«Лідар», «вялікае сонца» і «мудры бацька». Як сябе называюць дыктатары

Адна з характарыстык псіхікі дыктатараў — дзіўная любоў да гучных тытулаў, што часам гуляе з імі кепскую гульню.

Фота  Sputnik

Як і варта чакаць, найбольш папулярны тытул у клубе дыктатараў — «правадыр» у розных у лакальных варыяцыях. У Германіі гэта быў фюрэр (як вядома, так называў сябе Гітлер), а ў Італіі, адпаведна, «дучэ» (другое імя Беніта Мусаліні). У Славакіі, якая была саюзніцай Берліна, дыктатар Ёсіп Броз Ціта называўся «водца».

А вось Франсіска Франка тытулу «каўдыльё», што таксама азначае «лідар», паказалася замала. Паводле пратаколу, поўны тытул Франка гучаў наступным чынам: «Каўдыльё Іспаніі міласцю Божай». Прычым, «міласцю Божай» ужывалася не проста для прыгажосці, а канкрэтна азначала, што іспанскі народ, на шчасце, быў пазбаўлены савецкай акупацыі.

Цікавая сітуацыя была ў Румыніі. Пасля вайсковага перавароту 1940 года яго арганізатар Іон Антанэску запатрабаваў, каб яго называлі «кандуктэто́р», што перакладаецца з румынскай мовы як усё той жа «лідар». У выніку вайны «кандуктэтор» як саюзнік Гітлера быў пакараны смерцю. Хутка на яго месца прыйшоў камуніст Нікалаэ Чаўшэску, які таксама абвясціў, што ён цяпер — новы «кандуктэтор». Цяжка сказаць, як румыны не блыталіся ў гэтых вызначэннях.

Другі па папулярнасці тытул сярод аўтакратаў і дыктатараў звязаны з азначэннем «кіраўнік» альбо «начальнік». Пад гэтую катэгорыю трапляюць «Паглаўнік Незалежнай Харвацкай Дзяржавы» Антэ Павеліч (Poglavnik — «правадыр», «лідар») або «начальнік дзяржавы» (naczelnik państwa) паляк Юзаф Пілсудскі.

Некаторыя дыктатары любілі называць сябе «вышэйшы». Такі тытул, напрыклад, узяў сабе парагвайскі дыктатар Хасэ Гаспар Радрыгес дэ Франсія. Дарэчы, ён нават не хаваў ад суайчыннікаў, што кіруе краінай зусім недэмакратычнымі сродкамі. «Вышэйшы» загадаў, каб яго афіцыйна таксама называлі — гэтак жа, як у свой час Юлія Цэзара, — Dictador perpetuo (вечны дыктатар). Падобным чынам паступіў і малійскі дыктатар Муса Траарэ, якога афіцыёз называў «прэзідэнт на ўсё жыццё». Праўда, з часам гэты «прэзідэнт на ўсё жыццё» аказаўся ахвярай путчу.

Няма сумневаў, што лідарства ў нефармальным спаборніцтве па тытулах утрымлівае Паўночная Карэя. Як толькі ні называлі сябе прадстаўнікі дынастыі Кімаў, якая знаходзіцца пры ўладзе амаль 75 гадоў! Пералічым, напрыклад, некаторыя рэгаліі Кім Чэн Іра, які ў паўночнакарэйскіх СМІ праходзіў як «Вялікае сонца XXI стагоддзя», «пуцяводная зорка», «накіраваны сонечны прамень» і іншае.

Дарэчы, той жа Кім Чэн Ір у чымсьці пераплюнуў беларускага кіраўніка, які любіць мянушку «бацька». Паўночнакарэйскага правадыра пры жыцці называлі не проста «бацька», а «бацька нацыі», «бацька народа», «каханы і паважаны бацька», і, нарэшце, «пяшчотна любімы бацька».

Няма адказу на пытанне, чаму адным дыктатарам хапае аднаго тытулу, а іншым спатрэбілася мноства найменняў. Да апошніх, натуральна, належыць Іосіф Сталін. Савецкая прэса апісвала постаць Сталіна вялікай колькасцю эпітэтаў: «вялікі правадыр і настаўнік»; «мудры бацька»; «дойлід камунізму»; «лакаматыў рэвалюцыі»; «барацьбіт»; «сокал» і гэтак далей. Нічога дзіўнага, што кіраўнікі краін савецкага блоку кінуліся таксама прыдумляць сабе гучныя назвы.

Захапленне сталінскай спадчынай чытаецца ў тытулах постсавецкіх дыктатараў, асабліва з Цэнтральнай Азіі. У 1993 годзе туркменскі прэзідэнт Сапармурат Ніязаў афіцыйна прыняў тытул «Туркменбашы», што перакладаецца як «бацька ўсіх туркменаў». Яго пераемнік Гурбангулы Бердымухамедаў спыніўся на тытуле «Аркадаг» (заступнік).

Хто рабіў у гэтай галіне канкурэнцыю камуністам, дык гэта афрыканскія дыктатары. І, натуральна, першае месца тут належыць дыктатару Уганды Ідзі Аміну, чый тытул уключаў наступныя фрагменты: «фельдмаршал, уладар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, заваёўнік Брытанскай Імперыі ў Афрыцы наогул і ва Угандзе ў прыватнасці». Зрэшты, тытул, які абраў сабе заірскі дыктатар Мабуту Сэса Сэке, таксама варта агучыць: «Усёмагутны воін, які дзякуючы сваёй устойлівасці, трываласці і волі да перамогі будзе ісці ад адной заваёвы да іншай, пакідаючы пасля сябе агонь».

Дарэчы, самае цікавае, што спіс тытулаў дыктатараў хутка можа прапоўніцца. Замежная прэса ўсё часцей дапускае, што цяперашняга паўночнакітайскага правадыра Кім Чэн Ына на пасадзе кіраўніка КНДР зменіць яго сястра Кім Ё Чжон. Застаецца толькі здагадвацца, які тытул у такім выпадку яна будзе насіць. З улікам мясцовай спецыфікі, можна дапусціць самыя экстравагантныя варыянты, накшталт «славутая генеральша, якая сышла з нябёсаў» або «бліскучая кіраўніца, што цалкам увасабляе выдатнае аблічча, якім павінен валодаць лідар».

Зрэшты, захапленне гучнымі прыгожымі назвамі ў выніку часта гуляе супраць яго носьбіта. Чым гучнейшы тытул, тым больш смешна выглядае дыктатар пасля калапсу свайго рэжыму.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: