«Але быў адзін, які не страляў»

Кітайскі генерал Сюй Цыньсянь (Xu Qinxian) увайшоў у гісторыю як вышэйшы камандны афіцэр Кітайскай народна-вызвольнай арміі, які адмовіўся выканаць загад аб падаўленні паўстання на плошчы Цяньаньмэнь. Сюй Цыньсянь застаўся жывы пасля дэманстратыўнай адмовы страляць па студэнтах. Ён пайшоў з жыцця 8 студзеня 2020 года на 86 годзе.


Безумоўна, учынак Сюй Цыньсяня шмат у чым нагадвае дзеянні генерала Мацвея Шапашнікава. У чэрвені 1962 года, калі ў Новачаркаску адбыліся стыхійныя выступленні рабочых супраць рэзкага пагаршэння ўмоваў жыцця, Шапашнікаў адмовіўся накіраваць супраць рабочых танкі. «Не бачу перад сабой такога суперніка, якога варта было б атакаваць нашымі танкамі», — сказаў ён. Каб пазбегнуць інцыдэнтаў, Шапашнікаў таксама загадаў мотастралкам разрадзіць аўтаматы і карабіны і здаць боепрыпасы. Такая акцыя непадпарадкавання каштавала генералу кар’еры і крымінальнага пераследу «за антысавецкую прапаганду», якую закрылі выключна з-за яго франтавых заслуг.

Тое, што Сюй Цыньсянь таксама застаўся жывы пасля дэманстратыўнай адмовы страляць па студэнтах, магчыма, таксама вынік яго гераічнай біяграфіі. Калі Пекін падтрымаў Пхеньян у карэйскай вайне, Сюй, яшчэ будучы падлеткам, прыйшоў у ваенкамат у роднай правінцыі Хубэй, каб папрасіцца на фронт. Паколькі хлопец быў непаўналетнім, ваенкам паказаў яму на дзверы. Тады малады Сюй пракусіў сабе палец і напісаў заяву з просьбай прыняць у войска крывёю. Учынак уразіў камісію, і яго запісалі навабранцам.

У войску Цыньсянь зрабіў нядрэнную кар’еру: на пачатку 1980-х гадоў ён камандаваў браніраваным падраздзяленнем. У 1987-м Сюй Цыньсянь атрымаў пагоны генерала і быў прызначаны камандуючым 38-й арміі.

У гэтым статусе ён і сустрэў падзеі 1989 года, калі ў красавіку сталічныя студэнты распачалі на галоўнай плошчы краіны акцыі пратэсту. Як вядома, спачатку ўлады асцярожна паставіліся да выступаў. У партыйным кіраўніцтве існавала ліберальная фракцыя, якая негалосна сімпатызавала пратэстоўцам. Жаданне «ястрабаў» разагнаць «майдан» шмат у чым тармазіла мазаічная палітычная праграма пратэсту. У той час, як студэнты і інтэлектуалы патрабавалі запуску рэформаў, рабочыя лічылі, што ліберальныя рэформы Дэн Сяапіна ў эканоміцы і так зайшлі занадта далёка, прынеслі інфляцыю і беспрацоўе. Таму, на іх думку, трэба было вяртацца да запаветаў Маа Цзэдуна з яго стаўкай на планавую гаспадарку.

Зрэшты, нягледзячы на шырокі спектр меркаванняў, амаль усе, хто сабраліся на той пекінскай плошчы ўвесну 1989-га, пагаджаліся, што ўрад і партыя моцна карумпаваныя, а гэта патрабуе, у сваю чаргу, дэмакратызацыі сістэмы кіравання.

Магчыма, гэты праграмны пункт, які відавочна быў пагрозай для ўсёй «вертыкалі», і дазволіў кансерватарам узяць верх над лібераламі ва ўнутрыпартыйнай дыскусіі наконт таго, што рабіць з Цяньаньмэнь. Прыкладна да сярэдзіны траўня 1989-га было прынятае прынцыповае рашэнне аб падаўленні пратэсту. Адпаведна, наверсе быў складзены лагістычны план перакідвання войскаў у сталіцу і задзейнічання іх на месцы.

Паводле плану, удзельнічаць у аперацыі павінна была і 38-я армія Сюй Цыньсяня. 20 траўня генерал атрымаў вусны загад рушыць у Пекін супраць студэнтаў-пратэстоўцаў. Генерал адказаў, што не можа выканаць вусны загад, і запатрабаваў пісьмовага. Візаві ў Генштабе адказаў, што цяпер «ваенны час», і пісьмовы загад будзе пазней. Генерал, у сваю чаргу, адзначыў, што фармальна ніякай вайны няма, і ў выніку выканаць загад адмовіўся.

Тады да яго асабіста прыбыў камандуючы акругай і запатрабаваў пачаць перакідванне вайскоўцаў на сталіцу. Сюй Цыньсянь спытаў, ці ўхвалілі такое рашэнне тры кіраўнікі Цэнтральнай вайсковай камісіі (орган, які кантралюе войска з боку Кампартыі). Высветлілася, што з трох кіраўнікоў згоду далі толькі двое — лідар краіны Дэн Сяапін і кіраўнік дзяржавы Ян Шанкунь. Затое ўстрымаўся генеральны сакратар Кампартыі Чжаа Цзыян (неўзабаве за гэта ён будзе зняты з пасады і пажыццёва змешчаны пад хатні арышт). Без ухвалення Чжаа Цзыяна генерал Цыньсянь зноў адмовіўся выконваць загад.

Адначасова ён папрасіў адпачынак па хваробе. Яго просьба не была задаволеная. У канфідэнцыйнай абстаноўцы з сябрамі ён казаў, што хутчэй пойдзе пад пакаранне, чым увойдзе ў гісторыю злачынцам. Цяперашнія гісторыкі тлумачаць пазіцыю генерала асабістым знаёмствам са студэнтамі і іх поглядамі. Калі пачаліся пратэсты, ён выпадкова трапіў у сталічны шпіталь, адкуль часам хадзіў на Цяньаньмэнь. Падчас размоў з пратэстоўцамі ён, магчыма, мог пераканацца ў тым, што выступы не інспіраваныя штучна, а транслююць думкі народу.

Так ці інакш, тое, што рабіў тады камандуючы 38-й арміі, нагадвала адкрыты акт непадпарадкавання. Хутка Ян Шанкунь загадаў арыштаваць Цыньсяня і змясціць у турму. Замест яго 38-я армія атрымала новага камандзіра. Што да старога, то той неўзабаве паўстаў перад ваенным трыбуналам. Але нават на судзе ён застаўся непахісны, кажучы, што «народна-вызваленчая армія ніколі ў сваёй гісторыі не выкарыстоўвалася для падаўлення людзей». «Я катэгарычна адмаўляюся зганьбіць гэта гістарычнае дасягненне!» — казаў падсудны.

Тое, што пасля такіх адкрытых антыўрадавых дэмаршаў Цыньсянь атрымаў усяго пяць гадоў турмы ды быў выключаны з шэрагаў партыі, можна лічыць цудам. Як адзначалася вышэй, напэўна, адным з фактараў такога не вельмі жорсткага вердыкту з’яўлялася гераічнае мінулае генерала.

Пасля заканчэння турэмнага тэрміну генералу забаранілі жыць у сталіцы. Яму давялося з’ехаць у родную правінцыю Хубэй, дзе ён атрымаў месца ў афіцэрскім памяшканні. Пра яго апошнія гады жыцця вядома мала. Ёсць інфармацыя, што ён працягваў падтрымліваць кантакты з вайскоўцамі, якія крытыкавалі рэжым. Дэфіцыт інфармацыі тлумачыцца таксама тым, што шмат хто даўно запісаў Сюй Цыньсяня ў нябожчыкі. Не верылася, што бунтаўніка не пакаралі смерцю за сваю пазіцыю яшчэ ў 1989-м.

Літаральна незадоўга да смерці стала вядома, што Цыньсянь усё ж такі жывы. Яго паспеў наведаць журналіст адной з газет Ганконга. У размове з ім генерал прызнаўся, што праз шмат гадоў пасля фатальнага для свайго лёсу рашэння пра няўдзел у разгоне Цяньаньмэня, у яго няма ані кроплі шкадавання наконт свайго ўчынку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: