Амбасадар Украіны запатрабаваў ад Google «выправіць» прыналежнасць Крыму

Пасол Украіны ў ЗША Валерый Чалы звярнуўся да кіраўніцтва амерыканскай транснацыянальнай карпарацыі Google з просьбай «выправіць некарэктны відарыс украінскага Крыма як часткі РФ» на некаторых картах сэрвісу Google Maps.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла пасольства Украіны ў Вашынгтоне, піша dw.com.

Дыпламат выказаў упэўненасць «у недапушчальнасці ўцягвання сусветна вядомай карпарацыі і пошукавага сэрвісу Google у інфармацыйную вайну, якую Расія вядзе ў свеце, распаўсюджваючы дэзінфармацыю, фэйкі і прапаганду».

Чалы адзначыў, што палітыка Google супярэчыць «выразным і нязменным пазіцыям» амерыканскай адміністрацыі, Кангрэсу ЗША і ААН па пытанні аб прыналежнасці анэксаванага Расіяй украінскага паўвострава Крым.

Пасол таксама нагадаў, што стратэгія карпарацыі заключаецца ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій для процідзеяння інфармацыйным войнам.

Раней Крым у рускамоўным сегменце інтэрнэту пры заходзе на сэрвіс Google Maps пачаў пазначацца як расійская тэрыторыя. Змены былі ўнесены ў адказ на заявы дэпутатаў расійскай Дзярждумы, якія папярэдзілі, што звернуцца ў пракуратуру і Раскамнагляд, калі «памылковае пазначэнне» паўвострава ў складзе Украіны не будзе выпраўлена. «Карэкціроўку», якая рушыла за гэтым, у Google патлумачылі тым, што выконваюць «мясцовае заканадаўства пры адлюстраванні назваў і межаў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: