Адказнасць за выбух у Чылі ўзялі на сябе экатэрарысты

Прынамсі чатыры асобы атрымалі раненні ў выніку выбуху на аўтобусным прыпынку ў Санц’яга-дэ-Чылі. Кіраўніцтва краіны заявіла, што гэта тэрарыстычны напад, піша Belsat.

«Выбух адбыўся на прыпынку «Вікунья Макенна/Більбао», чатыры чалавекі параненыя, пагрозы іх жыццям няма. Зараз мы на месцы каардынуем экстраныя працы, а група спецыяльных паліцэйскіх высвятляе прычыны таго, што здарылася», – напісала ў Twitter мэр горад Карла Рубілар.

Газета El Mercurio паведаміла, што прычынай надзвычайнага здарэння стала выбуховае прыстасаванне, закладзенае ў смеццевым баку побач з прыпынкам. Рух транспарту ў раёне інцыдэнту перакрыты.

Праз некаторы час пасля атакі адказнасць за выбух узяла на сябе мясцовая эка-тэрарыстычная групоўка Individualistas Tendientes a lo Salvaje ("Індывідуумы, што імкнуцца да дзікасці"), якая абʼявіла сваёй мэтай барацьбу з прагрэсам і цывілізацыяй.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!