Nokia 3310: «Адно з самых вялікіх адкрыццяў чалавецтва»

Часам яны вяртаюцца. Кампанія — уладальнік правоў на брэнд Nokia, заявіла пра намер адрадзіць папулярны тэлефон Nokia 3310, што выклікала ажыятаж па ўсім свеце.

Фота www.aple-at-the-tab.livejournal.com

«Цэгла», «Чак Норыс», «Тэрмінатар», «Малаток», «Забойца Айфона» — такія не самыя ўхвальныя мянушкі заслужыла згаданая мадэль у народзе. На першы погляд, гэта цалкам дакладная ацэнка. Запушчаны ў вытворчасць у 2000 годзе тэлефон быў даволі буйны па памеры і трошкі цяжкі. Як смяяліся сучаснікі, уладальнікам Nokia 3310 не трэба шукаць тэлефон па пакоі — бо тэлефон будзе першым, на што, дзякуючы яго габарытам, вы звернеце ўвагу.

Акрамя таго, у Nokia 3310 не было такіх фішак, як інтэрнэту, каляровага экрана, камеры і паліфаніі. Змрочнасці дадавала тое, што сярод расфарбовак корпуса дамінаваў цёмна-сіні. Напэўна, невыпадкова ў фільме жахаў «Паўстаўшыя з пекла 8: Свет пекла» ўсе героі, якія трапілі на вечарыну ў дом з нячыстай сілай, выкарыстоўваюць менавіта гэтую мадэль тэлефона.

На самай справе, за іранічнымі мянушкамі мадэлі хавалася ўсенародная да яе любоў. Nokia 3310 стала ўвасабленнем паняцця «народны тэлефон». Агульная колькасць продажаў склала больш за 126 мільёнаў штук! Ніводная іншая мадэль у гісторыі мабільнай тэлефаніі не мела такога поспеху.

«Цэгла» падабалася людзям перш за ўсё праз аўру самага моцнага і даўгавечнага апарата. Тэлефон праславіўся высокай надзейнасцю: хадзілі легенды, што ім можна было адкаркаваць бутэльку піва, забіваць цвікі, выкарыстоўваць у вулічных бойках… Сярод уладальнікаў Nokia 3310 з часам паўстала мода правяраць тэлефон на трываласць. Тэсты былі самыя незвычайныя — тэлефон кідалі на асфальт з трэцяга паверха, тапілі ў гарбаце, аднак ён насуперак усяму ўпарта працаваў далей. Кажуць, былі выпадкі, калі 3310 працягваў працаваць нават з трэснутым напалову экранам і вывернутымі кнопкамі.

Былі ў апарата і іншыя звышкарысныя якасці. Такіх брытанскае выданне «Buzzfeed» налічыла цэлых пятнаццаць. Перш за ўсё, гэта батарэя, якая трымала моц 260 гадзінаў. Не патрабаваў абароны экран. З гэтым сотавым можна было працаваць на сонцы. У адрозненне ад сучасных тэлефонаў, мабіла амаль не глючыла. Усе модулі былі здымнымі, дзякуючы чаму любыя дэталі можна было пачысціць або замяніць. Добры дынамік (чуваць нават у шумным месцы), простае і зразумелае меню і гэтак далей. На базе ўсяго вышэй сказанага «Buzzfeed» заяўляе: Nokia 3310 — «адно з самых вялікіх адкрыццяў чалавецтва».

У доказ гэтай высновы таксама прыводзіцца факт, што дасюль у людзей на руках хапае «жывых» апаратаў, якія даўно не вырабляюцца. Брытанская прэса надала аднаму з уладальнікаў Nokia 3310 тытул «уладальнік самага старога працуючага мабільнага тэлефона». Маюць на ўвазе нейкага жаўнера, які застаецца верным сваёй Nokia 3310 з 2000 года. Яго апарат перажыў мыццё ў пральнай машыне, мноства падзенняў і службу са сваім уладальнікам у Іраку і Афганістане.

І вось легендарная мадэль вяртаецца. Новы выпуск будзе прадстаўлены на Mobile World Congress, які пройдзе ў Барселоне з 27 лютага па 2 сакавіка 2017 года. Ужо вядома, што новая версія тэлефона будзе каштаваць 59 еўра. Да амаль легендарнай моцы корпуса, вялікай працаздольнасці і іншых якасцяў у новай мадэлі будзе сістэма абароны ад вады і пылу, а таксама акумулятар, які дазволіць тэлефону працаваць без зарадкі на працягу вельмі доўгага часу.

Узнікае лагічнае пытанне: каму патрэбны сёння артэфакт мінулага, нават калі ён быў такім культавым і легендарным? Не спяшайцеся з адказам. Маркетолагі сцвярджаюць, што ў апошні час усё больш людзей сталі адмаўляцца ад наварочаных гаджэтаў на карысць больш простых мадэляў. Прычына ў тым, што ў сучасных смартфонах стала занадта шмат непатрэбных для большасці карыстальнікаў функцый. Ёсць тэорыя, што яны выклікаюць стрэс і нават могуць прывесці да нервовага зрыву. У той жа час дзве асноўныя функцыі тэлефона — званіць і дасылаць СМС-паведамленні — за апошнія два дзесяцігоддзі істотна не змяніліся.

Другая фокусная група патэнцыйных пакупнікоў адроджанай Nokia 3310 — людзі, якім сёння 30–40 гадоў. Шмат у каго з гэтай катэгорыі першай мабілай у жыцці была менавіта гэтая мадэль. Спадзяюцца, што на хвалі настальгіі яны кінуцца набываць «цэглу». На інтэрнэт-форумах сапраўды сёння хапае споведзяў, аўтары якіх згадваюць часы юнацтва, сімвалам якога, па іх версіі, была славутая Nokia 3310.

Такімі людзьмі кола зацікаўленых у навінцы не абмяжоўваецца. Прэса адзначае, што на тых жа інтэрнэт-форумах Nokia 3310 усё часцей успрымаюць як сімвал дакрызісных часоў. Сапраўды, бум папулярнасці мадэлі прыйшоўся на заможныя 2000-я, калі не было рэцэсіі, «арабскай вясны», вайны на Данбасе, Трампа і іншых прыколаў. Адны словам, да ўсіх функцый Nokia 3310 дадаецца і функцыя псіхатэрапеўтычнага сродку.

Застаецца дадаць, што ў Беларусі таксама хапае аматараў старых Nokia. Сярод іх — Аксана Колб, рэдактарка выдання «Новы Час». Хто больш кампетэнтна, чым калега, адкажа на пытанне, чаму «дапатопная» мабіла застаецца дасюль запатрабаванай, і ці здольная адроджаная Nokia паўтарыць былы фурор?

На жаль, у мяне няма Nokia 3310, а ўсяго толькі Nokia 1100, якой ужо, дарэчы, 12 гадоў. І ўсе гэтыя гады яна мяне ніколі не падводзіла. Акрамя ліхтарыка, у гэтай мадэлі ёсць яшчэ некалькі пераваг. Галоўная з іх — нават пры інтэнсіўных размовах зарадкі акумулятара хапае на 4–5 дзён. Між іншым, акумулятар я таксама пакуль не мяняла. А яшчэ тэлефон вельмі гучны, і на яго экране ўсё бачна ў любы сонечны дзень. Хаця добрая камера і дыктафон, магчыма, і не перашкодзілі б.

Ці паўторыць адроджаная Nokia 3310 былы поспех? Гэта ўжо залежыць ад прафесіяналізму і амбітнасці маркетолагаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: