Агідныя лялькі

Культурная вайна ў ЗША дацягнулася да самай папулярнай дзіцячай праграмы — «Вуліца Сезам». Кансерватары і лібералы спрачаюцца: ці сапраўды некаторыя героі шоў патаемна прапагандуюць каштоўнасці ЛГБТ.

Фота www.gazeta.ru

Ледзь не тры генерацыі амерыканцаў выраслі на праграме «Вуліца Сезам». Лялечнае шоў, першапачаткова заснаванае ў 1969 годзе, каб даць дзецям з бедных сямей асновы ведаў, даўно стала часткай амерыканскай і, напэўна, нават сусветнай масавай культуры. «Вуліца Сезам» і яе мясцовыя версіі траслююцца ў 150 краінах. Аўдыторыя праграмы, калі верыць інтэрнэту, складае больш за 150 мільёнаў чалавек.

Пазнавальнымі ва ўсім свеце сталі і лялькі — персанажы «Вуліцы Сезам». Сярод іх дуэт Эрні і Берт. Эрні — гэта нейкі стыхійны анархіст, які лю­біць авантуры, гучную музыку, вулічныя гульні і мае характэрны смех. Антаганістам Эрні выступае Берт — сумны тыпаж, аматар кніг.

Узаемасувязь супрацьлеглых персанажаў з’яўляецца адпраўной кропкай для сюжэтных ліній. Як правіла, Эрні хоча пагуляць, а Берт занадта заняты для гэтага. Эрні не адстае ад Берта да таго часу, пакуль той не ўключаецца ў гульню. У прынцыпе, напэўна, па такой формуле пабудаваныя фабулы шматлікіх дзіцячых праграм. Так, Буслік з нашай «Калыханкі» падобны да Берта, а Цімошка мае рысы Эрні.

Доўгі час — прыкладна да пачатку 1990-х гадоў, — Эрні і Берт успрымаліся як звычайныя лялькі. Пакуль культурная рэвалюцыя не выйшла на новую стадыю. Тут жа ўзгадалі, што адносіны Эрні і Берта — гэта шаблон «салодкай парачкі». «Берт і Эрні — два дарослыя мужчыны, якія падзяляюць дом і спальню. Яны дзеляць вопратку, гатуюць разам ежу, маюць адкрыта жаноцкія характарыстыкі. У адным выпуску Берт вучыць Эрні шыць. У іншым яны разам займаюцца садовай гаспадаркай. Калі гэтыя двое не ўяўляюць гомасексуальны саюз, то я не магу сабе ўявіць, якім такі саюз павінен быць», — пісаў адзін з каментатараў напачатку 1990-х.

У кампаніі «Sesame Workshop», што робіць «Вуліцу Сезам», былі яўна не ў захапленні ад такіх публікацый. Паўстала пагроза для даўно наладжанага бізнесу. Відавочна, што бацькі ў кантэксце новых трактовак Берта і Эрні ніколі не дазволяць дзецям глядзець праграмы, якія прапагандуюць нетрадыцыйныя сексуальныя арыенціры.

Давялося ісці ў контратаку. «Берт і Эрні, якія з’яўляюцца героямі «Вуліцы Сезам» на працягу 25 гадоў, не з’яўляюцца гей-парай, і ў будучыні гэтага рабіць не збіраюцца. Яны з’яўляюцца марыянеткамі, а не людзьмі. Яны створаныя для «Вуліцы Сезам», і яны былі распрацаваны, каб дапамагчы навучыць дашкольнікаў. Берт і Эрні — персанажы, якія дэманструюць дзецям, што, нягледзячы на іх адрозненні, усе могуць быць добрымі сябрамі», — гаварылася ў афіцыйным прэс-рэлізе кампаніі ад 1993 года.

Абсалютна памылкова думаць, што пасля падобных заяваў усе супакоіліся. У 2011 годзе Берт і Эрні сталі героямі новай кампаніі, што была разгорнутая гей-актывістамі. Апошнія патрабавалі, каб Берт і Эрні ажаніліся. Пад адпаведнай петыцыяй падпісаліся больш за 10 тысяч чалавек. У адказ прадзюсеры шоў выступілі з дзяжурнай заявай. «Персанажы не могуць быць гомасексуалістамі, бо не маюць сексуальнай арыентацыі», — гаварылася ў дакуменце. На карысць гэтага тэзісу таксама прыводзіўся незвычайны аргумент: «Хаця ў кватэры Берта і Эрні толькі адна спальня, яны спяць на розных ложках».

І цяпер у гэтай скандальнай гісторыі распачалася новая старонка. 22 верасня Марк Зальцман, адзін з асноўных сцэнарыстаў шоў, адкрыў новыя сенсацыйныя дэталі інтымнага жыцця Берта і Эрні. Калі верыць Зальцману, адносіны персанажаў былі праекцыяй на яго раман з рэдактарам праграмы.

Інфармацыя ад Зальцмана, мякка кажучы, спрэчная, паколькі той з’явіўся ў камандзе стваральнікаў «Вуліцы Сезам» толькі на 15-м годзе пасля старту праекту. На гэты момант сцэнічныя характары Берта і Эрні былі даўно распрацаваныя. Аднак у цяперашняй Амерыцы, дзе не на жарт канфліктуюць лібералы і кансерватары, навіна пра геяў-лялек стала сапраўднай інфабомбай.

Эрні і Берт — латэнтныя геі, катэгарычна сцвярджаюць ліберальныя рэсурсы. Яны заклікаюць стваральнікаў шоў не цурацца гэтага факту. Больш за тое, лялькі павінны адкрыта казаць пра свой выбар на экране. Кожнае дзіця, маўляў, павінна з дзяцінства зразумець, што людзі розныя, і да гэтага трэба ставіцца абсалютна нармальна. Антаганісты лібералаў радыкальна супраць змены фармату дзіцячай праграмы. Як піша калумніст аднаго з кансерватыўных выданняў, проста смешна казаць пра сексуальнасць у дзяцей дашкольнага ўзросту. У гэтым узросце трэба абавязкова ведаць асновы азбукі.

Думаецца, што пераможцам у гэтай дуэлі ўсё ж будуць кансерватары. У тым ліку таму, што іх пазіцыю падтрымліваюць у кампаніі «Sesame Workshop», дзе чарговым разам заявілі пра адсутнасць у герояў-лялек сексуальнай арыентацыі. У скрайнім выпадку ў кампаніі могуць проста ўвесці ў шоў лялек — сябровак Берта і Эрні, паставіўшы кропку ў гэтым дыспуце.

А вось кропку ў культурнай вайне ў Злучаных Штатах наўрад ці можна паставіць так проста. Дарэчы, у інтэрнэце ўжо называюць яе наступную ахвяру. Маўляў, гэта будзе жабка Керміт, іншы персанаж, створаны «Sesame Workshop». Па сюжэце Керміт, які выконвае ролю вядучага шоў, мае інтымныя зносіны з лялькай-свіннёй Пігі. Паколькі Керміт выступае босам Пігі, усё гэта вельмі нагадвае гісторыю скандальнага прадзюсара Харві Вайнштэйна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць