Алімпіяда: антырэкорд беларусаў па колькасці і горшыя чаканні


І ўсё-ткі яна адбудзецца! Нягледзечы на тое, што больш за шэсцьдзесят працэнтаў жыхароў Токіа выступалі за адмену Алімпіяды ў іх горадзе. Гульні будуць — і пачнуцца ўжо заўтра. Пры адсутнасці любых фан-зон. З забаронай свабоднага перасоўвання атлетаў па-за межамі алімпійскай вёскі. У абставінах, калі дагэтуль існуе варагоднасць, пры якой толькі чвэрць спаборніцтваў пройдуць з гледачамі на трыбунах…

Але нішто не перашкодзіць Японіі правесці Алімпіяду. Улады горада (і не толькі яны), напэўна, ужо не раз пашкадавалі, што зарабілі права на гэтыя Гульні. Між тым, абавязацельства ёсць, а з каронавірусам свет сяк-так навучыўся змагацца.

Добра, што не Мадрыд

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), які, безумоўна, зацікаўлены, каб галоўны форум чатырохгоддзя ў любым выпадку адбыўся, відавочна, лішні раз падзякаваў тым дэлегатам, якія абралі менавіта Токіа ў якасці сталіцы XXXII летніх АГ. Бо у свой час канкурэнтам Японіі быў Мадрыд. Дамогся б ён перамогі — хто ведае, ці вялі б мы зараз адваротны адлік. Цяперашняя рэчаіснасць зрабіла масштабныя спартыўныя падзеі кшталту Алімпіяд не надта прывабнымі з камерцыйнага і маркетынгавага пункту гледжання. А ў Еўропе неяк прызвачаіліся лічыць грошы дбайней, чым дзе-небудзь. Да таго ж, сярод дзяржаў нашага кантынента больш за Іспанію, улічваючы статыстыку захварэлых, ад кавіда пацярпелі толькі Францыя і Італія.

Як бы там ні было, а Алімпіяда, хай і ў найноўшыя тэрміны, адбудзецца. Калі вы яшчэ не знайшлі час абвесці чырвоным колерам у календары гэтую дату, то зрабіць гэта яшчэ не позна. З 23 ліпеня па 8 жніўня не злачынна будзе пасядзець па восем-дзевяць гадзін у Інтэрнэце і перад тэлевізарам — нікому, не толькі дзеючым спартсменам кшталту Кацярыны Сныцінай. І калі ў вас яшчэ ёсць шанец сысці ў адпачынак, таксама абавязкова ім скарыстайцеся. Таму што падзей нас чакае шмат. Нават у мінулыя разы мала хто паспяваў пасачыць за пераважнай большасцю спаборніцтваў, а зараз — і пагатоў. Справа ў тым, што ў розыгрышы знаходзяцца 339 камплектаў узнагарод — то-бок абсалютны максімум.

Чаму? У параўнанні з Рыа-2016, у алімпійскай сям'і з’явіліся дысцыпліны-дэбютанты. Апроч шэрагу добра знаёмых заўзятарам, за кошт якіх пашырана праграма (напрыклад, мікст у трыятлоне, дзюдо, стральбе з лука), ёсць і зусім экзатычныя. Прынамсі, знойдуць уладальнікаў прызы ў каратэ, сёрфінгу, скалалазанні і скейтбордынгу. Яны ў распарадку Гульняў не назаўсёды. У адпаведнасці з апошнімі прадпісаннямі МАК, краіна-гаспадыня на ўласны погляд уключае некалькі відаў. Аналагічнае права, такім чынам, маюць і арганізатары Парыжа-2024.

Тэсты і ліцэнзіі

Падкрэслім: цяжкасцей з тым, каб здзейсніць усё згодна з перайначаным планам, было нямала. Варыянт адмены АГ разглядаўся ўсур'ёз. Не ў апошнюю чаргу таму, што каронавірусная пандэмія цалкам парушыла каляндар усіх ліцэнзійных турніраў.

У мностве відаў кваліфікацыя была запланаваная на май-чэрвень 2020-га, калі кавід у свеце бушаваў. Яго першая хваля больш-менш сышла да другой паловы мінулага лета, але ніякай магчымасці правесці Гульні ў першапачатковыя тэрміны ўжо не засталося — бо ліцэнзіі не набылі сваіх уладальнікаў.

Добры прыклад — бокс. Летась у сакавіку ў Лондане пачаўся чэмпіянат Еўропы. Калі большасць міжнародных федэрацый націснулі на кнопку «паўза», МАК да апошняга яшчэ разлічваў на гэты баксёрскі форум. Па зразумелых прычынах: ва ўмовах канфлікту з АІБА ён узяў працэс кваліфікацыі ў Токіа-2020 пад уласны кантроль, і тое першынства было толькі першым (!) ліцэнзійным стартам. Давесці яго да фіналу ўсё роўна не ўдалося: першы выпадак станоўчага тэсту сярод удзельнікаў пазбавіў арганізатараў ЧЕ выбару.

І амаль што адразу, не прайшло і тыдня, МАК афіцыйна паведаміў: Гульні перанесеныя на наступны год. Усе, хто зарабіў ліцэнзіі (а на той момант размеркаваныя былі толькі каля 70 працэнтаў), могуць быць спакойныя за ўдзел у Алімпіядзе. Астатнія — чакайце паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Год у мінус

Гэты год чакання па-рознаму паўплываў на спартсменаў — і калі пераходзіць да беларускіх атлетаў, то ў часткі іх шанцы на добрыя вынікі зусім не падвысіліся. А некаторым наогул давялося адмовіцца ад паездкі ў Токіа.

У гэтым шэрагу найперш варта ўзгадаць ветэрана настольнага тэнісу Уладзіміра Самсонава. З усёй зборнай па пінг-понгу толькі ён здолеў здабыць права выступу на Алімпіядзе. Наіўна меркаваць, што ў жніўні 2020-га, калі яму было яшчэ не 45 гадоў, а 44, Самсонаў насамрэч пазмагаўся б за ўзнагароды. Але яго чацвёртае месца і вельмі яскравыя матчы ў Рыа заслугоўвалі не меншай павагі, чым нечыя ўзыходы на п'едэстал.

Кепска адбіўся лішні сезон і на перспектывах вядомага штангіста Андрэя Арамнава. У верасні 2019-га ён стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату свету, дзякуючы чаму з'яўляўся адным з асноўных кандыдатаў на ўдзел у Алімпіядзе. (Нагадаем, Міжнародная федэрацыя праз шматлікія допінгавыя грахі абмежавала для беларускіх цяжкаатлетаў колькасць ліцэнзій усяго да дзвюх — для аднаго мужчыны і адной жанчыны). Дык вось, прайшоў час — і ў лепшым становішчы аказаліся партнёры-супернікі Арамнава: Яўген Ціханцоў, Пётр Асаёнак, Эдуард Зязюлін. Канчатковы выбар зрабілі на карысць першага. А чэмпіён Пекіна-2008 і адзін з самых эпатажных атлетаў Беларусі Арамнаў застаўся за бортам.

Нарэшце, прыгадаем і малатабойца Івана Ціхана. Назаўтра пасля адкрыцця Гульняў у яго будзе юбілей — 45 гадоў. З вялізнай цяжкасцю алімпійскі нарматыў ён выканаў і білет на Гульні атрымаў. Аднак час працуе супраць дзеючага старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. На гэтай пасадзе, калі хто запамятаваў, Ціхан мінулай восенню змяніў Вадзіма Дзевятоўскага — той напісаў у сацсетках «Лукашэнка не мой прэзідэнт» і праз нейкі час пазбавіўся кіруючай пасады.

Тры срэбра і тры бронзы

Наогул, скептычнага стаўлення да перспектыў беларускай каманды ў Токіа хапае. З якога боку ні паглядзі — убачыш прыкметы таго, што сёлетняя Алімпіяда можа стаць антырэкорднай для Беларусі. У многіх адносінах.
Дастаткова сказаць, што 23 чэрвеня пасяджэнне выканкама НАК зацвердзіла склад алімпійскай дэлегацыі. І што б вы думалі: колькасны склад яе найменшы за ўсю суверэнную гісторыю. Дакладна — 109 атлетаў. Папярэднім «дасягненнем» быў паказчык Рыа-2016, куды злёталі 123 чалавекі. Красамоўная тэндэнцыя ў наяўнасці.

Тут бы, здаецца, турбавацца, на заключныя кваліфікацыйныя старты матываваць нейкім чынам патэнцыйных удзельнікаў — час павялічыць колькасць удзельнікаў яшчэ быў, але… НАК у асобе віцэ-прэзідэнта Дзмітрыя Даўгалёнкі, які адначасова будзе выступаць у якасці шэфа айчыннай місіі на Гульнях, адзначыў, што нават да заробленых ліцэнзій кіраўніцтва галіны падыдзе ўзважаным чынам. Маўляў, не кожнаму, хто сваёй карпатлівай працай забяспечыў сабе пуцёўку, знойдзецца месца на борце самалёта. Чаму так, невядома, але атрымліваецца, што гэты «ўзважаны» падыход чыноўнікаў супярэчыць алімпійскаму прынцыпу «галоўнае — не перамога, а ўдзел».

Зрэшты, ёсць падазрэнне, што хтосьці з заўзятараў і рады адсутнасці «турыстаў» у канчатковай заяўцы, аднак неяк дзікавата, калі НАК зусім не пакідае асобным выхаванцам алімпійскіх шанцаў і паводле ўласнага бачання вырашае, каму бессэнсоўна збірацца ў Японію.

Канешне, на такі выпадак у спартыўных функцыянераў заўсёды маецца зручны прыклад Сочы-2014. Туды, на зімовыя Гульні, наша краіна накіравала таксама самы малалікі склад — 27 атлетаў. І гэтага хапіла, каб вярнуцца адтуль дадому з пяццю залатымі ўзнагародамі і адной бронзавай. Успамінаць прыемна. Тым не менш, гэта выпадак выключны. І куды больш верагодна, што колькасць (а з ёй і якасць) медалёў у Токіа-2020 скароціцца прама прапарцыйна шыраце нашага выязнога ліста.

Да такой высновы прыйшлі, напрыклад, спецыялісты з аўтарытэтнага агенцтва «Gracenote». Вядомае яно тым, што напярэдадні кожных Гульняў ажыццяўляе маштабны аналіз здольнасцей усіх спартсменаў. Прыцягвае вялізны аб'ём даных, на падставе якіх дае заключэнне, чаго сумарна чакаць той ці іншай дзяржаве на Алімпіядзе. Безумоўна, разлічваць на ідэальную дакладнасць тут нельга — нават калі з апрацоўкай лічбаў і фактаў парадак, заўсёды застаецца фактар выпадку, сенсацыі. Але ж і зусім ігнараваць падобныя расклады не трэба: хібнасць, калі зірнуць у нядаўнюю гісторыю, невялікая. Напрыклад, у зімовым Пхенчане-2018 «Gracenote» прадбачыла для беларусаў два медалі, срэбраны і бронзавы, — атрымалася тры: два залатыя і адзін срэбраны.

У красавіку (больш свежая рэдакцыя даследавання павінна выйсці напярэдадні АГ) згаданае агенцтва агучыла чарговы прагноз адносна табліцы ўзнагарод Токіа. Беларусі аналітыкі даюць шесць узнагарод — тры срэбра і тры бронзы. Калі ўсё здарыцца менавіта так, найгоршыя Гульні за перыяд незалежнасці немінучыя. Наколькі рэальная пагроза? Паспрабуем адказаць на пытанне, зыходзячы з вынікаў бягучага сезона ў выкананні айчынных прадстаўнікоў.

Хто на што варты

Найпершая ўвага — лёгкай атлетыцы, дзе за Беларусь выступяць 36 спартсменаў. Але цi будуць медалі? Здаеца, паручыцца не можам ні за каго, але разлічваць на адну ўзнагароду усё-ткі варта.

Несумненна, гаворым пра подыум — маем на ўвазе прозвішча Максіма Недасекава. Днямі ён усталяваў гістарычнае для краіны дасягненне ў скачках у вышыню. На міжнародным турніры ў венгерскім Секешфехервары Недасекаў прадэманстраваў вынік 2,37. Гэта не толькі яго найлепшы паказчык, але і рэкорд Беларусі. Ну, і ў канчатковым выніку — паўтарэнне мацнейшай планкі ў свеце ў 2021-м. Відавочна, месца па-за межамі п'едэстала ў выпадку Недасекава будзе сенсацыяй.

Хто яшчэ? Складана вылучыць каго-небудзь, здольнага на нечаканасць. Але імёны пералічым. Не ўсіх, а менавіта тых, чый выступ у гэтым сезоне пакідае шанцы на сюрпрыз.

У першую чаргу, гэта Алёна Дубіцкая. У чэрвені яна штурхнула ядро на 19,65 — асабісты рэкорд і пяты метраж у свеце. Восьмы вынік мае скакуха з шастом Ірына Жук, дзявяты і дзясяты — кідальнікі кап'я Аляксей Каткавец і Павел Мелешка, таксама дзясяты — у іх калегі Таццяны Халадовіч. Астатнія ад сусветнай тройкі значна далей.

Даволі лёгка супаставіць магчымасці беларусаў з планетарнай элітай у плаванні. Беларуская заяўка ўключае дзевяць фігур. Яўген Цуркін, Мікіта Цмыг і Віктар Стаселовіч у лепшым выпадку могуць разлічваць на паўфінал ва ўлюбёных дысцыплінах. Тут жа ўзгадаем Аліну Змушко і Анастасію Шкурдай. Першая на стометроўцы брасам мае дзявяты вынік у сезоне — пасля ўсталявання рэкорду краіны на красавіцкім чэмпіянаце Беларусі ў Брэсце. Другая, калі супадуць зоркі, таксама трымае мэту прабіцца ў галоўны фінал на дыстанцыі сто метраў, але на спіне. Дванаццаты паказчык у свеце, калі ўлічваць штомесячны прагрэс Насты, пакідае неблагія шанцы.

Асноўныя ж надзеі ў плаванні звязаныя с Іллёй Шымановічам. Найбольш значныя яго поспехі адносяцца да так званага кароткага, 25-метровага, басейна, але і ў звычайным яго секунды абнадзейваюць. Другі вынік у свеце на стометроўцы брасам — падстава, каб бачыць у асобе Шымановіча будучага ўладальніка медаля — аднаго на ўсю каманду.

Рухаемся далей — да веславання на байдарках і каноэ. Як кажуць, хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Таму цвёрда ўпэўненым нельга быць ні ў чым. Але, нават перастрахоўваючыся, падаецца неверагодным сцэнар, калі ўпершыню за перыяд працы са зборнай Уладзіміра Шантаровіча яна абыдзецца без узнагарод на галоўным старце чатырохгоддзя. Адна — як мінімум.

Самыя відавочныя кандыдаты на тое, каб папоўніць скарбонку, — жанчыны-байдарачніцы. Канкрэтна: Вольга Худзенка ў адзіночцы, яна ж разам з Марынай Літвінчук — у двойцы, і іх жа чацвёрка, склад якой дапоўняць Надзея Папок і Маргарыта Махнева. Першынства свету ў 2021-м не было, а на кубкавых этапах гэтыя экіпажы былі і ў прызах, і побач з імі.

Сучаснае пяцібор'е — від, дзе на працягу колішняга цыклу Беларусь набыла дамінуючыя пазіцыі. Як вам наступны факт: упершыню ў гісторыі «пентатлону» тры чэмпіянаты свету запар у жаночых індывідуальных спаборніцтвах поспех святкуюць дзяўчыны з адной краіны. Так, з Беларусі. У 2018-м золата адышло да Анастасіі Пракапенка, праз год — да Вольгі Сілкінай. І вось меней за месяц таму Пракапенка вярнула сабе званне наймацнейшай. А калі ўспомніць, што на этапах Кубка свету-2021 тройчы трапляў на подыум Ілля Палазкоў, то просіцца выснова: адзін медаль — рэальная мэта і, адначасова, не мяжа мар.

Цяжкая атлетыка — галіна, дзе пакуль сказаць нешта канкрэтнае, прабачце за таўталогію, цяжка. Па прычынах, адзначаных крыху вышэй. Справа ў тым, што Ціханцоў, які, на думку трэнераў, найбольш заслужыў адзіную мужчынскую ліцэнзію і, адпаведна, выступіць у Токіа-2021, са студзеня па ліпень не з'яўляўся на стартах пад эгідай IWF наогул. Замінала траўма. Між тым, гэтая акалічнасць не зашкодзіла трэнеру Валянціну Кароткіну прыпыніць выбар менавіта на Ціханцове. Выбар, які ёсць вялікай адказнасцю. Застаецца здагадвацца, якія кілаграмы на трэніроўках ускідваў над галавой малады 22-летні штангіст, па мінулым годзе — прыблізна трэці ў вагавой катэгорыі да 96 кг.

А вось у жанчын унутраную канкурэнцыю Дар'і Навумавай ніхто не складаў, што характарызуе каманду не з лепшага боку. Бо ў самой срэбранай медалісткі Рыа-2016 толькі восьмы паказчык у свеце. Агульная выснова: медаль можа быць.

У скачках на батуце, вядома, было заваявана адзінае беларускае золата у Рыа-2016. Яго тады начапіў на шыю Уладзіслаў Ганчароў. Цікава, што зараз ён з вялікай цяжкасцю прайшоў нацыянальны адбор. Батутыстаў сусветнага ўзроўню ў зборнай увогуле дастаткова. Апроч Ганчарова, гэта Іван Літвіновіч і Алег Рабцаў. Апошні застаўся трэцім лішнім.

Што тычыцца Ганчарова і Літвіновіча, то на медалі будуць прэтэндаваць абодва. Канешне, у першую чаргу, больш тытулаваны з тандэма. Таму безмедалле палічыцца грандыёзнай няўдачай. Хутчэй за ўсё, яе хлопцы пазбягуць. Медаль павінен быць, іншае пытанне — якой каштоўнасці.

Барацьба пяць гадоў таму прынесла трэцюю частку ўсіх узнагарод дэлегацыі — тры медалі. Бачыцца фантастычным сюжэт, пры якім удасца ўтрымаць гэтыя пазіцыі. Чэмпіянату свету ў 2021-м не было, каб рэпрэзентатыўна ацаніць шанцы на медалі айчынных спартсменаў. З Еўропы тры месяцы таму дзяўчыны і хлопцы сумарна прывезлі сем адзінак каштоўнага металу. Сярод іх і адна чэмпіёнка — Ірына Курачкіна. Раней яна ж была ў прызах на сусветным форуме-2019. Вось і галоўны кандыдат на тройку. Але моцных канкурэнтак вялізная колькасць. То-бок 50 на 50, ці будзе хоць адзін медаль.

У мастацкай гімнастыцы чэмпіянат свету запланаваны на кастрычнік, але вынікаў кантынентальнага першынства дастаткова для разумення перадстартавых раскладаў. Бо мацнейшыя зборныя — менавіта ў Еўропе. Першая з іх — расійская, якой, здаецца, нішто не перашкодзіць заваяваць золата ў групавых практыкаваннях. А вось на астатнія прызавыя месцы будуць прэтэндаваць каля чатырох-пяці калектываў. У 2019-м беларускі былі срэбранымі прызёрамі, на пачатку гэтага чэрвеня — чацвёртымі. Тая ж гісторыя — калі медаль можа быць, а можа — не. У адрозненне ад індывідуальных спаборніцтваў, дзе цяперашнія нашы дзяўчыны саступаюць эліце.

Падобнае рзэюмэ дарэчнае і для кулявой стральбы. Глядзіце самі: аднойчы на этапах Кубка свету-2021 у алімпійскіх дысцыплінах былі ў прызах Марыя Мартынава і Юры Шчэрбацэвіч. Першая, да таго ж, — срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы-2019. Кампанію іх дапоўніць Вікторыя Чайка, якая ў свае 40 гадоў раз-пораз у васьмёрцы апынаецца. Агулам — ёсць спадзеў на адзін медаль.

Нешта дакладнае адзначыць цяжка, калі кажам пра тэніс. Што ўзяць за асноўны арыенцір? Месца ў сусветным табелі? Дык, маючы там першы нумар, за апошнія пяць гадоў толькі Сімона Халеп аднойчы святкавала поспех на турнірах «Вялікага шлему». А звычайнасцю, з адваротнага боку, з'яўляюцца выпадкі, калі ў фінале гуляюць тэнісісткі з трэцяга дзясятка рэйтынга. Але ж наяўнасць Арыны Сабаленка, якая выступіць у адзіночным разрадзе, — гэта прычына, каб медаль не стаў сенсацыяй. Яшчэ больш адчувальныя шанцы былі б ў пары Сабаленкі з Вікторыяй Азаранка, але ўжо колькі дзён вядома: былая першая ракетка свету ад удзелу ў Гульнях адмовілася з да канца невядомых прычын.

У боксе беларусы не фігуравалі ў прызах з Афін-2004. Ці ёсць падстава разлічваць на перапыненне няўдалай серыі? Падаецца, не. На працягу бягучага цыкла безальтэрнатыўным лідарам зборнай быў Дзмітрый Асанаў (дарэчы, адзіны з падпісантаў ліста супраць гвалту). Ён перамог на Еўрапейскіх гульнях-2019 у Мінску, але ў яго вагавой катэгорыі канкурэнтаў нашмат больш, чым на кантыненце. З 2015-га Дзмітрый на сусветным п'едэстале не быў. Здаецца, спыніцца недзе воддаль і зараз. Як вынік — трэба рыхтавацца да безмедалля.

Падобная сітуацыя ў веласпорце. У тым сэнсе, што адзінае прызавое дасягненне суверэнітэту — бронза Наталлі Цылінскай у Афінах-2004. У працяг некалькі цыклаў пазней мы разлічвалі то на яе, то на Васіля Кірыенку (гаворку тут вядзем і пра шашыйнікаў, і пра трэкавікоў). Зараз — малюсенькая надзея на Яўгена Каралька, двухразовага чэмпіёна свету ў скрэтчы, неалімпійскай дысцыпліне. На такійскім авале ён будзе змагацца ў омніўме. Шчыра кажучы, траплянне ў васьмёрку — сённяшні ўзровень Яўгена, не больш. Таму без паветраных замкаў: нуль узнагарод.

Яшчэ шэрагу відаў прысвецім толькі адзін абзац. Бо там не тое што шанцы малыя — яны наўпрост адсутнічаюць. Верагодна, у ніжэйпрыгаданых спаборніцтвах беларусы будуць вельмі далёка ад вышынь, дзе пойдзе спрэчка за ўзнагароды. Гэта дзюдо, стральба з лука, веславанне акадэмічнае, спартыўная гімнастыка, парусны спорт, конны спорт, сінхроннае плаванне.

Ісціна пасярэдзіне

Просты падлік сказанага прыводзіць да наступнай высновы. На Алімпіядзе ў Токіа беларусам «свеціць» ад пяці да адзіннаццаці ўзнагарод. Ісціна, як заўсёды, недзе пасярэдзіне — восем. І тут мы крыху спрачаемся с даследаваннем «Gracenote», якое прагназуе беларусам толькі шэсць медалёў. Цікава, хто будзе мець рацыю. Але ж абодва прагнозы аб'ядноўвае адно: так ці інакш, трэба рыхтавацца да антырэкорду.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: