Аграрый атакуе

За Бугам назіраецца незвычайная, падавалася, для нашага ХХІ стагоддзя з’ява — бунт фермераў.

Фота www.ru-an.info

Аграрыі блакуюць аўтамагістралі, рашуча б’юцца з паліцыяй, кідаюць у сілавікоў бульбай і яблыкамі… Такія сцэны адразу выклікаюць у памяці польскія рэаліі пачатку нашага стагоддзя. На той час праз эканамічныя рэформы сацыяльная сітуацыя ў Польшчы была вельмі напружанай. Менавіта тады ўзышла зорка Анджэя Лепера і яго папулісцкай партыі «Самаабарона».

У 2000 годзе «Самаабарона» арганізавала пікеты аграрыяў на найбуйнейшых аўтамагістралях краіны ды зрабіла сабе добрую рэкламу. На выбарах 2000 года «Самаабарона» заняла трэцяе месца, яе падтрымалі 10,5% выбаршчыкаў. У першым туры прэзідэнцкіх выбараў 2005-га Анджэй Лепер заняў трэцяе месца з 15% галасоў, і нават стаў міністрам.

Аднак утрымацца ў палітычным істэблішменце Леперу не ўдалося. Хутка «Самаабарона» маргіналізавалася, вылецела з Сейму, а яе лідар быў знойдзены павешаным у сваім працоўным кабінеце. Паліцыя палічыла яго смерць самагубствам, хаця беларускі прадстаўнік у АБСЕ выказаў занепакоенасць «трывожным фактам гібелі буйнога апазіцыйнага палітыка».

І вось дух Лепера, падаецца, вярнуўся. Ад сакавіка мінулага года ў краіне здараюцца пратэсты аграрыяў. Найбольш папулярным сродкам барацьбы, як і ў 1990-я гады, з’яўляецца блакада аўтамагістраляў, хаця часам у ход ідуць і папулярныя перфомансы. Напрыклад, падчас аднаго з пікетаў сяляне зварылі суп са сцягам Еўрасаюза. Найбольш рэзананснай была акцыя 13 сакавіка ў цэнтры Варшавы. Дэсант з правінцыі раскідаў на галоўных вуліцах і трамвайных шляхах яблыкі і тушы свінняў, заблакаваўшы транспартны рух.

Канцэпт таго, што адбываецца, растлумачыў лідар аграрыяў Міхал Каладзейчак (Michał Kołodziejczak). «Варшавяне былі адрэзаныя ад дарог, што вельмі сімвалічна. Такім чынам нам удалося давесці, як фермеры адрэзаны ад рынкаў збыту ў Польшчы. І гэта толькі пачатак», — сказаў ён.

Міхал Каладзейчак — адзін з лідараў групы AGROunia, якая пачынала як лакальнае таварыства. Цяпер AGROunia за кошт рэзанансных акцый мае агульнанацыянальную структуру. Гучыць па ўсёй краіне таксама і імя яе 31-гадовага правадыра, які да таго, як стаць радыкалам, займаўся вырошчваннем капусты. Прыкладна ў 2016 годзе ў бізнесе пачаліся праблемы, і Каладзейчак зацікавіўся палітыкай.

На думку Каладзейчака і яго паплечнікаў, прычынай крызісу аграсектару з’яўляецца шэраг памылак ураду. Нізкія закупачныя цэны, якія прапануюць сеткі супермаркетаў, згода на імпарт свініны з Літвы і Украіны, адсутнасць поспеху ў барацьбе з афрыканскай чумой свінняў... Кабмін робяць крайнім таксама за расійскае эмбарга на тавары польскай сельскай гаспадаркі. Адным словам, патрэбная «карэкцыя міжнароднай палітыкі ўрада, паколькі яна павінна ўлічваць інтарэсы польскіх сем’яў, якія працуюць у сельскай гаспадарцы», — адзначаецца ў пракламацыях AGROunia.

Па сутнасці, рэалізацыі патрабаванняў сялян азначае змену геапалітычнага курса Варшавы. Гандлёвы кампраміс з Масквой, абмежаванне імпарту з Украіны, аўтаномія ад Еўропы ў сферы аграрнай палітыкі — немагчымыя без канфрантацыі з Бруселем і Вашынгтонам.

Архаічна гучаць і патрабаванні фермераў наконт новых правілаў на ўнутраным рынку. Сярод іх — увядзенне квоты для польскіх прадуктаў ва ўсіх харчовых крамах. Такая квота, на думку AGROunia, павінна складаць 51 працэнт. З іншага боку, нельга не пагадзіцца з тым, што польскія фермеры часам няздольныя супрацьстаяць заходнім калегам па Еўрасаюзе, якія наперадзе Польшчы з пункту гледжання выкарыстання новых тэхналогій, арганізацыі вытворчасці і маркетынгу на агульным рынку.

Эксперты прызнаюць: «Каладзейчак агучвае лозунгі работнікаў сярэдніх польскіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія не ў стане канкураваць з заходнімі калегамі». Яму сімпатызуюць таксама маладыя правінцыялы, якім надакучылі старыя партыі. Дадатковыя пункты папулярнасці Каладзейчаку прынёс выклік 25 сакавіка ў сталічную пракуратуру, дзе яго абвінавацілі ў парушэнні шэрагу крымінальных артыкулаў. Цяпер актывісту пагражае пяць гадоў турмы.

Важна адзначыць, што справа адбываецца напярэдадні травеньскіх выбараў у Еўрапарламент і восеньскіх выбараў у Сейм. Як вынік, Каладзейчака спакушаюць з усіх бакоў. Правыя бачаць у ім змагара за нацыянальныя інтарэсы. Левыя пяюць яму дыфірамбы як паслядоўнаму праціўніку дыктатуры карпарацый і вялікага капіталу. Каладзейчака ўжо бачылі ў кампаніі Януша Корвіна Міке — вядучага польскага еўраскептыка.

У сваю чаргу, назіральнікі пішуць, што ў галаве ў Каладзейчака абсалютны ідэйны кактэйль, і ніводнай партыі пасаваць ён не будзе. Таму яго палітычная будучыня не вызначаная. З іншага боку, яны таксама адзначаюць, што такога харызматычнага і рашучага маладога палітыка Польшча даўно не бачыла.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!