Акт гуманізму. Расія паабяцала Радзе Еўропы ўсталяваць прыбіральні ў аўтазакі

Улады Расіі паабяцалі Радзе Еўропы, што пашыраць прастору ў аўтамабілях для перавозкі зняволеных, усталююць у іх прыбіральні і краты для вентыляцыі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе расійскага міністэрства юстыцыі, апублікаваным на сайце Рады Еўропы, піша «Свабода».

У дакладзе заяўляецца, што Федэральная служба выканання пакаранняў усталюе ў аўтазаках хімічныя прыбіральні для перавозкі людзей на адлегласці звыш 200 кіламетраў. Таксама абяцаюць даваць ежу і ваду. Як хутка гэта маюць зрабіць — не ўдакладняецца, аднак сцвярджаецца, што гэта ўжо зроблена ў чатырох рэгіёнах Расійскай Федэрацыі.

У 2019 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў бесчалавечнымі і зневажаючымі годнасць умовы перавозкі расійскіх зняволеных. Катаваннямі суд прызнаў перавозку не толькі ў аўтазаках Федэральнай службы выканання пакаранняў, але і ў вагонзаках — спецыяльных вагонах, у якіх возяць падследных і асуджаных.

Пасля гэтага расійскім уладам далі час на развязанне тыповых праблемаў, якія ўзнікаюць у аўтараў скаргаў у суд на краіну. У тым ліку — каб забяспечыць тым, каго перавозяць, доступ да ежы, вады, пасцельнай бялізны, прыбіральняў.

Беларусь, у адрозненне ад Расіі, не ўваходзіць у Раду Еўропы і не ратыфікавала Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека. Таму Еўрапейскі суд па правах чалавека не можа разглядаць скаргі на дзеянні уладаў Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: