Амерыканская кампанія абараняе сайт АНТ насуперак санкцыям ЗША

Амерыканская кампанія "Cloudflare" у абыход санкцый ЗША прадастаўляе сэрвісы "Content Delivery Network" і абароны ад DDoS-нападаў сайту тэлеканала АНТ, паведаміла Еўрарадыё. Гэта лёгка пацвердзіць, праверыўшы запісы DNS для ont.by: трафік ідзе праз Cloudflare. Таксама Cloudflare выдала сертыфікат сайта АНТ.
Бягучыя санкцыі ЗША супраць Беларусі забараняюць прадастаўленне сэрвісаў любой кампаніі, наўпрост ці ўскосна кантраляванай асобамі, якія падпадаюць пад санкцыі. У "чорным спісе" зараз знаходзяцца 17 грамадзян Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.

Згодна з формай уласнасці, АНТ — закрытае акцыянернае таварыства "Другі нацыянальны канал". Аднак гэта ЗАТ створана у адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі (ад 15 лютага 2002 года). Фармальна старшыню праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны канал" зацвярджае сход акцыянераў. Аднак гэта адбываецца пасля таго, як кандыдатуру топ-мэнэджара прапаноўвае Лукашэнка.

У артыкуле "Вікіпедыі" пра АНТ сказана, што ўладальнікам кантрольнага пакета акцый тэлеканала з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Беларусі (51%). Мінарытарыі — " Беларусбанк "(29%) і ТАА "Фабрыка інфармацыйных тэхналогій " (20%).

Па тлумачэнне Еўрарадыё звярнулася ў Cloudflare. Вось адказ, які мы атрымалі:

— Cloudflare абавязаная выконваць усе юрыдычныя абавязацельствы, у тым ліку, правілы, якія забараняюць весці справы з асобамі, якія падпадаюць пад санкцыі. Мы лічым, што выконваем іх. Калі мы атрымліваем сцвярджэнні аб тым, што карыстальнікі нашых паслуг з'яўляюцца аб'ектамі санкцый, то расследуем гэтыя заявы. А таксама пры неабходнасці прыцягваем спецыялізаваных юрыстаў для забеспячэння пастаяннага выканання патрабаванняў.

Cloudflare — амерыканская кампанія, якая прадастаўляе сэрвісы па абслугоўванні і забеспячэнні бяспекі вэб-сайтаў па ўсім свеце. Яны працуюць як зваротны проксі для многіх сайтаў па ўсім свеце.

Раней у парушэнні санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі абвінавацілі яшчэ адну амерыканскую кампанію — "Sandvine". Перад прэзідэнцкімі выбарамі яна паставіла ў Беларусь тэхналогіі для блакавання сайтаў і мэсэнджараў. У дзень выбараў і пасля яго гэта дазволіла ўладам абмежаваць доступ да непажаданых інфармацыйных рэсурсаў.

Першапачаткова Sandvine заяўляла, што лічыць здзелку з Беларуссю этычнай. Аднак у пачатку гэтага тыдня менеджмент кампаніі памяняў сваё меркаванне і адмяніў яе.

Цяпер кампанія лічыць, што афіцыйны Мінск парушыў ліцэнзійнае пагадненне. У ім ёсць пункт аб тым, што прадукты кампаніі нельга выкарыстоўваць, калі гэта можа прывесці да парушэння правоў чалавека.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: