Афраамерыканцам прапанавалі пераехаць на гістарычную радзіму

На фоне антырасісцкіх пратэстаў сярод афраамерыканцаў зноў набывае папулярнасць ідэя вяртання на зямлю продкаў — у Афрыку.

Гана, фота pixabay.com

«Гана гатовая вітаць кожнага этнічнага афрыканца, які захоча збегчы сюды ад праяваў расізму, якія ён зведваў на працягу апошніх прыкладна трохсот гадоў!» — пафасна заявіла 8 чэрвеня міністр турызму Ганы. І ў дадатак канкрэтызавала, пра што гаворка: «Расізм у ЗША застаецца смяротнай пандэміяй больш за 400 гадоў, і адзіным выйсцем для прыгнечаных афрыканцаў у Амерыцы можа быць пераезд у Афрыку».

Ідэя рэпатрыяцыі грамадзян ЗША ў Афрыку, на першы погляд, больш чым экстравагантная. Не толькі таму, што папярэднія падобныя эксперыменты цяжка назваць паспяховымі. Нагадаем, што яшчэ ў 1816 годзе ў Злучаных Штатах паўстала грамадская арганізацыя, якая высунула ідэю вяртання свабодных афраамерыканцаў і рабоў, якіх выкупалі ў складчыну, у Афрыку. Былі таксама сабраныя адпаведныя сродкі для транспарціроўкі жадаючых.

Па прыбыцці на зямлю продкаў былыя рабы заснавалі рэспубліку Ліберыя. Пры гэтым самі яны лічылі сябе «амерыканцамі», а мясцовых трымалі за людзей трэцяга гатунку. З часам рэпатрыянты нават пачалі браць у рабства суседзяў і прадаваць іншым плямёнам. На цяперашні дзень Ліберыя — ледзь не самая бедная краіна Заходняй Афрыкі і трэцяя па гэтым паказчыку ў свеце, дзе беспрацоўе складае 85% насельніцтва.

Нават калі лічыць ліберыйскі эксперымент няўдалым, нельга не задацца пытаннем, ці здольная тая ж Гана забяспечыць нават прыблізна той узровень жыцця, які маюць чарнаскурыя грамадзяне Злучаных Штатаў? У мінулым годзе сярэдні заробак у Гане склаў каля 500 долараў ЗША, што значна менш за нават мінімальны заробак Злучаных Штатах.

Ёсць пытанні і наконт грамадзянскіх правоў у афрыканскіх дзяржавах. Да прыкладу, гарачая салідарнасць з чорнымі братамі і сёстрамі за акіянам не перашкодзіла ўладам той жа Ганы разагнаць 7 чэрвеня дэманстрацыю салідарнасці з ахвярамі амерыканскага расізму. «Акцыя была арганізаваная без узгаднення з уладамі, насуперак правілам правядзення публічных сходаў і абмежаванняў у сувязі з каронавірусам», — растлумачылі прычыны хапуна ў мясцовым МУС.

З іншага боку, як сведчыць статыстыка, невялікі, аднак сталы працэс рэпатрыяцыі ў Афрыку ўсё ж меў месца нават яшчэ да апошніх падзей. Як паведамляе канал Al Jazeera, у асноўным афраамерыканцы абіраюць для сябе ў якасці новай радзімы Гамбію, Гану і Сенегал. А ў сталіцы Ганы, дзе жыве ад трох да пяці тысяч экс-грамадзян ЗША, нават ёсць нешта накшталт амерыканскага кварталу.

Цяпер, пасля падзей у Мінесоце, на думку назіральнікаў, афраамерыканская міграцыя ў Афрыку будуць больш значнай. Як сведчыць гістарычны вопыт, ёсць у рэвалюцыі пачатак, але няма ў рэвалюцыі канца. Відавочна, што белая і чорная камуны будуць доўга і не без эксцэсаў шукаць шляхі да новай формулы суіснавання. І не факт яшчэ, што знойдуць. Іншымі словамі, расавае супрацьстаянне — гэта цяпер надоўга, што выклікае ў некаторых жаданне пакаваць валізкі.

Магчыма таму менавіта цяпер, а дакладней 25 траўня, адбылася сустрэча шэрагу амерыканскіх і афрыканскіх арганізацый, якія падпісалі дамову пра заснаванне так званага The Exodus Alliance (Альянс сыходу). Альянс ставіць за мэту самым бліжэйшым часам адправіць на гістарычную радзіму мільён выхадцаў з Афрыкі — натуральна, пераважна афраамерыканцаў. Людзей накіруюць у Сенегал, дзе мясцовы ўрад ужо выдаў 600 гектараў зямлі пад будаўніцтва спецыяльнага гораду для рэпатрыянтаў. Ім, дарэчы, збіраюцца нават даць стартавы капітал на развіццё бізнесу.

Тэхнакраты, якія стаяць за падобнымі праектамі, мала кажуць прыгожыя словы пра салідарнасць з чорнымі братамі. Яны не хаваюць сваіх спадзяванняў на тое, што разам з рэпатрыянтамі ў краіну прыйдуць інвестыцыі. Будуць створаныя новыя працоўныя месцы, паўстануць новыя сферы эканомікі, які будуць арыентаваныя на багаты амерыканскі рынак. У дадатак людзі, якія выраслі ў Злучаных Штатах, могуць імпартаваць цывілізаваную культуру бізнесу, паводле якой, напрыклад, прадпрымальнік павінен плаціць падаткі. Ёсць надзея, што хваля мігрантаў прынясе таксама і пазітыўныя змены ў афрыканскую палітычную культуру.

Зрэшты, нягледзячы на ўсе перавагі эміграцыі ў Афрыку, наўрад ці такая перспектыва зацікавіць большасць афраамерыканцаў. Рэінтэгрцыя ў іншае грамадства — заўсёды цяжкая справа. Тым больш, што афраамерыканская камуна ў Злучаных Штатах па ідэалагічных пытаннях зусім не маналітная. Так, падчас антырасісцкіх пратэстаў 2012 года нават гучалі заклікі рэанімаваць праект асобнай дзяржавы афрыканцаў на Поўдні, з якім калісьці насілася амерыканская кампартыя. У 2015 годзе спікер уплывовай афраамерыканскай арганізацыі «Нацыя Ісламу» таксама казаў, што сепаратызм чорных можа быць ключом вырашэння расавай праблемы ў ЗША.

Праўда, сёння першую ролю ў маніфестацыях адыгрываюць не сепаратысты, а леваліберальная арганізацыя Black Lives Matter. У сваіх прэс-рэлізах і заявах яе кіраўніцтва абмяжоўваецца патрабаваннем рэформы паліцыі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: