асноўны трэнд трэцяй дэкады ХХІ стагоддзя не аспрэчваецца. Гаворка пра глабальныя змены, якія выклікае выкарыстанне штучнага інтэлекту. Лічыцца, што найбольш прыкметна машыны пачнуць замяняць людзей на транспарце, аўтаномныя аўто могуць ужо ў бліжэйшыя дзесяць гадоў запоўніць дарогі. А да 2030 года можа нават ажыццявіцца мара фантастаў пра лятаючыя аўтамабілі, якія, вядома ж, будуць беспілотнымі.

Даследчыкі мяркуюць, што штучны інтэлект зможа дапамагчы нават следчым і суддзям — выяўляць хлусню падчас допыту. Паспяховыя распрацоўкі ў галіне пратэзавання, магчыма, будуць наўпрост інтэграваныя ў чалавечае цела. Мазгавыя кампутарныя інтэрфейсы могуць даць чалавеку фантастычныя здольнасці. Напрыклад, выконваць функцыі, што раней чалавеку былі недаступныя. Так, будучыя імпланты ў сятчатку вока дадуць нам магчымасць бачыць уначы.

Відавочна, што працэс рабатызацыі практычна знішчыць цэлыя катэгорыі прафесій: ад кіроўцаў грузавікоў і таксі да некаторых высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, напрыклад, памочнікаў юрыстаў і інжынераў. Спробы нейкім чынам захаваць працоўныя месцы могуць прывесці да таго, што ў 2020-я працоўны дзень стане 4-х або 6-гадзінным. Парадаксальна, але эксперты лічаць, што нават пры павальнай рабатызацыі не знікнуць настаўнікі, паколькі педагог — гэта яшчэ і выхавальнік.

З іншага боку, атрымліваць задавальненне ад поспехаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі стане няпроста. Гэтаму можа замінаць глабальнае пацяпленне. Клімат, верагодна, працягне хутка змяняцца, і шмат дзе будзе назірацца экстрэмальнае надвор’е. З-за росту тэмпературы і недахопу пітной вады могуць пачацца масавыя міграцыі насельніцтва. Шматлікім прыморскім гарадам пагражаюць катастрофы.

Рост насельніцтва планеты і наступствы глабальнага пацяплення, як мяркуюць, выклічуць праблемы з харчаваннем. Попыт на прадукты вырасце да 2030 года як мінімум на 35 працэнтаў, а попыт на пітную ваду, як чакаецца, — на 40 працэнтаў. Амаль палова насельніцтва свету будзе жыць у раёнах, што пакутуюць ад вострай нястачы прэснай вады.

Аднак пагроза глабальнага кліматычнага апакаліпсісу стане імпульсам для касмічных даследаванняў. Ужо ў 2024 годзе плануецца запусціць праграму па каланізацыі Месяца. Стварэнне сталай жылой станцыі на арбіце Месяца будзе адпраўной кропкай для хуткай экспедыцыі на Марс.

Што да глабальнай палітыкі, то яе контуры пачнуць выбудоўвацца ў кантэксце змены эканамічнага патэнцыялу краінаў. Да 2030 года Азія, як чакаецца, перасягне па памерах вытворчасці Паўночную Амерыку і Еўропу разам узятыя — па росце ВУП, колькасці насельніцтва, расходах на абарону і па тэхналагічных інвестыцыях.

Несупадаючыя хуткасці розных рэгіянальных эканомік могуць выліцца ў канфлікты, тым больш, што Злучаныя Штаты, верагодна, будуць спрабаваць не дапусціць хуткага заканчэння «Pax Americana».

Паколькі ў спіну Кітаю дыхае Індыя і, патэнцыйна, Японія, да 2030-га магчыма ўзнікненне нават шэрагу полюсаў з глабальнымі амбіцыямі. Некаторыя метафарычна дапускаюць, што праз дзесяць гадоў сусветны парадак будзе настолькі расхістаны, што стане нагадваць Сярэднявечча або серыял «Гульня тронаў» са шматлікімі і больш-менш роўнымі па сіле каралеўствамі.

Гэтыя рэжымы пачнуць выбудоўваць камбінацыі, абапіраючыся на больш слабых, але аўтаномных рэгіянальных суб’ектаў накшталт Бразіліі, Расіі, Турцыі, Ірана і гэтак далей. Зрэшты, ці будуць выглядаць згаданыя дзяржавы так, як цяпер, таксама вялікае пытанне. Напрыклад, рост колькасці мусульманскага насельніцтва ў Расіі можа ўзмацніць запыт аўтаномій на самастойнасць, і, як вынік, перагляд імперскай матрыцы ідэі расійскай дзяржаўнасці. Дапускаюць, што Іран пасля калапсу тэакратыі стане ліберальным маяком для рэгіёну.

Уявіць сабе геапалітычны трыпціх 2030 года комплексна вельмі складана з-за выкарыстання новых камунікацыйных тэхналогій. Яны ў тым ліку зменяць механізмы ўлады. З аднаго боку, сацыяльныя сеткі дазволяць грамадзянам аб’ядноўвацца і фарміраваць свае выклікі на адрас улады. Гэта ставіць крыж на намерах аўтарытарных рэжымаў дамагчыся кансалідацыі і лаяльнасці. З іншага боку, такія тэхналогіі дадуць урадам або IT-кампаніям беспрэцэдэнтную магчымасць сачыць за грамадзянамі, фільтраваць інфармацыйны паток і навязваць сваю думку.

Такая тэндэнцыя, у сваю чаргу, выклікае дэбаты наконт лёсу Еўрапейскага саюза — цытадэлі сусветнай дэмакратыі. Тым больш, што да 2030 года сярод пяці краін з найбольшым аб’ёмам эканомікі не будзе ніводнай еўрапейскай. Не кажучы пра тое, што цяпер назіраецца падзел аб’яднання на больш ліберальны і кансерватыўны лагеры.

Зрэшты, пісаць некралог ЕС рана. У тым ліку таму, што ў нашым стагоддзі свет відавочна страціў прадказальнасць. Агульназразумелых арыенціраў больш няма. Застаецца карыстацца старым правілам: пажывем — пабачым.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: